Белы Бім Чорнае вуха
Шрифт:
Ні Бім, ні Толік не чулі, што далей гаварылі Мама і Тата.
А там было вось што:
— Нашто ты крычыш пры Толіку такія словы: «Скалечыш дзіця» і ўсякае такое? Гэта ж згуба яму.
— А гэта не згуба: відавочна хворы сабака, бадзяга — і ў нашую ўзорную чыстату? Ты з глузду з'ехаў! Ды ён жа заўтра захварэе ад яго чортведама чым. Не дам. Зараз жа выгані сабаку!
— Эх, маці, маці! — уздыхнуў Сямён Пятровіч. — Ні грама ты не знаеш, што такое тактыка.
— Прападзі ты пропадам, Сямён Пятровіч, са сваёю тактыкаю!
— Ну вось, зноў за сваё… Трэба ж з галавою рабіць: і Толіка не траўміраваць, і сабаку прыбраць. —
— Так бы і сказаў адразу, — супакоілася Мама.
— Не мог жа я гэта сказаць пры Толіку… А ты, дурненькая, завялася: «Прападзі з тактыкаю». — Ён пагладзіў яе па шчацэ (гэта значыць, памірыліся).
Яны зайшлі да Толіка. Мама сказала:
— Ну, хай жыве, што ж…
— Вядома, хай жыве, — падтрымаў Тата.
Толік зарадаваўся. Ён удзячна глядзеў на Маму і Тату, ён расказваў пра Біма і паказваў усё, што той умее.
Гэта была шчаслівая сям'я, дзе ўсе цяпер былі задаволены жыццём.
— Але адна ўмова, Толік: Бім будзе спаць у прыхожай і ні ў якім выпадку не з табою, — скончыў Тата.
— Вядома, хай, — згадзіўся Толік. — Ён жа вельмі акуратны, Бім. Я добра ведаю.
Бім прыкмеціў, вядома, што Тата — добры, спакойны, упэўнены чалавек. А калі, крышку пазней, Толік правёў Біма па пакоі, знаёмячы з кватэраю, то тады Бім прыкмеціў, што Тата еў адзін, з газетаю ў руках, і таксама спакойна і ўпэўнена. Добры чалавек — Тата, ён жа Сямён Пятровіч.
Дапознага прагуляў Толік з Бімам, расчасаў яго, крыху накарміў (больш не дазволіў Тата: «Галоднаму сабаку многа нельга, можна загубіць»), выпрасіў у Мамы матрасік (зусім новы!), паслаў у кутку прыхожае і сказаў:
— Вось тваё месца, Бім. На месца!
Бім паслухмяна падпарадкаваўся. Ён усё зразумеў: тут ён будзе пакуль што жыць. Усярэдзіне ў яго ўсё пацяплела ад ласкі і спагады маленькага чалавека.
— Пара спаць, Толік. Пара. Палова адзінаццатае. Ідзі кладзіся, — угаворваў Тата.
Толік лёг у ложак. Засынаючы, ён думаў: «Заўтра пайду да Сцяпанаўны і скажу, хай у мяне жыве Бім, пакуль вернецца Іван Іванавіч…» І яшчэ ўспомнілася такое: калі ён расказаў дома, што ходзіць да Сцяпанаўны і там ёсць Люся, а ён водзіць Біма, то мама пачала крычаць, а тата сказаў Толіку: «Болей туды ты не пойдзеш»; калі ж Толік плакаў, то тата напаслед сказаў маме: «Мы забыліся з табою, што такое тактыка?» І гладзіў Толіка па галаве, гаворачы: «Што ж цяпер зробіш? Трэба табе вырасці, вялікім чалавекам стаць, але не сабачнікам і не да бабак розных там хадзіць. Нічога не зробіш!» А цяпер вось Бім будзе жыць у яго і да «бабак» хадзіць не трэба… Ён толькі разочак сходзіць да Сцяпанаўны, каб сказаць ёй пра ўсё… і да Люсі… Яна харошая дзяўчынка, Люся… А Бім спіць. Добры Бім».
Ад гэтых думак Толік заснуў радасным сном.
…Глыбокаю ноччу Бім пачуў крокі. Ён расплюшчыў вочы, не падымаючы галавы, і глядзеў. Тата ціха падышоў да тэлефона, пастаяў, прыслухаўся, потым узяў трубку і паўшэптам сказаў толькі два словы:
— Машыну… Зараз жа.
Значэння гэтых слоў Бім, вядома, не зразумеў. Але заўважыў, што Тата трывожна глядзіць на дзверы, дзе спаў Толік, неспакойна зірнуў на Біма, пайшоў на кухню, вярнуўся адтуль з вяровачкаю і нейкім клуначкам. Бім здагадаўся: нешта не тое, неяк перамяніўся Тата — ён быў не падобны да самога сябе. Нешта падказвала Біму, што трэба
Ля пад'езда мармытаў матор аўтамабіля.
І вось едзе Бім на заднім сядзенні. Уперадзе чалавек за рулём, побач з ім Сямён Пятровіч. З клуначка, што пакладзены побач з Бімам, пахне мясам. На аброжку вяроўка. Людзі маўчаць. Бім таксама. Ноч. Цёмная, цёмная ноч. Неба завалакло хмарамі — яно чорнае, як чыгун у доме ў Хрысана Андрэевіча. У такую ноч нельга сабаку назіраць з машыны і запомніць дарогу назад. І куды вязуць, Бім таксама не ведаў. Сабачы клопат — што? Вязуць — і ўсё. Толькі вось вяроўка навошта? Трывога зусім завалодала Бімам, калі пад'ехалі да лесу і спыніліся.
Сямён Пятровіч павёў Біма на вяроўцы ў глыб лесу, узяўшы стрэльбу. Ішлі ўніз у яр, свецячы на прасеку ліхтарыкам. Сцяжынка ўперлася ў невялічкую паляну, акружаную вялізнымі дубамі. Тут Сямён Пятровіч прывязаў Біма да дрэва тою вяровачкаю, развязаў клуначак, выняў з яго міску з мясам і паставіў перад Бімам, але не прамовіў ніводнага слова. І пайшоў назад. Ды, адышоўшы за некалькі крокаў, азірнуўся, асляпіў Біма ліхтарыкам і сказаў:
— Ну, будзь. Вось так.
Бім правёў вачыма святло, якое аддалялася, і маўчаў — здзіўлены, нічога не ведаючы, горка пакрыўджаны. Ён нічога, зусім нічога не зразумеў. І калаціўся ад хвалявання, хоць было цёпла, нават душна, нязвыкла для восені.
Машына паехала. «Туды» паехала, вызначыў Бім па гуку, які аддаляўся і рабіўся ўсё цішэйшы і цішэйшы, а потым і зусім заціх: гук той быццам даў Біму кірунак — куды ісці на ўсякі выпадак.
Лес маўчаў.
Цёмнаю-цёмнаю ноччу сядзеў у лесе сабака пад магутнымі дрэвамі, прывязаны за вяроўку.
І трэба ж здарыцца менавіта такому і ў гэту ноч! Рэдка, вельмі рэдка так бывае: пад канец лістапада, пры такой нязвыклай цеплыні, дзесьці далёка-далёка прагрымеў гром.
Спачатку Бім сядзеў і слухаў лес, правяраў навокал, колькі браў нюх. Сабаку лёгка вызначыць, які гэта лес, калі ён хоць раз пабыў у ім. Бім скора зразумеў, што ён знаходзіцца там, дзе некалі быў з гаспадаром на аблаве. Той самы лес. Але воўкам паблізу нідзе не пахла. Бім прыціснуўся бокам да дрэва, прапаў у непрагляднай цемені, адзінокі і безабаронны, пакінуты чалавекам, якому не зрабіў нічога ліхога.
Падсвядома, недзе ў глыбіні свае істоты, інстынктам Бім зразумеў, што ісці болей да Толіка нельга, што цяпер ён пойдзе да сваіх родных дзвярэй, і болей нікуды. І так яму захацелася туды, што ён, забыўшы пра вяроўку, ірвануўся ад дрэва на ўсю сілу і ўпаў: боль у грудзях аддаўся ва ўсім целе і падкасіў яго. Цяпер ён ляжаў нерухома, выцягнуўшы ўсе чатыры лапы. Але гэта было нядоўга, ён зноў устаў і сеў да дрэва, здавалася, змірыўшыся са сваім лёсам.
У чарнаце ночы яшчэ раз правуркатаў гром, цяпер ужо блізка, і пракаціўся па бязлістаму лесе шырока і цяжка. Падзьмуў вецер, галіны на дрэвах занылі, быццам ад прадчування бяды; ствалы, якія слабейшыя, захісталіся; і нарэшце ўсё злілося ў адзін суцэльны трывожны чорны шум, у якім выразна чуўся стогн сухое асіны: яна раўнамерна рыпела і рыпела дзесьці ля кораня, ужо надломленая і слабая; яе глухі нудны стогн пужаў Біма больш, чым увесь лясны шум.