Белы Бім Чорнае вуха
Шрифт:
Авечкі бадзёра пастуквалі капыцікамі і бляялі, перагаворваліся на сваёй напеўнай авечай мове, зразумець якую няма ніякага розуму. Прыгледзеўшыся, Бім заўважаў, што паперадзе чарады, нага ў нагу з Хрысанам Андрэевічам, ішоў баран з закручанымі рагамі, а ззаду за ўсімі, проста перад Алёшам, кульгавенькая авечка. Алёша зрэдку памаленьку падпіхаў яе кручком палкі, каб не адставала, і тады крычаў:
— Тата, цішэй крыху! Кульгавенькая не можа!
Той ішоў цішэй, не аглядваўся, а разам з ім цішэй ішла і ўся чарада.
Бім ішоў на вяроўцы. Ён бачыў, як спаважна тупаў Тата перад авечкамі, як яны падпарадкаваліся кожнаму яго руху, як
— Куды пайшла-а?! — і кінуў паперад яе сваю палку.
Авечка вярнулася. Злева адразу тры захацелі адасобіцца і пасунуліся сабе да зеленаватае плямы, але Алёша зноў пабег і гэтаксама паказаў ім сваё месца. Бім скора скеміў, што ні адна авечка не мае права адбівацца ад чарады, а калі зноў пабег разам з Алёшам, гаўкнуў на тую авечку, якая парушыла парадак і дысцыпліну: «Гаў-гаў-гаў!» — гэтак жа нязлосна, як і Алёша, папярэдзіў ён самавольніцу: — «Куды пайшла-а?!»
— Тата! Чуеш? — крыкнуў Алёша.
Хрысан Андрэевіч аглянуўся і крыкнуў з адабрэннем:
— Маладзец, Чарнавух!
На схіле яра ён падняў над галавою палку і яшчэ закрычаў гэтак жа моцна:
— Распуска-ай! — А сам запаволіў крок, ішоў поперак ходу чарады.
Алёша пачаў рабіць тое ж самае, але тут, ззаду, ён крочыў хутка, нават падбягаў, наганяў авечак на Хрысана Андрэевіча. І тады чарада пакрысе разыходзілася ўсё шырэй і шырэй, і нарэшце, не перастаючы шчыпаць траву, выстраілася ў шнурок, па тры-чатыры авечкі. Цяпер Хрысан Андрэевіч спыніўся, акінуў позіркам строй, а побач з ім спыніўся і баран-важак. Пастух дастаў з сумкі буханку хлеба, адрэзаў акрайчык — чамусьці аддаў яго барану. Бім не мог ведаць, што баран-важак абавязкова павінен не толькі не баяцца пастуха, а нават любіць яго, а таму, ад свайго няведання, ён бачыў проста пацвярджэнне таго, што Тата — добры чалавек, — і толькі. А Тата, калі начыстату, быў яшчэ чалавек і хітры — баран хадзіў за ім, як сабака, і заўсёды адзываўся на кліч. Не, Біму, вядома, нельга было спасцігнуць усю пастухову мудрасць. А Хрысан Андрэевіч ведаў, што дурны баран, які адбіўся ад чарады, ды яшчэ калі няма сабакі, завядзе чараду чортведама куды — толькі прамаргай, засні ад стомы і разморанасці на сонечным прыгрэве. Не, тут баран-важак быў незвычайны, вучаны баран, таму і Біма ён прыняў з адкрытаю душою.
Хрысан Андрэевіч закурыў люльку і сказаў Алёшу:
— Ты не табунуй, не табунуй — тут ёсць чым пажывіцца.
А што ты думаеш, дарагі мой чытач? Накарміць авечку позняй восенню — работа не такая і простая: калі не ўмееш, то праз тыдзень палавіна чарады здохне, і там, дзе добрая кармёжка, стопчуць яе, і ўся тут марока, а калі разумна будзеш пасвіць, то і на беднаватай пашы авечка будзе і сытая, і накормленая. Ухітраецца Хрысан Андрэевіч накарміць чараду на пустках ды на ўскрайках, перад самымі трактарамі, калі яны аруць на восень, а для гэтага патрэбен талент, і прызванне, і любоў да жывёлы. Вялікая работа — пасвіць авечак, а наогул-то, і прыгожая, таму што чалавек-пастух, часам і не задумваючыся пра тое, адчувае сябе неадлучнаю частачкаю прыроды і яе гаспадаром і дабрадзеем. Вось у чым цымус. Чытач даруе, што я да часу забыўся пра нашага Біма і загаварыў пра чалавека на прыволлі позняй восені.
Такім чынам, авечкі з дружным патрэскваннем шчыпалі кароткую траву і хрумсталі так дружна, што ўсё гэта
Алёша запытаў:
— Тата, спусціць Чарнавуха?
— Давай паспрабуем. Не павінен ён уцячы зараз: ад волі на волю не ўцякаюць. Спушчай, але спачатку адстань з ім, пагуляй, не табунуй авечак.
Алёша пачакаў, пакуль чарада адышла далей, адвязаў вяроўку і весела крыкнуў:
— Чарнавух! Пабеглі! — Тут ён кінуўся бегчы з узгорка ў яр, топчучы ботамі траву і падскокваючы.
Бім узрадаваўся немаведама як. Ён таксама падскокваў, стараўся лізнуць Алёшу ў шчаку, адбягаўся ўбок і стралою імчаў назад у захапленні ад поўнае волі; потым схапіў нейкую палку і памчаў да Алёшы, сеў перад ім. Алёша ўзяў тую палку, кінуў і загадаў:
— Падай, Чарнавух!
Бім прынёс яе і аддаў. Алёша яшчэ раз кінуў, але цяпер не ўзяў з рота ў Біма, а пайшоў з яра да чарады і загадаў:
— Чарнавух, трымай! Нясі!
Бім пайшоў за ім з ношкаю. Калі ўзышлі, Алёша замест палкі даў яму сваю шапку. Бім з задавальненнем панёс яе. Алёша ж бег падскакваючы і паўтараў:
— Нясі, Чарнавух. Нясі, мой маладзец. Вось добра! Вось добра! — Але да чарады яны падыходзілі ціха («не ганяй авечак»). Алёша загадаў:
— Аддай Тату.
Хрысан Андрэевіч выставіў руку. Бім аддаў. Новая яго вартасць стала вядома пастухам нечакана. Усе ўтрох былі ў захапленні.
А не болей чым праз тыдзень Бім сваім розумам дайшоў, што ў яго ёсць абавязак: закіроўваць самавольных авечак да чарады, пільнаваць іх, калі яны распушчаны шнурком, але не пярэчыць, калі, зайшоўшы вечарам у вёску, яны разыходзяцца дадому.
Бім пазнаёміўся з двума сабакамі, якія пільнавалі калгасную чараду, дзе было трое пастухоў, усе дарослыя, і ўсе таксама ў плашчах. Хоць чароды калгасныя і калгаснікаў ніколі не падпускаліся блізка адна да аднае і не мяшаліся, але ў час кароткіх асенніх прыпынкаў на тырлішчах Алёша бегаў да калгасных пастухоў, а Бім разам з ім да калгасных сабак. Добрыя сабакі, паджарыя, шарсцістыя, вялікія, але спакойныя, паслухмяныя; яны нават гулялі з Бімам спакойна і паблажліва, а вакол чарады хадзілі паволі, пяшком, а не так, як Бім, падскокам альбо галопам: з адчуваннем сваёй вартасці сабакі. Падабаліся яны Біму. І авечкі таксама харошыя.
Пачалося вольнае працоўнае жыццё і ў Біма. Хаця яны ўсе ўтрох вярталіся стомленыя і таму прыціхлыя, але то была воля і давер адзін да аднаго. Ад такога жыцця сабака не ўцякае.
Але аднойчы, неяк нечакана, пасыпаўся снег, закруціўся вецер, захадзіў, замяцеліў. Хрысан Андрэевіч, Алёша і Бім збілі авечак у чараду, пастаялі крыху ды і павялі ў вёску. На авечках быў белы снег, на плячах у людзей снег, на зямлі таксама снег. Усюды белы снег, толькі снег у полі — больш нічога. Завітала зіма, упала з неба.
Ці то Хрысан Андрэевіч вырашыў, што такому сабаку, як Бім, нельга спаць з падсвінкамі або сядзець на прывязі, ці з-за чаго іншага, але Бім перайшоў цяпер начаваць у цёплую будку, збітую ў кутку ў тых самых сенцах і напханую мяккім сенам.
А вечарам ён хадзіў у хату як раўнапраўны сем'янін і быў там, пакуль не павячэраюць.
— Не можа таго быць, каб зіма. Рана, — сказаў неяк Хрысан Андрэевіч Пятроўне.
Слова «зіма» паўтаралі яны пры размове часта, пра нешта турбаваліся; паміж іншым, Бім ведаў: зіма — гэта белы халодны снег.