Чтение онлайн

на главную

Жанры

Архіпелаг Беларусь

Акудовіч Валянцін

Шрифт:

Вячаслаў Ракіцкі: Тады давайце пакуль абмяжуем прастору нашай гаворкі блізкай гісторыяй. Да развалу СССР у свеце, на жаль, беларусаў ведалі як людзей савецкіх ці як рускіх. Дарэчы, там рускімі называлі нават грузінаў ці казахаў. Але ў межах СССР беларусаў адрознівалі не толькі ад казахаў ці кіргізаў, але і ад рускіх, украінцаў, літоўцаў, латышоў. Дык як успрымалі беларусаў іншыя народы былога СССР?

— Сапраўды, унутры камуністычнай імперыі беларусы мелі ўстойлівы імідж. Да таго ж гэта быў досыць станоўчы імідж. Амаль ва ўсім Савецкім Саюзе беларусы ўспрымаліся як спакойныя, працавітыя, памяркоўныя і разам з тым адказныя людзі. Невыпадкова ў савецкім войску яны лічыліся сярод лепшых і без іх не абыходзілася ні адна збройная авантура камуністычных уладаў. Праўда, мянушка ў беларусаў была не вельмі паважнай — «бульбашы».

Але прыніжанасць, іронія, скептыцызм — гэта, так бы мовіць, родавая прыкмета хоць якой мянушкі. Гэткім чынам, праз прыніжэнне другога, кожны народ спрабуе давесці сваю вершнасць над іншымі. Таму калі пасля Другой сусветнай вайны беларусы прыдбалі сабе яшчэ адну, ужо гераічную мянушку — «партызаны», дык і яна звычайна вымаўлялася з прысмехам.

Вячаслаў Ракіцкі: У чым была прычына даволі прыязнага вобраза беларусаў у Савецкім Саюзе? Наколькі ён адпавядаў сапраўднасці? А можа, гэты станоўчы імідж быў маніпуляваны маскоўскімі ідэолагамі ў кампенсацыю за нашу прыхільнасць да русіфікацыі і камунізацыі? Так бы мовіць, у прыклад іншым: ідзіце слядамі беларусаў, і вас усе будуць паважаць…

— У нейкім сэнсе нешта такое магло быць. Але карэнны вобраз народа праз піяр-тэхналогіі далёка не заўсёды зманіпулюеш. Ідэалагічныя высілкі ў гэтым напрамку мелі хутчэй адваротны вынік. З асабістага досведу ведаю, што прыбалты досыць негатыўна ацэньвалі беларусаў менавіта за нашу схільнасць да русіфікацыі і саветызацыі. Як і заходнія ўкраінцы. У васьмідзесятыя гады (ужо прамінулага стагоддзя) я ладзіў шмат вандровак у Карпаты і, пачуўшы нашу расійскую гамонку, месцічы горных вёсак літаральна шчэрваліся. Праўда, даведаўшыся, што мы не з Расіі, а з Беларусі, іхнія твары лагоднелі, але стоеная варожасць да нашай расійскасці і нашай савецкасці заставалася.

Вячаслаў Ракіцкі: Зрэшты, было б нават і дзіўна, каб у вялізнай імперыі з мноствам розных нацыяў, народаў і народнасцяў хоць да каго б там ні было ўсе ставіліся аднолькава. Але тое, што ў Савецкім Саюзе Беларусь і беларусаў добра ведалі і вылучалі сярод іншых — дык гэта напэўна.

— Бачыце, беларусы, калі заўгодна, былі адной з галоўных нацыяў імперыі, на што ўскосна паказвала і персанальнае сяброўства ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў. Да таго ж, мы лічыліся хоць і малодшым, але родным братам Валадара гэтай імперыі — рускага чалавека. І ў адрозненне ад сярэдняга брата, украінца, былі любімым братам, бо не мелі ні вялікіх амбіцый, ні прэтэнзій да Расіі. Але рэч, зразумела, не толькі ў гэтым. Беларусь апынулася самай індустрыялізаванай часткай імперыі. Нашы аўтамабілі, халадзільнікі, тэлевізары і шматшмат чаго яшчэ можна было сустрэць паўсюдна — ад Брэста да Камчаткі, а трактар «Беларус» працаваў ці не ў кожным калгасе усёй неабсяжнай імперыі. З усяго гэтага нас у Саюзе ведалі бадай лепей, чым мы самі ведалі сябе ды і думалі пра нас, як мне падаецца, лепей, чым мы самі думалі пра сябе.

Вячаслаў Ракіцкі: Але ў 1991 годзе камуністычны саюз раструшчыўся ўшчэнт і беларусы засталіся сам-насам з усім тым вялікім светам, які пра іх, замураваных у імперыі, раней нічога не ведаў. Бо дагэтуль, як ужо казалася, для вялікага свету ўсе беларускія навукоўцы, спартоўцы, майстры культуры і палітычныя дзеячы былі «рускімі» ці «савецкімі». А тут аднекуль знянацку з’явіліся нейкія беларусы… Дык давайце далей пагаворым, як сёння беларусаў успрымаюць там, дзе раней іх ніколі не было.

— У 1991 годзе незалежная Беларусь нагадвала мне чалавека, які не мае свайго ценю. Усё ў яго быццам як у людзей, але ценю няма і яму ад гэтага ніякавата. Тут пад ценем я маю на ўвазе нацыянальны міф, праз які мы перадусім і адрозніваем для сябе той ці іншы народ. Зрэшты, у гэтым сэнсе сітуацыя і сёння не надта змянілася. Таму для бальшыні людства беларусаў па-ранейшаму няма — нават там, дзе з намі сустракаюцца наўпрост. Рэч тут вось у чым… Гэта суцэльная аблуда, быццам па асобнаму чалавеку вызнаюць народ ці краіну. За камуністамі, калі чалавека выпраўлялі ў замежжа, дык адпаведныя органы абавязкова нагадвалі: глядзі, трымайся годна, па табе будуць меркаваць аб усім савецкім народзе… Глупства. Усё адбываецца цалкам наадварот. Праз нацыянальную міфалогію мы ўжо наперад ведаем, якімі мусяць быць, скажам, італьянцы ці французы. Вось чаму вельмі часта можна пачуць здзіўленае: дык ён зусім не падобны да ангельца, гішпанца ці каго там яшчэ. Гэта значыць, той замежнік не адпавядае нашаму ўяўленню пра ягоны народ…

Вячаслаў Ракіцкі: Вашую тэзу я зразумеў. Дык, зыходзячы з гэткай тэзы, якім будзе ваш адказ на пастаўленае ўжо мною пытанне: як беларусаў сёння ўспрымаюць у свеце?

— Мой адказ будзе кораткім і катэгарычным — аніяк. І якраз таму, што чалавека нельга ўспрымаць беларусам, пакуль беларусы не прыдбаюць сабе больш-менш выразны нацыянальны міф, які будзе хоць трохі вядомы ў свеце.

Вячаслаў Ракіцкі: Гэта значыць, што за мяжой беларусаў пакуль пераважна ўспрымаюць не як беларусаў, а як проста людзей, якія жывуць у нейкай загадкавай краіне пад назвай Беларусь. Так?

— Менавіта так. І таму кожны раз гэта іншая ацэнка, якая залежыць ад канкрэтных грамадзянаў Беларусі, што сутыкаюцца з замежнікамі — як і ад самой сітуацыі, у якой адбываецца гэтае сутыкненне. Вось толькі адзін прыклад. На пачатку дзевяностых, калі былым савецкім грамадзянам дазволілі масава выязджаць за мяжу, у Польшчы атабарылася ладная сціжма бандыцкіх груповак з Беларусі, якія займаліся рэкетам паязджанаў у Еўропу. Тады ў палякаў склалася трывалае ўяўленне, што беларусы — гэта спрэс агрэсіўныя і бязлітасныя рабаўнікі. Шчыра кажучы, калі я ўпершыню пачуў гэткае меркаванне, то хіба і міжволі, але нават як бы ўзрадаваўся, бо так апрыкла ацэнка беларусаў, як нягеглых гаротнікаў, не здатных да хоць якіх рашучых учынкаў… Але з цягам часу польскія ўлады ўправіліся з тымі бандамі, і палякі пакрысе забыліся на беларусаў, як на адважных злодзеяў. Цяпер яны нас ужо зноў шкадуюць — няшчасных ахвяраў палітычнага гвалту.

Вячаслаў Ракіцкі: Разам з тым, шмат хто лічыць, што якраз дзякуючы такой палітыцы, якая не характэрная для сучаснай Еўропы, Беларусь сталася досыць вядомай у свеце, прынамсі — еўрапейскім…

— Натуральна, усім нам хацелася б, каб вядомасць беларусаў шырылася праз розныя станоўчыя «брэнды», а не праз адмоўныя. Аднак, як на маё разуменне, фармаванне нацыянальнага міфа адбываецца незалежна ад нашых жаданняў. Ніколі наперад нельга ведаць, якога кшталту падзея ці палітычная фігура будзе прэзентаваць твой народ перад усім людствам. Да прыкладу, хто б у сваю пару мог сабе ўявіць, што князь Дракула (насамрэч — Улад Цэпеш), адзін з найвялікшых садыстаў свету, які пасадзіў на кол тысячы няшчасных — некалі станецца загалоўным чыннікам румынскага нацыянальнага міфа. А возьмем міф нямецкай нацыі. Ён жорсткі і нават страхалюдны, але гэта вялікі міф…

Не трэба блытаць нацыянальны міф з каляднай казкай для дарослых. Міф зусім не абавязкова мусіць падабацца тым, каго ён прэзентуе. Істотна тут адно тое, каб ён быў, і быў менавіта як міф, а не як анекдот. А пакуль яго няма, мы застаемся падобнымі да чалавека без уласнага ценю.

Вячаслаў Ракіцкі: Беларусы заўсёды жылі ў атачэнні шырокага кола суседзяў. Да таго ж, як і іншыя народы, яны і гандлявалі, і ваявалі, і вандравалі, а значыць, бачылі вялікі свет і мелі свае меркаванні пра розныя народы. Аб гэтым мы можам прачытаць і ў старажытных хроніках, і ў пазней запісаных шматлікіх успамінах. Таму ў працяг нашай гаворкі аб тым, якімі бачацца беларусы іншым людзям, мне хацелася б пагаварыць аб вобразах розных народаў, што замацаваліся ва ўяўленні беларусаў. І зноў жа не столькі пра гэтыя вобразы, колькі пра тое, як праз іх беларусы выказваюць самі сябе.

— Сапраўды, у міфах, паданнях ды анекдотах пра іншых найлепей выяўляецца калектыўнае падсвядомае народа, тое, у чым зазвычай ніхто не хоча прызнавацца… Дый увогуле, усялякі раз, калі мы абгаворваем другога, дык перадусім выказваем уласную аўтахарактарыстыку… Аднак спачатку дазвольце зрабіць адну заўвагу. Вы цалкам слушна зазначылі, што беларусы, як і ўсе іншыя народы «і гандлявалі, і ваявалі, і вандравалі». Але гэта калі мы кажам пра ўсю нашу гісторыю агулам. А вось калі звярнуць увагу на беларускую вёску XVIII— XIX стагоддзяў, з якой, уласна, і паўстала сучасная беларуская нацыя, дык усё будзе выглядаць зусім іначай. Беларускі селянін якраз і не гандляваў, і не ваяваў, і не вандраваў. Гандлявалі габрэі, ваявала і вандравала спольшчаная альбо зрусіфікаваная шляхта. А беларускі селянін зазвычай за ўсё сваё жыццё далей за бліжэйшы кірмаш не выпраўляўся. І ягоныя ўяўленні пра вялікі свет бачацца, на наш сённяшні погляд, досыць дзіўнымі. Эма Яленьска, гаспадыня вёскі Камаровічы ў Мазырскім павеце, пісала на пачатку 90-х гадоў Х1Х стагоддзя пра сваіх сялянаў так: «На іх перакананне халоп-мужык на цэлым свеце абсалютна падобны да іх, размаўляе па-беларуску, папросту і вызнае такую самую, праваслаўную веру».

Поделиться:
Популярные книги

Энфис 5

Кронос Александр
5. Эрра
Фантастика:
героическая фантастика
рпг
аниме
5.00
рейтинг книги
Энфис 5

Неудержимый. Книга II

Боярский Андрей
2. Неудержимый
Фантастика:
городское фэнтези
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Неудержимый. Книга II

Я еще не князь. Книга XIV

Дрейк Сириус
14. Дорогой барон!
Фантастика:
юмористическое фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Я еще не князь. Книга XIV

Последний попаданец

Зубов Константин
1. Последний попаданец
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
рпг
5.00
рейтинг книги
Последний попаданец

Эволюция мага

Лисина Александра
2. Гибрид
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Эволюция мага

Архонт

Прокофьев Роман Юрьевич
5. Стеллар
Фантастика:
боевая фантастика
рпг
7.80
рейтинг книги
Архонт

Третий. Том 3

INDIGO
Вселенная EVE Online
Фантастика:
боевая фантастика
космическая фантастика
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Третий. Том 3

Аватар

Жгулёв Пётр Николаевич
6. Real-Rpg
Фантастика:
боевая фантастика
5.33
рейтинг книги
Аватар

Предатель. Ты не знаешь о сыне

Безрукова Елена
3. Я тебя присвою
Любовные романы:
современные любовные романы
5.00
рейтинг книги
Предатель. Ты не знаешь о сыне

(не)Бальмануг. Дочь 2

Лашина Полина
8. Мир Десяти
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
(не)Бальмануг. Дочь 2

Ученик

Губарев Алексей
1. Тай Фун
Фантастика:
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Ученик

Ледяное проклятье

Михайлов Дем Алексеевич
4. Изгой
Фантастика:
фэнтези
9.20
рейтинг книги
Ледяное проклятье

Снегурка для опера Морозова

Бигси Анна
4. Опасная работа
Любовные романы:
современные любовные романы
5.00
рейтинг книги
Снегурка для опера Морозова

Сумеречный стрелок

Карелин Сергей Витальевич
1. Сумеречный стрелок
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Сумеречный стрелок