Белы Бім Чорнае вуха
Шрифт:
У той вечар Пятроўна прыйшла ўся запарушаная снегам, мокрая, з абветраным і падпухлым тварам. Бім бачыў, як яна, распрануўшыся, трэсла рукамі і стагнала. Рукі яе былі ў чырванаватых трэшчынах і зямлістых плямах, быццам бы з падушачкамі, такімі, як на падэшвах у Біма. Потым яна апускала рукі ў цёплую ваду, адмывала іх, доўга-доўга расцірала маззю і вохкала. А Хрысан Андрэевіч глядзеў на Пятроўну і быццам гараваў (гэтага Бім не мог не заўважыць па яго твары).
А наступным ранкам ён натачыў нажы і ўсе ўчатырох пайшлі з дому: Пятроўна, Хрысан Андрэевіч, Алёша і Бім. Спачатку ішлі па роўным белым полі, накрытым неглыбокім сняжком —
Усе ўчатырох падышлі да аднае такое кучкі, селі вакол яе, і Бім пачаў уважліва глядзець, што ж тут робіцца. Пятроўна ўзялася за націнне, выцягнула бурак з кучы, спрытна перакруціла яго коранем да сябе і — чык! — нажом: лісты адпалі. Яшчэ чык-чык — па галоўцы бураку: галоўка чыстая. І адкінула ўбок. Алёша — таксама, нават спрытней за Тату. І пайшло! Чык-чык! — і прэч націнне. Чык-чык! — чыстая галава. Трах! — бурак ляжыць збоку.
Непадалёку, ля такое ж самае кучкі сядзела жанчына, адна, і рабіла тое ж самае. Ля наступнае — таксама, але ўжо два-тры чалавекі разам. І так па ўсім полі: буракі, як шалашыкі, захутаныя жанчыны з патрэсканымі далонямі і прыпухлымі ад холаду тварамі. Усе працавалі або ў рукавіцах або голымі рукамі. Чык-чык! — няма націння. Чык-чык! — няма націння. Чык-чык! — чалавек кідае нож і хукае на рукі, трэ іх і зноў: чык-чык! — чыстая галоўка. Як часы!
І холадна. Сочачы за нажамі, Бім пачаў мерзнуць, а таму страсянуўся і стаў даследаваць мясцовасць паблізу, не адбіваючыся далёка.
Сагрэўся і вярнуўся назад да сваіх, хоць яго запрашалі і астатнія жанчыны (усе на вёсцы ўжо ведалі, што такое Чарнавух!)
Потым да іх падышла тая жанчына, што сядзела і працавала адна-адзінокая, — маладая, але худая. Яна на нешта крыўдзілася, смаркалася на зямлю, потым села побач з Пятроўнаю і паказала ёй рукі. Пятроўна таксама працягнула ёй свае далоні. Жанчына прыгнулася, закашлялася, прыціскаючы брызентаваю рукавіцаю грудзі і змоўкла. А звалі яе Наталля.
Пятроўна — чык-чык! Хрысан Андрэевіч — чык-чык! Алёша — чык-чык! І хукаюць на рукі, труць шчокі. Пятроўна — чык-чык!.. І раптам — блюмк!.. У тае жанчыны-гаротніцы ўпала на ліст кропля. Яна захілілася рукавом і пайшла назад, да сваіх буракоў.
— Упасі госпадзі, яшчэ і ты прастудзішся, — сказала Пятроўна Алёшу, падышла, паправіла яму цёплую хустку пад шапкаю, зняла з сябе палатняны ручнік і падперазала Алёшаў кажушок.
Бім таксама тыкаўся носам у Алёшаў кажушок, дапамагаў Пятроўне. Але Алёша, як вызначыў Бім, не зусім і змёрз, як здавалася; наадварот, яму было намнога цяплей, чым Тату і Пятроўне (Бім жа адчуваў гэта лепей за людзей).
— Чуеш, Алёша, — сказаў Хрысан Андрэевіч, увіхаючыся нажом за дваіх. (Бім навастрыў вушы.) — Схадзі пабегай з Чарнавухам, пагрэйся крышку.
І Бім пабег побач з хлопчыкам па бурачным полі, закамянелым ад марозу. Перасеклі яны поле ўпоперак, Алёшу стала горача, і ён зняў шапку, развязаў хустку, сунуў яе за пазуху, шапку надзеў, прыпадняўшы вушы. Побач з лясною паласою, у густой жоўтай траве Бім прыпыніўся, нюхнуўшы паветра, заснаваў чаўнаком і нечакана для Алёшы стаў як статуя.
Алёша падбег да яго.
— Што тут, Чарнавух? —
Бім чакаў магічнага слова «Наперад!» Але Алёша крыкнуў яшчэ мацней:
— Пужай!
Бім пайшоў паводкаю і падняў на крыло чародку курапатак.
Нядоўга думаючы, Алёша пабег назад разам з Бімам. Бім адчуў, што зноў яны не разумеюць адзін аднаго (Алёша не ведае слоў Івана Іванавіча), але ўсё ж бег побач з Алёшам. А той, засопшыся, зачырванелы, расказаў бацькам, як Чарнавух знайшоў курапатак і «пужнуў» іх.
— Паляўніцкі сабака Чарнавух, вучаны, — адобрыў Хрысан Андрэевіч. — Каб стрэльбу нам, Алёша! І на паляванне. Га?
Стрэльба? Паляванне? Якія знаёмыя і дарагія Біму словы! Ён ведае, што гэта абазначае.
Бім завіляў хвастом, залашчыўся да Алёшы, да Хрысана Андрэевіча, да Пятроўны, ён гаварыў на сваёй мове разборліва і дакладна. Але тут яго ніхто не зразумеў, не пайшоў па стрэльбу, ніхто не пайшоў на паляванне і без стрэльбы. Бім сеў за плячыма ў Алёшы, прытуліўся да кажуха і задумаўся, прынамсі, такі быў у яго выгляд.
Ужо прыцемкамі яны вярталіся дадому, стомленыя і схаладнелыя. А праз некалькі дзён і зусім перасталі хадзіць на буракі — скончылі сваю норму.
Цяпер Пятроўна нікуды не хадзіла і была рада гэтаму. Цэлыя дні яна што-небудзь гаспадарыла: чысціла карову, мыла бялізну, падлогу, шынкавала капусту, біла масла, паліла ў печы, варыла, шыла на машыне, латала адзенне, выносіла карове цэбар — усяго і не пералічыць. Бім назіраў за яе работай.
Па Алёшу прыходзіла чыста адзетая жанчына з кніжкамі, ушчувала Пятроўну (але не сярдзіта, як прыкмеціў Бім), абедзве яны паўтаралі словы: «Алёша», «авечкі», «буракі». На наступны дзень Алёша пайшоў раніцаю з кніжкамі, так і знікаў на кожны дзень. Хрысан Андрэевіч таксама хадзіў кудысьці ў свой час з сахаром, а калі вяртаўся, то ад яго пахла гноем.
Аднаго звычайнага вечара, калі сабраліся ўсе і снедалі, увайшоў чалавек — высокі, шырокі, касцісты, велікатвары, але з маленькімі лісінымі вочкамі і ў лісінай шапцы. Бім прыкмеціў, што Хрысан Андрэевіч зірнуў на чалавека хмура і з-за стала не ўстаў, як звычайна, не падаў рукі.
— Здаровы былі, — абыякава сказаў госць і не зняў шапку.
— Добры вечар, Клім. Сядай, — адказаў Хрысан Андрэевіч.
Той сеў на лаву, закруціў вялікую цыгарку, прыгледзеўся да Біма і спытаў:
— Гэта і ёсць той самы Чарнавух? — (Бім навастрыў вушы.) — Прападзе сабака без палявання. Або ўцячэ. Прадай: дам дваццацьпятку.
— Не прадаецца, — адказаў Хрысан Андрэевіч і цяпер устаў з-за стала — скончыў вячэру.
Бім нават і за тры крокі скора адчуў, што госць пахне зайцам. Ён падышоў, абнюхаў, вільнуў хвастом і зірнуў у твар лісінай шапцы, што абазначала на мове Біма: «Разумею — паляўнічы».
— Бачыш? — сказаў Клім. — Чуе Чарнавух, хто прыйшоў. Прадай, кажу.
— Не прадам, Клім, не прадам. Ужо збылося — нават Алёша не ведаў спачатку, — паслаў я тры рублі ў рэдакцыю рэспубліканскае газеты і аб'яву: «Прыбіўся паляўнічы сабака, белы, з чорным вухам». Прыслалі ў адказ: «Не аб'яўляйце, калі ласка. Хай пакуль што пажыве». Што тут такое — не ведаю, але адчуваю — сабака гэты важнецкі, трэба шанаваць.