Белы Бім Чорнае вуха
Шрифт:
Сцяпанаўна раней была абыякавая да сабак (сабака і сабака, што тут!), а Бім яе прымусіў любіць, прымусіў сваёю дабратою, даверлівасцю і адданасцю свайму сябру-чалавеку.
Добрыя і мілыя чатыры гэтыя істоты ў чужой кватэры — тры чалавекі і адзін сабака.
У Сцяпанаўны на душы было таксама цёпла і спакойна. Што яшчэ трэба пад старасць!
Потым, пасля, праз многа год, Толік будзе ўспамінаць гэты надвячоркавы час са светла-бэзавым акном. Будзе. Вядома, будзе, калі яго сэрца застанецца шчырым да людзей і калі п'яўка недаверу не прыссецца да ягонага сэрца… Але таго разу
— Да дзевяці мне трэба дадому. У дзевяць — спаць. Заўтра я табе, Люся, прынясу альбом для малявання і чэшскія каляровыя алоўкі — ні ў адным магазіне такіх не купіш, не бывае нават. Замежныя!
— Праўда? — узрадавалася Люся.
— А ты тату хоць сказаў, куды ходзіш? — запытала Сцяпанаўна.
— Не-е. А што?
— Трэба сказаць. А як жа, Толік? Абавязкова.
— Ён жа не пытаецца і мама не пытаецца. У дзевяць гадзін каб дома…
Калі Толік адыходзіў, Бім вельмі, вельмі прасіўся, каб выпусціў, але марная была яго просьба. Яго бераглі і шкадавалі, не зважаючы на тое, што ён мучыўся і сумаваў па сябры, хаця і любіў іх.
На наступны дзень Толік не прыйшоў. А Люся так чакала яго з альбомам і алоўкамі, такімі, якіх не бывае ў магазінах і якія нельга купіць і за грошы. Так чакала! Яна і Біму паўтарала некалькі разоў:
— А Толіка няма. Не ідзе Толік.
Бім, вядома ж, зразумеў яе неспакой, ды і час, калі павінен быў прыйсці Толік, мінуў, таму ён разам з Люсяй пазіраў праз акно на вуліцу і нецярпліва чакаў яго. Але Толік не прыйшоў.
«Сказаў бацьку», — падумала Сцяпанаўна, а ўслых сказала:
— Вось табе і сабака… Дрэнна будзе нам без Толіка. Хто ж будзе вадзіць Біма?
У Люсі сцялася сэрца ад прадчування чагосьці нядобрага.
— Дрэнна, — сказала яна дрыготкім голасам.
Бім падышоў да яе, глядзеў на далоні, якія закрылі тварык, і чуць заскуголіў (не трэба, маўляў, Люся, не трэба). Ён памятаў, як некалі Іван Іванавіч, седзячы за сталом і абапёршыся локцямі, гэтаксама часам закрываў твар далонямі. Гэта было дрэнна — Бім ведаў. Бім заўсёды ў такім выпадку падыходзіў да гаспадара, а гаспадар гладзіў яго па галаве і гаварыў: «Дзякуй, Бім, дзякуй». Вось і Люся таксама, адняла далонь ад твару і пагладзіла Біма па галаве.
— Ну, вось і ўсё, Люська, вось і ўсё. Нашто плакаць? Прыйдзе Толік. Прыйдзе-е, не турбуйся, дзіцятка. Толік прыйдзе, — суцяшала бабулька.
Бім пакульгаў да дзвярэй, быццам хацеў сказаць: «Толік прыйдзе. Пайшлі пашукаем яго».
— Просіцціа, — сказала Сцяпанаўна. — Мне ўжо надакучыла яго слухаць. І не выводзіць нельга — жывое…
Люся чуць падняла галаву і неяк незнаёма цвёрда сказала:
— Я павяду сама.
Сцяпанаўна раптам заўважыла: сталее дзяўчынка не па днях, а па гадзінах. І ёй таксама стала горка ад таго, што не прыйшоў Толік.
…Дзяўчынка з сабакам ішлі па вуліцы. Насустрач — тры хлопчыкі.
— Дзяўчынка, дзяўчынка, — застракатаў адзін з іх, рыжы і ў рабацінні, — твой сабачка мужычок ці бабка?
— Дурань! — коратка адказала Люся.
Усе ўтрох акружылі Люсю з Бімам, а яна была гатова заплакаць ад першага ў жыцці хамства. Але, убачыўшы, што шэрсць у Біма на загрыўку ўздыбілася
— Пайшлі вон!
Бім так гаўкнуў, так ірвануўся, што ўсе ўтрох пасыпаліся ў розныя бакі. А Рабенькі, адбегшыся і пакрыўдзіўшыся за свой спалох, закрычаў, як кнігаўка:
— Э! Э! Дзяўчынка з сабакам! Э! Бясстыжая! Э!
Люся пабегла як магла дадому, Бім, вядома, пабег следам. Упершыню ў жыцці ён сустрэў дрэннага маленькага чалавека — Рабенькага.
Пасля такога выпадку зноў пачалі выпускаць Біма аднаго, як і раней. Спачатку Люся выходзіла ўслед і стаяла за вуглом, пасвіствала, як хлопчык, каб не адыходзіў далёка. Потым Сцяпанаўна выпусціла досвіткам яго аднаго. Ад гэтага разу ён і заўсёды гуляў адзін, а вечарам вяртаўся і з ахвотаю еў.
І трэба ж такому здарыцца! Неяк на перакрыжаванні, на пераходзе цераз трамвайныя пуці, яго паклікалі:
— Бім!
Ён азірнуўся. З дзвярэй вагона паказалася знаёмая вагонаважатая.
— Добры дзень, Бім!
Бім падбег і падаў лапу. Гэта ж тая самая добрая жанчына, што вазіла Біма з гаспадаром на паляванне да аўтобуснага прыпынку. Яна!
— Нешта даўно не відаць гаспадара? Ці захварэў Іван Іванавіч?
Бім здрыгануўся: яна ведае, яна, магчыма, едзе да яго!
Калі ж вагон рушыў, ён ускочыў у яго цераз прыступкі. Жанчына-пасажырка дзіка крыкнула, мужчына закрычаў («Пайшо-оў!»), некаторыя смяяліся, спачуваючы Біму. Вагонаважатая спыніла трамвай, выйшла з кабіны, супакоіла пасажыраў (Бім дакладна гэта заўважыў) і сказала Біму:
— Ідзі, Бім, ідзі. Нельга. — Лёгенька падштурхнула яго і дадала: — Без гаспадара нельга. Без Івана Іванавіча нельга.
Што ж зробіш, калі нельга то нельга. Бім сеў, пасядзеў і затрухаўся туды, куды паехаў трамвай. Тут яны ездзілі з гаспадаром, тут — гэта дакладна: вось паварот ля вежы, вось паставы міліцыянер, — тут!
Бім бег па трамвайных пуцях, не перасякаючы іх нават на паваротах. Міліцыянер свіснуў. Бім на хаду азірнуўся і пабег сваёй дарогаю. Ён паважаў міліцыянераў: гэтыя людзі ні разу яго не крыўдзілі, ніколі; ён памятаў свой першы прывод у міліцыю, усё памятаў, разумны сабака, адтуль яны пайшлі з Дашаю дадому, і ўсё было добра. Больш таго, ён не раз бачыў міліцыянера з сабакам — чорны такі, вельмі сур'ёзны, на першы погляд; з ім ён нават пазнаёміўся на тратуары: Іван Іванавіч і міліцыянер падпусцілі іх адзін да аднаго і далі магчымасць нагаварыцца ўволю.
«Ад яго пахне лесам», — сказаў чорны сабака, гледзячы на міліцыянера.
— Былі ўчора на паляванні, — пацвердзіў Іван Іванавіч.
«Які ты чысцюля», — сказаў Бім чорнаму, канчаючы законны абрад абнюхвання.
«А як жа інакш! Работа такая», — віляў кароткім хвастом чорны.
У знак сяброўства, якое намячалася, яны нават распісаліся на адным і тым жа дрэве, знізу.
Не, міліцыянер чалавек добры, ён сабак любіць, тут Біма не абхітрыш і не абманеш.
І ён сабе бег і бег ціхенька ўздоўж трамвайнага пуці, але збоку, бо памятаў, што наступаць на жалезныя палосы нельга — прышчэмяць нагу.