Белы Бім Чорнае вуха
Шрифт:
— Што тут за вэрхал? — спытаў Хрысан Андрэевіч, выходзячы з сянец на двор. І на курэй: — Кыш, вы! Сабакі напужаліся, дурныя. — Узяў Біма за аброжак і падвёў да курэй, пастаяў так з ім і адпусціў.
Бім адышоў і адвярнуўся: ну іх! З тае пары певень і куры не падыходзілі да сабакі, але не надта і баяліся, а так — пасакоча каторая — і з дарогі. А яму што? Ходзяць куры— не лятаюць, не плаваюць; зноў жа, ніхто ў іх не страляе — значыцца, не птушка, а так сабе — самаходная істота. Певень, гэты, вядома, не тое: і на страху ўзляціць, і папярэдзіць пра чужога не пазней, чым Бім, ды і кіруе салідна — сам чарвяка не есць, а падначаленых кліча і, здараецца нават падзеліць. Так што певень
З-за таго, што Біма пакуль што не выпускалі з двара на вуліцу яшчэ з тыдзень, ён неяк сам па сабе стаў тут галоўны: ляжаў пасярод двара і сачыў. Курэй ён ужо на чацвёрты дзень ведаў усіх у твар, а калі залятала цераз тын чужая, то ён яе так наганяў, так наганяў, што яна яшчэ доўга тараторыла, то некуды ўцякаючы, то вяртаючыся назад і топчучыся на адным месцы. Смех, дый годзе!
Парася, тое, напрыклад, само прапанавала пазнаёміцца бліжэй: падышло да Біма, хрукнула, чуць-чуць штурханула яго вільготным пятачком у шыю і глядзела дурненькімі бялявымі вачанятамі. Бім лізнуў яго ў пятак. Таму бог як спадабалася: яно аж падскочыла ад задавальнення — і пачало рыцца каля Біма. Бім паблажліва перайшоў на другое месца, а парася зноў да яго: пабурчала нешта на сваёй незразумелай мове (свінні і сабакі не разумеюць адзін аднаго гэтаксама, як і людзі з розных краін) ды і ўклалася побач з Бімам, прытуліўшыся да цёплае Бімавай спіны. Таму калі аднаго халоднага асенняга дня Біму зрабілася не па сабе (дзверы ў сенцы зачынены на ўвесь дзень), то ніхто на двары не дзівіўся з таго, што Бім спаў на мяккай падсцілцы, сагрэты парасятамі з двух бакоў. Супроць гэтага сяброўства і парасяткава маці нічога не мела супраць, нават наадварот, кожны раз, як Бім заходзіў да іх у жыллё, яна энергічна стагнала ад наплыву прыязнасці, а зусім не ад болю. Між іншым, гэту адметнасць свіное гаворкі Бім заўважыў адразу, хоць болей у гэтым мовазнаўстве нічога не зразумеў. Мабыць, гэта не так і важна — ведаць мову. Сабака і свіння — розныя ва ўсім, але гэта не перашкаджае ім жыць мірна і згодна.
Кармілі Біма вельмі добра, а акрамя таго, і парасяты — ужо рослыя, Біму напаўросту — не пярэчылі, калі ён здымаў пробу ў іхнім карыце. Кожнай раніцай ён меў амаль літр малака, якое тут не лічылі дарагім. Здавалася, што б яшчэ трэба сабаку? Але двор гэта двор — клетка, лагер, адгароджаны тынам і заўсёды зачыненымі варотамі і веснічкамі. Не паляўнічага гэта сабакі занятак — ляжаць, пільнаваць курэй, гадаваць парасят, — не і не, ды яшчэ з такім выдатным нюхам, які — мы ўжо ведаем — меў наш Бім.
Ён ужо прывык да свайго двара, да яго жыхароў, не дзівіўся сытаму жыццю. Але калі з лугу цягнула вецярком, Бім неспакойна хадзіў ад плота да плота ці станавіўся на заднія лапы перад тынам, быццам хацеў хоць крышку бліжэй быць да вышыні, і глядзеў угару, у неба, дзе ляталі галубы — лёгкія, вольныя. Нешта смактала ўсярэдзіне, і ён невыразна адчуваў, што і пры такім сытым жыцці і добрым доглядзе не хапае нечага самага галоўнага.
…Ах, галубы вы, галубы, нічога вы не ведаеце пра сытага сабаку ў няволі!
Бім адчуў яшчэ і тое, што не цалкам яму давяраюць, калі не выпускаюць. Кожнай раніцай Хрысан Андрэевіч і Алёшка выганялі сваіх авечак з двара і ішлі за імі на ўвесь дзень, у плашчах, з палкамі. А Біма, як ён ні прасіўся, пакідалі на двары.
І вось аднойчы Бім ляжаў, уткнуўшыся носам у тын, а вецер прыносіў весткі: луг ёсць, дзесьці непадалёку ёсць лес. Воля побач! Убачыў у шчыліну — прабег сабака. Тады яму і стала неўмагату. Ён грабянуў лапаю зямлю пад тынам раз, другі, грабянуў яшчэ раз і давай працаваць на ўсю сілу: пярэднімі гроб зямлю пад сябе, а заднімі адпіхаў далей; нават і разлапістаю можна працаваць, хоць і не
Невядома, што было б пасля таго, але калі Бім ужо канчаў падкоп, увайшлі на двор авечкі. Яны ўбачылі, як ляціць зямля з-пад тыну, і шарахнуліся назад у веснічкі, дзе стаяў Алёшка. Авечкі павалілі Алёшу і шуганулі па вуліцы, як дурныя. Алёша пабег за імі, а Бім не звяртаў увагі ні на каго: гроб і гроб!
Але падышоў Хрысан Андрэевіч, узяў яго за хвост. Бім затаіўся ў сваёй нары, быццам нежывы.
— Занудзіўся, Чарнавух? — спытаў Хрысан Андрэевіч, чуць пашморгваючы за хвост, запрашаючы Біма назад.
Бім вылез. Што зробіш, калі цябе цягнуць за хвост!
— Што з табою, Чарнавух?! — здзівіўся Хрысан Андрэевіч і адступіўся, утрапёны: — Ты хоць не ўскруціўся?
Вочы ў Біма набеглі крывёю, ён нервова перасмыкаўся, вадзіў носам у бакі, часта-часта дыхаў, быццам толькі што кончыў цяжкае паляванне. Ён неспакойна забегаў па двары і нарэшце пачаў драпаць за варотцы, азіраючыся на Хрысана Андрэевіча.
Той стаяў пасярод двара і моцна задумаўся. Бім падышоў да яго, сеў і гаварыў позіркам зусім зразумела: «Мне трэба туды, на прыволле. Пусці мяне, пусці!» Ён, просячы, выпрастаўся на жываце і заскуголіў так ціха і жаласна, што Хрысан Андрэевіч нагнуўся і пачаў яго лашчыць.
— Эх, Чарнавух, Чарнавух… І сабаку хочацца волі. Ку-ды-ы там! — Затым паклікаў Біма ў сенцы, паклаў на сена, прывязаў за вяроўку і прынёс міску з мясам.
Вось і ўсё. Сумна. Сытае жыццё без волі апрацівела Біму.
Мяса ён не зачапіў.
Раздзел 12. На палявым прыволлі. Незвычайнае паляванне. Уцёкі
Раніцою, як і кожнага дня, у доме Хрысана Андрэевіча ўсё паўтаралася па заведзенаму парадку: спружына працоўнага дня пачала раскручвацца пасля апошніх, трэціх пеўняў, потым абазвалася карова, Пятроўна падаіла яе і запаліла ў печы; Алёша выйшаў палашчыць свайго, цяпер ужо любімага, Чарнавуха, Тата пакарміў карову і свіней, пасыпаў курам, потым усе селі да стала снедаць. Бім тае раніцы не ўзяў нават пахучага малака, хоць Алёша прасіў і ўгаворваў. Потым, пакуль бацькі ўходжваліся на двары, Алёша схадзіў па ваду, і вычысціў каровін катух, і яшчэ раз прасіў Біма, каб пад'еў, соваў нос у міску, але, маеш, Чарнавух нечакана амаль счужэў. Пад канец збораў на работу Хрысан Андрэевіч натачыў вялікі нож і запхнуў яго ў шчыліну над дзвярыма.
Зацемна Пятроўна ўшушкалася ў сваё тоўстае адзенне і хусткі, узяла сумку і той вялікі нож, што тачыў Тата, і пайшла. Следам, апрануўшы плашчы, выйшлі на двор Алёша з бацькам і, чуваць, выпусцілі авечак на вуліцу.
Няўжо пакінулі Біма аднаго, ды яшчэ на прывязі ў цёмных сенцах? Бім не вытрымаў — завыў горка і безнадзейна.
І тут адчыніліся дзверы, увайшоў Хрысан Андрэевіч, адвязаў Біма і вывеў на ганак, потым замкнуў дзверы, пакіраваў да чародкі авечак, ля якіх стаяў Алёша, перадаў яму з рук у рукі Біма на вяроўцы, а сам зайшоў спераду авечкам і крыкнуў:
— Пайшлі, пайшлі-і!
Авечкі рушылі за ім па вуліцы. З кожнага двара да іх далучалася то пяць, то дзесяць, так што ў канец вёскі сабралася добрая чарада. Папераду ўсё гэтак жа ішоў Хрысан Андрэевіч, ззаду Алёша з сабакам.
Дзень выпаў марозны, сухі, зямля пад нагамі цвёрдая, амаль гэтакая ж, як асфальт у горадзе, толькі не такая роўная; нават заляталі густа сняжынкі, закрыўшы на некаторы час і без таго халоднае сонца, але зараз жа і скончыліся. Гэта была ўжо не восень, але яшчэ і не зіма, а проста-напраста пазначассе, ні то ні сё, калі вось-вось акажацца зіма, жаданая, але заўсёды нечаканая.