Беларускiя народныя казкi
Шрифт:
— Вярніся, паляўнічы, чакае цябе сьмерць лютая!
Сьмяецца паляўнічы й далей ідзе.
Прыходзіць ён на палянку. Сеў, агонь расклаў. Глядзіць — побач два вогнішчы патушаных, а вакол пні асмаленыя стаяць.
«Ці ня тут толькі мае браты сядзелі?» — думае паляўнічы.
І раптам чуе — шум, сьвіст, дрэвы гнуцца, кусты да зямлі сьхіляюцца, — ляціць Баба-Яга ў ступе, валасы матляюцца, спадніца надзімаецца, сама памялом сьлед замятае.
Прыляцела Баба-Яга, апусьцілася на палянку.
— Добры дзень, хлапчына!
— Добры
— Што гэта ў цябе так смачна смажаным пахне?
— Вазьмі, бабка, паеш, — кажа паляўнічы і падае ёй кавалак мяса.
А Баба-Яга адказвае:
— Не, сынок, баюся я тваіх зьвяроў. Дай ты мне пяць валаскоў із сваей галавы ды па пяць валаскоў ізь зьверанят, — тады падыйду.
— О, не, бабка, не на таго натрапіла, — адказвае паляўнічы. — А ну, зьвераняткі мае, дапамажыце мне з бабкай паквітавацца.
Кінуліся зьвераняты на Бабу-Ягу.
Львянё яе за горла хапае, ваўчанё — за ногі, мядзьведзянё лапамі камечыць.
Напужалася Баба-Яга, запішчэла, закрычала, загаласіла. А паляўнічы й кажа:
— Цяпер я ведаю, што з маімі братамі здарылася. Гэта твая работа. Кажы, што ты зь імі зрабіла, а не, дык мае вартаўнікі цябе жывую зьядуць.
Бачыць Баба-Яга, што няма рады ёй. Дзьмухнула яна на пні — ажылі старэйшыя браты, ажылі й іхныя зьвяры.
Накінуліся трое львянят, трое ваўчанят і трое мядзьведзянят на Бабу-Ягу і разарвалі яе на кавалкі.
Пачалі з таго часу браты сьмела ў пушчу на паляваньне хадзіць. Шмат дзічыны ў ёй стралялі, шмат зьвяроў лавілі, і добра жыць сталі.
Стралец і Рыбак
Былі ў бацькі два сыны. Вырасьлі яны, як дубы, а бацьку ўсё няма палёгкі.
Большы, праўда старанны быў хлопец, ды вось бяда: змалку ўсё розныя пасткі майстраваў, а як падрос, дык дастаў сабе стрэльбу і не разлучаўся зь ёю. Людзі на работу ідуць, а ён стрэльбу на плячо ды шмыг у лес ці на балота. Цягаецца там увесь дзень, дахаты-ж з пустымі рукамі ідзе, галодны, як воўк. Топча лапці, а прыбытку ніякага. Калі-ж часам і ўпалюе якое зайчанё, дык хутчэй нясе пану, каб той даў пораху.
Перш сварыўся на яго бацька, потым бачыць — нічога не парадзіш, калі ў сына такая ахвота.
А меншы сын такі гультай удаўся, хоць ты яго з хаты гані. Дзень і ноч сядзіць з вудаю на рэчцы, за гаспадарку-ж ані не бярэцца. Наловіць жменю пяшкуроў ці яршоў, — якая ад іх карысьць? Хіба што кату паласавацца.
Пачаў і на яго бацька сварыцца, што толькі час марна траціць. Але меншы сын ня слухае бацькі, бо вядома, ахвота горш няволі.
А каб апраўдацца перад бацькам, што з пустымі рукамі прыходзяць, выдумляюць сыны розныя прычыны.
Стралец расказвае:
— Сяньня з самага ранку натрапіў я на чараду коз. Была там каза з казьлянятамі ды стары казёл барадаты. Але толькі я злажыўся, каб выстраліць, ажно ў
Рыбак расказвае:
— Сяджу гэта я на беразе, цікую за паплаўком. Раптам нейкі шчупачышча цоп за кручок — і на дно! Я за вудзільна цягну, ажно жылы ў мяне трашчаць. Давалок да берагу, а шчупак віль хвастом і будзь здароў… Бадай цябе! Закінуў другі раз вуду. Зноў той шчупачышча папаўся. Падцягнуў яго да берагу, хацеў рукамі ўхапіць, ды ня ўстрымаўся і — шабулдых у ваду!.. Насілу жывы выкарабкаўся.
Слухае бацька сыноў ды толькі галавою круціць:
— Праўду бо людзі кажуць, што ў стральца дым густы, ды абед пусты, а рыбак як намочыцца, дык і рыбы яму не захочыцца.
Думаў, думаў бацька, як яму сыноў адвучыць ад благой прывычкі, але нічога ня можа прыдумаць. Аднойчы зайшоў да яго стары жабрак і папрасіўся нанач.
Разгаварыўся бацька з жабраком, на сыноў паскардзіўся.
— Выгадаваў, — кажа, — дзяцей, а падмогі на старасьць ніякай. Бо, вядома, стралец страляе, а гаспадарка гуляе…
Выслухаў жабрак бацькаву скаргу і параіў, што яму зрабіць, каб прывучыць сыноў да гаспадаркі.
Назаўтра бацька кажа сыном:
— Вось што, сынкі, ёсьць у мяне адна далёкая радня. Пайду я да яе. А вы сабе жывіце, як хочаце.
Сабраўся і пайшоў.
Засталіся сыны гаспадарамі.
Доўга яны гаспадарылі ці нядоўга, але хутка дажыліся так, што няма чаго, як кажуць, і ў рот палажыць. Пачалі браты спрачацца, хто вінаваты. Спрачаліся, а праўды так і не знайшлі.
Толькі вось празь некаторы час зноў зайшоў да іх той стары жабрак.
Ну, вядома, трэба пакарміць падарожнага чалавека. А ў братоў ані кавалка хлеба.
Стралец дакарае брата:
— Няхай-бы ты хоць якую людзкую рыбіну злавіў, каб было чым чужога чалавека прыняць.
Рыбак адказвае стральцу:
— Няхай-бы ты хоць якое казьлянё падстрэліў…
Паслухаў іх жабрак і кажа:
— Дзякую вам, хлопчыкі, за клопат. Ёсьць у мяне хлеб, што добрыя людзі далі.
Дастаў ён з торбы хлеб, сала і пачаў частаваць стральца і рыбака. Сорамна ім прымаць пачостку ад жабрака, ды голад ня цётка.
Накінуліся браты на жабракову торбу і як бачыш усю апрасталі.
— Чаму вы такія бедныя? — пытаецца ў іх жабрак. — Хіба ў вас няшчасьце якое ці што?
Браты цяжка ўздыхнулі: