Белы Бім Чорнае вуха
Шрифт:
Але колькі ён ні прасіўся, колькі ні патрабаваў, Сцяпанаўна не выпускала яго (сядзі дома, ты хворы). Але нарэшце і яна здагадалася, што Бім істота жывая, што яму таксама ёсць патрэба выйсці. Яна, бясспрэчна, не ведала, што здараліся выпадкі, калі сабакі паміралі ад таго, што лопаліся кішкі ці задыхаліся ад запораў, калі тых сабак не выпускалі больш чым тры дні. А такія выпадкі былі не адзін раз.
Вялікая чалавечая спагада і дабрата душы вялі Сцяпанаўну па жыцці. Толькі і ўсяго. Яна зачапіла павадок за ашыйнік і пайшла. А Бім закульгаў
У двары, у самым далёкім кутку, стаялі двое: старая сівая жанчына і кульгавы худы сабака — вось што выходзіла за карціна.
Дзеці выбягалі з пад'ездаў, спяшалі да школы, але многія з іх падбягалі і пыталіся:
— Бабулька, бабулька, чаму Бім на трох нагах?
Або так:
— Бімка, баліць табе?
Але ў школу бегчы трэба: гэта вялікая адказнасць — хадзіць да школы, самая першая адказнасць у жыцці — перад сям'ёю, перад настаўнікам, перад сябрамі. Таму яны і не затрымліваліся, беглі. Гэта здавалася вельмі важным і Сцяпанаўне і Біму, хоць яны нічога і не падазравалі, а проста пайшлі дадому, калі прыйшла пара.
Ля пад'езда іх спаткаў Палцітыч (Павел Цітыч Рыдаеў) і сказаў да Сцяпанаўны:
— Такое дзела, значыць. Псіна гэты — сабака варты, і яго трэба берагчы. Калі ўжо гаспадар даручыў табе, то вось табе парада: вазьмі на ланцуг. Абавязкова. Інакш уцячэ. Не ўпільнуеш. Выскачыць у дзверы — і каюк.
— Ды як жа можна такога разумнага сабаку — на прывязь? — няўпэўнена запярэчыла Сцяпанаўна.
— Што: і цябе вучыць трэба? Запомні: без гаспадара і без ланцуга сабака пачуе волю. І — каюк.
— Ды ён жа спаганіцца, як на прывязі стане.
— Зразумей ты, цёмны ты чалавек! Паганы стане — затое жывы будзе. На прывязь, на прывязь — вось табе і ўся мая інструкцыя. Дабра хочучы, кажу: на прывязь!
Не паслухацца старшыні Сцяпанаўна не магла, таму яна купіла ланцужок за рубель дзесяць і на ім выводзіла Біма на двор. Але дома адчэплівала ад аброжка і кідала ў куток. Хітрая бабулька Сцяпанаўна — і ваўкі сыты, і авечкі цэлы. Між іншым, самой ёй давялося выходзіць з Бімам усяго толькі два-тры разы, а прычынай таму былі незвычайныя падзеі, якія пачаліся вакол Бімкавага імя.
Раздзел 9. Маленькі сябар, хлуслівыя чуткі, данос спадцішка на Біма і аўтарскае адступленне
У школе, хвалячыся навінамі, дзеці на першым жа перапынку пусцілі чутку: у іхнім двары ёсць сабака — хадзіў на трох нагах, а зараз на чатырох, і худэрбіна-худэрбіна, а быў не худэрбіна, быў сыты, а цяпер ускудлачаны, быў вясёлы, а цяпер сумны, і завуць яго Бім; гаспадара павезлі ў Маскву на аперацыю, а водзіць яго зараз бабулька Сцяпанаўна.
Чутка дайшла да аднаго настаўніка-метадыста, той на чарговай раённай нарадзе на наступны дзень у сваім цікавым выступленні расказаў недзе гэтак: расце маладое пакаленне, выдатнае, яно «далучаецца да ідэі дабраты, якая ўключае ў сябе спачуванне
Тры дні запар ва ўсіх школах гарадскога раёна настаўнікі расказвалі дзецям пра спачуванне і спагаду да жывёлін, расказвалі, як добра і прыязна аднесліся ў адной школе да адзінокага сабакі. Але найбольш асцярожныя папярэдзілі, што сабака ў такім выпадку не павінен быць шалёны, гэтага трэба сцерагчыся. У школе, дзе вучыўся Толік, настаўніца расказвала пра гэта ж самае, толькі проста і з душою.
— Ну, падумайце, дзеці, вы толькі падумайце! — гаварыла яна. — Нейкі жорсткі чалавек адарваў сабаку нагу. (Крыху так перамянілася чутка сярод настаўнікаў: чутка і ёсць — чутка!) Гэта не варта савецкага чалавека. А няшчасны сабака з чорным вухам навек калека. — Яна адгарнула сшытак на патрэбную староначку і працягвала: — Цяпер, дзеці, напішам сачыненне, маленькае і цёплае, на вольную тэму «Я люблю жывёлін». Каб лягчэй пісалася, каб нічога не наблыталі, вось вам план-пытанні.
І яна напісала мелам на дошцы, гледзячы ў сшытак:
1. Як завуць вашага сабаку?
2. Белы ён, чорны ці які?
3. Вострыя ў яго вушы ці абвіслыя?
4. З хвастом ён ці з кароценькай куксаю?
5. Якое ён пароды, калі гэта вядома дома?
6. Ласкавы ён ці злосны?
7. Ці гуляеш ты з ім, а калі гуляеш, то як?
8. Кусаецца ён ці не? Калі кусае, то каго?
9. Ці любяць яго тата і мама?
10. За што ты любіш сабаку?
11. Якія ў цябе адносіны да іншае жыўнасці (куры, гусі, авечкі, алені, мышы і астатнія)?
12. Ці бачыў ты калі-небудзь лася?
13. Чаму кароў дояць, а лася не дояць (свойская жывёла і дзікая)?
14. Ці трэба любіць жывёлін?
Толік сядзеў быццам на іголках, ён не мог нічога пісаць. У агульнай цішыні ён запытаўся, не вытрываў:
— Анпална, а як завуць сабаку з чорным вухам?
Настаўніца паглядзела ў блакнот і сказала:
— Бем.
— Бім! — крыкнуў Толік, узбунтаваўшы крыкам увесь клас.
— Адпусціце мяне, Анпална. Калі ласка! Я пайду шукаць Біма, я яго ведаю — ён вельмі добры. Калі ласка! — прасіў ён жаласна, гатовы ад удзячнасці цалаваць рукі Анпалне.
— Толя! — строга сказала да яго Анна Паўлаўна. — Ты перашкаджаеш працаваць іншым. Думай і пішы сачыненне.
Толік сеў. Ён глядзеў на чыстую староначку сшытка, а бачыў Біма. Здавалася, ён засяродзіўся на вольнай тэме гэтак, як і астатнія, але ён напісаў толькі загаловак: «Я люблю жывёлін». Толькі незадоўга перад званком ён пачаў скоранька-скоранька прыдумляць адказы. Нават і пасля званка ён крыху затрымаўся, а Анна Паўлаўна, як і звычайна ў такіх выпадках, сядзела за сталом і цярпліва чакала. Нарэшце Толік, насуплены, невядома чым незадаволены, паклаў перад Аннай Паўлаўнай сваё сачыненне. І пайшоў.