Белы Бім Чорнае вуха
Шрифт:
— Ды зусім ты пра іншае, дурненькі. — І весялей: — Ну, дык пачнём, Бім, па-сапраўднаму. — Ён зняў аброжак, адзеў другі (нязручны) і прышпіліў да яго доўгую папругу. — Шукай.
Цяпер Бім шукаў пах перапёлкі — болей нічога. А Іван Іванавіч накіроўваў яго туды, куды пераляцела птушка. Біму было няўцям, што яго сябар бачыў, куды прыкладна села птушка пасля ганебнае пагоні (чуць то не чуў, а бачыць — бачыў).
І вось той жа самы пах! Бім не зважае на папругу, звужае чаўнок, вядзе, вядзе, падняў галаву і вядзе паверсе… Зноў стойка! На фоне вечаровага сонца ён дзівосна цудоўны сваёю незвычайнаю прыгажосцю, ведаць пра якую суджана мала
— Наперад… Наперад…
Бім пайшоў на падводку. І яшчэ раз прыпыніўся.
— Наперад!!!
Бім кінуўся гэтаксама, як і першы раз. Перапёлка цяпер выпырхнула з гучным стракатаннем крылля. Бім зноў быў кінуўся бязглузда даганяць птушку, але… рывок за павадок вымусіў яго адскочыць назад.
— Назад!!! — крыкнуў гаспадар. — Нельга!!!
Бім адкінуўся, упаў. Ён не разумеў — завошта гэтак. І напінаў павадок, куды паляцела перапёлка.
— Ляжаць!
Бім лёг.
І яшчэ раз усё паўтарылася, толькі па новай перапёлцы. Але цяпер Бім адчуў рывок за повад раней, чым у мінулы раз, а пасля загаду лёг і толькі дрыжаў ад хвалявання, азарту і разам з тым панылы, сумны і маркотны: усё гэта было ў ягоным выглядзе ад носа да самага кончыка хваста. Так жа балюча! І не толькі ад жорсткае спрацівелае папругі, а яшчэ і ад калючак з сярэдзіны аброжка.
— Вось гэтак, Бімка. Нічога не зробіш — трэба так. — Іван Іванавіч лашчыў, пагладжваў Біма.
З гэтага дня і пачаўся сапраўдны паляўнічы сабака. З гэтага ж дня Бім зразумеў, што толькі ён, ён адзін можа ўведаць, дзе птушка, і што гаспадар-то бездапаможны, а нос у яго прыроблены толькі для блізіру. Пачалася сапраўдная служба, грунтавалася яна на словах: «Нельга», «Назад», «Добра».
А потым — ой! — потым стрэльба! Стрэл. Перапёлка падала, быццам ашпараная.
І даганяць яе, выходзіць, зусім не патрэбна, толькі знайсці, падняць на крыло і легчы, а ўсё астатняе зробіць сябар. Абое роўныя ў гэтай гульні: гаспадар без нюху, сабака без стрэльбы.
Такім чынам цёплае сяброўства і адданасць пакрысе рабіліся шчасцем, таму што кожны разумеў і не патрабаваў ад другога больш, чым той можа даць. Гэта аснова, соль сяброўства.
Да двух год Бім стаў сапраўдным паляўнічым сабакам, даверлівым і чэсным. Ён ведаў недзе каля сотні слоў, што датычыліся дамоўкі і палявання: хай скажа Іван Іванавіч «Падай» — зробіць; скажа ён «Падай пантофлі» — падасць, «Нясі міску» — прынясе, «На крэсла!» — сядзе на крэсла. Ды гэта што! У вачах чытаў: добра глядзіць гаспадар на чалавека, і Біму ён — знаёмы з гэтага часу; непрыязна зірне — і Бім, бывае, загырчыць; нават ліслівасць (ласкавую ліслівасць) ён лавіў у голасе чужога. Але нікога і ніколі Бім не ўкусіў — хоць ты на хвост наступі. Забрахаць мог ноччу, папярэдзіць, што да вогнішча ідзе чужы, — гэта, калі ласка, але кусацца — ніколі. Такая ўжо інтэлігентная парода.
Што датычыцца інтэлігенцыі, то Бім нават умеў такое: сам навучыўся, дайшоў сваім розумам, падрапаць за дзверы, каб адчынілі. Здараецца, захварэе Іван Іванавіч і не ідзе з ім гуляць, а выпускае аднаго. Бім крыху пабегае, управіцца, як і належыць, і спяшае дадому. Падрапае за дзверы, стаўшы на заднія лапы, крышку паскуголіць, просячыся, і дзверы адчыняцца, гаспадар, цяжка шлёпаючы па прыхожай, сустрэне, палашчыць і зноў кладзецца ў ложак. Гэта калі ён, пажылы чалавек, пахворвае (дарэчы, пахворвае ён усё часцей і часцей, такога Бім не мог не заўважыць). Бім моцна засвоіў: падрапай за дзверы, і табе адчыняць абавязкова; дзверы для таго і ёсць, каб
Толькі не ведаў Бім і не мог ведаць, колькі потым будзе расчаравання і бяды ад такое наіўнае даверлівасці, не ведаў і не мог ведаць, што ёсць дзверы, якія не адчыняюцца, колькі за іх не драпайся.
Што яно там будзе надалей, невядома, а пакуль што застаецца сказаць адно: Бім, сабака з выдатным чуццём, так і застаўся сумніцельным — пасведчанне на радаслоўную яму не выдалі. Двойчы Іван Іванавіч выводзіў яго на выстаўку: здымалі з рынга без адзнакі. Выходзіць, чужак.
І ўсё ж Бім не спадчынная бездар, а выдатны сапраўдны сабака: птушак ён пачаў шукаць з васьмі месяцаў. Ды як яшчэ! Хочацца верыць, што ў яго будзе добрая будучыня.
Раздзел 2. Вясновы лес
У другі сезон, гэта значыць на трэці год ад нараджэння Біма, Іван Іванавіч пазнаёміў яго з лесам. Гэта было надта цікава і сабаку, і гаспадару.
У лузе і на полі — там усё бачна: прастора, трава, збажына, гаспадар заўсёды навідавоку, снуй чаўнаком у шырокім пошуку, шукай, знайдзі, рабі стойку і чакай загаду. Любата! А тут, у лесе, зусім-зусім не тое.
Была ранняя вясна.
Калі яны прыйшлі першы раз, змярканне толькі пачыналася, а між дрэў быў прыцемак, хаця лісця яшчэ не было. Знізу ўсё ў цёмных адценнях: ствалы дрэў, леташняя цёмна-карычневая лістота, карычнева-шэрыя сцяблы травы, нават ягады шыпшыны, густа-рубінавыя ўвосень, цяпер, выстаяўшы зіму, здаваліся зярняткамі кавы.
Галінкі лёгенька шумелі пад слабым ветрыкам, рэдзенькія, голыя; яны быццам абмацвалі адна адну, то краналіся кончыкамі, то ледзь датыкаліся сярэдзінаю: ці жывыя? Вяршаліны слабенька пагойдваліся — дрэвы здаваліся жывымі нават і без лісця. Усё было таямніча-шапаткое і густа-пахучае: і дрэвы, і лісце пад нагамі, мяккае, з вясновым пахам лясное зямлі, і крокі Івана Іванавіча, асцярожныя і ціхія. Яго чаравікі таксама шоргалі, а сляды пахлі куды мацней, чым у полі. За кожным дрэвам штосьці незнаёмае, таямнічае. Таму Бім і не адыходзіў ад Івана Іванавіча болей, чым крокаў на дваццаць: прабяжыць уперад — налева, направа — і коціцца назад і глядзіць у твар, быццам пытаецца: «Чаго мы сюды трапілі?»
— Не разбярэшся што да чаго? — здагадаўся Іван Іванавіч. — Разбярэшся, Бімка, зразумееш. Пачакай крышку.
Так і ішлі, паглядваючы адзін на аднаго.
Але вось яны спыніліся на шырокай паляне, на перакрыжаванні двух прасек: дарогі ва ўсе чатыры бакі. Іван Іванавіч стаў за арэхавы куст, тварам да захаду, і глядзеў угору. Бім пазіраў туды, з усяе сілы стараўся здагадацца, што гэта там трэба выглядзець.
Уверсе было светла, а тут, унізе, рабілася ўсё цямней і цямней. Нехта прашамаў у лесе і сціх. Яшчэ пашамаў і сціх. Бім прытуліўся да нагі Івана Іванавіча — гэта так ён пытаўся: «Што там? Хто там? Можа, пойдзем паглядзім?»
— Заяц, — ледзь чутна сказаў гаспадар. — Усё добра, Бім. Добра. Заяц. Хай яго…
Ну, калі «добра», значыць, усё ў парадку. «Заяц» — таксама зразумела: неаднойчы, калі Бім натыкаўся на след звярка, яму паўтаралі гэтае слова. А раз бачыў і самога зайца, паспрабаваў быў дагнаць яго, але меў суровае папярэджанне і быў пакараны. Нельга!
Такім чынам, недалёка прашамацеў заяц. А што далей?
Раптам уверсе нехта нябачны і незнаёмы захоркаў: «Хор-хор!.. Хор-хор… Хор-хор!..» Бім пачуў гэта першы і здрыгануўся. Гаспадар таксама. Абодва глядзелі ўгору, толькі ўгору…