Чтение онлайн

на главную

Жанры

Афганская шкатулка
Шрифт:

Канчаліся гэтыя гулі заўсёды адным і тым жа. Міліцыя, пратакол, суд — і доўгая камандзіроўка ў казённы дом, які быў для айчыма бліжэй чым родны. Толькі тады нарэшце ўздыхалася ім з маці вальней. Хоць паспаць можна было, хоць урокі спакойна павучыць, хоць паесці — маці часта прыносіла са сталовай аб'едкі (так і сказала Віка Крушынскаму — аб'едкі). Тады ж наладжвалася і справы ў школе, Віку пачыналі хваліць, ставілі добрыя адзнакі. Аднойчы іхні клас вазілі ў Мінск, у цырку там былі, гулялі па скверы Янкі Купалы, які насупраць цырка. Гэта запомнілася, як адна з нямногіх радасцей. Яшчэ неяк на Новы год раздавалі ў школе гуманітарную дапамогу, і ёй таксама дасталіся дзве вельмі прыгожыя мяккія лялькі, прысланыя добрымі людзьмі з Галандыі.

Апошні суд «упаяў» айчыму аж чатыры гады. За гэты час можна было б і забыцца на яго; аднак ён на іх не забыўся. Патрапіў пад амністыю, ужо ўлетку выйшаў на волю. Мала таго, яшчэ і з нейкімі грашыма вярнуўся. Яны там, у турме, рабілі мэблю, вось ім і налічвалі грошы, а пры выхадзе аддавалі. Айчым не пытаў, ці ёсць у падчаркі сукенка, абутак, ці можа яна якую шакаладку хоча. Усё да капеечкі ішло на выпіўку. Адразу ж, нюхам чуючы, паспаўзаліся ўвечары такія, як сам. І назаўтра, і напаслязаўтра. А жнівень канчаецца, у школу вось-вось — і няма ў чым ісці ў тую школу! Аднак і гэта можна было б перажыць неяк, каб не самае страшнае. Не вытрымала маці. І без таго затурканая, бязвольная, хворая, цяпер яна проста пачала співацца разам з айчымам і яго кампаніяй.

Апусцілася, пачала лаяцца, зрабілася раздражнёнай, часценька таксама спаганяла злосць на дачцэ, нібы тая была вінаватая. Страціла працу ў сталовай, а разам і мачымасць нешта прыносіць дамоў. Жылі і «гулялі» на айчымавы грошы, і канца не было відаць гэтаму пеклу.

Паступова дзяўчынка проста перастала з'яўляцца дадому. Бадзяжнічала, добра што верасень быў цёплы. Ні ў якую школу, вядома, не хадзіла. Начавала ў парку на лаўцы, на вакзале, ў падвалах, на паддашшах, у кінутых — пад знос — дамах, нават аднойчы ў скірдзе саломы за горадам «жыла» цэлы тыдзень. Дома яе адсутнасць нікога не трывожыла. Калі заяўлялася зрэдку, каб хоць што перахапіць паесці, бачыла там адно й тое: цыгарэтны дым, пустыя пляшкі і такія ж пустыя вочы людзей, што сядзелі за сталом, а некаторыя і ляжалі пад ім. Ніхто не спытаў, дзе ты прападаеш, дзе начуеш, што ясі? А ёй спачатку сяброўкі-аднакласніцы насілі сякую-такую перакуску, потым перасталі, і зразумела чаму — ім, хатненькім, чысценькім, дагледжаным было сарамна важдацца з ёй, бяздомнай бадзяжкаю. Пачала хадзіць па чужых кватэрах, хлусіла, што яны з бежанцаў, або пагарэльцы. Хто даваў — грашыма, прадуктамі, хто зачыняў перад носам дзверы, некаторыя лаяліся, пагражалі выклікаць міліцыю. Адзін стары хрыч запрасіў у кватэру і хацеў пацешыцца з яе, ледзьве паспела ўцячы.

Тым часам айчым даканаў свае не такія і вялікія грошы. А піць трэба ж неяк! Хтось з кампаньёнаў прапанаваў мудрае выйсце: прадаць пакойчык, адзінае, што яшчэ можна было прадаць. Тут жа, як з-пад зямлі вырасшы, з'явіліся дабразычліўцы, ветлівыя маладыя людзі, прапанавалі свае паслугі ў афіцыйна-бюракратычным афармленні здзелкі; і праўда — уміг пакой аказаўся прыватызаваны (суседзі, шчаслівыя, што пазбавяцца нарэшце ад абрыдлай сямейкі, падпісвалі ўсе паперы, не чытаючы), потым прададзены, а ранейшыя гаспадары, айчым з маці, атрымалі свой «барыш» — суму, за якую купілі роўна дваццаць пляшак гарэлкі! Калі Віка чарговы раз прыйшла, як яна лічыла, дамоў, высветлілася, што нават такой дамоўкі ў яе больш няма. У пакоі жылі чужыя людзі. Айчым, расказала добрая суседка, якая заўсёды любіла Віку, за тыдзень прагуляў барыш, узяўся «чысціць» чужыя дачы. Асабліва любіў ён паядаць марынаваныя гуркі з памідорамі ў слоіках. За гэтым заняткам у адной з дач міліцыя яго і заспела, а хуткі суд вярнуў яго ў родныя сцены турмы. Што да маці, дык спачатку яна ашывалася каля крамаў, збірала пляшкі, затым знікла. Бачылі яе нібыта на аўтобусным вакзале, нібыта на чыгуначным.

Канчалася восень. Пачыналася зіма, а з ёю — вятры, снягі, сцюжа… Удзень Віка бадзялася па горадзе, заходзіла ў магазіны і ў тыя ж вакзалы пагрэцца, жабравала па кватэрах. А ўвечары ехала электрычкай за горад, у адну пустую дачу — там выцягваўся з дзвярэй прабой. Закутвалася ў лахманы і начавала на падлозе. Памятаючы горкі айчымаў вопыт, ні да якіх слоікаў з марынадамі і кампотамі нават не дакраналася, хоць часта якая брала спакуса! Усё ж вечна так цягнуцца не магло. Хтосьці высачыў яе, сказаў гаспадарам. Тыя замянілі не тое што прабой з замком, а нават і дзверы — з драўляных на металічныя. Заставаўся адзін шлях — на вакзал. Там аднойчы яны і сустрэліся, бяздомныя маці з дачкою. Віка ледзь пазнала яе. Матуля была цвярозая, плакала, кляла айчыма, скардзілася, што зусім хворая. Але чым магла памагчы ёй дачка? Маці раптам дастала з адной са сваіх сумак, якімі вечна абчапляныя бамжы, абрывак навагодняй паштоўкі, настолькі стары, пашарпаны, што нічога, што там напісана, амаль нельга было разабраць, толькі прозвішча. «Гэта нейкая айчымава цётка. з Сімферопаля, — праз кашаль казала маці, — найдзі яе. Можа, і прыме. Пра мяне не думай, ратуйся, дачушка, сама! Падай у ногі, прасі, малі.» — «Ды як мне яе знайці, тую цётку?!» — «Мо ў якім адрасным стале, мо ў міліцыі, мо так хто падкажа. Прозвішча ж вядома!» На развітанне Віка дала ёй грошай, што настарцавала па людзях, сабе пакінула адну драбязу — у лазню схадзіць, ды ў танную цырульню, ды купіць што ў дарогу.

За Гомелем, на Чарнігаўскай трасе яе падабраў першы ж дальнябойшчык. Узрадваная, яна нават увагі не звярнула, што пасля вялізнага моста — развілкі, дзе сыходзілася, перапляталіся і разбягалася ў розныя бакі дзесятак малых і вялікіх дарог, яны паехалі не на поўдзень, а на захад — на Мінск. Калі сцямнела, дальнябойшчык пачаў прыставаць да яе. Яна ўкусіла яго за руку. Тады ён спыніўся і высадзіў яе — нават не высадзіў, а проста выкінуў з кабіны. Вакол быў лес і мяла завіруха. Усё далейшае ён, Крушынскі, ведае. Дзяўчынка пайшла ў гэты лес, стараючыся забрацца чым глыбей, затым наламала пад ніз лапак і легла пад хвойку. Помніць яна толькі, што стала ёй добра, цёпла — і больш нічога.

— Дык ты пагэтаму нямой прыкінулася? — спытаў Крушынскі. — Быў свежы прыклад з гэтым… дальнябойшчыкам?

Яна кіўнула.

— Ясна… Ану, пакажы мне той абрывак паштоўкі, — папрасіў ён.

— Паштоўка ў сумцы засталася, а сумка ў машыне.

— Як?! — ён аж ускочыў з табурэткі. — Ты адзіны свой паратунак не пры сабе насіла, а ў нейкай сумцы?!

— Ды я помню прозвішча, — абыякава сказала яна, — а больш там не разабраць, усё расплылося.

— Ну і то добра, што хоць прозвішча запомніла. Хаця! — Крушынскі машынальна выцягнуў цыгарэты, але схамянуўся, што ён не адзін ужо. Кінуў пачак на стол. — Хаця мала верагодна, што і там ты некаму будзеш патрэбная. Нават калі і знойдзеш тую цётку. А ўвогуле, — прыйшло яму раптам на розум, — чаму я павінен табе верыць?

Ён уважліва, як бы выпрабоўваючы, паглядзеў на яе. Яна маўчала.

— Во папаў… Во ўліп, дык ўліп… Ну, добра, не крыўдуй. Я табе веру. Кожнаму слову. І што цяпер рабіць?

Яна паціснула плячыма.

— Не магу ж я цябе тут пакінуць!

— А чаму і не? — спытала яна раптам, і далей, не даючы яму апамятацца, загаварыла хутка: — Я б да вясны толькі пажыла — і ўсё! Я памагаць вам буду, есці варыць, падмятаць.

Ашаломлены, ён моўчкі глядзеў на яе. І толькі калі ўбачыў, што ў яе вішнёвых вачах — мальба скрозь слёзы, узарваўся:

— Ты думаеш, што ты кажаш?! Падмятаць! Ды табе вучыцца трэба, за партаю ў школе сядзець, а не ў глухамані, без святла без радыё, з чужым дарослым дзядзькам. Калі б ты была хоць хлопчыкам! — вырвалася ў яго міжволі. Ён замоўк тады, зразумеўшы, якое глупства вярзе. А калі б хлопчык, дык што? Ніякіх гасцей! Ні хлопчыкаў, ні дзяўчынак! Не для таго ён так крута мяняў сваё жыццё, каб звязваць яго з кім бы там ні было! Ды і ўвогуле — што гэта такое? Гэта нейкі абсурд, з якога боку ні глянь! Гэта ж не сабака прыбіўся, не кот — чалавек, тут нават чыста юрыдычныя могуць быць наступствы! Трэба ж некаму паведамляць, звязвацца з уладамі, нейкімі камісіямі, міліцыямі. Не, не, ніякай гаворкі тут нават быць не павінна!

— Прабач, я крычу, злуюся, — сказаў ён, астываючы, — гэта лішняе. Давай так. Ты хочаш тут застацца? А мне што казаць людзям? Калі яны даведаюцца?

— А ніхто не даведаецца. Удзень я не буду выходзіць з хаткі, як сёння.

— Не выдумляй! — ізноў давялося яму павысіць голас. — Табе трэба са сваімі аднагодкамі быць, з маткаю, з цёткай крымскаю. не ведаю, з кім! Але не са мною! Ты ж зусім не ведаеш, хто я, што я.

— А я табе веру, — сказала яна спакойна. — І не баюся цябе.

Популярные книги

Граф

Ланцов Михаил Алексеевич
6. Помещик
Фантастика:
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Граф

На границе империй. Том 8

INDIGO
12. Фортуна дама переменчивая
Фантастика:
космическая фантастика
попаданцы
5.00
рейтинг книги
На границе империй. Том 8

Кодекс Крови. Книга III

Борзых М.
3. РОС: Кодекс Крови
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Кодекс Крови. Книга III

Холодный ветер перемен

Иванов Дмитрий
7. Девяностые
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
6.80
рейтинг книги
Холодный ветер перемен

АН (цикл 11 книг)

Тарс Элиан
Аномальный наследник
Фантастика:
фэнтези
героическая фантастика
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
АН (цикл 11 книг)

Сдам угол в любовном треугольнике

Зика Натаэль
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Сдам угол в любовном треугольнике

Проданная невеста

Wolf Lita
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.80
рейтинг книги
Проданная невеста

Недомерок. Книга 6

Ермоленков Алексей
6. РОС: Недомерок
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Недомерок. Книга 6

Три `Д` для миллиардера. Свадебный салон

Тоцка Тала
Любовные романы:
современные любовные романы
короткие любовные романы
7.14
рейтинг книги
Три `Д` для миллиардера. Свадебный салон

Шатун. Лесной гамбит

Трофимов Ерофей
2. Шатун
Фантастика:
боевая фантастика
7.43
рейтинг книги
Шатун. Лесной гамбит

На грани развода. Вернуть любовь

Невинная Яна
2. Около развода. Второй шанс на счастье
Любовные романы:
современные любовные романы
5.00
рейтинг книги
На грани развода. Вернуть любовь

Сам себе властелин 3

Горбов Александр Михайлович
3. Сам себе властелин
Фантастика:
фэнтези
юмористическая фантастика
5.73
рейтинг книги
Сам себе властелин 3

Кодекс Охотника. Книга XIV

Винокуров Юрий
14. Кодекс Охотника
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Кодекс Охотника. Книга XIV

Сердце Дракона. Двадцатый том. Часть 2

Клеванский Кирилл Сергеевич
Сердце дракона
Фантастика:
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Сердце Дракона. Двадцатый том. Часть 2