Чтение онлайн

на главную

Жанры

Шрифт:

З гадамі пачынаеш усё яскравей разумець, што ў жыцьці не бывае нічога адназначнага, аднамернага, раз і назаўсёды дадзенага. Тая ж партыйная работа, якая забрала аж васемнаццаць мо самых прадуктыўных гадоў, практычна пік жыцьця. Колькі незваротнага часу, нерваў, душэўных сілаў патрачана ўпустую, марна на пісаньне розных нікчэмных папераў, варыянтаў нечыіх дакладаў і выступленьняў! Разам з тым работа ў апараце абкаму, затым ЦК партыі была ня толькі вялікай жыцьцёвай школай, але і фарміравала, як гэта на першы погляд можа падацца дзіўным і парадаксальным, мяне як пісьменьніка, маю пісьменьніцкую біяграфію. Практычна ўсе літаратурныя творы напісаліся ці ў рэдкія выхадныя і сьвяточныя дні, ці прыхапкам па вечарах, калі стамлёны і спустошаны вяртаўся з работы. Літаратурная праца была своеасаблівай выратавальнай аддушынай у іншы, гэтакі вабны, створаны па тваёй волі віртуальны і адначасова самы што ні ёсьць рэальны сьвет, прагай жывога слова насуперак, усупрацівагу руціннай казённай пісаніне, якой даводзілася практычна штодня займацца на рабоце. Асабліва калі рыхтаваліся зьезды, пленумы, партыйна-гаспадарчыя актывы, розныя канферэнцыі, у пажарным парадку пісаліся выступленьні высокага начальства на нейкіх непрадбачаных нарадах альбо артыкулы для перыядычных і неперыядычных выданьняў, пераважна маскоўскіх. І тады да атупеньня тыднямі карпелі без выхадных альбо на рабочым месцы, альбо ў рэзідэнцыі па Вайсковым завулку ці ў Заслаўі. Але, як гэта ні парадаксальна, штодзённая казённая пісаніна неўпрыкмет дысцыплінавала думку, фразу, прывучала вылучаць галоўнае, мысьліць канкрэтна і лаканічна, спрыяла і адчуваньню слова, і пошуку таго адзінага, ёмістага, энергічнага, якое ажыўляе, надае дыханьне фразе, сказу, радку. Праўда, тады гэта не заўважалася, не разумелася – душа прагла, рвалася найхутчэй адкараскацца ад збрыднелай падзёншчыны, цалкам аддацца мастацкай творчасьці, марылася, каб і на рабоце яна была галоўным службовым абавязкам, і вечарамі дома пісалася сваё... “Вожык” з пачаткам рабочага дня ў адзінаццаць і заканчэньнем у пяць вечару быў для таго

ідэальным варыянтам. Задумак і планаў было – хоць адбаўляй. Аднак на справе аказалася ня ўсё так проста і адназначна. Скажу толькі, што амаль за чатырынаццаць гадоў работы ў “Вожыку” не напісалася ніводнай уласнай аповесьці, ніводнага “сур’ёзнага” апавяданьня. Ня буду шукаць апраўданьня, пасыпаць галаву попелам, што заела лянота, падводзіла творчае натхненьне, хоць чаго там крывіць душой – не абыходзілася і без гэтага, але справа ў іншым... Мусіць, мне з маім дурным характарам браць усё на сябе, адказваць за кожнае слова, кожную коску ў часопісе ня варта было рабіцца галоўным рэдактарам... І яшчэ высьветлілася, што не магу, ну зусім ня ўмею з аднолькавай самааддачай, аднолькавым імпэтам рабіць адначасова дзьве блізкія па сутнасьці работы, як гэта ўмелі многія вялікія пісьменьнікі, працуючы адначасова над некалькімі творамі, пераключаючыся з аднаго на другі. Мусіць, на тое яны і вялікія... Праўда, з гэтым выдатна ўпраўляюцца графаманы – яны не жывуць і жыць ня могуць сваімі зварганенымі на адзін капыл, на адзін твар героямі-ценямі. Графаману няма ніякай розьніцы, што і калі пісаць – абы пісаць. Стаміўся ад аднаго – узяўся за другое, потым – за трэцяе, чацьвёртае, зноў вярнуўся да першага – і ляпаюць адзін за адным так званыя раманы, аповесьці, як рэдзенькія каровіны бліны...

Для мяне паўсядзённая работа па рэдагаваньні часопісуа аказалася несумяшчальнай з уласнай творчасьцю – на яе проста не хапала ні душэўных сілаў, ні натхненьня, ні часу. І ў тым, пэўна, была і мая трагедыя, і прычына, што і крытыка, і чытачы на замоўклага ледзь ці не на паўтара дзесяцігоддзі, нават не перавыдаваўшага ніводнага свайго твору аўтара безнадзейна махнулі рукой...

Тым ня менш у “Вожыку” зьведаў нямала прыемных, шчасьлівых хвілінаў, сапраўднай радасьці. Мой прыход сюды супаў з пачаткам гарбачоўскай перабудовы і галоснасьці. Хоць, шчыра кажучы, пра перабудову ў нас на Беларусі вяліся толькі абстрактныя размовы і амаль нічога не мянялася. “Вожык” па-ранейшаму заставаўся ледзь ці не асноўным рупарам так званай контрпрапаганды. Добрая трэць нумару ў абавязковым парадку адводзілася выкрыцьцю “капіталістыянага раю” і “імперыялістычных джунгляў”, зьнішчальнай крытыцы замежных прэзідэнтаў, прэм’ераў, канцлераў, іншых падпальшчыкаў вайны, натаўскіх мілітарыстаў, сіяністаў, ідэалагічных дыверсантаў, брахуноў з мюнхенскай, дзе тады разьмяшчалася радыёстанцыя “Свабода”, падваротні. Уся гэтая контрпрапаганда была абсалютна непрафесійная, нізкапробная халтура, на якой шчыравалі і мелі неблагое карыта адстаўныя гэбэшнікі, палітработнікі, бяздарныя газетчыкі. Чыталі яе, хіба, машыністка, карэктар, наборшчыца ў друкарні ды зрэдку па дыяганалі галоўны рэдактар, які ведаў, што крамолы там ня будзе. Гэтай нечытабельнай лухтой часта забівалася палавіна нумару, а бывала, і ўвесь, як сьпецыяльны контрпрапагандысцкі, за што мелі пахвалу ад Паўлава. Вядома, гэткай ахінеі друкаваць я не зьбіраўся, аднак каб не дражніць гусей, адмяняць адразу ня стаў, а праз нейкіх паўгоду паступова ад яе і сьледу не засталося. Як і ад так званых станоўчых фельетонаў, якія мусілі праслаўляць нашую сацыялістычную рэчаіснасьць і займаць як мінімум першы разварот часопісу. Гэты станоўчы фельетон быў глупствам, нонсенсам і для жанру, і ўвогуле сатырычна-гумарыстычнага выданьня, таму на радасьць супрацоўнікаў, якіх літаральна дасталі гэтыя абавязковыя так званыя станоўчыя фельетоны, адмяніў іх адразу ж, з першага свайго нумару. Замест іх пайшлі вострыя, дасьціпныя матэрыялы, ніводзін з якіх галоўны рэдактар не зьмякчаў, а завастраў, рабіў больш задзірыстымі з выхадам на высокія фігуры, і гэта з энту­зіязмам успрымалася супрацоўнікамі рэдакцыі, а найбольш дык чытачамі.

Галоснасьць між тым няўмольна набірала сілу і тут, у антыперабудовачнай Вандэі, выходзіла з-пад уплыву ўладных партыйных структураў. На вачах мяняўся характар вечна абачлівай і баязьлівай прэсы. А калі рухнула цэнзура – асаблі­ва. Аднак на вялікае засмучэньне нас, сатырыкаў і гумарыстаў, стала высьвятляцца, што гэтая ўсеагульная галоснасьць выклікае, спараджае сістэмны крызіс сатырычных і гумарыстычных жанраў, у аснове якіх спрадвеку была эзопава мова, камічнае, сьмешнае і абавязкова апазіцыйнае – калі і ня ўладзе, то канкрэтнаму злу. Адно, на што ня здольная па сваёй прыродзе і існасьці сапраўдная сатыра і гумар, то гэта абслугоўваць зло, супрацівіцца прагрэсу. Вядома ж, кінуцца ў апазіцыю да новых, падтрыманых абсалютнай большасьцю грамадства працэсаў было б чыстым вар’яцтвам, поўным рэтраградствам. На сёньняшні дзень, канечне ж, мы ўсе паразумнелі, бачым, што нельга было паддавацца ўсеагульнай эйфарыі, варта было больш пільна і цьвяроза прыгледзецца да новых працэсаў, угледзець, як гэта змаглі некаторыя, у тым ліку мудры Пімен Емельянавіч Панчанка, у іх разбуральныя сіптомы для маралі, справядлівасьці, чалавечнасьці ды змагацца з імі ў самым зародку. Магчыма, і жорсткасьць, нялюдскасьць, несправядлівасьць, служэньне мамоне не дасягнулі б гэтакіх усяленскіх маштабаў, каб тады і мы, вожыкаўцы, угледзелі і сталі падымаць на сьмех, як і публіцыстыка, што тады павяла рэй, стала валадаркай дум. Але яна была пераважна мітынговая, просталінейная, разбуральная, разьлічаная не на розум, а на эмоцыі. Эзопава мова, якая заўсёды патрабуе пэўнага разумовага і інтэлектуальнага напружаньня, каб улавіць намёкі, паўнамёкі, убачыць і зразумець унутраную існасьць за зьнешняй сутнасьцю, рабілася непатрэбнай, архаічнай і анахранічнай – навошта мудрагеліць, калі можна з пляча рубіць праўду-матку наўпрост. Рэдакцыйны партфель усё больш і больш запаланялі і празаічныя, і зарыфмаваныя творы гэтакага кшталту – крыклівыя, не абцяжараныя доказамі, але поўныя гневу праведнага і патрабаваньняў невядома да каго прымаць неадкладныя меры. Нехта разумны сказаў, што сатыра і гумар канчаецца там, дзе апелююць не да сьмеху як вышэйшай інстанцыі, а да міліцыі, райкаму партыі. Гэтыя творы належалі пяру пераважна неспрактыкаваных пачаткоўцаў ды графаманам-халтуршчыкам, але сёй-той і з сапраўдных пісьменьнікаў пад уплывам агрэсіўнай публіцыстыкі пачаў міжволі атаясамліваць сатыру з моцным, рэзкім слоўцам, крыўдаваў, калі “Вожык” не хацеў друкаваць.

Першым чынам новы галоўны рэдактар пастараўся аднавіць ці актывізаваць супрацоўніцтва з “Вожыкам” такіх майстроў слова з тонкім адчуваньнем прыроды камічнага, народнага гумару, як Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, Павел Місько, Алесь Петрашкевіч, Нэля Тулупава, Васіль Зуёнак, Генадзь Бураўкін, Уладзімір Паўлаў, Аляксандр Капусьцін і іншыя, стварыць умовы, каб вакол часопісу гуртаваліся таленавітыя мастакі-карыкатурысты, фельетаністы. Але па вялікім рахунку час працаваў не на сатыру і гумар, хоць і сьмелы, вясёлы, дасьціпны “Вожык”, дзеля чаго выкладваліся спаўна і нашыя супрацоўнікі, і няштатныя аўтары, набываў аўтарытэт і папулярнасьць. За першы ж год ягоны наклад вырас больш як на 50 тысячаў экземпляраў, а галоўнае – заявіў пра сябе як адно з лепшых, найбольш прафесійных сатырычна-гумарыстычных выданьняў на прасторы СССР (іх мелі ўсе саюзныя і аўтаномныя рэспублікі). Надрукавацца ў “Вожыку” лічыў за гонар кожны пісьменьнік, мастак, журналіст, што зьяўлялася адзнакай высокай якасьці, прафесіяналізму і нават прэстыжу. Памятаю, напісаў для нас адзін з народных пісьменьнікаў. Мякка кажучы, атрымалася так сабе, ніжэй сярэдняга – і па гумары, і па мове, і па стылю. Яно і зразумела: важны аўтар практычна ніколі не зьвяртаўся да сатырычна-гумарыстычных жанраў. На старасьці ж гадоў заўважыў, што гэта недаравальны для класіка прагал у творчай біяграфіі: практычна ўсе народныя – і Купала з Коласам, і Броўка, Танк, Панчанка, Лынькоў, ня кажучы пра Крапіву, і Шамякін з Макаёнкам, і Брыль, Быкаў, Барадулін, Гілевіч пісалі сатыру і гумар, выдалі па адной, а то і па некалькі вясёлых кніжак, а ён застаецца на абочыне любімых у народзе жанраў. Прызнаўся, што рашыў адкласьці ўсё ў бок і неадкладна навярстаць упушчанае – пісаць гумарэскі, сатырычныя апавяданьні, падрукавацца ў часопісе, а як набярэцца на кіжачку, выдацца ў “Бібліятэцы “Вожыка”. Не надрукаваць такога паважанага і амбітнага аўтара, які мог з трыбуны пісьменьніцкага зьезу на поўным сур’ёзе задаць пытаньне зале: прашу падняць рукі, хто піша лепш за мяне, сьмяртэльна пакрыўдзіць, сказаўшы праўду, што ў сэньсе гумару яму трошачкі мядзьведзь на вуха наступіў, канечне ж, я не асьмельваўся, як і ня мог апускаць прэстыж высокага званьня “народны”, а найперш – дык часопісу, таму, расхваліўшы ягоную “сур’ёзную” прозу, папрасіў дазволу трохі прайсьціся рэдактарскім алоўкам, паколькі ў яго сям-там не праглядваецца вожыкаўская сьпецыфіка. Ён пагадзіўся пры ўмове, што да апошняй папраўленай косачкі ўзгадню з ім. Я добрасумленна прайшоўся па тэксьце, перадрукаваў на машынцы і чысьценькі арыгінал перадаў аўтару. Той ці не заўважыў, ці ўбачыў, што насамрэч стала лепш, і ўсё прыняў, як належнае. Пасьля публікацыі, праўда, расказвалі, што на пахвальныя водгукі сьціпла, са скрухай у голасе заўважаў: хм, пабачылі б вы, якое было, пакуль не пакалечылі ў рэдакцыі!.. Праўда, што там было, сьціпла змоўчваў. А рыхтуючы рукапіс кніжкі да друку, не вярнуўся ні да аднаго свайго ранейшага неадрэагаванага тэксту, хоць я шматзначна і намякнуў яму, што волен правіць, як захоча і што пажадае... (...)

Але грэх было б наракаць на свой лёс. Калі наракаць, то толькі на самога сябе. Лёс пакуль што быў літасьцівы, спрыяльны і ласкавы да мяне. Ён зводзіў пераважна з цікавымі, добрымі і шчырымі людзьмі, хто куды часьцей падстаўляў мне локаць і сваю плячо, чым падножкі. Тое ж было і ў “Вожыку”. Калектыў, дзе трымаліся традыцыі, закладзеныя яшчэ Кандратам Крапівой і памножаныя Уладзімірам Корбанам, адразу ж прыняў мяне як свайго, хоць прыйшоў да іх як партакрат, якіх тады недалюблівалі. Мо таму, што ня быў навічком у сатыры і гумары, а мо таму, што насуперак чуткам нібыта новы рэдактар мае прамое заданьне грунтоўна ператрэсьці калектыў, прыцягнуць сваіх людзей, ня звольніў нават кіроўцу, які здаў былога рэдактара міліцыі, што мне настойліва рэкамендаваў зрабіць Пячэньнікаў. І добра, што не паслухаўся. Саша аказаўся вельмі добрым і прыстойным хлопцам, з ім мы адпрацавалі дружна амаль дзесяць гадоў, аж пакуль са шчымлівым сэрцам адпусьціў яго на больш грашавітую работу – трэба ж карміць сям’ю. А ўвогуле за ўсе гады па сваёй ініцыятыве я ня звольніў ніводнага чалавека. Са многімі ветэранамі, якія прыйшлі яшчэ пры Корбане, як Майя Вінакурава, Галіна Афанасьева, Валянціна Шуст, адпрацаваў разам усе свае чатырынаццаць гадоў. Сярод іх, канечне ж, Уладзімір Правасуд, самы ветэраністы вожыкавец, прыроджаны гумарыст і сатырык, якому падуладны ўсе без выключэньне сатырычна-гумарыстычныя жанры, на жаль, здаецца, сёньня адзіны і, магчыма, апошні байкар у нашай беларускай літаратуры. З ім мы адначасова пайшлі з “Вожыка”. Уладзімір Рыгоравіч заўсёдны завадатар і арганізатар вясёлых сяброўскіх вечарынаў ветэранаў-вожыкаўцаў нашага прызыву, дзе ўволю адводзім душу, жартуем, рагочам, як колісь у былыя гады.

Праўда, жыцьцё ёсьць жыцьцё – нехта сыходзіў з калектыву, нехта прыходзіў. Прычыны былі розныя: адны ачувалі, што ня могуць адольваць высокую творчую планку, другія ішлі на вылучэньне, трэція заводзілі сваю справу, кідаліся ў камерцыю, пятыя шукалі больш спакойныя і грашавітыя месцы, шостыя, як Леанід Гаўрылкін, заўчасна адыходзячы назусім, сёмыя, як загадчык аддзелу фельетонаў Іван Самахвалаў, дык увогуле па экзатычных прычынах...

На жаль не заўсёды на месца тых, хто пакідаў “Вожык”, удавалася знаходзіць дастойную замену. Але найперш – маладым і таленавітым мастакам-карыкатурыстам Анатолю Гармазе і Аляксандру Каршакевічу, роўных якім у рэспубліцы проста не было. Яны з маладой саманадзейнасьцю ўзяліся за выданьне сваіх гумарыстычных газет з аўдыторыяй на ўвесь тады яшчэ існуючы Саюз, а потым на Расейскую федэрацыю, аднак прадпрыемства не прынясло ім ні лаўраў, ні належных дывідэнтаў. Каршакевіч неўзабаве вярнуўся ў “Вожык”, дзе я зрабіў яго адказным сакратаром, а потым зьбег ад майго пераемніка мастаком-афармляльнікам да Зіновія Прыгодзіча ў “Гаспадыню”. Гармаза ж аказаўся больш удачлівым – стаў генеральным дырэктарам, выдае некалькі дзіцячых, забаўляльных, хадавых у хатніх гаспадыняў кулінарных газет. Але абсалютная бальшыня тых, хто папаўняў кагорту вожыкаўцаў, аказваліся на вышыні, прыўносілі ў часопіс нешта сваё, адметнае. Сярод іх былі яркія асобы і таленты, як Генадзь Бураўкін, Нэля Тулупава, Валянцін Жвалеўскі, Павел Шаўчук і іншыя. Людзі мяняліся, а традыцыі заставаліся, умацоўваліся, разьвіваліся, аж пакуль мой пераемнік не разагнаў практычна ўсіх, аж да машыністкі, карэктаркі, тэхрэда, хто працаваў пры мне, Раманаве, Корбане...

Горка, канечне, што “Вожык, якому аддадзена столькі душэўных сілаў і ўвесь творчы імпэт, дакаціўся да творчага ўпадку, поўнага выпаданьня іголак і 2-тысячнага накладу. Адно суцяшэньне, што для гісторыі і нашчадкаў засталіся камплекты “Вожыка” з адбіткамі нашага часу, нашых справаў. І яшчэ я і мае калегі ў “Вожыку” мелі безьліч шчасьлівых дзён, вялікую маральную задаволенасьць і чалавечую радасьць. Хоць бы тым, што робім насамрэч народны часопіс, аб чым сьведчыў і наклад амаль у трыста тысячаў экземпляраў, і дзесяткі тысячаў чытацкіх пісьмаў. А найперш тым, што вельмі часта ўдавалася дапамагаць людзям, якія ў пошуках праўды і справядлівасьці адчайна зьвярталіся да “браткі Вожыка” як да апошняй інстанцыі, безвынікова абстукаўшы дзьверы ад мясцовага брыга­дзіра і старшыні калгасу да ЦК КПСС і Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў. І яшчэ раз пераконвацца, наколькі магутная зброя ў нашых руках – сьмех, якога і насамрэч баяцца нават тыя, хто ўжо нічога не баіцца. Пасланае на рэагаваньне пісьмо з просьбай паведаміць аб прынятых мерах ці выезд карэспандэнта “Вожыка” на месца часта ў імгненьне вока разьвязвалі праблемы, ад якіх гадамі адбіваліся, вядучы бюракратычныя гульні, адстойваючы нейкія свае неразумныя амбіцыі. Практычна працэнтаў дзевяноста пасланых на рэагаваньне чытацкіх лістоў і надрукаваных матэрыялаў рашаліся мясцовымі кіруючымі органамі станоўча. Напачатку я нават дзівіўся гэтаму, ведаючы, што ня больш 15 працэнтаў дасланых у ЦК пісьмаў і скаргаў рашаецца на карысьць заяўнікаў, аж пакуль неяк не прыехаў у рэдакцыю адзін з герояў фельетону з надрукаваным на афіцыйным бланку і ў дадатак завераным пячаткай рэагаваньнем. На маё пытаньне, чаго ехаў у такую далеч аж з Брэсцкай вобласьці, калі рэагаваньне можна было паслаць поштай, ён адказаў, што хацеў даведацца, ці задаволіць яно рэдакцыю і ня дай бог, каб выступілі і расчахвосьцілі яшчэ раз. Пацікавіўся: а чаго ж вы так баіцеся? Ён шчыра прызнаўся, што куды лепш атрымаць страгача па партыйнай лініі, пазбавіцца колькі акладаў па лініі народнага кантролю, падвернуцца крытыцы хоць у “Правде”, чым во гэтак выстаўленым на ўсеагульнае пасьмешыча ў “Вожыку”, ды яшчэ з малюнкамі. Малы ўнук тыцкае пальчыкам: дзедзя, гэта – ты...

Мне пашчасціла і знутры, і звонку назіраць няўмольную хаду працэсаў, якія карэнным чынам – і да лепшага, і да горшага – мянялі нашае жыцьцё, нашыя думкі, нашую псіхалогію, грамадства ўвогуле. У прыватнасьці, як паступова і няўхільна адольвала “кіруючую і накіроўваючую” тэарэтычная і духоўная немач, прагрэсіравала дэгрэдацыя ейных арганізацыйных асноваў і кадравай палітыкі, катастрафічна падаў аўтарытэт і давер і да самой партыі, а найперш – да ейных структураў і кіруючых кадраў... Тое, што пасьля сьмерці Машэрава кіраваць рэспублі­кай паставілі не ягонага натуральнага пераемніка такога ж харызматычнага Аксёнава, а прыслалі з Масквы Кісялёва, у шэрагах рэспубліканскай наменклатуры было ўспрынята без вялікага энтузіязму, але з пэўным разуменьнем: Машэраў у свой час абыйшоў Кісялёва – у адпаведнасьці з наменклатурнай субардынацыяй крэсла кіраўніка рэспублікі мусіў заняць старшыня Саўміну, а не другі сакратар ЦК. Для суцяшэньня Кісялёва забралі ў Маскву, і усё паставілі на сваё месца. Але Кісялёў усё ж асоба, хоць не таго маштабу, як Машэраў, але асоба. А калі неўзабаве пасьля сьмерці Кісялёва з Масквы прыслалі Сьлюнькова, якога ня так даўно не зацьвердзілі нават старшынёй рэспубліканскага Дзяржплану, было ўспрынята як ледзь ці не абраза. Як і варта было чакаць, былыя машэраўцы трапілі ў апалу, а галоўныя дзеючыя асобы таго колішняга незацьверджаньня аказаліся ў ссылцы – старшыня Саўміну Аксёнаў паслом у Польшчы, а другі сакратар ЦК Барташэвіч аж у Паўночнай Карэі, дзе з-за неспрыяльнага геаграфічнага, дый палітычнага клімату цяжка захварэў і памёр у зусім яшчэ маладыя гады. Сьлюнькоў быў чалавек жорсткі, аўтарытарны, аддаваў перавагу не партыйна-палітычным, а прагматычным гаспадарча-распарадчым метадам кіраваньня, было ўражаньне, што ён уяўляе рэспубліку адным вялікім заводам, за што, мусіць, і атрымаў памянёную ўжо мянушку дырэктар ЦК.

Пачынаючы з Панамарэнкі (Патолічаў, Мазураў, Машэраў, дый Кісялёў) першыя асобы рэспублікі былі прыроджанымі лідэрамі, самабытнымі яркімі асобамі. Сьлюнькоў такім ня быў. Ён проста быў дысцыплінаваным выканаўцам, неблагім арганізатарам і, кажучы сёньняшняй фразеялогіяй, кваліфікаваным менеджэрам. Кіраўнікі без лідэрскіх задаткаў выдатна пачуваюць сябе ў стандартных сітуацыях. У нестандартных губляюцца, ня ўмеюць уздымацца над абставінамі, рызыкаваць, браць на сябе ініцыятыву і асабістую адказнасьць. На сумленьні Слюнькова грубейшыя пралікі, перш за ўсё ўтойваньне страшнай праўды ў першыя дні катастрофы на Чарнобыльскай АС, без якіх наступствы і вынікі бяды маглі б быць не такімі цяжкімі. Як дысцыплінаваны выканаўца ён ня мог аслухацца, узяць на сябе адказнасьць, асьмеліцца запярэчыць маскоўскім патронам... Апошняе, мусіць, было належным чынам ацэнена, бо неўзабаве апынуў ў Крамлі поўным членам Палітбюро і стаў курыраваць усю эканамічную палітыку краіны.

Мне яго дык нават шкада. Нейкім неверагодным чынам у ягонай душы ўжываліся бязьлітасная, ледзь ці не садысцкая жорсткасьць да падначаленых яму людзей і мяккая сьветлая лагода, дабрыня, якімі свяціўся ягоны суровы, змрочны твар, як толькі пачынаў стасункі і забавы з унукамі, што я і суседзі маглі назіраць – вялізны непаваротлівы чорны членавоз даволі часта дастаўляў яго ў наш двор на Пуліхава, дзе ў другім пад’езьдзе жыла дачка з зяцем. Другая ягоная дачка была замужам у Маскве за добрым рускім паэтам, беларусам па паходжаньні Пятром Кошалем, які першы больш-менш поўна пераклаў і выдаў у Маскве ледзь ці ня ўсю літаратурную спадчыну Алаізы Цёткі. Маючы зяцем пісьменьніка, Мікалай Мікітавіч, пэўна, проста ня мог ня ставіцца без павагі і ўвагі да творчых людзей і іхняй працы. Пятро працаваў тады ў “Советском писателе”, спрыяў, каб найбольш таленавітае ў беларускай літаратуры патрапляла ў выдавецкія планы, даволі часта наведваўся ў Менск і па службовых справах, і так сабе, наведаць радню, але заўсёды больш часу бавіў у сябрынах з тымі пісьменьнікамі, якія ня мелі звычкі нешта прасіць ці патрабаваць, чым з цесьцем і цешчай. Маскоўскіх унукаў Сьлюнькоў любіў ня менш, чым менскіх, аднак, калі ўсё рухнула, пакінуў раскошныя маскоўскія апартаменты, як і многія маскоўскія беларусы, перабраўся ў Менск, купіў кватэру ў былым так званым андатравым гарадку па Пуліхава, дзе ўжо амаль не засталося ранейшых насельнікаў, якія з карысьцю для сябе скарысталі ўсчаты новымі гаспадарамі жыцьця ажыятаж чаго б там ні каштавала пасяліцца ў дамах, дзе жыла партыйная эліта. Неўзабаве, праўда, даўмелі, што тутэйшы камфорт і пасьля перапланіровак, самага крутога еўрарамонту і блізка ня можа параўняцца з харомамі, што сталі ўзводзіць для тых, у каго куры грошай не клююць, і пацягнуліся да прэстыжнага ўльтракамфорту. Зараз, жывучы ў суседніх дамах, мы сяды-тады бачымся з Мікалаем Мікітавічам – ці то ў чарзе на пошце, дзе, не згаворваючыся, у адзін час плаціць камунальныя паслугі, ці дзе-небудзь на вуліцы ў час ягоных прагулак, на якія пасьля трэцяга інфаркту часта ходзіць у суправаджэньні жонкі, ці ў магазіне, цырульні альбо ля ягонага прыстаўленага да некалькіх іншых гаражу з ліставога жалеза па шляху да аўтобуснага прыпынку па вуліцы Захарава, які надта ж упадабалі аматары графіці, пішуць і крамольна-палітычнае кшталту “пара ўбіраць”, і нейтральнае хэві-металаўскае, і засьведч­ваюць пралетарскія мацюкі, а ўсё гэта гаспадару даводзіцца змываць, сьціраць, зафарбоўваць. Прыязна паздароўкаемся, звычайна, пастаім-пагамонім, іншы раз правакую яго прыгадваць былое, але часьцей пра сёньняшнія клопаты і праблемы, у ацэнцы якіх ён заўсёды крайне асьцярожны і абачлівы. Гляджу на яго і ня верыцца, што ня так даўно партрэты гэтага чалавека насілі на сьвяточных дэманстрацыях, ад Курыл да Брэста вывешвалі на фасадах адміністратыўных будынкаў, а сам ён помахам рукі вітаў народ з трыбуны Маўзалею. Нехта са старэйшых пазнае яго, пачціва здароўкаецца, альбо абыходзіць ці адварочвае галаву, а бальшыня, здаецца, найперш маладзейшыя, дык і не здагадваюцца – дзядок як дзядок...

Поделиться:
Популярные книги

Дядя самых честных правил 7

Горбов Александр Михайлович
7. Дядя самых честных правил
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
аниме
5.00
рейтинг книги
Дядя самых честных правил 7

Хозяйка старой усадьбы

Скор Элен
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
8.07
рейтинг книги
Хозяйка старой усадьбы

Кодекс Охотника. Книга X

Винокуров Юрий
10. Кодекс Охотника
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
6.25
рейтинг книги
Кодекс Охотника. Книга X

Шатун. Лесной гамбит

Трофимов Ерофей
2. Шатун
Фантастика:
боевая фантастика
7.43
рейтинг книги
Шатун. Лесной гамбит

Proxy bellum

Ланцов Михаил Алексеевич
5. Фрунзе
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
4.25
рейтинг книги
Proxy bellum

Последний попаданец 2

Зубов Константин
2. Последний попаданец
Фантастика:
юмористическая фантастика
попаданцы
рпг
7.50
рейтинг книги
Последний попаданец 2

Средневековая история. Тетралогия

Гончарова Галина Дмитриевна
Средневековая история
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
9.16
рейтинг книги
Средневековая история. Тетралогия

Дворянская кровь

Седой Василий
1. Дворянская кровь
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
7.00
рейтинг книги
Дворянская кровь

Дайте поспать! Том IV

Матисов Павел
4. Вечный Сон
Фантастика:
городское фэнтези
постапокалипсис
рпг
5.00
рейтинг книги
Дайте поспать! Том IV

Запределье

Михайлов Дем Алексеевич
6. Мир Вальдиры
Фантастика:
фэнтези
рпг
9.06
рейтинг книги
Запределье

Совок 4

Агарев Вадим
4. Совок
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
6.29
рейтинг книги
Совок 4

Идеальный мир для Лекаря 8

Сапфир Олег
8. Лекарь
Фантастика:
юмористическое фэнтези
аниме
7.00
рейтинг книги
Идеальный мир для Лекаря 8

Жандарм 3

Семин Никита
3. Жандарм
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
аниме
5.00
рейтинг книги
Жандарм 3

Мастер 3

Чащин Валерий
3. Мастер
Фантастика:
героическая фантастика
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Мастер 3