Дажыць да світання
Шрифт:
Яны не азіраліся, і без таго было зразумела, што ззаду не ўціхаў вэрхал, раздаваліся крыкі. Праўда, стрэлаў ужо не было, але трывожлівыя галасы ззаду падганялі іх болей за стрэлы. Відаць, немцы высыпалі на ваколіцу або, можа, ішлі следам. У Іваноўскага ўжо ўсё было мокра ад поту і крыві, на баку праз бязь маскхалата праступіла вялікая цёмная пляма; ён загнана дыхаў, плюючы на снег крывянымі згусткамі. Некалькі разоў абодва яны падалі, але Півавараў тут жа ўскокваў, хапаў лейтэнанта пад пахі, і яны зноў хістка і няроўна валакліся ў шэрым марозным сутонні, пятляючы па зімовым, прадзьмутым усімі
Калі ўжо зусім знясілелі абодва, лейтэнант, неяк выплюнуўшы крывавую пену, прамычэў: «Стой!» — і ўпаў бокам на снег. Побач упаў Півавараў. Ужо нідзе не было нічога чуваць і не відаць нічога, нават не зразумець было, у якім баку вёска. Думалася, што яны апынуліся на краі свету, дзе няма ні сваіх, ні немцаў, і Півавараў, аддыхаўшыся, сеў на снезе.
— Зараз перавяжам, — сказаў ён, лапаючы па кішэнях у пошуках бінта. — Куды вас?
— У грудзі. Пад рукой во…
— Нічога, нічога! Зараз перавяжу. А я таму як даў, дык адразу… Другі, гляджу, драла… Цэлую абойму выпусціў!
Іваноўскі адкінуўся на спіну, зняў дзягу, расшпіліў ватоўку, Півавараў сцюдзёнымі рукамі абмацаў цела. Кроў, якая багата намачыла адзенне, пачала ўжо астываць і пякла на марозе, як лёд. Зрэшты, пёкся, магчыма, снег, якога набілася ўсюды, лейтэнант скаланаўся ад дрыжыкаў, але трываў моўчкі. Баец туга абкруціў яго грудзі двума ці трыма пакетамі, моцна завязаў канцы.
— Вельмі баліць?
— Ды ўжо ж, баліць, — раздражнёна адказаў Іваноўскі. — Усё, зашпілі дзягу.
Півавараў памог камандзіру зашпіліць на ватоўцы дзягу, абцягнуў падол маскхалата. Памалу лейтэнант пачаў грэцца, хоць цела яго па-ранейшаму білі дробныя нервовыя дрыжыкі.
— Не трэба было туды ісці, - сказаў баец, выціраючы аб штаны запэцканыя крывёй рукі.
— Што ж ты не сказаў раней?
— Дык я не ведаў, - паціснуў адным плячом Півавараў.
— А я ведаў? — раздражнёна кінуў лейтэнант.
Ён разумеў, што робіцца злы і несправядлівы і што Півавараў тут ні пры чым, што ва ўсім ён вінаваты сам. Але менавіта ўсведамленне гэтай вінаватасці больш за ўсё і злавала Іваноўскага. Так, цяпер ён уліп, загубіў сябе і, мабыць, гэтага байца таксама, канчаткова праваліў важнае заданне з базай, нічога не дабіўся ў вёсцы. Але зрабіць інакш — абысці бокам базу, штаб, гэтую вёску і тым зберагчы сябе — ён не мог. На такой вайне гэта было б злачынствам.
— Дыскі давайце сюды. І аўтамат таксама. Я панясу, — ціха сказаў Півавараў, і Іваноўскі моўчкі згадзіўся — цяпер, вядома, ён многа несці не мог.
Сабраўшы ў сабе рэшту сілы, ён толькі павярнуўся, каб сесці на снег.
— Што ж, трэба ісці.
— Ага, давайце вунь туды. Як ішлі, - ажывіўся Півавараў. — Яй-богу, тут недзе павінна быць вёска.
— Вёска?
— Ну. У нейкую вёску трэба. Без немцаў каб.
«Мабыць, так», — падумаў Іваноўскі. Цяпер ім толькі і застаецца прыбіцца ў якую-небудзь вёску, да сваіх людзей, болей няма куды дзецца. Ён проста не адразу зразумеў, як крута гэта яго раненне мяняла ўсе яго планы. Цяпер, мабыць, трэба болей клапаціцца пра тое, каб не трапіць да немцаў. Базы яму ўжо не бачыць…
10
Яны
Тым часам уначы паваліў снег, вакол забялела, затуманілася, мутнае неба зышлося з гэткім жа мутным долам, затканым мільготка-шэрай мітуснёй сняжынак. Немагчыма было падняць твар. Але вецер быў слабейшы, чым у мінулую ноч, зноў жа, здавалася, дзьмуў ім у спіну, і яны слепа брылі па полі, часам спыняючыся, каб перавесці дыханне. Плюючы крывёю, Іваноўскі з самотай адзначаў, як таялі яго сілы, і ўпарта ішоў, спадзеючыся на якое-небудзь прыстанішча, каб не прапасці тут, у гэтым завейным полі. Гінуць ён не хацеў, пакуль быў жывы, гатовы быў змагацца хоць усю ноч, суткі, хоць вечнасць, абы ўцалець, выжыць, дабрысці да сваіх.
Напэўна, Півавараў адчуваў тое ж, але нічога не гаварыў лейтэнанту, толькі як мог падтрымліваў яго, напружваючы рэшту сваёй таксама далёка не багатае сілы. Іншы раз лейтэнант, напэўна, здзівіўся б, адкуль яна яшчэ бралася ў гэтага хліпкага, заморанага з выгляду хлопца, але цяпер сам быў слабейшы за яго і цалкам залежаў ад яго хай сабе невялікіх магчымасцяў. І ён ведаў, што калі яны ўпадуць і не здолеюць устаць, то далей будуць паўзці, бо які-ніякі паратунак у іх — наперадзе, ззаду ж іх пільнавала смерць.
У нейкай лагчыне з даволі глыбокім снегам яны нерашуча спыніліся раз і другі. Півавараў, падтрымліваючы лейтэнанта, спрабаваў разгледзець штосьці наперадзе, што лейтэнант не адразу і заўважыў. Пасля, прыгледзеўшыся праз згусцелую ўначы завіруху, ён таксама ўбачыў невыразную цёмную пляму, памеры якой, як і адлегласць да яе, угадаць было немагчыма. Гэта мог быць і куст побач, і нейкая будыніна воддаль, і дрэва — елка ці сасна на ўзлеску. Тым не менш гэтая пляма насцярожыла абодвух, і, падумаўшы, Півавараў апусціў Іваноўскага долу.
— Я схаджу, гляну…
Лейтэнант не адказаў, размаўляць было вельмі пакутліва, дыхаў ён з хрыпам, часта плюючы ў снег. Рукавом халата выцер мокрыя вусны, і на белай мокрай тканіне засталася цёмная пляма ад крыві.
«Вось, напэўна, і ўсё… Калі ўжо з рота ідзе кроў, дык, мабыць, нядоўга працягнеш», — нявесела падумаў ён, лежачы на снезе.
Галава хілілася долу, і перад вачыма скакалі вогненна-чырвоныя бліскаўкі. Але свядомасць яго па-ранейшаму была чыстая, і свядомасць гэтая вымушала змагацца за сябе і за гэтага вось байца, цяперашняга яго выратоўцу. Выратоўца, вядома, сам ледзьве стаяў на нагах, але дагэтуль лейтэнант не мог ні ў чым папракнуць яго — там, у вёсцы, і ў полі Півавараў паводзіў сябе самым пахвальным чынам. Цяпер, адчуўшы нейкую перавагу перад камандзірам, ён прыкметна ажыў, стаў болей упэўнены ў сабе, увішны, і лейтэнант з радасцю падумаў, што ў выбары памочніка не памыліўся.