Бацькава падарожжа (на белорусском языке)
Шрифт:
– Трымай, - працягнула яго Кантэну.
– Лепш, каб яна сама прыехала... Але вазьмi на ўсякi выпадак... Хто ведае...
Кантэн зразумеў, што размова iдзе пра падарунак Марыi-Луiзе. Ён сам не ведаў, што там было, у гэтым рудым пакунку, толькi сцiснуў яго пад пахаю. У правай руцэ ён усё яшчэ трымаў сваю шапку. Цяклi хвiлiны. Iзабэла не адрывала ад яго свайго позiрку, i Кантэн адчуваў, што яна даўно так на яго не глядзела. Яна быццам хацела дадаць да ўсяго таго, што ўжо сказала, нешта такое, што немагчыма выказаць адным словам. У той момант, калi яе вочы пачалi напаўняцца слязьмi, яна апусцiла павекi i
– Табе пара iсцi... З гэткiмi дарогамi дойдзеш не хутка, сам ведаеш.
Потым была яшчэ нейкая паўза, у якую адбылося нешта невыразнае, няўлоўнае, нешта безназоўнае i бязважкае, накшталт ценю празрыстага воблачка, якi нябачна праплывае над далiнаю. I невядома, хто з iх першы нахiлiўся ўперад, бо яны абое ступiлi адно да аднаго i абнялiся. Пасля Кантэн абняў Дэнiзу, але гэта было куды лягчэй. Ён накiраваўся да дзвярэй, а перад самым парогам павярнуўся i хуткiм позiркам акiнуў кухню, яслi, дзвюх жанчын, якiя нерухома стаялi i глядзелi яму ўслед. Яму здавалася, што ён бачыць усё апошнi раз. Каб не мучыць сябе больш, Кантэн пiхнуў дзверы.
Калi ён пераступаў цераз парог, котка праслiзнула памiж яго нагамi i ўскочыла звонку на падаконнiк. Кантэн зрабiў некалькi крокаў, пасля крыкнуў не вельмi ўпэўненым голасам:
– Не студзiце хату! Зачынiце дзверы!
Дзверы грукнулi за яго спiной, i Кантэн крочыў не адварочваючыся, пакуль не выйшаў на дарогу. Потым спынiўся i паглядзеў на свой дом. На запацелым акне цямнелi дзве плямы, праз якiя, быццам праз iлюмiнатары, за iм сачылi два ўсмешлiвыя твары. Котка сядзела цяпер на каменi i, пускаючы маленькiм носам тонкiя струменьчыкi пары, таксама глядзела ўслед гаспадару.
Кантэн памахаў iм рукою i ступiў у глыбокi снег, на якiм ужо амаль знiклi сляды настаўнiка i паштальёна.
Ён доўга крочыў з апушчанай галавою, шукаючы, куды лепш ступiць. Калi ён захацеў яшчэ раз паглядзець на дом, то заўважыў, што вялiкая гурба, якая ляжала на павароце, амаль поўнасцю закрыла яго. Фасаду ўжо не было вiдно, i здавалася, што страха стаяла проста на заснежанай зямлi. Неба навiсала яшчэ больш, чым ранiцай. Шэры дым, якi выпаўзаў з чырвонага комiна, слаўся над вiнаграднымi лозамi, якiя нагадвалi раскiданыя на снезе чорныя вузлаватыя вяроўкi.
Кантэн пакрочыў далем. Часу хапала, але ён iшоў шпарка. Толькi раз прыпынiўся, каб паглядзець на вёску, на яе дрэвы i будынкi, на вулiцы i агароджы, якiя ўтваралi то крывыя цi прамыя лiнii, то няправiльныя вуглы. Тут ён таксама зрабiў нечаканае адкрыццё: сёння ўсё гэта здавалася яму нейкiм своеасаблiвым. Бязмежная белая раўнiна, якая рассцiлалася ля яго ног, набывала нейкi новы сэнс. I ён адправiцца туды, у глыбiню гэтай раўнiны, дзе знаходзiцца горад, якi забруджвае неба ў ясныя днi. Яно бачна нават адсюль. Там знаходзiцца Марыя-Луiза. Там побач з ёй жывуць тысячы мужчын i жанчын, грукацяць аўтамабiлi, не спыняецца дыханне пачварнага горада, якi так палохае Кантэна.
А тут стаiць цiшыня.
Раней яму нiколi не прыходзiлi ў галаву такiя думкi. Звычайна ён не заўважаў гэтай цiшынi, не звяртаў увагi на гэту бясконцасць раўнiны i неба. Калi ён i глядзеў на iх, дык толькi каб вызначыць па напрамку ветру i руху аблокаў, якое заўтра будзе надвор'е. Сягоння надвор'е не займала Кантэна, яго цiкавiла больш
Кантэну здавалася, што патрэба глядзець i слухаць зрабiлася для яго такой жа неабходнай, як патрэба дыхаць. Яна стала для яго пытаннем жыцця i смерцi.
Каб вызвалiцца ад гэтых думак, стары сканцэнтраваў сваю ўвагу на горадзе, куды ён павiнен быў ехаць. Але ён не мог уявiць сабе вулiц i плошчаў, якiх не бачыў, можа, гадоў дваццаць. Яны даўно выпалi з яго памяцi i не жадалi больш туды вяртацца. Наадварот, насуперак яго волi, перад вачыма ўвесь час узнiкала акно, два твары, прыцiснутыя да запацелага шкла, котка, якая сядзела на двары i глядзела яму ўслед.
У нейкi момант яму нават здалося, што вецер данёс да яго пах дыму i мяшанкi, якую Iзабэла рыхтавала скацiне. Кантэн павёў плячыма i з усмешкаю пакрочыў далей.
ПАД ВЕЦЕР
7
Было чатыры гадзiны дня, калi Кантэн выйшаў з вагона на вакзале дэ Пераш, але з-за пахмурнага надвор'я здавалася, што надыходзiць ноч. Кантэн звярнуў на гэта ўвагу, як толькi выйшаў на перон. Тут ён на хвiлiну спынiўся. Дагэтуль чалавечая плынь некуды цягнула яго, а цяпер ён застаўся адзiн. Кантэн бачыў незнаёмыя твары мiнакоў, якiя крочылi мiма i не звярталi на старога нiякай увагi, чуў грукат i сiгналы аўтамабiляў, якiя праляталi па вулiцы. Гэта быў горад.
Кантэн сцiснуў пад пахай пакунак Марыi-Луiзы i пайшоў.
Снегу ў Лiёне было менш, чым там, адкуль ён прыехаў. Ён быў белы толькi на плошчы перад вакзалам i ў садах, абнесеных рашоткамi. У iншых жа месцах ён быў бруднага, амаль чорнага колеру. Гэта быў ужо не снег, а гразь, i дворнiкi ссоўвалi яго ўздоўж ходнiкаў шырокiмi драўлянымi шуфлямi. Адны зграбалi яго ў кучы побач з каналiзацыйнымi люкамi, другiя крышылi i размывалi яго, палiваючы моцнымi струменямi вады. Гэта нагадвала Кантэну шоргат скрабкоў у канюшнi i гоман ручая на веснавым полi. Дарожныя рабочыя працавалi павольна, часта адпачывалi, i калi пераходзiлi на iншае месца, то цягнулi шуфлi за сабою. Мiнакi, наадварот жа, некуды вельмi спяшалiся i нават штурхалi адзiн аднаго. У некаторых месцах снег забiваў вадасцёк, i тады вада разлiвалася на ўсю шырыню вулiцы, нават падымалася на ходнiкi. Праязджаючы на вялiкай хуткасцi, аўтамабiлi ўздымалi там брудныя пырскi, а мiнакi прыцiскалiся да сцяны. Чулiся ўскрыкi, лаянка, смех.
Кантэн глядзеў на гэты гармiдар i не знаходзiў у iм нiчога агульнага з тым горадам, якi быў у яго думках. У вёсцы так са снегам не абыходзiлiся, хоць бульдозер трапляў да iх не часта. Там умелi прыстасавацца да зiмы.
Свяцiлiся вiтрыны крамаў. Упоперак вулiцы Вiктора Гюго на вышынi другога паверха былi развешаны гiрлянды жоўтых i чырвоных лямпачак. Гэтыя гiрлянды цягнулiся ажно да плошчы Бэлькур, i дзякуючы iм вулiца нагадвала доўгi калiдор святла. Кантэн увайшоў у яго. Як i раней, у яго сэрцы жыла трывога, але цяпер яна была крыху слабейшая. Ад яркага святла i высокiх дамоў у яго закружылася галава, i яму зноў успомнiлася бязмежная белая раўнiна.