Белы Бім Чорнае вуха
Шрифт:
Раздзел 4. Жоўты лес
У адзін з наступных дзён досвета яны ўдвух выйшлі з дому. Спачатку ехалі на трамваі, стоячы на пляцоўцы. Вагонаважатая аказалася знаёмая Івану Іванавічу і Біму. Вядома ж, Бім прывітаў яе, калі яна выходзіла перакінуць стрэлку. Важатая пацерабіла яго за вуха, але Бім не лізнуў у руку, а проста патупаў лапамі, седзячы, і адстукаў хвастом адпаведнае прывітанне.
Потым, ужо за горадам, ехалі на аўтобусе, у якім было толькі пяць-шэсць чалавек у такую рань. Калі садзіліся, шафёр нешта прабурчаў, паўтараючы «сабака»
Бім даўно прыкмеціў, што людзі мяняюцца нейкімі паперкамі, якія пахнуць бог ведае чым. Аднаго разу ён пачуў, што адна з тых, што ляжалі на стале, пахне крывёю, патыкаў у яе носам, каб заўважыў гаспадар, але той і ў вус не дзьмуў — бясчутны! — а толькі паўтараў сваё «нельга». Ды яшчэ і замкнуў паперкі ў шуфлядзе. Некаторыя, пакуль чыстыя, пахнуць хлебам, каўбасою, наогул, магазінам, але амаль усе — безліччу рук. Людзі любяць іх, гэтыя паперкі, хаваюць у кішэні, у шуфляды, як гаспадар. Хоць у гэтым Бім мала петрыў, аднак сцяміў: як толькі гаспадар даў шафёру паперку, яны пасябравалі. Але чаму ўздыхнуў Іван Іванавіч, Бім не разумеў, і было гэта прыкметна па яго пільнаму позірку ў вочы свайму сябру. Наогул, пра магічную сілу паперак ён і прыблізна не здагадваўся — недаступна гэта сабачаму розуму, не ведаў ён, што яму яны некалі саслужаць пагібельную службу.
Ад шашы да лесу ішлі пяшком.
Іван Іванавіч спыніўся на ўзлеску адпачыць, а Бім паблізу аблазіў мясцовасць. Такога лесу ён яшчэ не бачыў ніколі. Лес-то, прынамсі, той самы — яны былі тут вясною, прыходзілі і летам (так, пагуляць), але цяпер усё тут навокал было жоўтае і барвовае, здавалася, што ўсё гарыць і свеціць разам з сонцам.
Дрэвы толькі-толькі пачалі распранацца, і лісце падала, пагойдвалася ў паветры, нячутна і павольна. Было халаднавата і лёгка, а таму і весела. Пах восеньскага лесу — незвычайны, непаўторны, моцны і чысты такі, што за дзесяткі метраў Бім чуў, дзе гаспадар. Лясную мыш ён «прыхапіў» здалёку, але не пайшоў за ёю (яна вядомая драбяза), а вось нешта жывое так шыбанула ў нос, што Бім прыпыніўся. А як падышоў, забрахаў на калючы мячык.
Іван Іванавіч устаў з пянька і падышоў да Біма.
— Нельга, Бім! Нельга, дурненькі! Вожык гэта. Назад! — і павёў Біма за сабою.
Выходзіць, вожык — добры звярок, а чапаць яго нельга…
Цяпер Іван Іванавіч зноў сеў на пянёк, загадаў Біму таксама сядзець, а сам зняў шапку, паклаў яе побач на зямлю і глядзеў на лісце. І слухаў лясную цішыню. І, вядома ж, усміхаўся! Ён быў цяпер як і заўсёды перад паляваннем.
Бім таксама слухаў.
Прыляцела сарока, патрашчала нахабна і паляцела. Пераскокваючы з галінкі на галінку, наблізілася сойка, пакрычала з кашэчым надрывам і таксама паскакала прэч, па галінках. А вось і каралёк-матылёк-малютка, гэты зусім-зусім побач: «Свіць, свіць! Свіць, свіць!» Ну што ты яму зробіш? Сам з жучка, а і ён табе: «Свісць, свісць!» Быццам вітаецца.
А ўсё астатняе — цішыня.
І вось гаспадар устаў, дастаў з футарала стрэльбу, заклаў у ствалы набоі. Бім затрымцеў ад хвалявання. Іван Іванавіч ласкава пакудлаціў яму загрывак, і Бім яшчэ больш захваляваўся.
— Ну, хлопчык, шукай!
Бім пайшоў! Малым чаўнаком пайшоў, лавіруючы між дрэў, прысеўшы, прыгнуўшыся, напружыўшыся і амаль нячутна. Іван Іванавіч пакрысе рушыў услед, любуючыся на
Гэтыя часіны Івану Іванавічу былі часінамі забыцця. Ён забываўся пра вайну, забываўся пра нягоды мінулага жыцця і пра сваю адзіноту. Нават сын Коля, яго роднае дзіця, якога забрала бязлітасная вайна, быццам быў побач, быццам ён, бацька, прыносіў радасць яму, нават мёртваму. Ён жа таксама быў паляўнічы! Мёртвыя не выходзяць з жыцця тых, хто любіў іх, мёртвыя толькі не старэюць, застаюцца ў сэрцах жывых навек маладымі. Так і ў Івана Іванавіча: рана зацягнулася шрамам на душы, але неадступна баліць. На паляванні ж усякі боль душы робіцца хоць крышку слабейшы, лягчэйшы. Шчасце таму, хто нарадзіўся паляўнічым!
І вось Бім пайшоў павальней, звузіў чаўнок, прыпыніўся на секунду і пайшоў ціха, крадком. Нешта кашачае было цяпер ва ўсіх яго рухах, мяккіх, асцярожных, плаўных. Цяпер ён ужо выцягнуў галаву на ўзроўні з тулавам. Кожнаю часцінкаю цела, і нават выцягнутым хвастом, апераным доўгаю шэрсцю, ён быў засяроджаны на струмені паху. Крок… І паднімаецца толькі адна лапа. Крок — і другая лапа гэтак жа на долю секунды застыне ў паветры і нячутна апускаецца. Нарэшце пярэдняя правая, як амаль і заўсёды, застыла, не дакранулася да зямлі.
Ззаду, узяўшы напагатове стрэльбу, ціха падышоў Іван Іванавіч. Цяпер дзве статуі: чалавек і сабака.
Лес маўчыць. Толькі ледзь-ледзь хвалюецца залатое лісце бяроз, купаецца ў сонечным бляску. Заціхлі маладыя дубкі побач з велічным асілкам дубам, бацькам і прародзічам. Бязгучна трапяталіся на асіне срабрыста-шэранькія лісцікі.
А на апалым жоўтым лісці стаяў сабака — адно з лепшых тварэнняў прыроды і чалавечага цярпення. Не варухнецца ні адзін мускул! У такія хвіліны Бім здаецца паўмёртвым, быццам у трансе ад захаплення і азарту. Вось што такое класічная стойка ў жоўтым лесе.
— Наперад, хлопчык…
Бім падняў слонку на крыло.
Стрэл!
Лес здрыгануўся, адгукнуўся незадаволеным, пакрыўджаным рэхам. Здалося, што бярозка, якая зайшла да мяжы дубняку і асінніку, спалохалася, здрыганулася. Дубы вухнулі, як віцязі. Асіна, што побач, паспешна пасыпала лісце.
Слонка ўпала, як камячок. Бім падаў яе як належыць. Але гаспадар, пагладзіўшы Біма і падзякаваўшы за прыгожую работу, патрымаў птушку на далоні, паглядзеў на яе і задумёна сказаў:
— Эх, не трэба было б…
Бім не зразумеў, паглядзеў у твар Івану Іванавічу, а той гаварыў:
— Толькі з-за цябе, Бім, толькі з-за цябе, дурненькі. А так — не варта.
І зноў Бім не зразумеў — не дазволена яму такое зразумець. Але ўсё паляванне гаспадар «пудлаваў», быццам сляпы. Зусім засердаваў сабака, калі гаспадар у адну слонку зусім не стрэліў. Затое апошнюю зрэзаў чыста.
Дадому яны вярталіся ўжо прыцемкамі, абодва стомленыя і абодва добрыя, ласкавыя адзін да аднаго. Бім, напрыклад, не захацеў начаваць на сваім лежаку, а прыцягнуў з яго падсцілку да ложка Івана Іванавіча і ўклаўся побач з ім, на падлозе. Гэта было неспраста: яго нельга было прагнаць на месца, таму што «месца» ён прынёс з сабою. Іван Іванавіч пакратаў яго за вуха, пагладзіў па хібу. Сяброўства, здавалася, будзе навек.