Белы Бім Чорнае вуха
Шрифт:
Бім сядзеў ля бэзавага куста з паблеклым ужо лісцем да самага вечара. Прыязджалі машыны, з іх вылазілі людзі ў белых халатах і вялі каго-небудзь пад рукі або ішлі следам; зрэдку выносілі чалавека на насілках, тады Бім падыходзіў бліжэй, нюхаў, — не, не ён. Пад вечар сабаку заўважылі і другія. Нехта прынёс кавалачак каўбасы, — Бім не крануў! — нехта паспрабаваў узяцца за аброжак — Бім адбег; нават той самы дзядзька ў чорным халаце некалькі разоў праходзіў паўз яго, спыняўся і глядзеў на Біма са спачуваннем і не тупаў нагамі. Бім сядзеў, як статуэтка, і нікому нічога не гаварыў. Ён чакаў.
Прыцемкам
Бег па горадзе прыгожы, з бліскучаю шэрсцю, дагледжаны сабака — белы, з чорным вухам. Любы добры чалавек скажа: «Ах, які мілы паляўнічы сабака!»
Бім падрапаў за родныя дзверы, але яны не адчыніліся. Тады ён лёг ля парога, скруціўшыся абараначкам. Не хацелася ні есці ні піць — нічога не хацелася. Сум.
На пляцоўку выйшла Сцяпанаўна:
— Прыйшоў, гаротны?
Бім вільнуў хвастом толькі адзін раз («Прыйшоў»).
— Ну вось, а цяпер і павячэрай. — Яна падсунула да яго міску з ранішняю кашаю.
Бім не ўзяўся.
— Я і ведала: сам накарміўся. Разумны. Спі. — І зачыніла за сабою дзверы.
Гэтае ночы Бім ужо не выў. Але і не адыходзіў ад дзвярэй: чакаць!
А раніцою зноў захваляваўся. Шукаць, шукаць сябра! Гэта і ёсць сэнс жыцця. І калі Сцяпанаўна выпусціла яго, ён, перш-наперш, збегаў да людзей у белых халатах. Гэтым разам нейкі тоўсты чалавек крычаў на ўсіх і часта паўтараў слова «сабака». У Біма папускалі каменнем, хаця і знарок міма, махалі на яго палкамі і, у канцы канцоў, сербанулі балюча дубцом. Бім адбегся, сеў, пасядзеў чуць і, мабыць, вырашыў, што тут гаспадара не можа быць, а інакш не праганялі б так нядобра. І пайшоў Бім, злёгку апусціўшы галаву.
Па горадзе ішоў адзінокі, сумны, занівошта пакрыўджаны сабака.
Выйшаў ён на бурлівую вуліцу. Людзей была цьма-цьмушчая, і ўсе спяшаліся, толькі зрэдку перакідаліся словамі, цяклі кудысь і цяклі бясконца. Быць не магло, каб не прыйшла Біму ў галаву такая думка: «А ці не пройдзе ён тут?» І без усякае логікі сеў у цяні, непадалёку ад веснічак, і пачаў пільнаваць, не прапускаючы ні аднаго чалавека. Па-першае, Бім заўважыў, што ўсе людзі, аказваецца, пахнуць аўтамабільным дымам, а ўжо цераз яго даходзяць другія пахі рознае сілы.
Вось ідзе чалавек, худы, высокі, у вялікіх стаптаных чаравіках, і нясе ў сетцы бульбу, гэтакую ж, як прыносіў дадому і гаспадар. Худы нясе бульбу і пахне тытунём. Крочыць скоранька, спяшае, быццам яго хтосьці даганяе. Але гэта толькі здалося — даганяюць некага ўсе. І ўсе нешта шукаюць, як на палявых спаборніцтвах, а інакш навошта бегчы па вуліцы, забягаць у дзверы, выбягаць і зноў бегчы?
— Прывітанне, Чорнае вуха! — кінуў худы на хаду.
«Прывітанне», — панура адказаў Бім, варухнуўшы па зямлі хвастом і не губляючы засяроджанасці, з якою пазіраў на людзей.
А вось за ім ідзе чалавек у камбінезоне, пахне гэтаксама, як і сцяна, калі яе лізнуць (мокрая сцяна). Ён амаль увесь шэра-белы. Нясе доўгую белую палку з бародкаю на канцы і цяжкую сумку.
— А ты чаго тут? — папытаўся ён у Біма, спыніўся. — Усеўся чакаць гаспадара ці згубіўся?
«Ага, чакаць», — адказаў Бім, патупаўшы пярэднімі
— Тады на вось табе. — Ён выняў з сумкі кулёк, паклаў перад Бімам цукерку і пацерабіў за вуха. — Еш, еш. (Бім і не дакрануўся.) Дрэсірованы. Інтэлігент. З чужое талеркі есці не будзеш. — І пайшоў далей паволі, спакойненька, не так, як усе.
Як каму, а Біму гэты чалавек добры: ён ведае, што такое «чакаць», ён зразумеў Біма.
Таўсцерны-тоўсты, з тоўстаю палкаю ў руцэ, з тоўстымі чорнымі акулярамі на носе, нясе тоўстую папку: усё ў яго тоўстае. Пахне ён паперамі, па якіх гаспадар шаптаў палачкаю, і яшчэ, здаецца, тымі жоўтымі паперкамі, якія гаспадар клаў у кішэню. Ён спыніўся каля Біма і сказаў:
— Фух! Ну і ну! Дажыліся: сабакі на праспекце.
З варот паказаўся дворнік з мятлою і стаў ля Тоўстага. А той гаварыў да дворніка, паказваючы пальцам на Біма:
— Бачыш? На тваёй тэрыторыі нябось?
— Факт, бачу. — І абапёрся на мяцёлку, паставіўшы яе ўверх барадою.
— Бачыш… Нічога ты не бачыш, — сказаў злосна. — Нават цукерку не есь, заеўся. Як жа далей жыць?! — Ён злаваўся ваўсю.
— А ты не жыві, — сказаў дворнік і раўнадушна дадаў:— Бач ты, выхудаў, бедалага.
— Зневажаеш! — гыркнуў Тоўсты.
Спыніліся тры маладыя хлопцы і чамусьці ўсміхаліся, гледзячы на Тоўстага і на Біма.
— А вам чаго смешна? Чаго смешна? Я кажу яму… сабака! Тысячы сабак, па два-тры кіло мяса кожнаму — дзве-тры тоны ў дзень. Кумекаеце, колькі выходзіць?
Адзін з хлопцаў запярэчыў:
— Тры кіло і вярблюд не з'есць.
Дворнік спакойна ўдакладніў:
— Вярблюды не ядуць мяса. — Нечакана ён ухапіўся за мятлу і замахаў ёю па асфальце перад нагамі ў Тоўстага: — Сыдзі, грамадзянін! Ну? Я што сказаў!
Тоўсты пайшоў, адплёўваючыся. Тыя ўтрох таксама пайшлі сваёй дарогаю, пасмейваючыся. Дворнік тут жа перастаў месці. Ён пагладзіў Біма па спіне, пастаяў крыху і сказаў:
— Сядзі чакай. Прыйдзе. — І пайшоў у варотцы.
З усяе гэтае сваркі Бім не толькі зразумеў — «мяса», «сабака», «магчыма», «псіна», але чуў інтанацыю галасоў і, галоўнае, усё бачыў: а гэтага ўжо хопіць, каб разумнаму сабаку здагадацца: Тоўстаму дрэнна жыць, дворніку — добра; адзін злосны, другі — добры. Каму ўжо ведаць, калі не Біму, што ні свет ні зара на вуліцах ёсць толькі дворнікі і што яны паважаюць сабак. Тое, што дворнік прагнаў Тоўстага, Біму нават спадабалася. А ўвогуле ўся гэтая пуставатая гісторыя толькі забавіла Біма, хаця, можа, і была ад яе карысць, таму што Бім пачаў здагадвацца: людзі ўсе розныя, яны могуць быць і добрыя і дрэнныя. І тое карысць, скажам мы збоку. Але пакуль што Біму гэта было ўсё роўна: ён глядзеў і глядзеў на прахожых.
Некаторыя жанчыны пахлі востра, што аж не вытрываць, ландышамі, пахлі тымі беленькімі кветачкамі, што забіваюць нюх, і ля якіх Бім рабіўся бясчутным; у такім выпадку Бім адварочваўся і некалькі секунд не дыхаў — яму не падабалася. У большасці жанчын вусны былі гэткага самага колеру, як сцяжкі на воўчай аблаве; Біму такі колер таксама не падабаўся, як і ўсім жывёлам, а сабакам і быкам асабліва. Амаль усе жанчыны нешта неслі ў руках. Бім прыкмеціў, што мужчыны з паноскаю трапляюцца радзей, а жанчыны — часта.