Чалавек на лаўцы (на белорусском языке)
Шрифт:
– I што гэта даказвае?
– У мiнулую суботу ты зноў паставiў буйную суму.
– А што вы скажаце пра багацеяў, якiя ставяць мiльён на аднаго каня?
– Адкуль у цябе грошы?
– У мяне жонка працуе.
– Кiм?
– Прыбiральшчыцай.
– Смяешся з мяне?
– Пан Мэгрэ, я б сабе такога нiколi ў жыццi не дазволiў!
– Хочаш пацягнуць час?
– Самi разумееце, мне спяшаць няма куды.
– А я табе ўсё-такi скажу: дрэнныя твае справы. Некалькi чалавек бачылi цябе з панам Луi, справай якога мы цяпер займаемся.
–
– Можа быць. Але яшчэ два з паловаю гады назад, два з паловаю, Джэф, ён не меў працы i клаў зубы на палiцу.
– Ведаю я гэтую палiцу!
– уздыхнуў Джэф.
– Сам на яе зубы клаў - не раз.
– Ты, напэўна, жыў за кошт Франсуазы, а Турэ пазычаў у сяброў.
– Яшчэ адзiн доказ таго, што свет не без добрых людзей.
Мэгрэ не надта зважаў на блазенства Шрамэка, а расстаўляў спакваля свае непрыкметныя на пачатку пасткi.
– I вось аднаго дня вы раптам разбагацелi. Расследаванне дакладна ўстановiць гэтую дату.
– У мяне на даты дрэнная памяць.
– I вось з таго часу ты то робiш буйныя стаўкi, то п'еш у крэдыт. Вы, зразумее i дурань, добра засвоiлi спосаб здабычы грошай, але не пастаянны. Мы зоймемся гэтым пытаннем пазней.
– Шкада. Я б хацеў адразу ж уведаць, што гэта за спосаб.
– Хутка ты перастанеш смяяцца. Паўтараю, у суботу ў цябе былi вялiкiя грошы, але ты спусцiў iх за некалькi гадзiн. А ў панядзелак у тупiку на бульвары Сэн-Мартэн забiлi твайго падзельнiка.
– Для мяне гэта вялiкая страта.
– Ты ведаеш, што такое суд прысяжных?
– Да яго я яшчэ не даходзiў.
– Дык вось, прысяжныя - людзi, з якiмi няварта жартаваць, асаблiва такому чалавеку, як ты, з такой судовай анкетаю. Ты маеш усе шанцы, што яны прызнаюць цябе адзiным чалавекам, якi ведаў, чым займаўся пан Луi, дзе хадзiў, i давядуць, што забiць яго было ў тваiх iнтарэсах.
– Значыцца, яны будуць iдыётамi.
– Вось i ўсё, што я хацеў табе сказаць. Цяпер палова першай. Пакуль што мы тут удвух. У гадзiну дня вернецца суддзя Камельё, i я яго сюды запрашу.
– Гэта такi нiзенькi, чарнявы, з вусамi шчоткаю?
– Ён самы.
– Сустракалiся некалi. Злы дзядзька. Напэўна, пастарэў... Скажыце, калi ласка, а маладзейшага вы не знойдзеце?
– Ты маеш амаль гадзiну.
Шрамэк уздыхнуў.
– Цыгарэты ў вас не будзе?
Мэгрэ адчынiў шуфляду i працягнуў яму пачак i запалкi.
– А выпiць у вас што-небудзь ёсць?
– Гаварыць будзеш?
– Яшчэ не ведаю. Я ўсё думаю, цi ёсць у мяне што-небудзь такое, каб вам распавесцi.
Мэгрэ падышоў да дзвярэй i крыкнуў:
– Люка! Будзь ласкавы, схадзi на набярэжную Вальмi i прывядзi сюды панi Франсуазу Бiду. Яна жыве...
– Не трэба, камiсар!
– адразу ж закруцiўся Акрабат на крэсле.
– Гаварыць будзеш?
– Мне б хоць калiва глынуць...
– Чакай, Люка, мы тут яшчэ сёе-тое высветлiм... Дык ты, Шрамэк, жонкi баiшся?
– Вы ж абяцалi мне глыточак?
Мэгрэ выняў пляшку каньяку, налiў крыху ў шклянку.
– Дык я адзiн буду пiць?
– Расказвай.
– Задавайце пытаннi.
– Дзе ты пазнаёмiўся з Турэ?
– На лаўцы бульвара Бон-Нувэль.
– Як?
– Ну, як зазвычай знаёмяцца на лаўках. Пагаманiлi пра надвор'е...
– Гэта было гады два з паловаю назад?
– Прыкладна. Я гэты дзень у календары не адзначаў. А потым зноў сустрэлiся на гэтай самай лаўцы. Ён, вiдаць, быў рады, што ёсць з кiм пагаварыць.
– Ён сказаў, што застаўся без працы?
– З часам ён мне ўсё распавёў: i як працаваў дваццаць пяць гадоў на адным месцы, i як закрылi раптам фiрму, i як баяўся прызнацца жонцы, што застаўся без працы, як падманваў яе, што працуе ў той самай фiрме. Жонка ў яго, дарэчы, паганая. Здаецца, ён мне першаму ўсё гэта i расказаў. Яму нават лягчэй стала.
– Ён ведаў, хто ты такi?
– Я сказаў, што працаваў раней у цырку.
– А потым?
– А што вас, уласна кажучы, цiкавiць?
– Усё.
– Перш чым гаварыць далей, зазiрнiце, калi ласка, яшчэ раз у мае справы, падлiчыце мае ходкi. Я б хацеў прыкiнуць, цi не вышлюць мяне ў Гвiяну*. Нешта не цягне туды...
* Гвiяна Французская - заморскi дэпартамент Францыi. Месца катаргi.
Мэгрэ паглядзеў.
– Калi ты не забiваў, то можаш сесцi яшчэ два разы.
– Я так i думаў. Толькi не быў упэўнены, што нашы разлiкi супадуць.
– Крадзёж?
– Трохi больш складаней.
– Хто прыдумаў?
– Ён, вядома. Я не такi разумны. А яшчэ крыху плiснеце?
– Пасля.
– О, мне доўга расказваць, прыйдзецца спяшаць.
Мэгрэ налiў глыток.
– Па сутнасцi, усё пачалося з лаўкi...
– Што ты маеш на ўвазе?
– А тое, што, бавячы ўвесь час на адной i той самай лаўцы, пан Луi пачаў назiраць, што ж наўкол адбываецца. Вы ведаеце краму дажджавiкоў на бульвары?
– Ведаю.
– Дык вось, лаўка, на якой пан Луi зазвычай сядзеў, была якраз насупраць гэтай крамы. Так што ён мiжволi ўведаў усе iхнiя парадкi, звычкi прадаўцоў... Тут яму i прыйшла ў галаву думка. Калi днямi няма чаго рабiць, дык усялякiя планы самi па сабе з'яўляюцца, няхай сабе i невыканальныя. Ну, ён мне аднойчы i распавёў, каб забавiць час хiба што: народу ў краме заўсёды поўна, дажджавiкоў гэтых самых - процьма, усюды навешаны-навалены, i на першым, i на другiх паверхах, а злева ад крамы, як амаль заўсёды ў гэтым квартале, тупiчок, праходнiк. Намаляваць?
– Не зараз. Расказвай.
– Дзiўная, кажа мне, справа: як гэта нiхто яшчэ не абакраў гэтую краму? Гэта ж так проста!
– Уяўляю, як ты тады напяўся!
– Ведама ж, зацiкавiўся. У абед, кажа ён мне, выходзяць апошнiя пакупнiкi, i прадаўцы iдуць есцi. Гаспадар таксама. Гэты адыходзiць апошнi i зачыняе дзверы. I калi хто-небудзь з наведнiкаў застанецца ўсярэдзiне?.. Думаеце, немагчыма?.. Я i сам так думаў. Але ж ён ужо добра ведаў, што, перад тым як пайсцi на абед, прадаўцы нiколi нiчога не правяраюць. А дажджавiкоў - процьма. Кемiце?.. Схавацца ў iх - вось i ўся работа.