Белы Бім Чорнае вуха
Шрифт:
— Калі ўжо ў газетах надрукавалі ды не аб'явіўся, то, выходзіць, яго нехта звёз далёка. Расея вялікая, матухна, паспрабуй знайдзі. Калі б ён загінуў, то абавязкова нехта б заявіў па аб'яве: так, маўляў, і так — памёр ваш сабачка, бачыў яго там-та. Галоўнае тут — жывы, вось што. Не кожны знаходзіць свайго сабаку. І тут фактычна нічога не зробіш.
З таго дня пошук спыніўся. Засталася толькі памяць,
…У кватэры забаўляўся са старым чаравікам новы шчанюк, таксама Бім, пародзісты, тыповага акрасу ангельскі сетэр. Гэтага Іван Іванавіч дастаў на дваіх — сабе і Толіку.
Але старога сябра ён ужо ніколі не забудзе. Не забыць яму паляўнічых досвіткаў, падараваных Бімам, не забыць яго дабраты і ўсёдаруючага сяброўства. Памяць пра вернага сябра, пра яго невясёлы лёс трывожыла старога чалавека. Менавіта таму ён і апынуўся на той самай палянцы і сеў на той жа пянёк. Агледзеўся. Ён прыйшоў паслухаць лес.
Быў неймаверна ціхі вясновы дзень.
Неба густа апырскала палянку пралескамі (кропелькі неба на зямлі!). Многа разоў у жыцці Івана Іванавіча паўтараўся гэты цуд. І вось ён прыйшоў зноў, ціхі, але магутны сваёю шчыраю прастатою і кожны раз дзіўны і непаўторны ад навізны нараджэння жыцця — вясна.
Лес маўчаў, толькі-толькі ачынаючыся ад сну, пакрэплены небам і патрывожаны ўжо цёплымі сонечнымі зайчыкамі на бліскучых і такіх млява пяшчотных язычках яшчэ нявыгарнуўшагася лісця. Івану Іванавічу здалося, што сядзіць ён у велічным палацы з блакітнаю падлогаю, блакітным купалам, з калонамі з жывых дубоў. Гэта было падобна на сон.
Але раптам… Што б гэта магло абазначаць? Па лесе пракаціўся глухі кароткі шум — глыбокі ўздых. Было вельмі падобна на ўздых палёгкі ад таго, што пасля доўгага чакання жыццё абуджаецца зноў, ужо азначылася язычкамі раскрыўшыхся пупышак. Інакш чаму ж варухнуліся галінкі і ўслед за гэтым засвісталі
Таму і ўздыхнуў лес з палёгкаю, што цуд пачаўся і прыйшоў час здзяйснення надзеі. І птушкі адгукнуліся яму, магутнаму велікану і выратавальніку. Іван Іванавіч чуў гэта выразна. Ён жа і прыйшоў сюды, каб паслухаць лес.
І ён быў бы шчаслівы, як і кожны год, у такія часіны, калі б на краю палянкі не адрозніваўся пятняк, абазначаны толькі свежаю зямлёю, змешанаю з апалым мінулагоднім лісцем. Сумна глядзець на такі пятняк вясною, ды яшчэ ў самым пачатку агульнай радасці ў прыродзе.
Але затое знізу ўгору добрымі, наіўнымі, ласкавымі і невіноўнымі вачаняткамі глядзеў на Івана Іванавіча новы маленькі Бім. Ён паспеў пакарыць ужо Толіка, ён так і пачаў жыць з дабраты, маленькі Бімка.
«Які ж будзе ў яго лёс? — падумаў Іван Іванавіч. — Не трэба, не, не трэба, каб у новага Біма, які пачынае жыццё, паўтарыўся лёс майго сябра. Не хачу гэтага. Не трэба».
Іван Іванавіч устаў, выпрастаўся і амаль што ўскрыкнуў:
— Не трэба!
Лес кароткім рэхам паўтарыў некалькі разоў: «Не трэба… не трэба… не трэба…» І заціх.
А была вясна. І кропелькі неба на зямлі. І было ціха-ціха.
Так ціха, быццам і няма нідзе ніякае бяды.
Але ўсё-такі ў лесе нехта… стрэліў! Тройчы стрэліў!
Хто? Нашто? У каго?
Магчыма, нядобры чалавек параніў таго прыгажуна дзятла і двума набоямі дабіваў яго… А магчыма, нехта з паляўнічых закапаў сабаку, і было яму тры гады…
«Не, не спакойна ў гэтым блакітным палацы з калонамі з жывых дубоў», — так падумаў Іван Іванавіч, стоячы з непакрытаю белаю галавою і гледзячы ў неба. І гэта было падобна да вясновае малітвы.
Лес маўчаў.