Чорны замак Альшанскі
Шрифт:
Свецячы запалкамі, я ўбачыў, што коркі крыху адкручаныя, і ўкруціў іх. Пасля выйшаў на двор і спытаў у курыльшчыкаў:
— Даўно вы тут разам?
— Пару хвілін, — сказаў Кухарчык. — А вось як, скажыце вы мне, грыфель у аловак засоўваюць. Колькі ўжо думаю.
— Склейваюць вакол яго дзве палавінкі, — сказаў я, махнуў рукой і паплёўся наверх.
Тут мне прыйшла ў галаву яшчэ думка, што ён мог заскочыць у пакой дзяўчат, і хаця я падумаў, што ад віску тут бы й дом рухнуў, пазваніў і зайшоў.
Звычайны, па-студэнцку, па-дзявочы абстаўлены пакой, толькі што
На крэслах (ложкі былі бялюткія) сядзела трох гожанькіх дзяўчат і стаяў… малады чалавек, на гэты раз без вядра. Ён быў моцна ў куражы і злёгку пахістваўся. А тыя падхіхіквалі як ні ў чым не было.
— Дзяўчаты мае, сонца майго жыцця! Вы, мае нефертушачкі…
— Колькі ён тут?
— З паўгадзіны, — віскнула гожая брунетачка з хітранькай усмешкай. — Насмяяліся.
— Ганіце яго ў шыю, — махнуў я рукой.
І палез да сябе наверх, і толькі ля самых сваіх дзвярэй мяне як стукнула, і я пачаў зноў спускацца.
І ў гэты час ляснулі парадныя дзверы. Я кінуўся да іх, расчыніў, але па вуліцы вяртаўся з кіно народ, і чорт яго на ёй было каго заўважыць.
Дзверы ў сутарэнне: павуціння няма.
«Ёлуп з дэдуктыўным мысленнем! Павуціння яму! Пад ім можна прапаўзці, не зачапіўшы парога. І няўжо ты думаеш, што той не абмысліў слядоў адступлення? Ідыёт! Перачніца старая! Ясна, што калі палез бы, то атрымаў бы, пэўна, па чэрапе. І добра. Па такім чэрапе толькі й атрымоўваць».
Але на гэтым вечар не скончыўся. Ледзь я паспеў запаліць святло і ляснуцца на тахту, зазваніў тэлефон. У мяне заўсёды прадчуванне, калі тэлефон — дрэнна. Я не хацеў падымаць трубкі, але той аж разрываўся. Давялося зняць, і тут я пачуў здалёк роспачны лямант Косціка Красоўскага:
— Антон! А-антон!
— Я. Што такое?
— Антон!!! Божа! Божа!
— Ды што з табою?
— Зо… Зо… Зо…
Тут я зразумеў: не толькі нешта не да ладу. Здарылася нешта непапраўнае.
— Кастусь, супакойся.
— К… К…
— Ну што? Што?
— Зоя… памерла.
— Як? — па-дурному спытаў я, яшчэ нічога не разумеючы.
— К… к… калій цыян. І запіска: «Я прадала свайго сапраўднага, — ён зрабіў націск на гэтым слове, — мужа. Не вініце нікога, акрамя мяне».
— Я еду! Еду!
— Н… не… Я еду… Туды, — рыданні былі такія, якія мне рэдка даводзілася чуць.
І ён паклаў трубку. І тут на мяне абурылася ўсё. І, галоўнае, я не ведаў — чаму? Што здарылася ў два апошнія прыходы? Нічога. Усё тое ж, і нават рукапісы на стале, і ўсё на сваім, упарадкаваным, месцы: чыстая папера — справа, спісаная — злева, попельніца — тут, цыгарэты — тут. Свет перавярнуўся, але толькі для мяне. І тая самая пахмурая красавіцкая ноч за акном, і зноў, здаецца, сячэ вокны дождж. Ну так, расставаліся.
Але ж гэта было вырашана даўно — пры чым тут раптам яе слёзы.
«Яна рыхтавалася, гэта ясна, цяпер я зразумеў. Чаму? Калі ў ёй было шкадаванне па мне толькі як аб згубленай забаўцы. У мяне было крыху больш сур'ёзна, але таксама… Чаму ж зараз так ломіць душа. Што я падмануў Красоўскага? Я не ведаў аб гэтым, а
Я сядзеў і тупа глядзеў за акно ў ноч. Пасля пайшоў, узяў том энцыклапедыі. «Цианистый калий». «Ужываецца ў працэсе атрымання золата і срэбра з руд…» Нашто мне золата і срэбра? «Вельмі атрутны». Прызнакі атручвання: лоб жаўтаваты, сінюха на выліцах і шыі, вусны злепленыя, скура ледзяная і сухая.
Не, не мог я ўявіць Зою з жаўтаватым лобам і ледзяной скурай. «О божа неўблажымы! Што ўсё ж здарылася?»
Усё было скончана між нас. Усё было ўвогуле скончана. Чаму ж у мяне пачуццё такой віны?! Я ж умаўляў, ледзь не ўмаляў яе.
І вось канец.
Чэрап мой расколваўся… Стужка… Крокі пад акном… Смерць Мар'яна…
Яшчэ адна смерць…
Зноў згасла неба.
І тут пачалося маё… няладнае.
За акном дождж. Мокрыя плямы ліхтароў. Цягнецца нябачны саладкавы дымок тытуню. І раптам дробныя рознакаляровыя кропкі, як на карцінах пуанцілістаў і як выбух, як чорныя крылы. І цемра, і я ляжу на тахце, і павольна, слаіста сцелецца нада мною блакітны туман, у якім устаюць мілыя абліччы.
…Раніцай я пазваніў Хілінскаму і расказаў пра ўсё.
— Нікуды не заходзь, — устрывожыўся ён. — Ні аб чым не думай. Ні аб экспертызе, ні аб чым. І ўвогуле, збірай ты манаткі і едзь у свае Альшаны. За маю галаву, у выпадку чаго, не непакойся, знойдуць.
РАЗДЗЕЛ ІX КЛАДНА. ДАРОГА. АДРАШЭННЕ
Я люблю Кладна больш за іншыя гарады. Люблю за прытульнасць зблытаных на павуцінне, залітых ранішнім сонцам вулачак, за шырокую плынь ракі, што змяіцца водарасцямі, за грыфель сцен і аранжава чашуйчатую чарапіцу касцельных дахаў, за ўсё тое, што недабурыла вайна.
За дзікі вінаград, што абвівае крэмавыя муры, за зелень. І хаця зелені не было, а над горадам проста горача і сіне свяціла неба канца красавіка — я ўсё адно нібы крыху адышоў ад закамянення. Ва ўсякім разе, дзейнічаў не па інерцыі.
Аўтобус на Альшаны быў толькі пад вечар, але я не зайшоў нават у цудоўны мясцовы музей: мне не хацелася глядзець на рэчы, мне хацелася глядзець на людзей. І крыху адыходзіць, прыпаўшы да іх цеплыні. Першае маё прыпадзенне адбылося, аднак, не зусім у тым ключы. Я зайшоў у другарадны рэстаран, адзін з тых, што раніцай гарбатня, а рэстаран толькі а другой палове дня. І, аднак, ужо натрапіў на тое, чаго не люблю, на тое, як невялічкі аркестр рыхтаваўся да сваёй занадта гучнай музыкі. Папрасіў біфштэкс, яшчэ сёе-тое і бутэльку піва.
«Рэстаран» быў сучасны, без копій Хруцкага на сценах (бедны мастак!), але затое з роспісамі, на якіх плылі розныя «царэўны-лебедзі» і «лады» (дзеўкамі б ім старымі застацца ці замуж далёка выйсці, ды каб ім бог сем дачок даў). І страшэнна не гарманіравала з гэтым мэбля: шафкі для посуду, сталы, крэслы і цяжкая старая стойка. І тут ужо зараз было хмельна і моцна накурана.
Афіцыянтка ў белым венчыку прынесла мне ўсё і прытулілася да падаконня непадалёк ад мяне. Я еў і слухаў «гвар».