Белы Бім Чорнае вуха
Шрифт:
«Паляванне!» — здрыгануўся Бім. «Паляванне!» Што гэта абазначае тут?
— Таварыства паляўнічых? З міліцыі. Нумар дваццаць чатыры паглядзіце. Сетэр… Як гэта няма? Быць не можа. Сабака харошы, вывучаны… У гарсавет? Добра. — Паклаў трубку і яшчэ раз узяў, нешта пытаўся і пачаў запісваць, паўтараючы ўслых: — Сетэр, са знешнімі дэфектамі, пасведчання на радаслоўную няма, гаспадар Іван Іванавіч Іваноў, вуліца Праезджая, сорак адзін. Дзякую. — Цяпер ён загаварыў да дзяўчыны: — Вы, Даша, маладзец. Найшоўся
Бім затанцаваў, ткнуў носам у калена міліцыянеру, лізнуў руку Дашы і глядзеў у вочы, проста ў вочы, так, як умеюць глядзець толькі разумныя і ласкавыя, даверлівыя сабакі. Ён жа ўсё зразумеў, што гаварылі пра Івана Іванавіча, пра яго сябра, пра яго брата, пра яго бога, як на гэта сказаў бы чалавек. І аж уздрыгваў ад хвалявання.
Міліцыянер строга буркнуў да Цёткі і Кірпатага:
— Ідзіце. Усяго добрага.
Дзядзька ўзяўся пілаваць дзяжурнага:
— І гэта — усё? Які ж у нас пасля ўсяго будзе парадак? Распусцілі!
— Ідзіце, ідзіце, дзед. Усяго добрага. Да пабачэння. Адпачывайце.
— Знайшоў мне «дзеда»! Я табе бацька, баця. Нават як ветліва гаварыць забыліся, с-сукіны сыны. А хочаце вось такіх, — кіўнуў на студэнта, — выхоўваць, па галоўцы гладзіць, па галоўцы. А ён вас — пачакайце! — гаў! І з'есць. — Гаўкнуў і сапраўды, якраз як сабака.
Бім, вядома, таксама гаўкнуў.
Дзяжурны засмяяўся:
— Глядзіце, папаша, а сабака ж вас разумее, спачувае.
А Цётка, здрыгануўшыся ад падвойнага брэху — чалавечага і сабачага, — плішчылася ад Біма да дзвярэй і крычала:
— Гэта ён на мяне, на мяне! І ў міліцыі ніякае абароны савецкай жанчыне!
Яны пайшлі ўсё-такі.
— А мяне што — затрымаеце? — насуплена спытаў студэнт.
— Слухацца трэба, мілы. Запрашаюць — павінен ісці. Так трэба.
— Трэба? Адкуль такое, каб цвярозага чалавека весці ў міліцыю, як злодзея? Цётцы гэтай трэба было пятнаццаць сутак, а вы… Эх, вы! — І пайшоў, пацерабіўшы Біма за вуха.
Цяпер Бім ужо зусім нічога не разумеў: дрэнныя людзі лаюцца на добрых людзей, добрыя таксама лаюцца, а міліцыянер трывае ды яшчэ і пасміхаецца; тут, відаць, і разумнаму сабаку не разабрацца.
— Самі даведзяце? — запытаўся дзяжурны ў Дашы.
— Сама. Дадому, Чорнае вуха, дадому.
Бім цяпер ішоў паперадзе, азіраўся на Дашу і чакаў яе: ён выдатна ведаў слова «дадому» і вёў яе менавіта дадому. Людзі і не дакумекалі, што ён і сам знайшоў бы кватэру, ім здавалася, што ён неразумны сабака; толькі Даша ўсё зразумела, адна Даша, гэтая бялявая дзяўчына з вялікімі задумёнымі і цёплымі вачыма, якім Бім паверыў з першага позірку. І ён прывёў яе да самых сваіх дзвярэй. Яна пазваніла — адказу не было. Пазваніла яшчэ раз, цяпер да суседзяў. Выйшла Сцяпанаўна. Бім прывітаў яе: ён быў прыкметна весялейшы, чым учора, ён гаварыў: «Прыйшла Даша. Я прывёў Дашу». (Не было другіх слоў, каб растлумачыць позіркі Біма на Сцяпанаўну, на Дашу.)
Жанчыны гаварылі ціха і вымаўлялі «Іван Іванавіч» і «асколак», потым Сцяпанаўна адамкнула дзверы. Бім запрашаў Дашу: не спускаў з яе вачэй. Яна перш-наперш узяла міску, панюхала кашу і сказала:
— Скісла. — Выкінула кашу ў вядро на смецце, вымыла міску і паставіла зноў на падлогу. — Я зараз прыйду. Чакай, Чорнае вуха.
— Яго Бімам клічуць, — паправіла Сцяпанаўна.
— Чакай, Бім. — І Даша пайшла.
Сцяпанаўна
— А ты змысны сабака, — загаварыла Сцяпанаўна. — Застаўся адзін, а разбіраешся, хто да цябе з душою. Я вось, Бімка, таксама… на старасці год з унучкаю жыву. Бацькі-то нарадзілі ды і падаліся ў Сібір, а я выгадавала. І яна, унучка, добрая, мяне любіць, усім сэрцам да мяне.
Сцяпанаўна адводзіла душу сама з сабою, гаворачы да Біма. Так часам людзі, калі няма да каго абазвацца, гавораць да сабакі, да любімага каня ці карміцелькі-каровы. Сабакі ж, у якіх выдатны розум, вельмі добра адрозніваюць няшчаснага чалавека і спачуваюць яму. А тут у абаіх: Сцяпанаўна жаліцца Біму, а Бім гаруе, мучыцца ад таго, што людзі ў белых халатах забралі яго сябра; бо ўсе непрыемнасці, што здарыліся за дзень, толькі крыху забавілі Біма ад болю, які цяпер зноў узяўся з новаю сілаю. Ён разабраў з гаворкі Сцяпанаўны два знаёмыя словы «добра» і «да мяне», сказаныя з сумнай цеплынёю. Вядома ж, Бім падышоў да самае яе і паклаў галаву на калені, а Сцяпанаўна прытуліла да вачэй хусцінку.
Даша вярнулася з пакуначкам. Бім ціха падышоў, лёг жыватом на падлогу, паклаў адну лапу на яе туфельку, а галаву на другую лапу. Так ён сказаў «Дзякуй табе».
Даша дастала з паперы дзве катлеты, дзве бульбіны і паклала іх у міску.
— Бяры.
Бім не ўзяўся есці, хаця трэція суткі ў яго не было ў роце і пылінкі. Даша далікатна пацерабіла за загрывак і ласкава гаварыла:
— Вазьмі, Бім, вазьмі.
Голас у Дашы мяккі, душэўны, ціхі і, здавалася, спакойны; рукі цёплыя і пяшчотныя, ласкавыя. Але Бім адвярнуўся ад катлет. Даша адкрыла Біму рот і ўвапхнула туды катлету. Бім трымаў, трымаў яе ў роце, здзіўлена глядзеў на Дашу, а катлета тым часам пракаўтнулася сама. Тое здарылася і з другою. З бульбінамі — таксама.
— Яго сілком карміць трэба, — сказала Даша Сцяпанаўне. — Ён занудзіў без гаспадара, таму і не есць.
— Ды што ты! — здзівілася Сцяпанаўна. — Сабака сам сабе знойдзе. Колькі іх ходзіць, а ядуць жа.
— Што ж рабіць? — спытала Даша ў Біма. — Ты ж так прападзеш.
— Не прападзе, — упэўнена сказала Сцяпанаўна. — Такі разумны сабака не прападзе. Буду раз у дзень варыць яму кашу. Што ж рабіць? Жывое ж.
Даша нечаму задумалася, потым зняла аброжак.
— Пакуль я не прынясу аброжак, не выпускайце Біма. Заўтра гадзін да дзесяці я прыйду… А дзе ж цяпер Іван Іванавіч? — спытала яна ў Сцяпанаўны.
Бім страпянуўся: пра яго!
— Павезлі на самалёце ў Маскву. Аперацыя на сэрца, цяжкая. Асколак жа побач.
Бім — увесь адзін слых: «асколак», зноў «асколак». У гэтым слове чуваць гора. Але, калі яны гавораць пра Івана Іванавіча, значыць, ён павінен недзе быць. Трэба шукаць. Шукаць!
Даша пайшла. Сцяпанаўна — таксама. Бім зноў застаўся адзін бавіць ноч. Цяпер ён не-не і задрэмле, але толькі на некалькі хвілін. І кожны раз ён сніў Івана Іванавіча — дома ці на паляванні. І тады ён прахопліваўся, азіраўся, хадзіў па пакоі, нюхаў закуткі, прыслухоўваўся да цішыні і зноў клаўся ля дзвярэй. Вельмі моцна балеў рубец ад дубца, але гэта было нішто, калі раўняць з большым горам і невядомасцю.