Белы Бім Чорнае вуха
Шрифт:
Шэры паплішчыўся ад Біма:
— Бач ты! Укусіць яшчэ, чорт… — І расчыніў дзверы.
Але Бім не верыў нават і таму, што дзверы сапраўды адчынены, не верыў і тады, калі Шэры загаварыў:
— Ідзі, ідзі, ідзі, Бім, гуляй! Ідзі, сабачка, ідзі.
Не верыў ён гэтаму лісліваму ласкаваму голасу, таму падлізванню пасля таго, як біў. О, падлізванне пасля таго, як б'юць, — новае Бімава адкрыццё ў жыцці. Цётка і Кірпаты — проста нядобрыя людзі. А вось гэты… гэтага Бім ужо ненавідзеў. Ненавідзеў! Бім пачынаў пераставаць верыць людзям. Менавіта так.
Бім выцягнуў шыю, выскаліў зубы і… пайшоў на Шэрага, ціха, але рашуча,
— Ты што? Ты што?
Жанчына ў начной сарочцы крычала на Шэрага:
— Далазіўся! Укусі-іць!
Бім убачыў, што страшны дзядзька перапужаўся, што ён яго панічна баіцца. Ад гэтага Бім упэўніўся ў сваёй рашучасці: скочыў, цімануў ворага, які хацеў вылузацца, за мяккае месца і выскачыў у расчыненыя дзверы. Бім бег і адчуваў у роце смак чалавечага мяса з азадка, які ён зненавідзеў усёю сваёй істотаю. Не, Бім не лічыў сябе няшчасным і вартым жалю, наадварот, зараз ён быў храбры, а храбрасць заўсёды заадно з гонарам і пачуццём сваёй вартасці — нават у тхара.
У ранішніх прыцемках бег Бім па вуліцы, хоць і з аброжкам, але ўжо без нумарка «24». Спачатку ён згарача пакіраваў не туды, не ў горад, а з горада (далей дамоў не было). Ён вярнуўся назад і патрапіў у той жа самы лабірынт аднолькавых дамоў. Кружыў, кружыў, пятляў, пятляў ды і трапіў да таго самага дома, з якога выскачыў. І тут аж заспяшаўся куды патрэбна, а дапамагло яму тое, што людзям амаль не вядома: учора, калі яго вялі тут, ён улавіў на адным вугле роспіс сабрата, на другім — другога, цяпер жа, прабегшы ад знаёмага па гэтай прыкмеце вугла да наступнага, узяў патрэбны арыенцір. Сапраўды, трэба выдатнае чуццё, каб не толькі знайсці тут дом, але і выбрацца адсюль. У Біма было выдатнае чуццё і цудоўная кемлівасць.
Ужо завідна ён дабег да свайго дома, узбег да родных дзвярэй, падрапаўся. Адказу не было. Яшчэ падрапаўся — тое самае: цішыня. Галоўнае, ля дзвярэй не было слядоў Івана Іванавіча. І яшчэ рана, вельмі рана, каб Сцяпанаўна пачула скрозь ранішні сон пазыўныя Біма. Ён задумёна пасядзеў ля дзвярэй.
Пасля таго, як білі, стукала ў галаве і было млосна, не вытрымаць. Але ён усё ж пайшоў. Пайшоў шукаць свайго сябра. Ды і хто ж, акрамя Біма, будзе шукаць яго?
Па горадзе бег на выгляд невясёлы засмучаны сабака, але адданы, верны і смелы.
Раздзел 8. Выпадак на стрэлцы
Ішлі дні за днямі. Бім не заўважаў іх ужо. Ён рэгулярна аглядаў горад і ўведваў самыя драбніцы яго. Цяпер ён хадзіў па зараней намечаным маршруце: каб людзі маглі здагадацца, яны правяралі б па Біму гадзіннікі. Паказваўся ля парку ён — пяць гадзін раніцы, ля вакзала — шэсць, ля завода — палавіна восьмае, на праспекце — дванаццаць, на левым беразе — чатыры гадзіны апоўдні і гэтак далей.
Завяліся і новыя знаёмыя між людзей. Бім вызначыў, што большасць з іх добрыя, але такія ішлі па вуліцы моўчкі, а нядобрыя заўсёды многа балбаталі. Знайшоў людзей, якія пахлі маслам і жалезам (раней ён сустракаў іх па аднаму). Яны штодня, недзе пад восем гадзін раніцы, цяклі несупыннаю плынню да варот, потым да дзвярэй будкі.
Тут яны былі гаманлівыя, як гракі, так што і пачуць, мабыць, нічога было нельга, ды гэта, між іншым, і не цікавіла Біма. Ён садзіўся збоч і глядзеў, чакаў.
— Гэй,
Другія моўчкі працягвалі яму руку, віталіся і спяшалі сабе. Ніхто тут ні разу не пакрыўдзіў Біма.
Цяпер Бім сяк-так навучыўся пазнаваць людзей. Вось, напрыклад, часта сустракаецца ў яго на дарозе мажная жанчына, ногі — як бутэлькі, заўсёды такая задаволеная, бадзёрая, твар свеціцца ад шчасця; але сустракаючыся з Бімам, яна фыркала, быццам кошка, плявалася, падымала сумку з прадуктамі да раскошных грудзей і кожны раз спавядала адно і тое ж самае:
— Вуй, якая гадасць! Няўжо нельга падушыць усіх сабак, каб нервы не трапалі? Вось вам, калі ласка: «Мая міліцыя мяне сцеражэ». Як жа! Усцеражэ… А тут кожны сабака можа сярод бела дня спусціць з цябе спадніцу. А што міліцыі! Міліцыі мы — як сабаку пятая нага.
З-за таго, што яна часта паўтарала адно і тое ж, Бім, па сабачай сваёй бясхітраснасці, палічыў, што жанчыну так і завуць — Пятая нага. Але адно ён добра ведаў: да гэтае нельга падыходзіць. Дарма што ён не разумеў яе слоў, акрамя яе мянушкі, але ж ён чуў і бачыў, а таму ўзяў за правіла: да такіх — ні кроку, не звязвайся лепш. Потым ён пачаў неяк (нюхам, ці што?) вызначаць — каго трэба абысці, стараніцца. Добрых было вялікае мноства, злосных — лічаныя, але ўсе добрыя баяліся злосных. Бім — не, не баяўся, але яму было не да іх. Веданне пра людзей шырылася і паглыблялася, а на сабачы погляд, ён не быў ужо нейкі там выкаханы дылетант і ідэаліст, які гатоў павіляць кожнаму прахожаму. Бім за кароткі час стаў худэрбіна-худэрбінаю, але ўсё роўна ён быў сур'ёзны сабака, і ў яго была мэта ў жыцці — шукаць і чакаць.
І вось аднойчы раненька, правяраючы пахі на адным з тратуараў, ён атарапеў ад радасці. Ён прыпыніўся, фыркнуў і пабег, як ашалелы сабака, нічога не разбіраючы і не бачачы наперадзе. Але гэта магло здацца толькі збоку, а сапраўды ён бег па свежым следзе: тут толькі што прайшла Даша! Яна толькі-толькі была тут.
След прывёў яго да вакзала. Увайсці ў памяшканне было неяк нельга: людзі, людзі і людзі бясконца; нават на вуліцы, ля нейкага акенца, яны ціснуліся, штурхаліся, крычалі і нават раўлі, быццам ганчакі, дагнаўшы зайца і рвучы яго на кавалкі, не слухаючыся ні арапніка, ні рога. У такой сітуацыі аказвалася немагчыма ўлавіць Дашын след — след прапаў. Тады Бім зрабіў круг вакол вакзала і выйшаў да перона. Тут людзі стаялі кучкамі каля дзвярэй доўгіх домікаў на колах, не крычалі, не папіхаліся, а, наадварот, абнімаліся, цалаваліся і нават танцавалі ля дзвярэй аднаго доміка. Нікому не было да Біма ніякага клопату, таму ён вольна снаваў чаўнаком пад нагамі і засяроджана ўчытваўся ў перон.
І раптам з адных дзвярэй дыхнула Дашаю. Бім павёў да парога, але жанчына з вялікім жэтонам на грудзях прагнала яго. Аднак Бім не скарыўся: ён пачаў прынюхвацца да акон і глядзець на іх. Потым заўважыў, што апошнія ўвайшлі ў вагон дзве жанчыны ў белых халатах. Ён кінуўся было да іх, але домікі паволі паехалі. Бім кінуўся да акон. У яго сабачым розуме склалася, здавалася, зусім правільнае заключэнне: Даша там, людзі ў белых халатах там, значыцца, Іван Іванавіч, магчыма, там. Магчыма! Ці не павезлі яго людзі ў белых халатах?