Дажыць да світання
Шрифт:
— Гэй, бялявая, навошта плакаць? Другога знойдзем.
Сказана гэта было з бяздумнаю дарожнай лёгкасцю ў адносінах між людзьмі, якія выпадкам спаткаліся і тут жа расстаюцца, каб ніколі больш не сустрэцца. Але дзяўчына ражком стракатай, завязанай на шыі касынкі выцерла вочы і кінула на яго востры, кароценькі позірк. Тым часам цягнік даў гудок. Ззаду за Ігарам, трымаючыся за поручань, навісаў Коля Тамолка; абодва яны былі ў добрым, прыўзнятым настроі і, здавалася, усякае гора маглі перавесці на жарт.
— А то давай з намі. Да Беластока!
Дзяўчына машынальна паправіла на тонкай шыі касынку, зноў
— А мне ў Горадню.
— Якое супадзенне! — жартоўна здзівіўся Іваноўскі. — Нам таксама. Паехалі разам!
Яна не прымусіла сябе ўпрошваць, падхапіла чамаданчык, які стаяў каля ног, і спрытна ўчапілася за поручань. Іваноўскі падтрымаў яе, Тамолка пастараніўся, і некалькі збянтэжаная і ўзрадаваная такім паваротам справы новая пасажырка паднялася на пляцоўку вагона.
— Білет, білет, грамадзяначка! — тут жа патрэбаваў у яе мітуслівы дзядзька-праваднік, які з флажкамі ў руках спяшаўся да выхаду.
— Ёсць, ёсць білет! Усё ў парадку! — тонам, які не пакідаў ценю сумнення, сказаў Іваноўскі, праціскаючыся паперадзе яе ў вагон.
Ён павёў дзяўчыну ў пятае ці шостае купэ, дзе яны атабарыліся з Тамолкам, сам нёс у руцэ яе чамаданчык, які здаўся яму надта лёгкі, хутчэй за ўсё пусты. Коля лез следам, і дзяўчына, прыціхшы, ішла паміж імі, кідаючы па баках ніякаватыя, трошкі збянтэжаныя позіркі.
— Во, калі ласка. Можаце займаць маю. Я ўзлезу наверх, — з гасціннай лёгкасцю прапанаваў Іваноўскі сваю ніжнюю полку і апусціў чамаданчык.
Яна паслухмяна прысела ля акна і не адразу, адолеўшы яўную збянтэжанасць, ціха сказала:
— А ў мяне білета няма.
— Што — не хапіла?
— Укралі…
— Як?
— Ноччу. У цягніку з Менска.
Гэта было горш. Здаецца, яны бралі на сябе трохі празмерную адказнасць, парушаючы строгі парадак чыгункі, за што магло нагарэць абодвум. Але як было адступаць? Ігар зірнуў на Міколу і прачытаў на яго грубаватым, заўжды нахмураным твары рашучасць стаяць на сваім. Сапраўды, як было цяпер дапусціць, каб пакрыўдзілі таго, хто гэтак прастадушна і даверліва пайшоў за імі?
— Нічога. З правадніком дамовімся.
Але дамаўляцца мусілі не толькі з правадніком, а яшчэ і з рэвізорам, і з брыгадзірам цягніка, і перагаворы гэтыя скончыліся тым, што на нейкай станцыі, дзе неўзабаве спыніўся цягнік, Іваноўскі збегаў у вакзальную касу і ледзьве паспеў аформіць білет на ўжо занятае ёю месца. Білет быў да Горадні, і дзяўчына прыкметна павесялела, нават заўсміхалася. Яна аказалася разгаворлівай і ўвогуле прыемнай дзяўчынай і хутка не без гумару расказвала ім аб сваіх дарожных прыгодах. Аказалася, што яна жыве ў Горадні і ў Менск ездзіла да сваякоў, якіх ніколі не бачыла, і тут такое няшчасце ў вагоне. У яе ўсё начыста выграблі з яе чамаданчыка, апроч таго, узялі плашчык, жакет і, ведама, усе грошы. Але вось яна ўратавана і цяпер вельмі ўдзячна абодвум за іх велікадушную дапамогу.
— Ды ну, пра што гаварыць! — адмахнуўся Іваноўскі і перавёў размову на іншае: — А вы даўно жывяце ў Горадні?
— Там і нарадзілася.
— Ого! Значыць, тутэйшая?
— Ну.
— А так добра гаворыце па-руску?
— А ў нас дома заўжды гаварылі
— А дзе вы вучыліся?
— У польскай гімназіі. Рускіх жа ў нас не было.
— А як вас завуць? — усё больш цікавіўся Ігар.
— Янінка. А вас — калі не вайсковая тайна? — амаль ужо какетліва ўсміхнулася яна.
— Мяне Ігар, а яго Мікалай.
— У мяне дзядзька, што ў Менску, таксама Ігар. Ігар Пятровіч. А вы да нас служыць едзеце?
Тут ужо яны пераглянуліся, гэта сапраўды ў нейкай меры адносілася да строгай вайсковай тайны, з лёгкасцю, аднак, разгаданай іх спадарожніцай. Але што тут было таіцца? Сапраўды, тыдзень назад, пасля сканчэння вучылішча яны атрымалі назначэнне ў армію, штаб якой размяшчаўся ў гэтай яе Горадні.
— Падобна, што так, — няпэўна сказаў Іваноўскі. — А што гэтая Горадня — нішто гарадок?
— Вельмі добры горад. Не пашкадуеце.
— Думаеш, нас у Горадні пакінуць? — з уласцівым для яго скептыцызмам сказаў Тамолка. — Запруць куды-небудзь у лясны гарнізон.
— О, дык у лесе ж цудоўна! У нас такія лясы! Дзіва! — поўная захаплення, загаварыла Янінка.
Іваноўскі змоўчаў. Ягоныя адносіны да лесу, нават самага прыгожага, не супадалі з захапленнем гэтай дзяўчыны. Бывала, у вучылішчы, у шматмесячных летніх лагерах, лясы, палі, уся гэта аддаленасць ад пастаяннага месцажыхарства з яго хай сабе несамавітым, але наладжаным бытам так надакучвалі пад восень, што самая багатая прырода рабілася невыноснай — хацелася ў горад. Правільна кімсьці сказана, што ваенныя не заўважаюць прыроды, для іх болей важна надвор'е.
Тым не менш у наіўным захапленні Янінкі прысутнічала такая шчырасць, што Іваноўскі заўсміхаўся, гатовы ўжо палюбіць першы, што трапіцца, гарадзенскі лес. І наогул нешта ў ёй усё больш яму падабалася, у гэтай жвавенькай, даволі мілавіднай, з какетліва рассыпанымі на лбе светлымі кудзеркамі дзяўчыне ў просценькай стракатай сукенцы. Яму ўжо было сорамна за той свой фрывольны жарт на вакзале ў Баранавічах, за нетактоўнасць іх прапановы, каторую выбачала хіба што іх пазнейшая дапамога ў яе здарэнні.
Цягнік з кароценькімі прыпынкамі на маленькіх станцыях ішоў усё далей на захад. За акном, нібы ў мінулае, адплывалі назад зялёныя чэрвеньскія палеткі, пералескі, велічныя хвойныя бары, вёскі і скрозь — хутары, хутары. Іваноўскі ніколі не быў у гэтым баку Беларусі, меней як за два гады ўз'яднанай з яе ўсходняй часткай, і цяпер у ім нарадзілася шчырая цікаўнасць да ўсяго, што адносілася да гэтага не вядомага для яго і, напэўна, такога натуральнага для Янінкі жыцця.
На нейкай невялікай станцыі іхні вагон спыніўся якраз насупраць маленькага прывакзальнага рыначка, і Іваноўскі выскачыў на платформу, таропка накупляў у газету несамавітага сялянскага харчу — яек, гуркоў, вясковай каўбасы і нават міску гарачай разварыстай маладой бульбы. Пасля яны елі ўсе разам, хлопцы клапатліва частавалі дзяўчыну, якая зусім ужо асвойталася ў іхняй кампаніі, ахвотна смяялася, жартавала, смачна ядучы гуркі з бульбай. Пасля абеду, мабыць, штось сцяміўшы ў адносінах да яе Ігара, Мікалай зважліва адышоўся і ўзлез на верхнюю полку паспаць. Яны ж засталіся ўдваіх — адно супраць аднаго, раздзеленыя маленькім вагонным столікам.