Брама неўміручасці
Шрифт:
Варакса. Пэўныя думкі аб няпэўнай справе.
Дабрыян. Што вы маеце на ўвазе?
Варакса. Я маю на ўвазе нязбытныя мары… Такія, як ваша неўміручасць, Барыс Пятровіч.
Дабрыян. Паколькі яна мая, дык гэта ўжо не мара. Але я думаю, што яна не толькі мая.
Абадоўскі. Гэта як той Месяц. Пакуль на яго глядзелі здалёк ды марылі аб нябесных яснотах і вечным блажэнстве, дык ён здаваўся такім прывабным, а як дасягнулі…
Варакса. Хвала вам і слава, Барыс
Бабровіч. I эканоміка.
Дабрыян. Усё гэта ёсць, дарагія таварышы, але ж ёсць і людзі, якія гэтыя праблемы вырашаюць. Аляксандр Паўлавіч, сацыялогія, псіхалогія — гэта па вашай часці.
Варакса. Хадзіў, ездзіў. Быў у розных калектывах. I пераканаўся: тое, што мы прапанавалі,— несправядліва і амаральна. Бар‘ер неўміручасці падзяліў людзей на лепшых і горшых. А тым часам сярод гэтых «горшых» ёсць нямала не горшых за тых «лепшых». Ды і тыя, што цяпер сапраўды горшыя, яшчэ могуць стаць лепшымі. Але брама неўміручасці для іх зачынена назаўсёды.
Адамейка. «Дык нашто мне тады старацца лепшым быць?» — скажа каторы несвядомы.
Варакса. Бар‘ер гэты прайшоў па гарадах і вёсках, па калектывах і сем‘ях, падзяліў бацькоў з дзецьмі, мужоў з жонкамі, парэзаў сувязі сяброўства і кахання.
Дабрыян. Дык што ж, па-вашаму, трэба рабіць?
Варакса. Не ведаю. Мае праблемы… Не мае, вядома. Я хачу сказаць, што праблемы этыкі, маралі — гэта праблемы другасныя. Яны з‘яўляюцца вынікам таго, што неўміручасці на ўсіх не хапае.
Дабрыян. Гэта мы ўжо ўстанавілі.
Варакса. Значыць, мімаволі прыходзіцца дзяліць усё грамадства на лепшых і горшых. А гэта несправядліва, гэта крыўда і абраза для пераважнай большасці нашага грамадства.
Абадоўскі. Лічыце — чалавецтва. Сённяшняя наша праблема заўтра стане агульначалавечай.
Кудрыцкая. Страшна падумаць, як там будуць дзяліць на лепшых і горшых.
Генка. Я думаю, што ліцэнзій на неўміручасць мы ракфелерам прадаваць не будзем.
Абадоўскі. На манаполію разлічваеце? Для навуковых ідэй няма непраходнай мяжы.
Бабровіч. Не будзем вырашаць за ўвесь свет. Мы вось у сябе дома не можам вырашыць. Аляксандр Паўлавіч супроць бар‘еру. Дык што ж — зняць бар‘ер? Валі ў неўміручасць, хто хоча! Тады не толькі вады і яды, паветра не хопіць. Месца на зямлі не хопіць, каб сесці ці стаць. А ўрэшце, я ўжо гаварыў пра гэта.
Кудрыцкая. Барыс Пятровіч, а можа, усё-такі неабавязкова, каб жанчыны раджалі раз у чатыры гады?
Дабрыян. Вядома, неабавязкова, Клаўдзія Пятроўна. Толькі тады неўміручасці я ім не гарантую.
Бабровіч. Калі вы не гарантуеце, дык кожная сама пастараецца застрахаваць сябе ад смерці.
Адамейка. Вядома. «Лепш сто разоў нарадзіць, чым раз памерці», — скажа каторая несвядомая.
Кудрыцкая. Гэта вы не пробавалі, дык вам здаецца.
Адамейка. У мяне хатнюю работу жонка робіць.
Абадоўскі. Ну, дапусцім, таварышы. Дапусцім, што ім не трэба будзе раджаць. Што яны і так будуць неўміручыя. Дык што з гэтага выйдзе? Выйдзе тое, пра што я ўжо гаварыў мінулы раз: індывідуум возьме верх над відам і спыніцца абнаўленне роду людскога. Мы забяспечым сабе вечнае жыццё за кошт яго вечнага абнаўлення. За кошт наступных пакаленняў, якія маглі б з‘явіцца на свет, але не з‘явяцца, бо мы іх асудзілі на небыццё дзякуючы свайму эгаізму.
Дабрыян. Дык выходзіць, што…
Абадоўскі. Выходзіць, Барыс Пятровіч, што вы ўмярцвілі смерць, а мы павінны ўмярцвіць жыццё, будучыню чалавецтва.
Дабрыян. Дык што вы хочаце сказаць? Выхад, выхад які?
Абадоўскі. Не трэба забіваць смерць — вось што я хачу сказаць. Усё жывое памірае, і ўсё аднаўляецца для новага жыцця. Гэта няўхільны закон прыроды, і чалавек не з‘яўляецца выключэннем. Смерць — гэта неабходная ўмова вечнага абнаўлення. Не забівайце смерць. Няхай яна жыве.
Адамейка. «Няхай жыве смерць!..» (Аглянуўся — усе, уражаныя, маўчаць. Ніхто яго не падтрымлівае.) — скажа каторы несвядомы…
Абадоўскі. Так! Няхай жыве смерць!
Усе ўсхопліваюцца.
Генка (хапаецца за галаву). Мама мая!
Кудрыцкая. Божа мой! Што вы такое гаворыце!
Бабровіч. Вось гэта вырашэнне праблемы!
Дабрыян. Значыць, я… Значыць, уся мая праца… Усё маё жыццё…
Наташа (увайшоўшы, яна нейкі час наглядае сцэну. Пасля, трымаючы за хвост, нясе нежывога пацука і кладзе на стол). Пацук здох.
Дабрыян (пасля паўзы). Як гэта здох?
Маўчанне. Усе анямелі.
Наташа. А так… Узяў ды здох.
Генка. Ты яго атруціла!
Наташа. Ускрый, правер.
Варакса. Таварышы! Што ж гэта такое?
Дабрыян. Пачакайце! Як жа гэта ён — жыў, жыў, ды здох?
Наташа. А я іх мяняла. Адзін здохне — я яго выкіну ў віварый, а адтуль другога бяру.
Нехта стрымана зарагатаў, за ім — другі, і ўжо разлягаецца нястрыманы рогат. Барыс Пятровіч абхапіў галаву рукамі.
Генка (крычыць). Няпраўда! Яна хлусіць!