Белы Бім Чорнае вуха
Шрифт:
Чакаць. Чакаць. Сціснуць зубы і чакаць.
Раздзел 7. Пошукі працягваюцца
Гэтае раніцы Бім ледзь не плакаў. Сонца ўжо вышэй за акно, а ніхто не ідзе. Ён прыслухоўваўся да крокаў жыхароў у пад'ездзе, якія праходзілі паўз яго дзверы з верхніх паверхаў або падымаліся ўгору. Усе крокі знаёмыя, а яго няма і няма. Нарэшце выразна пачуў туфелькі Дашы. Яна! Бім уголас даў пачуць пра сябе. Яго крык, калі сказаць па-чалавечаму, абазначаў: «Я цябе чую, Даша!»
— Зараз,
Яны абедзве ўвайшлі да Біма. З кожнаю ён павітаўся, потым кінуўся да дзвярэй, спыніўся там, павярнуў галаву да жанчын і патрабаваў, прасіў, павільваючы хвастом: «Адчыняйце! Шукаць трэба».
Даша адзела на яго аброжак, на якім цяпер была на ўсю шырыню трывала прымацавана латунная пласцінка-жэтон з выгравіраваным надпісам: «Яго завуць Бім. Ён чакае гаспадара. Добра ведае, дзе дом. Жыве адзін у кватэры. Не крыўдзіце яго, людзі». Даша прачытала надпіс Сцяпанаўне.
— Якая ж ты добрая душа! — успляснула рукамі Сцяпанаўна. — Любіш, выходзіць, сабак?
Даша паглядзела на Біма і адказала незвычайна:
— Муж мяне пакінуў, хлопчык памёр… А мне трыццаць год. Жыла на кватэры. Паеду…
— Адзінокая. Мая ж ты дарагая! — запрыказвала Сцяпанаўна. — Ды гэта ж…
Але Даша абарвала:
— Пайду. — А ад дзвярэй дадала: — Пакуль што не выпускайце Біма, каб не пабег за мною.
Бім паспрабаваў праціснуцца ў дзверы разам з Дашаю, але яна адапхнула яго і выйшла разам са Сцяпанаўнай.
Не болей чым праз гадзіну Бім заскуголіў, потым і завыў ад суму ўголас, так завыў, як пра гэта гавораць людзі: «Хочацца завыць, як сабаку».
Сцяпанаўна выпусціла яго (Даша цяпер далёка):
— Ну, ідзі, ідзі. Вечарам кашы навару.
Бім нават і вухам не павёў на сказанае, не зірнуў у вочы, а кулём зляцеў уніз і — на двор. Чаўнаком паснаваўся па двары, выйшаў на вуліцу, чуць пастаяў, быццам падумаў, а потым пачаў чытаць пахі, радок за радком, нават не звяртаючы ўвагі на тыя дрэвы, дзе стаялі роспісы братоў і чытаць якія павінен кожны сабака, калі хоць крыху паважае самога сябе.
За ўвесь дзень Бім не знайшоў ніякіх прыкмет Івана Іванавіча. А надвячоркам на ўсякі выпадак заблудзіў у малады парк новага гарадскога раёна. Там чацвёра хлапчукоў ганялі мячык.
Ён пасядзеў крыху, праверыў наваколле, на колькі хапала яго носа, і хацеў ужо ісці. Але хлопчык год дванаццаці адышоў ад тых, што гулялі, падышоў да Біма і з цікавасцю глядзеў на яго.
— Ты чый? — спытаўся ён, быццам Бім мог адказаць на пытанне.
Бім перш-наперш павітаўся: павіляў хвастом, але нявесела, нахіліўшы галаву спачатку ў адзін, а потым у другі бок. Гэта, акрамя ўсяго, абазначала пытанне: «А ты што за чалавек?»
Хлопчык здагадаўся, што сабака пакуль што не зусім давярае яму, смела падышоў і падаў руку:
— Прывітанне, Чорнае вуха.
Калі Бім падаў лапу, хлопчык крыкнуў:
— Хлопцы! Сюды, сюды!
Тыя падбеглі, але спыніліся ўсё ж наводдаль.
— Глядзіце, якія разумныя вочы! — дзівіўся першы хлопчык.
— А можа, ён вучаны? — запытаўся слушна тоўсценькі карапуз. — Толя, Толік, ты скажы яму што-небудзь — зразумее ці не?
Трэці, старэйшы за ўсіх, аўтарытэтна заявіў:
— Вучаны. Бачыш, таблічка на шыі.
— І ніякі не вучаны, — запярэчыў худзенькі хлопчык. — Ён не быў бы такі худы і невясёлы.
Бім і праўда страшна схудаў без гаспадара, і выгляд у яго змарнелы: падвяло жывот, нерасчэсаная шэрсць
Толік дакрануўся Біму да лба, і той паглядзеў на ўсіх з даверам. Пасля гэтага ўсе па чарзе гладзілі Біма, і ён не пярэчыў. Адносіны адразу ж наладзіліся добрыя, а ў атмасферы поўнага ўзаемаразумення заўсёды не так далёка і да шчырага сяброўства. Толік услых прачытаў напісанае на латуннай таблічцы і ўсклікнуў:
— Ён — Бім! Адзін жыве ў кватэры! Хлопцы, ён есці хоча. А ну па дамах — і — сюды: нясі хто што можа.
Бім застаўся з Толікам, а хлопцы разбегліся. Цяпер Толік сеў на лаўку, а Бім лёг у яго ля ног і глыбока ўздыхнуў.
— Дрэнна, відаць, табе, Бім? — спытаўся Толік, пагладжваючы сабаку па галаве. — А дзе ж твой гаспадар?
Бім уткнуўся носам у чаравік і так ляжаў. Скора паказаліся адно за адным дзеці. Тоўсценькі прынёс булачку, Дарослы — кавалак каўбасы, Худзенькі — два блінчыкі. Усё гэта яны паклалі перад Бімам, але ён нават і не панюхаў.
— Ён хворы, — сказаў Худзенькі, — можа, нават і заразны. — І падаўся ад Біма.
Тоўсценькі таксама нечаму выцер руку аб штаны і таксама адышоў. Дарослы пацёр каўбасою нос Біму і ўпэўнена сказаў:
— Не будзе. Не хоча.
— Мама казала — усе сабакі заразныя, — усё баяўся Тоўсценькі, — а гэты і саўсім хворы.
— Ну і ідзі, — сярдзіта буркнуў Толік. — Каб я цябе тут і не бачыў… «Заразны»… Заразных ловяць жывадзёры, а гэты — вунь з якою таблічкаю.
Памяркоўны доказ падзейнічаў: дзеці зноў акружылі Біма. Толік пацягнуў за аброжак угару. Бім сеў. Толік адхіліў у яго мяккую губу і ўбачыў шчыліну ў шчэлепах, дзе канчаюцца зубы; адламаў кавалачак каўбасы і ўвапхнуў у гэту шчыліну — Бім пракаўтнуў. Яшчэ кавалачак — і яшчэ пракаўтнуў. Так і кончылі каўбасу са згоды і адабрэння прысутных. Усе засяроджана назіралі, а Тоўсценькі з кожным глытком таксама каўтаў, хаця ў роце ў яго нічога і не было: ён быццам дапамагаў Біму. Кавалачкі булкі ніяк нельга было ўвапхнуць — яна крышылася, тады Бім урэшце ўзяў булачку сам, лёг на жывот, паклаў булачку на лапы, паглядзеў-паглядзеў на яе і з'еў. Зрабіў ён гэта толькі з павагі да Толіка. У яго такія ласкавыя рукі і такі мяккі, нават чуць і сумны позірк, і так ён шкадуе Біма, што той не вытрываў гэтае душэўнае шчырасці. Бім і раней ставіўся да дзяцей інакш, а цяпер ён зусім пераканаўся, што маленькія людзі ўсе добрыя, а вялікія бываюць усялякія, бываюць і дрэнныя. Ён, вядома, не мог ведаць, што маленькія людзі потым становяцца вялікімі і таксама рознымі, але не сабачая гэта работа — разважаць, як і чаму з маленькіх добрых растуць вялікія нядобрыя людзі, такія, як Цётка або Кірпаты. Ён усяго-наўсяго з'еў булачку з-за Толіка, і ўсё. А ад гэтага яму не стала лягчэй, таму ён не адмовіўся і ад блінчыкаў. Ды і за цэлы тыдзень Бім еў толькі другі раз. Першы пасля загаварыў Толік:
— Паспрабуем уведаць, што ён умее рабіць.
Худзенькі сказаў:
— У цырку, каб скакалі, крычаць «Ап!».
Бім прыўстаў і ўважліва паглядзеў на хлопчыка, быццам пытаўся: «Цераз што — ап?!»
Дваіх узяліся за канцы папругі, а Толік скамандаваў:
— Бім, ап!
Бім лёгенька пераскочыў цераз наіўны бар'ер. Усе былі ў захапленні. Тоўсценькі загадаў выразна:
— Ляжаць!
Бім лёг (калі ласка, дзеля вас — з задавальненнем!).
— Сядзець, — папрасіў Толік. (Бім сеў.) — Падай! — І кінуў шапку.