Дажыць да світання

на главную

Жанры

Поделиться:

Дажыць да світання

Шрифт:

1

— Усё. Спрачацца не будзем, стройце людзей! — сказаў Іваноўскі Дзюбіну і выйшаў з-за вугла пуні.

Даўганогі, худы і нязграбны ў сваім белым абвіслым маскхалаце старшына Дзюбін памкнуўся нешта сказаць, але змоўчаў; у снегавым змроку блізкае ночы было відаць, як незадаволена перасмыкнуўся яго цёмны ад сцюжы і ветру, заўчасна зморшчаны твар. Пасля кароценькай паўзы, якая засведчыла яго маўклівую нязгоду з лейтэнантам, старшына рэзка ступіў па ледзьве азначанай у снезе сцяжынцы да старанна прычыненых дзвярэй пуні. Цяпер ужо зачыняць іх не было патрэбы, шырокім размашыстым рухам Дзюбін адкінуў дзверы, і тыя коса загойдаліся на адной завесе.

— Пад'ём! Выхадзі строіцца!

Іваноўскі, стоячы побач, прыслухаўся. Нягучная размова ў пуні адразу

заглухла, усё там сціхла, нібы загіпнатызаванае гэтай, па сутнасці, такой звычайнай армейскай камандай, якая цяпер азначала для ўсіх надта многае. Праз імгненне, аднак, усё там заварушылася, зашамацела, пачуліся галасы, і вось ужо нехта першы выйшаў з дзвярэй на чыстую вечаровую белізну снегу. «Півавараў», — задумліва адзначыў сабе Іваноўскі, убачыўшы белую фігуру байца ў новенькім маскхалаце на фоне цёмнага бярвення сцяны. Аднак лейтэнант тут жа і забыўся пра яго, агорнуты ўласнымі клопатамі і слухаючы загадныя вокрыкі старшыны ў пуні.

— Хутка выходзь! І нічога не забываць: вяртацца не будзем! — глухавата даносіўся праз дзверы заклапочана-буркатлівы голас Дзюбіна.

Старшына відавочна злаваўся, так і не пагадзіўшыся з лейтэнантам, хоць амаль нічым і не выказваў гэтае сваёй нязгоды. Але хай! Злавацца сабе Дзюбін мог, колькі хацеў, гэта яго асабістая справа, але пакуль тут камандуе ён, лейтэнант Іваноўскі, яму і рашаць. А ён ужо і рашыў — канчаткова і беспаваротна: пераходзіць перадавую будуць тут і цяпер, таму што колькі можна адкладваць! І так ён чакаў амаль шэсць сутак — было зусім блізка, якіх трыццаць кіламетраў, стала шэсцьдзесят — толькі што мераў па карце; на мясцовасці, вядома, набярэцца і болей. Праўда, у канцы лістапада ноч доўгая, але ўсё ж надта многа ўскладвалася на гэтую адну ноч, каб неразумна губляць такі дарагі цяпер для іх час.

Лейтэнант рашуча ўзяў прыслоненую да сцяны звязку лыж — сваю звязку — і адышоўся са сцежкі ў снег — на тры крокі наперадзе групы. Байцы таропка разбіралі лыжы, нацягвалі на галовы капюшоны; вецер з-за вугла злосна тузаў тонкую бязь маскіровачных халатаў і ляскаў па грудзях даўгімі канцамі завязак. Як Іваноўскі ні выкідваў усё лішняе, грузу набралася занадта, і ўсе дзевяць байцоў выглядалі цяпер нязграбна-няўклюднымі ў сваіх тоўстых ватоўках, абвешаных пад маскхалатамі рэчмяшкамі, гранатнымі сумкамі, падсумкамі і патранташамі. У дадатак да ўсяго яшчэ і лыжы, якія былі пакуль што грувасткім цяжарам, не больш. Але ўсё было неабходна, а лыжы, якія здаваліся цяпер непатрэбнымі, вельмі спатрэбяцца потым, у нямецкім тыле, — на лыжы ў яго была ўся надзея. Гэта менавіта ён прапанаваў там, у штабе, паставіць групу на лыжы, і яго ідэю адразу і ахвотна адобрылі ўсе, ад флегматычнага начальніка аддзела разведкі да прыдзірлівага, строгага начальніка штаба.

Іншая справа, як яе выкарыстаць, гэтую ідэю.

Менавіта гэта болей за іншае турбавала цяпер лейтэнанта, пакуль ён маўкліва, са стоеным нецярпеннем чакаў пастраення групы. У снежным паўзмроку байцы разбіралі лыжы і, глуха пастукваючы імі, цесна месціліся на вузкай сцяжынцы. Як яны пакажуць сябе на лыжах? Не было часу як след праверыць усіх на лыжні, набліжаліся да перадавой завідна, сагнуўшыся, прабіраліся ў кустоўі. З раніцы ён праседзеў на НП камандзіра тутэйшага стралковага батальёна — назіраў за праціўнікам. Увесь дзень з нізкага хмарнага неба сыпаў рэдкі сняжок, пад вечар сняжок пагусцеў, і лейтэнант узрадаваўся. Ён ужо выгледзеў увесь маршрут пераходу, запомніў на ім кожную купіну, і тут пайшоў снег, — што можа быць лепш! Але як толькі пачало змяркацца, вецер павярнуў убок, снегапад стаў меншаць і амаль перастаў зусім, толькі рэдзенькія сняжынкі несліся ў сцюдзёным паветры, слепа натыкаючыся на патрэсканыя сцены пуні. Старшына прапанаваў пачакаць пару гадзін, можа, завея зноў разгуляецца. У завею яны б управіліся куды як лепш…

— А калі не разгуляецца? — рэзка перапытаў яго Іваноўскі. — Тады што ж? Паўночы — кату пад хвост? Так, ці што?

Паўночы траціць не выпадала, увесь іх шлях быў разлічаны менавіта на поўную ноч. Зрэшты, старшыне нельга было адмовіць у разважлівасці — калі пераход сарвецца, не спатрэбіцца і самая поўная, самая доўгая ноч.

Правафланговым на сцежцы стаяў сяржант Лукашоў, з кадравых — плячысты маўклівы дзяцюк, сапраўдны працаўнік-пехацінец, памочнік камандзіра ўзвода, спецыяльна адкамандзіраваны з батальёна аховы штарма на гэта заданне. Ва ўсім яго абліччы, нетаропкіх і дакладных рухах было нешта ўпэўненае, дужае і надзейнае. Побач уладкоўваўся на сцяжыне таксама ўзяты з стралкоў баец Хакімаў. Хоць яшчэ і не было ніякай каманды, на смуглявым твары яго з цёмнымі бровамі ўжо з'явілася ўвага да камандзіра; вінтоўка ў адной руцэ, а лыжы ў другой роўненька стаялі ля ног. Поплеч з ім, папраўляючы сваю ношу ўзрыўчаткі, стаў баец Суднік, малады яшчэ хлопец-падрыўнік, рухавы і даволі спрытны на выгляд. Ён адзін з нямногіх сам папрасіўся ў групу, пасля таго як у яе быў залічаны ягоны саслужывец сапёр Шалудзяк, з якім яны разам займаліся абсталяваннем КП штарма. Іваноўскі не ведаў, які з Шалудзяка падрыўнік, але лыжнік з яго аказаўся няважны, гэта адчувалася ў самым пачатку. Мітуслівы і мешкаваты, гэты саракагадовы дзядзька, яшчэ не паспеўшы стаць у строй, ужо разваліў сваю звязку, лыжы і палкі раз'ехаліся канцамі ва ўсе бакі. Баец спахапіўся збіраць іх і ўпусціў у снег вінтоўку.

— Не мог як трэба звязаць? — ступіў да яго Дзюбін. — Ану, дай сюды!

— Вы на лыжах як ходзіце? — адчуўшы нядобрае, запытаў Іваноўскі.

— Я? Ды так… Хадзіў некалі.

«Некалі!» — з раздражненнем падумаў лейтэнант. Чорт вазьмі, здаецца, падабралі групу. Зрэшты, яно і зразумела, трэба было самому ўсіх апытаць, пагутарыць з кожным паасобку, кожнага праверыць на лыжні. Але самому не было калі, сам два дні правалэндаўся ў штабе, у начальніка разведкі, пасля ў камандуючага артылерыяй, у палітаддзеле, у асобым аддзеле. Групу падбіралі іншыя, без яго. А вядома, як падбіраюць для некага.

Хутка цямнела, наступала сцюдзёная ноч, снегапад канчаткова пераставаў, і лейтэнант заспяшаўся. Дзюбін, здавалася, надта доўга пракорпаўся з лыжамі гэтага Шалудзяка, пакуль звязаў іх. Насупраць у цярплівым чаканні, азначаным на цёмных пад капюшонамі тварах, стаялі яго байцы. За Шалудзяком высіўся Краснакуцкі, мажны прыгажун у вастраверхім, як і ў Дзюбіна, шлеме-будзёнаўцы, побач застыў даўгашыі Кудравец і ля яго — непрыкметны маўклівы Заяц. Апошні на сцежцы стаяў, напэўна, самы малады тут, баец Півавараў. Лейтэнант недастаткова ведаў іх, тых, з кім неўзабаве прыйдзецца яму падзяліць славу або смерць, але выбару ў яго не было. Вядома, было б куды лепш адправіцца на такую справу з добра знаёмымі, выпрабаванымі ў баях хлопцамі, але дзе яны, тыя яго добра знаёмыя хлопцы? Цяпер цяжка ўжо і прыпомніць усе вёскі, магільнікі, усе ляскі і пагоркі, дзе ў брацкіх і адзіночных магілах пазаставаліся яны, яго батарэйцы. За пяць месяцаў вайны ўцалела няшмат, тыдзень назад з ім разам прабілася цераз лінію фронту ўсяго чацвёра. Двое прытым аказаліся абмарожаныя, аднаго паранілі пры пераходзе каля Аляксееўкі; да самага канца з ім аставаўся вычысліцель сяржант Варанок. Гэты Варанок вельмі спатрэбіўся б цяпер, але Іваноўскі не мог адшукаць яго. Вычысліцеля адправілі ў стралковы батальён на перадавую, адкуль, як вядома, не ўсе вяртаюцца…

— Так… Раўняйсь! Смірна! Таварыш лейтэнант…

— Вольна, — сказаў лейтэнант і запытаўся: — Усе ведаеце, куды ідзём?

— Ведаем, — прабасіў Лукашоў.

Астатнія згодна маўчалі.

– Ідзём да немца. Нашто і чаго — пра гэта пасля. А цяпер — хто хворы? Ніхто? Усе, значыць, здаровыя? Хто на лыжах хадзіць не ўмее?

Кароценькі строй насцярожана сціх, цёмныя, прытомленыя чаканнем і ўвагаю твары пакорна і ўважліва пазіралі з-пад бязевых капюшонаў на свайго камандзіра, які цяпер непадзельна браў пад сваю апеку іх салдацкі лёс. Усе, прыціхшы, маўчалі, напэўна, яшчэ не ва ўсім, што чакала іх, разабраліся самі. Але нічога болей, як цалкам пакласціся на яго, іх камандзіра, ды на гэтага вось цыбатага старшыну, каторы другі дзень апякаў групу, ім не заставалася.

Іваноўскі цераз проразь у маскіровачных штанах прасунуў руку ў кішэню і выцягнуў важкі кубік гадзінніка, некалі зняты ім з падбітага нямецкага танка. Гадзіннік жвава і радасна зацікаў на далоні, засвяціўшы ўсімі лічбамі свайго цыферблата. Было без дзесяці хвілін сем.

— Дык вось, у нашым распараджэнні дванаццаць гадзін. За гэты час, мінус гадзіну-другую на пераход баявых парадкаў праціўніка, трэба адмахаць шэсцьдзесят кіламетраў. Зразумела? Хто на гэта не здольны?

Уважлівым позіркам ён абвёў строй, у каторым ніхто не варухнуўся нават, і так было ціха, што чуўся шорхат сняжынак на даху. Але зноў ніхто не азваўся на гэта яго далёка не дробязнае пытанне.

Комментарии:
Популярные книги

Энфис 5

Кронос Александр
5. Эрра
Фантастика:
героическая фантастика
рпг
аниме
5.00
рейтинг книги
Энфис 5

Неудержимый. Книга II

Боярский Андрей
2. Неудержимый
Фантастика:
городское фэнтези
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Неудержимый. Книга II

Я еще не князь. Книга XIV

Дрейк Сириус
14. Дорогой барон!
Фантастика:
юмористическое фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Я еще не князь. Книга XIV

Последний попаданец

Зубов Константин
1. Последний попаданец
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
рпг
5.00
рейтинг книги
Последний попаданец

Эволюция мага

Лисина Александра
2. Гибрид
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Эволюция мага

Архонт

Прокофьев Роман Юрьевич
5. Стеллар
Фантастика:
боевая фантастика
рпг
7.80
рейтинг книги
Архонт

Третий. Том 3

INDIGO
Вселенная EVE Online
Фантастика:
боевая фантастика
космическая фантастика
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Третий. Том 3

Аватар

Жгулёв Пётр Николаевич
6. Real-Rpg
Фантастика:
боевая фантастика
5.33
рейтинг книги
Аватар

Предатель. Ты не знаешь о сыне

Безрукова Елена
3. Я тебя присвою
Любовные романы:
современные любовные романы
5.00
рейтинг книги
Предатель. Ты не знаешь о сыне

(не)Бальмануг. Дочь 2

Лашина Полина
8. Мир Десяти
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
(не)Бальмануг. Дочь 2

Ученик

Губарев Алексей
1. Тай Фун
Фантастика:
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Ученик

Ледяное проклятье

Михайлов Дем Алексеевич
4. Изгой
Фантастика:
фэнтези
9.20
рейтинг книги
Ледяное проклятье

Снегурка для опера Морозова

Бигси Анна
4. Опасная работа
Любовные романы:
современные любовные романы
5.00
рейтинг книги
Снегурка для опера Морозова

Сумеречный стрелок

Карелин Сергей Витальевич
1. Сумеречный стрелок
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Сумеречный стрелок