Час чумы
Шрифт:
Яна зноў і зноў прасіла яго расказаць пра радзіму. У ціхіх просьбах не было нават водценю колішняй уладнасці, і гэта рабіла ягоны боль яшчэ вастрэйшым.
Ён апавядаў пра доўгую марозную зіму і дуйкі, што заносяць бацькаў дом вышэй вокнаў, пра тое, як аднае раніцы ён адкапаў ад дзвярэй снег і, выбраўшыся на падворак, убачыў на замеценай да самага вільчака страсе трох ваўкоў. Яна слухала, як разліваецца ўвесну Нёман і як буслы збіраюцца перад выраем у чароды і, кругамі набіраючы вышыню, падымаюцца так высока,
— Мы паедзем туды, і ты ўсё гэта ўбачыш, — казаў ён, папраўляючы падушку.
— І я ўсё гэта ўбачу, — гаварыла Франчэска, і вочы яе глядзелі ўдалеч, нібы яна ўжо бачыла далёкую зямлю, дзе ён нарадзіўся.
— Я навучу цябе страляць з лука і хадзіць на іртах…
Ён сам трапляў у палон свайго ўяўлення, і яны з Франчэскаю пазіралі на вясёлы агонь у грубцы і моўчкі слухалі, як шалеюць у коміне дэманы завірухі, або ішлі па цаліку на іртах-снегаступах. Франчэска была ў лёгкім белым кажушку з ірхою; яна ціха і шчасна смяялася, а воддаль, атрасаючы з галінаў зіхоткі снег, пералятала з хваіны на хваіну цікаўная сакатлівая сарока, за якой гнаўся яе блакітны цень…
І раптам сэрца абрывалася, і ён вяртаўся назад і замаўкаў. Але яна, відаць, баючыся цішыні, пыталася пра Кракаў, пра каралеўскі палац, і іхняя гульня ў будучыню працягвалася.
— Ты адрэкамендуеш мяне каралеве, — казала яна, і ён, нібыта каронны маршалак, дакляраваў, што зробіць гэта ў той самы дзень, калі яны прыедуць у сталіцу.
Часам Франчэска пачынала трызніць. Найчасцей яна клікала пакаёўку і загадвала ёй прынесці цаколі і бэзавую сукенку. Гусоўскі згадваў іхнюю першую размову, калі Франчэска была ў такой самай сукенцы, і яму хацелася верыць, што гэта не проста трызненне. Можа, раней ён быў несправядлівы да яе?
На чацвёрты дзень ёй зрабілася зусім блага. Франчэска ўжо маўчала, напэўна, ён было цяжка гаварыць. Але яна глядзела на яго і не адпускала ягонай рукі, і Гусоўскі ўзіраўся ў яе вочы, намагаючыся прачытаць там усё тое, што не маглі вымавіць яе асмяглыя вусны. Ён пакутаваў, што не можа зразумець застылага ў агатавых вачах здзіўлення. Мо перад ёю паўставалі ўжо нейкія іншыя, невідочныя сферы? Ці гэтае здзіўленне было яшчэ зямное і датычыла яго, Гусоўскага, нібыта яна толькі зараз упершыню ўбачыла яго?
Але вось яе вочы заплюшчыліся, і Франчэску агарнуў сон. Смерць забрала Эразма, а цяпер прыйшла па яе, каб ператварыць гэтую прыгажосць, гэтае зведанае, бясконца дарагое цела з сузор'ямі радзімак у спажыву чарвям.
Шукаючы нейкага апірышча, ён абвёў вачыма пакой. Позірк спыніўся на ацалелых Босхавых гравюрах. Яго скаланула. Малюнкі ажывалі, на іх пачынаўся таемны вусцішны рух. На сярэдняй гравюры шалёным намётам неслася па крузе фантастычная кавалькада, а праваруч разгаралася паланіца пажараў і ішлі ў наступ пачвары. Свет, у якім ён жыў, як ніколі раней, здаўся яму падобным да створанага
Рух на карцінах замёр, але пакутлівае пачуццё хаосу не міналася. У Гусоўскага з'явілася адчуванне, што ён трапіў у вялізныя цяжкія жорны, якія з кожным новым імгненнем усё глыбей зацягваюць яго ў сваё каменнае чэрава.
Ратуючыся, ён запаліў усе свечкі і вярнуўся да Франчэскі. Яе дыханне зрабілася рэдкім, адначасна з выдыхам з грудзей вырываўся хрыплаваты прысвіст. Ён маліўся, каб хоць у астатнюю хвілю Бог дазволіў ім паглядзець адно аднаму ў вочы. Смерць стаяла ўжо каля самага ложка. Яму здалося, што ён змеціў яе бледны прывід. Вось смерць нахілілася над Франчэскаю для апошняга пацалунка, і яна пачала задыхацца. Ён скінуў з Франчэскі коўдры і ўбачыў, як яе грудзі падняліся і ўжо не апусціліся. Яна разлучылася з душой, так і не расплюшчыўшы вачэй.
Свет вакол яго рушыўся. У гэтым свеце панавалі пачвары.
«Дзверы адчыненыя, можаш пайсці», — загарэліся ў свядомасці словы Сенекі.
Розум дзейнічаў успышкамі, у святле якіх уваччу ўзнікалі абліччы людзей, малюнкі рымскіх вуліц і храмаў.
І раптам ён убачыў зусім іншае. Бацькаў дом пад саламянай страхою, чарада дубоў, Нёман. І яшчэ сляды на плітах калумбарыя.
Божая маці, прачыстая Дзева Марыя, Чуеш імя сваё ў песні і бачыш, напэўна, Як затрымцела ад страху рука вершатворцы? Раб твой пакорлівы слёзную гэту малітву Шле да цябе, баючыся: а можа, не прымеш? О, заступіся за нас! Праз любоў к чалавеку Бацька наш Бог і абраў цябе сам, і паставіў Першай заступніцай люду, і ты заступіся!..Ён чытаў і не бачыў, што на парозе схлупілася купка ўзброеных людзей. Зыркае святло ў вакне прывабіла начны дазор. Вартавыя прынюхваліся да палыновага дыму і ніякавата аглядаліся. Хтосьці моўчкі паказваў на ложак з незварушнаю жанчынаю, не могучы зразумець: спіць тая ці ўжо заснула давеку? А ў пакоі ўсё мацней гучаў голас чалавека, што сядзеў пры стале з кнігамі.
— Ён моліцца, — прыслухаўшыся, сказаў нехта. Варта ўбачыла, як чалавек кінуў на стол нейкія паперы і чытаў далей па памяці.
— Яго апанаваў д'ябал, — са страхам прамовіў начальнік дазору, і ягоныя людзі, паспешліва жагнаючыся, зніклі ў мораку галерэі.
У насычаным смерцю паветры, над Франчэскаю, над цёмнымі вуліцамі Вечнага горада, дзе ўладарыла чума, гучаў Голас.
1986