Белы Бім Чорнае вуха
Шрифт:
…А Івана Іванавіча ўсё няма і няма. Сябар ты мой! Дзе ж ты?..
Людзі цяклі і цяклі. Журба Бімава крышку аслабела, рассеялася сярод людзей, і ён яшчэ ўважлівей пазіраў уперад — ці не ідзе ён. Сёння Бім будзе чакаць тут. Чакаць!
Каля яго спыніўся чалавек з мясістымі абвіслымі губамі, глыбока-маршчыністы, кірпаты, з вачыма навыкаце і закрычаў:
— Чортведама што! (Людзі сталі прыпыняцца.) Навокал грып, эпідэміі, рак страўніка, а тут што? — тыкаў ён усёю далоняю ў Біма. — Тут, у масе народу,
— Не ўсякі сабака — зараза. Глядзіце, які мілы сабака, — запярэчыла дзяўчына.
Кірпаты паглядзеў на яе зверху ўніз і знізу ўверх і адвярнуўся, абураючыся:
— Якое дзікунства! Якое дзікунства ў вас, грамадзяначка…
І вось… Эх, калі б Бім быў чалавек! Вось падышла тая самая цётка, «савецкая жанчына» — тая сплетніца. Бім спачатку спалохаўся, але потым натапырыў шэрсць на загрыўку і прыняў абарончую пазіцыю. А цётка затараторыла да ўсіх, хто стаяў паўкругам крыху воддаль:
— Дзікасць і ёсць дзікасць! Ён жа мяне ўкусіў. У-ку-сі-ў! — І паказвала ўсім руку.
— Дзе ўкусіў? — спытаў юнак з партфелем. — Пакажыце.
— Ты мне яшчэ, шчанюк! — Ды і схавала руку.
Усе, акрамя кірпатага, засмяяліся.
— Выхоўвалі цябе ў інстытуце, чорта, вось ужо выхавалі, гадзёныша, — накінулася яна на студэнта. — Ты мне, савецкай жанчыне, і не верыш? Ды што ж потым будзе? Да чаго ж мы ідзём, дарагія грамадзяне? Ці ў нас ужо Савецкае ўлады няма?
Юнак пачырванеў і зазлаваўся:
— Каб вы ведалі, як на вас глядзець людзям збоку, то пазайздросцілі б гэтаму сабаку. — Ён ступіў да цёткі і крыкнуў: — Хто вам даў права зневажаць?
Хаця Бім і не зразумеў слоў, але больш не вытрымаў: ён скочыў да цёткі, гаўкнуў на ўсю моц і ўпёрся ўсімі чатырма лапамі, каб стрымацца (за тое, што потым можа быць, ён не ручаўся). Інтэлігент. Ды ўсё-такі сабака.
Цётка закрычала не сваім голасам:
— Міліцыя! Мілі-і-цыя!
Дзесьці засвістаў свісток, нехта, падыходзячы, крыкнуў:
— Праходзьце, грамадзяне! Праходзьце каму куды трэба! — Гэта быў міліцыянер. (Бім нават чуць павіляў хвастом, хоць і быў устрывожаны.) — Хто крычаў?! Вы? — загаварыў міліцыянер да цёткі.
— Яна, — пацвердзіў студэнт.
Умяшаўся Кірпаты:
— І куды вы гледзіце! Што робіце? — запсіхаваў ён на міліцыянера. — Сабакі, сабакі на праспекце ў абласным горадзе!
— Сабакі! — крычала цётка.
— І гэтакія вось яшчэ піцекантропусы! — крычаў і студэнт.
— Ён мяне збэсціў! — чуць не плакала цётка.
— Грамадзяне, р-разыдзіцеся! А вы, вы ды і вы, пройдзем да міліцыі, — сказаў ён да цёткі, юнака і Кірпатага.
— А сабака? — аж запішчала цётка. — Чэснага чалавека ў міліцыю, а сабаку…
— Не пайду, — адрэзаў юнак.
Падышоў другі міліцыянер:
— Што тут?
Чалавек пры гальштуку,
— Ды вось, гэты студэнцік не хоча ў міліцыю, не слухаецца. Гэныя вунь, абое, хочуць, а гэны не хочаць. Неслухства? А гэта не дазволена. Вядуць — трэба іціць. Ці мала што… — І ён адвярнуўся ад усіх, закруціў у сваім вуху вялікім пальцам, быццам каб большая дзірка стала і лепш чуць было. Гэта быў самы што ні на ёсць жэст уласнай перакананасці, упэўненасці ў трываласці сваіх думак і несумненнай перавагі свае асобы над усімі, хто тут быў, — нават над міліцыянерам.
Абодва міліцыянеры зірнулі адзін на аднаго, але студэнта ўсё ж павялі з сабою. Следам за імі патупацеў Кірпаты і Цётка. Людзі разышліся і ўжо не зважалі на сабаку, акрамя тае мілае дзяўчыны. Яна падышла да Біма і пагладзіла яго, але таксама пайшла за міліцыянерамі. Сама пайшла, як бачыў Бім. Ён паглядзеў ёй услед, патаптаўся на месцы і пабег, дагнаў яе і пайшоў поруч.
Чалавек і сабака ішлі ў міліцыю.
— Каго ж ты чакаў, Чорнае вуха? — запытала яна, прыпыняючыся.
Бім сумна прысеў, апусціў галаву.
— Падцягло табе жываты, мілы. Я накармлю цябе, пачакай, накармлю, Чорнае вуха.
Ужо некалькі разоў называлі Біма «Чорнае вуха». І гаспадар некалі гаварыў: «Эх ты, Чорнае вуха!» Даўно-даўно ён так сказаў, яшчэ ў дзяцінстве. «Дзе ж ты, мой сябар?» — думаў Бім. І ўсё ж зноў пайшоў з дзяўчынаю, сумны і журботны.
У міліцыю яны прыйшлі ўсе разам. Там крычала цётка, рыкаў кірпаты дзядзька, угнуўшы голаў, маўчаў студэнт, а за сталом сядзеў міліцыянер, незнаёмы, і непрыязна глядзеў на ўсіх траіх.
Дзяўчына сказала:
— Прывяла віноўніка. — І паказала на Біма. — Сімпатычнейшае стварэнне. Я ўсё чула і бачыла там з самага пачатку. Гэты хлопец, — яна кіўнула на студэнта, — ні ў чым не павінен.
Расказвала яна спакойна, то паказваючы на Біма, то на каго-небудзь з траіх. Ёй спрабавалі перабіць гаворку, але міліцыянер строга спыняў і Цётку, і Кірпатага. Ён, было відаць, давяраў дзяўчыне. Пад канец яна жартам спыталася:
— Правільна я гавару, Чорнае вуха? — І да міліцыянера яшчэ дадала: — Я Даша. — Потым да Біма: — Я Даша. Зразумеў?
Уся Бімава істота паказвала, што ён яе паважае.
— А ну, ідзі да мяне, Чорнае вуха. Да мяне! — паклікаў міліцыянер. О, Бім ведаў гэты загад «да мяне». Добра ведаў. І падышоў. Той ласкава палапаў па шыі, узяўся за аброжак, паглядзеў нумарок і нешта запісаў. А Біму загадаў:
— Ляжаць!
Бім лёг так, як і трэба: заднія ногі пад сябе, пярэднія выцягнуты ўперад, галава — вочы ў вочы з субяседнікам і чуць набачок.
Цяпер міліцыянер пытаўся ў тэлефонную трубку:
— Таварыства паляўнічых?