Белы Бім Чорнае вуха
Шрифт:
Першы дзень Біму паслалі сена ў кутку ў сенцах. Чалавек прывязаў яго за вяроўку, добра накарміў і некуды пайшоў, апрануўшы плашч. Астатак дня Бім правёў адзінока, у цішыні і маўклівасці. Адвячоркам ён пачуў, як зашорхалі капытцамі авечкі, як яны зайшлі на двор, як прамыкала карова ў хляве (нечага прасіла). А скора прыйшоў і той чалавек, але з хлопчыкам у плашчы, у ботах, на галаве шапка, а ў руках доўгая палка. Твар у яго быў гэтакі ж карычневы, як у добрага чалавека, а пах хлопчык авечкамі.
— Ну, Алёшка, глядзі новага сябра, — сказаў дарослы хлопчыку.
Яны падышлі да самага Біма.
— Тата, а не ўкусіць?
— Не,
Бім ляжаў і насцярожана глядзеў на хлопчыка. Той таксама пагладзіў:
— Чарнавух… Чарнаву-ух… — І сказаў да дарослага: — Тата, а калі адвяжам — не ўцячэ?
— Трохі пачакаем. — Ён пайшоў у дом.
Бім устаў, прысеў, падаў хлопчыку лапу, гэта значыць сказаў: «Добры дзень. Ты харошы».
— Тата! — крыкнуў хлопчык. — Тата, хадзі!
Той вярнуўся.
— Добры дзень, Чарнавух! — падаў хлопчык руку.
Бім яшчэ раз павітаўся. Абодва чалавекі відавочна ўпадобалі ягоную ветлівасць. Гэтыя першыя хвіліны знаёмства былі вельмі важныя Біму: ён даведаўся, што таго, хто прывёў яго сюды, завуць Тата, а хлопчыка Алёша. Нават звычайныя, нічым не адметныя дварняжкі скора даведваюцца пра імёны людзей, а Бім… Ды што там казаць! Мы ўжо ведаем, які гэта сабака.
Потым, ужо прыцемкамі, прыйшла і жанчына. Апранута яна была дзіўна: галава закручана ў дзве хусткі, куфайка на ёй нацягнута, як барабан, штаны гэтакія ж самыя, як у тае добрае жанчыны, якая заганяла кастылі. Але гэтая пахла зямлёю і буракамі (салодкі такі корань, якога некалі Бім не мінаў). Яна зайшла ў хату, пра нешта гаварыла з мужчынамі, адразу ж патупала з сянец на двор з вядром у руках. Цяпер Бім вызначыў, не сыходзячы з месца, што адны дзверы з сянец — на вуліцу, другія — да жывёлін, а трэція — у хату. Але да іх не дастаць — не пускае вяроўка. Вось пакуль што і ўсё, пра што даведаўся Бім.
Ён зноў лёг.
Пахне авечкамі, моцна пахне з двара. Што такое авечкі, Бім ведаў даўно. Яны жывуць, думалася некалі, чарадою, ходзяць па полі і нічога не робяць, толькі ядуць і крычаць. А каля іх заўсёды чалавек у брызентавым плашчы і з доўгаю палкаю з кручком на канцы; адзін такі падыходзіў да Біма і Івана Іванавіча, калі яны адпачывалі пад стогам сена, ціснуў гаспадару руку; яшчэ з ім быў вялікі кудлаты сабака. З ім пазнаёміўся Бім незвычайна. Спачатку Кудлаты пёр на яго з налёту і жудасна брахаў, але Бім тады лёг на спіну, падняў угору лапы і сказаў: «Што такое? Хіба я з-за чаго вінаваты?»
Далікатнасць узяла верх над нахабствам, а Кудлаты сабака, абнюхаўшы Біма, палізаў жывот, крыху адышоў і распісаўся на камені. Бім зрабіў тое ж самае. А наогул, гэта абазначала: міру — мір. А пакуль гаспадар Біма гаварыў з гаспадаром Кудлатага, яны пагулялі ў даганялкі, і, аказалася, Бім і быстрэйшы і вёрткі, што нават заслужыў павагу новага знаёмага. Калі яны развітваліся (трэба ж ісці за гаспадарамі!), то панюхалі камень і пераглянуліся так: «Ты прыходзь калі-небудзь сюды», — сказаў Бім і паскакаў далей.
«Эх, работа…» — сказаў Кудлаты і паплёўся да чарады, угнуўшы галаву.
Так было. Вось і цяпер пахне авечкамі. Бім не мог не ўспомніць пра Івана Іванавіча ад гэтага паху, які трывожыў памяць: у чужых сенцах, у чужым доме, у сутонні вечара, без людзей яму стала сумна-сумна.
Потым ён чуў, як па жалезе роўна гудзелі нейкія струменьчыкі: жжых-жжых! жжых-жжых! Бім не ведаў,
За доўгія чатыры гады свайго жыцця ён, на жаль, так ні разу і не бачыў, як дояць кароў. А малако пахне ўсё-такі кароваю. Нейкая няяснасць так і засталася ў Біма: ён сяго-таго не ведаў. Паміж іншым, ці мала чаго не ведае кожны сабака? У гэтым нічога брыдкага няма. А калі які-небудзь сабака і скажа, дапусцім, што ён усё ведае і ўпэўнены ў тым, што можа вучыць, што і як рабіць і куды бегчы, то нават і курыца яму не паверыць; мала што ён здароўшы за курыцу — не паверыць. А такія сабакі бываюць, мушу сказаць вам. Напрыклад, скоч-тэр'ер, возьмем яго: ён прытвараецца, што яго галава-цагліна напхана рознымі ідэямі (барада, доўгія вусы і бровы — філосаф!), а сапраўды бяспутны, камандуе, лаецца на гаспадара штодня, як нервовы, круціцца бесперастанна. А толку? Ніякага! Адзін выгляд. А ўсярэдзіне пух або зусім пуста.
Бім — іншая справа: ён шчыры і прамадушны. Калі чаго не ведае, то так і з выгляду: што не ведаю, тое не ведаю. Калі не любіць каго, то так і скажа: «Нядобры ты чалавек. Ідзі адсюль! Гаў!» І забрэша часам так, што дай бог!
Жанчыну, якая дастае недзе такое цудоўнае малако, ён не мог не паважаць. Таму ён усё глядзеў і глядзеў на тыя дзверы, куды яна пайшла з вядром.
Але нехта падышоў з вуліцы і рашуча расчыніў дзверы.
«Хто? — адным словам запытаўся Бім. — Гаў!»
Чалавек шарахнуўся назад. З дому выбег Тата, уключыў у сенцах святло і запытаўся:
— Хто тут?
— Я, брыгадзір, — адказаў незнаёмы.
Потым ён зайшоў у сенцы, яны паціснулі адзін аднаму рукі (значыцца, сябры — брахаць нельга) і падышлі да Біма. Тата прысеў на кукішкі, гладзіў Біма і гаварыў:
— А ты маладзец, Чарнавух. Маладзец — службу ведаеш. Харошы сабака. — Адвязаў яго і ўпусціў у пакой.
Саміае галоўнае — у хаце была і кульгавая курыца. Бім прыцэліўся на яе, зрабіў стойку, прыпадняўшы пярэднюю лапу, але неяк няўпэўнена, а гэта азначала, што ён гаварыў прысутным: «Што гэта за птушка? Нешта не даводзілася…»
— Глядзі, брыгадзір! — крыкнуў Тата. — Гэта ж залаты сабака, Чарнавух, — на ўсе рукі!
Але паколькі курыца не звярнула на Біма ўвагі, то ён сеў, усё ж скоса пазіраючы на яе, што па-сабачы абазначала: «От мне… Знайшлася!.. Яшчэ і ты!» І зірнуў на прысутных.
— І курэй не зачэпіць! — захапляўся Алёшка.
Бім уважліва глядзеў на яго.
— А вочы! Мама, а вочы! Як у чалавека, — радаваўся Алёшка. — Чарнавух, ідзі да мяне… да мяне!
Хіба Бім маўчаў у адказ на шчырую радасць? Ён падышоў да Алёшы і сеў побач.