Белы Бім Чорнае вуха
Шрифт:
Ужо трэція суткі нічога не еў Бім, акрамя травы, не спаў ад болю і асцярогі, відаць, і даўно не спаў так моцна. У ямцы было цёпла і ціха. Лес, прыціхлы па-восеньску, сцярог спакой хворага Біма, лячыў яго травою і гаючым паветрам. Дзякуй табе, лес!
Прачнуўся Бім ужо надвячоркам, вылез з ямы. Ісці хоць і было цяжка, аднак лягчэй, намнога лягчэй, чым раніцою. Усярэдзіне адпусціла. Толькі вось сілы не было яшчэ ранейшае. Ён схадзіў да роднага пянька, пасядзеў крыху і вярнуўся да свайго логаўца. Зноў пасядзеў. І зноў панюхаў навокал, агледзеўся: усё было спакойна. І зноў лёг у цёмную, утульную глыбокую яму. Відаць, Бім сніў прыемны сон. Сапраўды бачыў, таму што злёгку павільваў
Так ён праспаў усю ноч і не змёрз.
На світанні яго пабудзіў ціхі шоргат, ён прыпадняў голаў, прыслухаўся: нехта гробся ў лісці. Вылез Бім, прачытаў носам ледзь адчувальныя без ветру, мікраскапічныя струменьчыкі паветра і даведаўся: слонка!
Неадольны паляўнічы азарт напрудзіў слабае цела і прыглушыў боль, які ціснуў усярэдзіне. Слонка была крокаў за пяць, не далей. Яна разграбала лісце, усоўвала нос у мяккую зямлю, дакладна цаляючы ў норку чарвяка-расавіка, выцягвала таго і ахвотна з'ядала. Птушынае крыло цягнулася па зямлі (так застаюцца падранкі пасля гора-паляўнічых, жывуць да зімы, а потым або становяцца лісінаю здабычаю, або гінуць, калі ўхітраюцца ацалець да вялікіх марозаў).
Бім пераступіў — слонка не пачула, захапіўшыся работаю. Пераступіў яшчэ раз — не чуе. Слонцы таксама нельга марнаваць час: у цяпло чарвяк падыходзіць наверх або залягае нават пад шчыльным лісцем. Бім падкраўся вось так, з-за дрэва, і замёр стойкаю. Ніхто не загадаў яму: «Наперад!», хацеў скочыць на птушку і прыціснуць яе лапамі, але скочыць не ўдалося: ён проста ўпаў на зямлю і схапіў слонку зубамі. Патрымаў, лежачы на баку, лёг на жывот і… з'еў дзічыну. Усю. Засталіся толькі пёрцы. Нават дзюбу, зусім мяккую, як вызначыў Бім, таксама з'еў усю.
Як жа гэта атрымалася, што вучаны сабака, настаўлены вопытным паляўнічым, Бім паступіўся сваім гонарам — з'еў дзічыну? Вось у гэтым і справа, і я сам пра гэта думаю. Выйшла так таму, што нават і сабака хоча жыць. Другое меркаванне наўрад ці можа быць.
Сілы прыбыло, вось што галоўнае. Захацелася піць. Бім знайшоў лужынку, якіх у гасцінным лесе колькі хочаш, сагнаў смагу. Па дарозе назад абнюхаў мыш: з'еў у прыдачу да першае порцыі. І стаў шукаць траву. Перш сарваў сухія сцябліны дзікага часнаку, выплюнуў іх, затое дастаў яго галоўку. З'еў, зморшчыўся: як ні як, а часнок. Ішоў па лесе і знаходзіў, што яму патрэбна. Бог яго ведае, адкуль стала яму вядома, што ў часнаку — дзве або тры дзесятых працэнта ёду? Ніхто не адкажа на гэтае пытанне. Можна толькі здагадвацца, што ў цяжкія, амаль перадсмяротныя часіны, два дні таму назад, яму як адкрыццё прыйшоў вопыт яго далёкіх прародзічаў, вопыт, запраграміраваны з многіх мінулых стагоддзяў, яшчэ з часу Майсея. І гэта таксама быў цуд прыроды!
Лячыўся Бім яшчэ пяць дзён. Карміўся чым бог пашле, але лячыўся настойліва. Спаў у абжытай яме, стаўшай часова ягоным домам. Аднойчы нават натрапіў на соннага зайчыка, але паспрабаваць яго не давялося: той падхапіўся і даў дзёру. Бім і не спрабаваў яго даганяць. Не дагоніць і здаровы сетэр, а хвораму нечага і думаць. Правёў вачыма, аблізаўся, ды і ўсяго. Аднак лес не крыўдзіў Біма, ён сяк-так карміўся — дрэнна, вядома, але пракарміўся. Хоць ён схудаў, выпятраў ад хваробы і недаядання, ды зёлкі зрабілі сваё — Бім не толькі застаўся жыць, але знайшоў магчымасць ісці далей сваёй дарогаю, шукаць чалавека-сябра. І зноў жа гэта прыйшло без асаблівага розуму, а толькі ад сэрца, адданасці і вернасці.
Калі зноў наведаўся да палянкі з пяньком, прылёг Бім, устаў, і яшчэ прылёг, і яшчэ ўстаў. Відаць, вырашыў ён, што Івана Іванавіча тут не дачакаецца. Вярнуўся да ямы, ад яе зноў да пянька; там і тут затрымліваўся толькі на хвілінку
У горад Бім прыйшоў позна ўвечары. У горадзе было светла, не так, як у лесе ноччу, але менавіта гэтае святло і турбавала Біма. Такога з ім ніколі не было раней. І ён пайшоў асцярожна і адначасова паспешна, колькі дазваляла здароўе, кіруючыся, вядома, дадому, да — гаспадара, да Сцяпанаўны, да Люсі, да Толіка: усе яны, відаць, там. Але нечакана для самога сябе, яшчэ ва ўскраінным новым раёне, сярод тых дамоў-блізнят, Бім вырашыў абысці небяспечнае месца, каб не сутыкнуцца з Шэрым. Пайшоў укруга, скіраваў на бакавую вуліцу і ўпёрся ў плот. Пачаў быў яго абыходзіць і нечакана замёр ля варотцаў: Толікаў след. Хлопчык, якога так палюбіў Бім, прайшоў тут. Вось толькі-толькі прайшоў. Варотцы былі зачынены, але Бім не задумваючыся палез падніз і пайшоў па слядах маленькага сябра. Ну, вось толькі, вось толькі прайшоў! Гэта быў малюсенькі парк-сад, а пасярод яго стаяў невялічкі двухпавярховы дом. Туды і павёў след.
Бім падышоў да дзвярэй, у якія толькі нядаўна зайшоў Толік. Прывучаны са шчанячага ўзросту кожным дзвярам давяраць, ён падрапаўся і ў гэтыя. Адказу не было. Біму ж не здагадацца, што такія яго паводзіны ля гэтых дзвярэй можна было назваць нахабствам наіўнага. Але ён яшчэ раз падрапаў, яшчэ мацней.
За дзвярыма пачуўся жаночы голас:
— Хто тут?
«Я — адказаў Бім. — Гаў!»
— Гэта яшчэ што такое? Толік! Нехта да цябе з сабакам. Гэтага толькі не хапала!
«Я, я, — сказаў Бім. — Гаў, гаў!»
— Бім, Бім! — закрычаў Толік і адчыніў дзверы. — Бім, мілы Бім, Бімка! — І абняў яго.
Бім лізаў рукі хлопчыку, куртачку, пантофлі і бесперастанку глядзеў яму ў вочы. Столькі было надзеі, веры і любові ў позірку сабакі, які гэтулькі вытрываў!
— Мама, мама, ты паглядзі, якія ў яго вочы! Чалавечыя! Бімка, разумны Бімка, знайшоў сам. Мама, сам знайшоў мяне…
Ды мама не вымавіла ні слова, пакуль сябры радаваліся сустрэчы. Але калі захапленне аціхла, яна запытала:
— Гэта той самы?
— Ага, — адказаў Толік. — Гэта Бім. Ён добры.
— Зараз жа прагані.
— Мама!
— Зараз жа!
Толік прытуліў Біма да сябе.
— Не трэба, мама, калі ласка! — І заплакаў.
Музычна празвінеў званок. Увайшоў чалавек. Ён добрым, але стомленым голасам спытаў:
— Што тут у вас за крык? Ты плачаш, Толік? — Ён зняў паліто, разуўся, уссунуў пантофлі і, падышоўшы да хлопчыка з сабакам, сказаў: — Ну чаго ты, дурненькі? — І пагладзіў Толіка па галаве, палашчыў за вушка і Біма. — Бач ты! Сабачка. Глядзі, які сабачка. Бач, які сабачка… худы.
— Тата, тата, ён добры, Бім. Не трэба.
Мама цяпер ужо закрычала:
— Вось так заўсёды! Я гавару адно, а ты другое. Выхаванне называецца. Скалечыш дзіця! — Яна загаварыла на «вы»: — Будзеце локці кусаць, Сямён Пятровіч, але позна.
— Пачакай, пачакай, не крычы. Спакойна. — І павёў яе ў далёкі пакой, дзе яна крычала яшчэ мацней, а ён яе супакойваў.
З усяго гэтага Бім зразумеў, што Мама не хоча Біма, а Тата — за яго, і што ён пакуль што застанецца ў Толіка. Слоў не трэба было разумець нават чалавеку, але ён усё зразумеў бы і тады, калі б яму заткнулі вушы. А тут усё ж сабака з адаткнутымі вушамі і разумнымі вачыма. Як не зразумець! І праўда, Толік павёў Біма ў свой асобны пакойчык (там пахла толькі Толікам).