Чтение онлайн

на главную

Жанры

Час чумы

Орлов Владимир Викторович

Шрифт:

Колькі гадоў таму папа ўжо спрабаваў сабраць крыжовы паход на асманцаў. У рымскіх саборах адпраўлялі імшу за поспех вайны, а сам папа, босы і з непакрытаю галавою, на каленях маліўся ў царкве Святых Апосталаў. На пляцах і ў храмах па ўсёй Эўропе стаялі жалезныя скрыні пад трыма замкамі, і беднякі кідалі туды свае астатнія дробныя манеты. Латэранскі царкоўны сабор быў узбунтаваны лістом імператара Максіміліяна, які дакляраваў вызваліць грэкаў. Але, здалёк пагражаючы мусульманам, імператар не спыняў войнаў з эўрапейскімі манархамі. Таму ніхто з іх не даў на крыжовы паход аніводнага ваяра, і пра той час нагадвалі цяпер адно сотні пашытых загадзя харугваў з партрэтамі папы і імператара ды страхалюднымі туркамі з чырвонымі ад хрысціянскай крыві шаблямі ў руках. Адна з тых харугваў вярэдлівым напамінкам пра адвечную нязгоду валадароў гэтага свету вісела навідавоку і ў пасольскіх апартаментах.

Але

сёння Эразму верылася ў лепшае. Дыпламатычныя перамогі ўжо блізка. Іхняй зарукаю будзе кардынальская мантыя, якую дапаможа атрымаць ліра Гусоўскага.

Вітэліус адчуў у душы нейкую няўтульнасць. У пасла з'явілася пачуццё вінаватасці перад сваім сакратаром, аднак ён заспакоіў сумленне тым, што ўзвышэнне мецэната не можа не спрыяць славе паэта, якім ён апякуецца. І сапраўды, хіба сённяшняя просьба папы — не цудоўны дарунак лёсу для іх абодвух і найперш, магчыма, якраз для Гусоўскага? Менавіта просьба, а не прыхамаць, бо яна будзе мець далёкія вынікі. Пісаць на заказ самога Лявона X! Вядома, папа — чалавек са сваімі вадамі, але мала хто так тонка ведае і адчувае паэзію. Хіба не ён меўся перанесці з Равены ў Фларэнцыю прах Дантэ, што раней хацелі спаліць як прах ерэтыка? І, бясспрэчна, перанёс бы, калі б — дзіўныя і вусцішныя твае справы, Божа! — калі б пахавальня ў царкве Сан Петра Маджорэ не аказалася пустой. Не, нездарма папа выславіўся як шчыры прыхільнік музаў і магутны мецэнат. Колькі паэтаў не пашкадавалі б і добрай часткі ўласнага жыцця, каб апынуцца цяпер на месцы Гусоўскага!

А маё сэрца яшчэ ўмее радавацца за бліжняга, думаў Вітэліус, назіраючы за ластаўкамі, якія ўжо вывелі птушанят і цяпер ад ранку да вечара напаўнялі прастору двара сваім імклівым лётаннем і шчабятаннем.

Пасол і ягоны сакратар былі аднагодкі, але наймацней іх лучылі не аднолькавы век і агульнасць многіх поглядаў, не адукаванасць, а штосьці больш трывалае. У Эразмавай памяці ніколі не паміраў той цыбаты, апрануты ў бацькавыя неданоскі кракаўскі падлетак з беднай мяшчанскай сям'і, які лічыў за найвялікшае шчасце пад'есці так, каб не смактала ў вечна галодным чэраве. Славуты дыпламат дагэтуль памятаў вінаватыя матчыны вочы, калі тая ставіла на стол місу паранай рэпы і клала перад кожным з дзяцей лусцік хлеба, трохі таўсцейшы ад аркуша грубай паперы, на якой шкаляр Эразмус старанна выводзіў першыя лацінскія словы ў касцельнай школцы. З гэтага заўсёднага галадавання ён выбіўся, бадай, толькі ў Вільні, пасля магістарскага экзамену, пасля таго як разам з іншымі здольнымі маладзёнамі яго ўзяў на вока і пасадзіў у сваю канцылярыю вялікі князь Аляксандар. З тае пары ў польскую кроў Эразма і ўвайшло няўзнакі пачуццё, што па часе не высілілася, а адно ўзмацнела, асабліва цяпер, калі на радзіме, у саміх каралеўскіх пакоях, ганьбуюць і зневажаюць ягонае імя. Эразму даўно ўжо больш лёгка і прыемна мець за бацькаўшчыну Вялікае Княства, дзе пачаўся ягоны шлях угору — ад непрыкметнага канцылярыста да біскупа і спрактыкаванага дыпламата, якога ведаюць пры ўсіх эўрапейскіх дварах. Ён не крывіў душой, называючы сакратара сваім адназемцам, а почасту, адпрэчыўшы лаціну і пальшчызну, з дзіўным для самога сябе смакам любіў пагутарыць з Гусоўскім па-беларусінску, на мове Вялікага Княства.

У вечаровым зацішку галерэі яму наўздзіў выяўна, нібыта ў памяці расхінулася нейкая заслона, згадалася іхняя першая сустрэча, якая магла стаць і апошняю, бо выправіцца з таго палявання прамютка да Абрама на піва Гусоўскаму было нашмат прасцей, чым вярнуцца дахаты жывым.

Гэта здарылася ў гады ўладарання караля і вялікага князя Аляксандра, у шчаслівую для Эразма пару, калі ён і Гусоўскі яшчэ не ведалі, што іхнія пуцявіны не толькі перакрыжуюцца, але і непарыўна заплятуцца, як дзве ссуканыя суравыя ніткі.

Хоць пушча таксама належыць каралю, не след блытаць яе з каралеўскім палацам, бо старавечныя яліны і хвоі — не месца для забавак гуллівых купідонаў. Але ў тыя дні ў Налібоках Аляксандар нібыта забыў на гэта і легкадумна папусціўся каралеве Алене, якой заманулася наладзіць паляванне з пацехаю. Прыдворныя шапталіся, што кароль замольвае перад жонкаю свае любошчы з маладой удавою менскага старасты Адэляй.

Дзень палявання выпаў сонечны і сляпучы ад першага снегу. Ускрай балацявіны з купкамі мерзлай асакі арцель цесляроў збудавала памост на пяці магутных, як калоны, дубовых слупах, спрэс высланы звярынымі шкурамі і кілімамі. Сама каралева Алена — дачка князя маскоўскага Івана III, а за ёй і ўсе прыдворныя дамы выстраіліся, быццам на Каляды; ад чырвані, золата і блакіту жаночых убораў, ад крамянай марознай ружовасці шчок, ад усёй гэтай стракатасці на зіхотнай снежнай асноведзі ўмомант

стамляліся і пачыналі слязіцца вочы.

За тры сотні крокаў ад памоста расцягнуўся ланцуг паляўнічых з дзідамі і цяжкімі рушніцамі. Сярод тых, хто ўсё больш наструнена прыслухоўваўся да пушчанскіх зыкаў і на ўсялякі выпадак яшчэ раз правяраў сошкі рушніцаў, Эразм убачыў самога сябе, маладзейшага на дваццаць гадоў. Ён у гэтай пушчы пяты ці шосты раз, ужо ўпаляваў зубра і трох ласёў, ды хвіліны чакання, напэўна, заўсёды аднолькавыя: сэрца ў грудзях усё роўна як вырастае, кроў робіцца гарачэйшая, але адначасна ў ёй чуецца і нейкі халадок, што дае галаве спакойную яснасць і рашучасць.

Аднекуль здаля далятае слабы сабачы ўзбрэх, потым яшчэ і яшчэ. У марозным паветры ўжо выяўна чуюцца чалавечыя крыкі і конскае гігатанне. Галас хутка набліжаецца, і кроў бяжыць па жылах кароткімі моцнымі штуршкамі.

Зубр паказаўся на краі галявіны знянацку. Прабегшы з паўсотні крокаў, ён на хвілю спыніўся, нібыта акурат дзеля таго, каб даць сябе разгледзець — ахутаны белым воблакам пары, агромністы, як капа старога рудаватага сена, з трыма суліцамі ў загрыўку. З-за дрэў, адразу раздзяляючыся надвое, каб узяць ляснога волата ў кальцо, вылецела на ўспененых конях пагоня. Нейкі зухаваты вершнік на буланым кані вымкнуўся наперад і, наставіўшы дзіду, адважна рынуўся на звера. Кароль і астатнія коннікі прыпыніліся, стамлёны зубр ленавата павярнуўся, прымаючы выклік. І тут прычынілася непрадбачанае: буланы пакаўзнуўся на прыцярушаным сняжком лёдзе і, спудзіўшыся, скінуў гаспадара на дол. Лоўчыя кінуліся на падмогу, але было позна — раз'ятраны зубр двума скачкамі дапяў няшчаснага паляўнічага і кароткім страшным ударам рагоў выпусціў з чалавека дух.

З сотні жаночых грудзей вырваўся і разлёгся па-над галявінаю лямант, у якім змяшаліся жах і захапленне. Адно цяпер зубр угледзеў нешта дагэтуль нябачанае: высокі памост са стракатым натоўпам якіхсьці крыклівых істотаў. Звер ажно здрыгануўся ад лютасці. Не зважаючы на баханне рушніц, ён нагнуў кашлатую галаву і, падкідваючы цяжкі азадак, моўчкі памчаў проста на памост. Ён, як віхор, пранёсся непадалёку ад Эразма, пакінуўшы за сабою стаптанага паляўнічага і раструшчаную капытамі зброю. Першы дубовы слуп зляцеў з падваліны, быццам тонкі бярозавы калок. Пераможна рыкнуўшы, звер завярнуўся і, прабегшы пад памостам, гэтаксама лёгка збіў асяродную палю. Край памоста пахіліўся, і некалькі прыдворных дам, анямеўшы ад жаху, апынуліся на снезе. Зубр зноў развярнуўся. У ягоных крутых баках трымцела ўжо з дзесятак дзідаў, але магут не здаваўся. Пакуль стральцы падбягалі і ліхаманкава наводзілі свае рушніцы, зубр апусціў мокрую ад юхі галаву і зноў пайшоў на памост. І тады паляванне не дало веры вачам: паміж ашалелым ад дзідаў і куль мсціўцам і ягонымі ахвярамі, што безабаронна бэрсаліся на снезе ў сваіх цяжкіх футрах, скочыў малады лоўчы з рацішчам.

Зубр здзіўлена ўскінуў голаў і ўтаропіў на чалавека каламутны позірк, поўны невыказнай пакуты і нянавісці. Тым часам каржакаваты лоўчы, прытанцоўваючы, зрабіў насустрач зверу яшчэ тры крокі і знерухомеў. Выцягнуўшы руку, ён мог дастаць рацішчам да скрываўленых рагоў. Зубр падабраўся, каб зрабіць апошні скачок, але ў той самы момант, калі ён скрануўся з месца, лоўчы ў міг вока адскочыў убок і схаваўся за стаўбуром вячыстай яліны.

Пачаўся вусцішны танец чалавека і параненага звера. Яны кружлялі вакол таўшчэзнага стаўбура, і разам з імі, невідочная, скакала ў цішыні сама смерць. Даўмеўшыся, што зваліць яліну немагчыма, зубр намагаўся злавіць чалавека сваім доўгім, як вужака, языком. Кожны з паляўнічых, якія абсталі месца двубою, ведаў, што такое зубрыны язык. Развар'яваным зубрам няраз шэнціла схапіць лаўца языком і, падцягнуўшы, накалоць небараку на рогі. Кожны ведаў пра гэта, але ніхто не мог дапамагчы маладому паляўнічаму. Кружлянне вакол яліны было такое імклівае, што сам гаспадар Аляксандар, які меў славу найтрапнейшага стральца ва ўсім Вялікім Княстве, бездапаможна адышоў ад рушніцы.

Пушчанскі магут пакрысе знемагаў. Вось ягонае тулава працяла дрыготка, вось ён пахіснуўся, вось у сляпым шале, ужо чуючы непазбежнае, зачапіў рогам яліну, пакінуўшы на стаўбуры шырокую белую паску. Усе ўжо ведалі, хто пераможа ў гэтым двубоі, і калі шырокае лязо рацішча ўвайшло зубру проста пад сэрца, галявіна зараўла ад захаплення, угору ўзляцелі магеркі і аблавушкі, і ніхто не пачуў перадсмяротнага звярынага хрыпу.

Зубр яшчэ не сканаў, яшчэ стаяў на каленях, хапаючы пашчаю снег, а адчайнага лоўчага ўжо абдымалі, мацалі рукамі, нібыта не верачы, што жывы, і фарсісты пасыльны ўжо перадаваў яму запрашэнне да стала яго каралеўскае мосці. Жанчыны і сама каралева глядзелі на маладога паляўнічага з непрыхаванай цікавасцю.

Поделиться:
Популярные книги

На границе империй. Том 3

INDIGO
3. Фортуна дама переменчивая
Фантастика:
космическая фантастика
5.63
рейтинг книги
На границе империй. Том 3

Держать удар

Иванов Дмитрий
11. Девяностые
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Держать удар

Эффект Фостера

Аллен Селина
Любовные романы:
современные любовные романы
5.00
рейтинг книги
Эффект Фостера

Не грози Дубровскому! Том VIII

Панарин Антон
8. РОС: Не грози Дубровскому!
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Не грози Дубровскому! Том VIII

СД. Том 17

Клеванский Кирилл Сергеевич
17. Сердце дракона
Фантастика:
боевая фантастика
6.70
рейтинг книги
СД. Том 17

Темный Патриарх Светлого Рода 3

Лисицин Евгений
3. Темный Патриарх Светлого Рода
Фантастика:
юмористическое фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Темный Патриарх Светлого Рода 3

Сумеречный Стрелок 3

Карелин Сергей Витальевич
3. Сумеречный стрелок
Фантастика:
городское фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Сумеречный Стрелок 3

Пипец Котенку!

Майерс Александр
1. РОС: Пипец Котенку!
Фантастика:
фэнтези
юмористическое фэнтези
аниме
5.00
рейтинг книги
Пипец Котенку!

Неудержимый. Книга IV

Боярский Андрей
4. Неудержимый
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Неудержимый. Книга IV

Дурная жена неверного дракона

Ганова Алиса
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Дурная жена неверного дракона

Я не князь. Книга XIII

Дрейк Сириус
13. Дорогой барон!
Фантастика:
юмористическое фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Я не князь. Книга XIII

Я – Орк. Том 6

Лисицин Евгений
6. Я — Орк
Фантастика:
городское фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Я – Орк. Том 6

Отмороженный

Гарцевич Евгений Александрович
1. Отмороженный
Фантастика:
боевая фантастика
рпг
5.00
рейтинг книги
Отмороженный

Безродный

Коган Мстислав Константинович
1. Игра не для слабых
Фантастика:
боевая фантастика
альтернативная история
6.67
рейтинг книги
Безродный