Белы Бім Чорнае вуха
Шрифт:
Выходзіць, польскі пан абдурыў імператара? Магчыма. Магчыма гэта і на сабачым фронце. От жа мне гэты чорны імператарскі сабака! Між іншым, тут побач ідзе кроў жоўтае сучкі Берса, якая мела «чуццё незвычайнае і цудоўную кемлівасць». Значыць, калі нават нага твая, Бім, ад чорнага сабакі імператара, то ўвесь ты можаш быць далёкім сваяком сабакі найвялікшага пісьменніка… Але не, Бімка, дудкі! Пра імператарскага ні слова. Не было — і ўсё на гэтым. Яшчэ гэтага не хапала.
Што ж застаецца на выпадак магчымай спрэчкі ў абарону Біма?
Майсей адпадае зразумела чаму. Сухаў-Кабылін адпадае і з-за часу і па акрасу. Застаецца Леў Мікалаевіч Талстой:
З якога боку ні зірні, пра пошукі пародзістасці Біма даводзіцца маўчаць. Адпаведна, кінолагі будуць вызначаць толькі па радаслоўнай бацькі і маці Біма, як у іх заведзена: няма белага ў радаслоўнай — і амін. А Талстой тут ні пры чым. І яны правы. Ды і сапраўды, так кожны можа паходжанне свайго сабакі давесці да сабакі пісьменніка, а потым і самому не далёка да Л.М.Талстога! І праўда: колькі іх у нас, Талстых? Жах, так многа аб'явілася, аж галава кругам ідзе.
Як бы ні было крыўдна, але розум мой гатовы ўжо змірыцца з тым, што Біму быць чужаком сярод пародзістых сабак. Дрэнна. Застаецца толькі адно: Бім — сабака інтэлігентнай пароды. Але і гэта — не доказ (на тое і стандарты).
— Дрэнна, Бім, дрэнна, — уздыхнуў гаспадар, адклаў асадку і ўсунуў у шуфляду агульны сшытак.
Бім, пачуўшы сваю клічку, устаў з лежака, сеў, нахіліў галаву ў бок чорнага вуха, быццам чуў толькі жоўта-чырвоным.
І гэта было сімпатычна. Увесь яго выгляд гаварыў: «Ты добры, мой сябар. Я слухаю. Што ж ты хочаш?»
Гаспадар адразу стаў весялейшы ад такога Бімавага пытання, сказаў:
— Маладзец ты, Бім! Будзем жыць разам, хоць ты і без радаслоўнае. Ты харошы сабака. Харошых сабак усе любяць. — Ён узяў Біма на калені і пагладзіў па шэрсці, прыказваючы: — Добра. Усё роўна добра, хлопчык.
Біму было цёпла і ўтульна. І ён цяпер, тут, на ўсё жыццё зразумеў: «Добра» — гэта ласка, удзячнасць і сяброўства.
І Бім заснуў. Што яму было да таго, хто ён, яго гаспадар? Галоўнае, ён добры і блізкі.
— Ах ты, чорнае вуха, імператарская нага, — ціха сказаў той і перанёс Біма на ляжак.
Ён доўга стаяў перад акном, углядаўся ў цёмна-бэзавую ноч. Потым зірнуў на партрэт жанчыны і сказаў:
— Бачыш, мне стала крышку лягчэй. Я ўжо не адзін. — Ён не прыкмячаў, што ад адзіноты незаўважна прывык гаварыць услых да «яе» ці да самога сябе, а цяпер — да Біма. — Вось я і не адзін, — паўтарыў ён да партрэта.
А Бім спаў.
Так яны і жылі ўдвух у адным пакоі. Бім рос мацаком. Вельмі скора ён даведаўся, што гаспадара завуць Іван Іванавіч. Разумны шчанюк, хітры. Пакрысе ён зразумеў, што нічога нельга чапаць, можна толькі глядзець на рэчы і на людзей. І наогул, нічога нельга, пакуль не дазволіць ці не загадае гаспадар. Так слова «нельга» стала галоўным законам у Бімавым жыцці. А вочы Івана Іванавіча, інтанацыя, рухі, выразныя словы-загады і словы ласкі кіравалі яго сабачым жыццём. Больш таго, самастойныя рашэнні рабіць што-небудзь ніяк не павінны былі супярэчыць жаданням гаспадара. Затое Бім пакрысе пачаў здагадвацца пра некаторыя намеры сябра. Вось, напрыклад, стаіць ён ля акна і глядзіць, глядзіць удалячынь, думае. Тады Бім сам сядае побач і таксама думае. Чалавек не ведае, пра што думае сабака, а ўвесь сабачы выгляд гаворыць: «Зараз мой добры сябар сядзе да стала, абавязкова сядзе. Паходзіць крыху з кута ў кут і сядзе, і будзе вадзіць па белым аркушы палачкаю, а тая ледзь-ледзь шаптаць. Гэта будзе доўга, таму пасяджу я з ім побач». Потым утуліцца носам у вялікую і цёплую далоню.
— Ну што, Бімка, будзем рабіць? — І сапраўды сядае.
А Бім абараначкам скручваецца ля ног ці, калі будзе сказана «На месца», пойдзе на свой ляжак у куток і там будзе чакаць. Будзе чакаць позірку, руху, слова. Дарэчы, праз колькі часу можна і самому сысці з месца, узяцца за круглую костку, угрызці якую немагчыма, а зубы вастрыць — калі ласка, толькі не перашкаджай.
Але Іван Іванавіч закрые твар рукамі, абапрэцца на стол, тады Бім ідзе да яго і кладзе разнавухую пысачку на калені. І стаіць. Ведае, што пагладзіць. Ведае, што сябру цяжка. А Іван Іванавіч падзякуе:
— Дзякуй, мілы мой, дзякуй, Бімка. — І зноў будзе шаптаць палачкаю па белай паперы.
Так было дома.
Але не так на лузе, дзе абодва забывалі пра ўсё. Тут можна бегаць, весяліцца, ганяцца за матылькамі, качацца ў траве — усё дазвалялася. Аднак і тут пасля васьмі месяцаў жыцця Біма ўсё пайшло па камандзе гаспадара: «Пайшоў-пайшоў!» — можаш гуляць. «Назад!» — вельмі зразумела. «Ляжаць!» — таксама зразумела. «Ап!» — пераскаквай. «Шукай!» — найдзі кавалачак сыра. «Побач!» — ідзі побач, але толькі злева. «Да мяне!» — бягом да гаспадара — будзе кавалачак цукру. І многа іншых слоў уведаў Бім да года. Сябры ўсё болей і болей разумелі адзін аднаго, любілі і жылі, як роўныя, — чалавек і сабака.
Але здарылася аднойчы такое, ад чаго ў Біма перайначылася жыццё, і ён пасталеў за некалькі дзён. Здарылася гэта таму, што Бім раптоўна выявіў у гаспадара вялікі, здзіўляючы недахоп.
А было гэта так. Дбайна і старанна ішоў Бім па лузе чаўнаком, шукаў кінуты сыр, і раптоўна між пахаў травы, кветак, самое зямлі і рэчкі ўварваўся струмень паветра, незвычайны, хвалюючы, пахла нейкай птушкай, ніяк не падобнаю да тых, якіх ведаў Бім, — усякіх там вераб'ёў, вясёлых сініц, плісак і ўсякае драбязы, дагнаць якую нечага і брацца (спрабавалі). Пахла чымсьці невядомым, што хвалявала кроў. Бім прыпыніўся і паглядзеў на Івана Іванавіча. А той збочыў, нічога не заўважыў. Бім быў здзіўлены: сябар жа не чуе. Дык ён жа калека! І тады Бім вырашыў сам: паволі пераступаючы ў пацяжцы, пачаў падыходзіць да невядомага, ужо не гледзячы на Івана Іванавіча. Крокі запаволіліся, ён быццам выбіраў, куды паставіць кожную лапу, каб не зашамацець, не зачапіць за былінку.
Нарэшце пах стаў такі моцны, што ісці далей было немагчыма. І Бім так і не апусціў на зямлю правую пярэднюю лапу, прыкіпеў на месцы, нібыта ўкамянеў. Гэта была быццам скульптура сабакі, зробленая ўмелым скульптарам. Вось яна, першая стойка! Першае абуджэнне паляўнічага азарту, які забірае да самазабыцця.
Ды не, гаспадар ціха падыходзіць, ледзь-ледзь пагладжвае Біма, які лёгенька трымціць усім целам.
— Добра, добра, хлопчык. Добра, — і бярэцца за аброжак. — Пайшоў… Пайшоў…
А Бім не можа — нестае сілы.
— Пайшоў… Пайшоў… — цягне яго Іван Іванавіч.
І Бім пайшоў. Ціхенька-ціхенька. Застаецца адно крыху. Але тут рэзка загад:
— Наперад!!!
Бім скочыў. Шумна выпырхнула перапёлка. Бім кінуўся за ёю і-і-і… пагнаў, азартна, колькі ставала сілы.
— Наза-ад! — крыкнуў гаспадар.
Але Бім нічога не чуў, быццам не меў вушэй.
— Наза-ад! — І свісток. — Наза-ад! — І свісток.
Бім бег да таго часу, пакуль не згубіў з воч перапёлку, а потым, вясёлы і радасны, вярнуўся. Але што гэта такое? Гаспадар хмуры, глядзіць сурова, не лашчыць. Усё было зразумела: нічога не чуе яго сябар! Няшчасны сябар… Бім неяк асцярожненька лізнуў яго ў руку, душэўна спачуваючы і шкадуючы за гэту непапраўную спадчынную непаўнацэннасць самае блізкае істоты. Гаспадар сказаў: