Цыганскі кароль
Шрифт:
Народ пачаў усхліпваць, сям-там нават рыдалі мужчыны. Пасля пачаліся нясмелыя, але ўсё больш моцныя крыкі:
– Смерць яму! Смерць! Галаву прэч! Разумнік ты наш! Вучоная галава! Смерць каралю!
– Тыран! Забойца! Манарх!
– крычаў шкаляр.
Пасля выступіў "аблакат". Хітра прыжмурыўшы чорныя, як вугаль, вочы, ён сказаў ціха:
– Так, кароль нас абражаў, ён браў з нас дзесяціну і больш. Мы пакутавалі пад яго ігам. Але хіба можа хто-небудзь папікнуць наш народ у тым, што ён жорсткі, што ён крыважэрны? Не, наш народ самы добры, самы мяккі, самы рахманы на зямлі. Я прашу пра літасць. Вось ён сядзіць, гэты
Народ плакаў наўзрыд. Нават радцы, падобныя адзін на аднаго, шырока раскрыўшы зяпы, раўлі густымі галасамі:
– Ы-ы-ы!
– Ну што ж, - перапыніў роў аднавокі радца.
– Адвядзіце арыштаванага караля прэч.
І кінуў уладна:
– Я думаю, хопіць. Падурэлі. Нарабілі агіднасцей, напіліся, нажартаваліся. Трэба канчаць. І я старажытнаю ўладай старэйшын даю загад. Гэта канчатковы прысуд.
Натоўп змоўк, і проста на галовы людзей упала кароткае слова:
– Чупнa!
– А што ж, нічога. Часам дапамагае, - загаварылі з розных бакоў.
– Дурні вы! Свінні! Вольнасць сваю прадалі, ёлупы!
– крычаў Ян і яшчэ некалькі чалавек.
– Хоць бы ён і не чапаў вас пасля, якія вы роме? Блюдалізы вы! Адкачоўваю ад вас!
І ён рушыў разам з часткай людзей да шатроў.
Аднавокі махнуў рукою, і шкаляр стаў чытаць вырак:
– Таго цыганскага круля Якуба Першага за злоўжыванні, морд, падступныя намеры... не складваючы з яго каралеўскага высокага сану, калі дараванне ўсім дасць, хто судзіў яго, не адбіраючы маетнасці дзедзіч ягоных, чупной, сірэч пугай, ад-сцябаць.
Калі ўвесь натоўп рынуў да палаца, дзе павінна было адбыцца пакаранне, калі прыцягнулі ў вялікую залу Якуба, нехта раптам крыкнуў:
– Вы хочаце, каб ён быў вашым каралём, а не думаеце, ці зможа ён быць ім пасля такога. Неба не павінна бачыць каралеўскай ганьбы і крыві, ёлупы вы.
– І праўда, - спуджана сказаў шкаляр.
– Што ж рабіць?
Збянтэжанасць пагражала перайсці ў анархію. Сапраўды, нельга пакараць, нельга выканаць прысуд. Сабаку пад хвост аўтарытэт старэйшых. І зноў выратаваў аднавокі:
– Роме, небу нельга бачыць каралеўскай крыві. Таму мы сёння адсцябаем арыштаванага так, каб ганьбы і крыві не бачыў ніхто.
На Знамяроўскага кінуліся і скруцілі яму рукі і ногі. Паставілі. Ён быў бляклы і жоўты, але позірк па-ранейшаму гарэў гардыняй.
– Скручаны кароль - усё ж кароль.
І калі нехта штурхнуў яго, загрымеў:
– Што, над пешым арлом і варона з калом? На калені, хлопы.
Ён думаў, што яму збіраюцца сячы галаву. І толькі калі пабачыў прынесеныя пугі і доўгі вузкі мех, зразумеў, стаў адбівацца галавой і плячыма:
– А, падлы, а цыганскае адроддзе! Ну чакайце...
Яго схапілі, засуналі нагамі ў мех, выцягнуўшы рукі над галавою. Пасля
– Ав-вой! А як жа ён, нячысцік, кусаецца!
Пачалі сцягваць з галавы мех і краем алавянай талеркі расціскаць зубы Знамяроўскага, якімі ён ухапіў цыганку за жывот. Трымаўся ён моцна, як бульдог. Ледзь расціснулі, падвязалі яму сківіцы хусткай, каб не мог кусацца, цыганку прапхнулі глыбей. Пасля завязалі рукі ў вусці меха, прапуцілі вяроўку і падцягнулі яе пад столь на вялізны гачок.
Кароль павіснуў у паветры. Пад ногі яму падсунулі лаву, каб ён толькі-толькі стаяў на ёй вялікімі пальцамі ног і не мог пручацца.
– Нацягвай!
– крыкнуў кат, які стаяў ужо поруч з вялікай пугай у руцэ.
Размаўляў ён назнарок басам, каб пасля не пазналі. Стаяў моцны, каржакаваты, густа аброслы смалянымі кучарамі. Толькі зубы блішчалі на засмаглым твары.
Цыганка нацягнула мех - рэльефна выступіла з-пад яго спіна і два гладкія паўшар'і.
– Ваша вялікасць, вялікі, літасцівы, мудры кароль, - звярнуўся да іх аднавокі.
– Вось твой народ, даведзены да адчаю паборамі, рашыўся на такое. Найніжэйша, пакорліва, усепаддана просіць ён не злавацца на гэта, явіць сваю літасць няшчасным. Мы зрабілі ўсё, каб ганьба не дакранулася да твайго чала, каб ні неба, ні людзі не бачылі святых членаў цела твайго, каб ніводны ўдар не трапіў нікуды, акрамя таго месца, якім ты сам пагарджаеш.
Малады цыган прыклаў вялізную мядзяную патэльню да спіны Знамяроўскага; на волі засталося толькі тое, што ніжэй.
– Даруй нам за ўсё. Мы будзем вернымі табе, мы зрабілі гэта толькі таму, каб ты не забыў: нельга занадта крыўдзіць рабоў сваіх. Запомні гэта. Не адбірай нашых коней, акрамя дзесятага, не крыўдзі дзевак, не бі мужыкоў, не трымай вакол сябе людзей прагных. І даруй нам, вялікі.
– Пачынай!
Глуха, як з бочкі, забубнеў голас Якуба:
– Ну я ж вас... Я ж вас... Пачакайце толькі, пачакайце.
Свіснула ў паветры пуга і абвіла ўсё, што ніжэй патэльні. Мех захістаўся ў паветры.
Адлічылі ні многа ні мала сто бізуноў. Лічыла цыганка, што сядзела ў мяху. Пасля няшчаснага пакутніка, вытурыўшы з залы амаль усіх, выцягнулі на волю і паклалі на ложак. Ён адразу скасціўся на падлогу і пачаў качацца па ёй, імкнучыся вызваліцца.
– Хай гэта будзе ўрокам тыранам!
Знамяроўскі лаяўся, пырскаў слінаю, роў так, што звінелі шыбы.
Але варта і тры радцы сядзелі так спакойна, не звяртаючы на яго ўвагі, што ён перастаў вырывацца. Праз дзве гадзіны ён проста ляжаў на жываце і сыпаў вытанчанымі праклёнамі:
– Храпы вы цыганскія, фараоны вы егіпецкія, нячысцікі! Каб вы хадзіць ціха не маглі, каб вас на першым крадзяжы спаймалі, кажухі смярдзючыя, каб вас кол з асіны не мінуў. Што, думаеце, не загоняць яго вам, канакрадам? Во-ой, паганцы вы, хрыстапрадаўцы. Каб на вас вечны дождж.
– Бач ты як... лаецца, - флегматычна пакруціў галавой адзін вартаўнік.
У чатыры гадзіны, пасля працяглага ляжання, Знамяроўскі толькі глядзеў на ўсіх злоснымі, як у тхара, вачыма ды часам прарываўся кароткай лаянкай. Яго хацелі накарміць, але ён выплюнуў кашу ў твар аднавокаму і лаяўся без перапынку гадзіну.