Дажыць да світання
Шрифт:
Яму было добра з ёй, хоць ён усё яшчэ не мог да канца асіліць у сабе нейкае спазнелае пачуццё ніякаватасці, быццам якую вінаватасць за свае намеры, хоць з самага пачатку ніякіх намераў у яго не было. Янінка ж, мяркуючы па ўсім, адчувала сябе зусім натуральна і вольна. Яна зняла свае маленькія, белыя, на коркавай падэшве басаножкі і, напяўшы на каленях караткаватую сукенку, па-хатняму проста ўладкавалася на цвёрдым сядзенні, увесь час з нейкай мілай хітрынкай заглядваючы яму ў вочы.
— А ў нас, ведаеце, Нёман, — казала яна, менавіта так, на беларускі лад вымаўляючы гэта слова, і Іваноўскі ўнутрана ўсміхнуўся, прыпамінаючы сваё
— А мне болей азёры падабаюцца. Асабліва лясныя. У ціхае надвор'е — прыгажосць, — сказаў Іваноўскі.
— Рэкі лепш, што вы! У азёрах вада балотам смярдзіць, а ў рэчцы заўсёды праточная, чыстая, бы сляза. Улетку на рацэ — рай. Ды што там! Вось прыедзем — пакажу. Спадабаецца.
Мабыць, сапраўды спадабаецца. Ён ужо быў упэўнены, што гэта штось незвычайнае: домік, дзве вярбы на абрыве, плыты ля берага, з якіх можна ныраць у глыбокі, імклівы Нёман. І ён ужо маляваў гэта ў сваім уяўленні, хоць з вопыту ведаў, што самае багатае ўяўленне ніколі не адпавядае сапраўднасці. У сапраўднасці ўсё інакш — горш або лепш, але менавіта інакш.
Янінка паводзіла сябе з ім лёгка і вольна, так, быццам яны даўно былі знаёмыя, а ён усё адчуваў нейкую невыразную скаванасць, якая не толькі не міналася з часам, але і яшчэ большала. Ігару пачынала здавацца, што, бесцырымонна гукнуўшы яе ў Баранавічах, ён выглядаў перад ёй як чалавек легкадумны, схільны да нікчэмных дарожных прыгод і што яна не магла не заўважыць гэтага. Хоць ніякага легкадумства ў тым не было, была простая дзіцячая гуллівасць, якая, можа, і не зусім дарэчы ў характары дваццацідвухгадовага выпускніка ваеннага вучылішча, нядаўна атэставанага на пасаду камандзіра ўзвода. Тады, на пероне, ён нават і не разгледзеў яе, толькі ўбачыў — разглядаў ён яе цяпер шырока раскрытымі, амаль здзіўленымі вачыма, якія, як ні стараўся, не мог адарваць ад яе прыгожага, усмешлівага твару.
Пад канец дня, пад'язджаючы да Горадні, ён ужо ведаў, што не расстанецца з ёю — яна ўсё больш зачароўвала яго сваёй юнай пекнасцю і вабіла чымсьці загадкавым і таямнічым, для чаго ён проста не знаходзіў назвы, але што адчуваў няспынна. Пра яе дарожнае здарэнне яны не гаварылі, здаецца, яна забылася пра яго і толькі аднойчы заклапочана варухнула броўкамі, калі перастаўляла на паліцы свой чамаданчык.
– І нават бялілы забралі. Татку везла. У нас цяпер бяліл не дастаць.
— А што, бацька — маляр?
— Мастак, — проста сказала Янінка. — А з фарбамі цяпер кепска. Раней мы фарбы з Варшавы выпісвалі.
Нарэшце цягнік прыбыў на станцыю Горадня, і яны, трохі хвалюючыся, сышлі на перон. Янінка са сваім пустым чамаданчыкам у руках павяла іх да штаба арміі, які быў ёй па дарозе. Але ў штабе, апроч дзяжурнага, нікога больш не аказалася, трэба было чакаць да ранку. Пераначаваць можна было тут або ў гарнізоннай гасцініцы, лейтэнанты, аднак, не сталі шукаць гасцініцу і прынеслі свае рэчы ў нейкі маленькі, падобны на капцёрку пакойчык з трыма салдацкімі ложкамі каля сцен. Тамолка адразу ж пачаў уладкоўвацца на тым, што стаяў у куце пад нішай, а Ігар, крыху выцершы з ботаў пыл, заспяшаўся на вуліцу, дзе на бліжэйшым рагу пад каштанам
За тыя пару гадзін, якія яны з Мікалаем прабылі ў штабе, Янінка паспела прыбрацца і цяпер была ў цёмнай ладнай спаднічцы і светлай шаўковай кофтачцы з маленькім белым каўнерыкам каля тонкай шыі, на яе нагах цвёрда пастуквалі высокія абцасікі модных туфляў. Прыбраная, яна здавалася старэйшай за свае юныя гады і вышэйшаю ростам — амаль упоравень з яго плячом. Яны ўсё ішлі вуліцай, і яму было невыказна прыемна, што яе тут многія ведалі і паважна віталіся: мужчыны — пачціва дакранаючыся рукой да капелюша, а жанчыны — ветлівым кіўком галавы з добразычліваю ўсмешкай на лагодных тварах. Яна адказвала з падкрэсленай ветлівасцю, але і з нейкаю няўлоўнай годнасцю і стрымана, напаўголаса апавядала яму пра тое цікавае, што траплялася ім на вуліцы.
— Вось наша Раскоша, так яна раней называлася. Нічога асаблівага, але во царква, пабудаваная ў памяць забітых на расейска-японскай вайне. Нізенькая, праўда, але вельмі акуратная цэркаўка. Я там хрысцілася. А далей, бачыце, такія смешныя домікі, вунь цэлы рад, з франтончыкамі накшталт петушыных грабеньчыкаў. Гэта дамы тэкстыльшчыкаў з Ліёна. Ага, не здзіўляйцеся. У васемнаццатым стагоддзі Тызенгаўз выпісаў з Ліёна ткачоў і пабудаваў для іх такія самыя домікі, як у Францыі. Во стаяць і дагэтуль. А то вунь дом польскай пісьменніцы Элізы Ажэшковай, яна тут жыла і памерла. Ведаеце, цікава пісала.
Гарадок яму сапраўды падабаўся сціплай, але абжытай утульнасцю сваіх брукованых вулічак з вузенькімі, выкладзенымі пліткамі тратуарамі, якія былі дбайна аздоблены гладкімі каменнымі скосамі. На сценах многіх дамоў кучарава зелянеў вінаград, некаторыя з іх да трэціх паверхаў былі ўвіты яго ўчэпістаю лазой. Але болей за ўсё ён чакаў сустрэчы з расхваленым Янінкай Нёманам, які, як яна сказала, працякаў тут жа, дзелячы горад на дзве няроўныя часткі.
Каля гатычнай грамады касцёла вуліца павяртала ўбок, і яны ціха пайшлі ўздоўж гандлёвых радоў і гарадской ратушы. На рагу пад каштанамі нейкая жанчына гандлявала марожаным, і Янінка, якая ўвесь час ішла поруч, лёгенька дакранулася да яго локця.
– Ігар, можна мне папрасіць вас?..
— Калі ласка, — са шчырай гатоўнасцю выканаць самую яе неверагодную просьбу азваўся ён.
— Ведаеце, я даўно марыла… Ну гэта… Каб мяне хлопец пачаставаў марожаным.
— Ах, марожаным!..
Іваноўскі амаль жахнуўся, падумаўшы, які ж ён вахлак, калі сам не здагадаўся аб гэтым! Але ён, здаецца, і не заўважыў гэтай прадаўшчыцы, так быў захоплены вуліцай, радам каштанаў за агароджай касцёла, яму проста было няўцям, чаго магла пажадаць ягоная багіня.
— Прошэ, паненка! Дзенькую гжэчнэго пана, — падзякавала прадаўшчыца, калі ён адмовіўся ад некалькіх капеек рэшты.
— Дзенькуе, пані Вандзя, — у сваю чаргу цырымонна падзякавала Яніна, прымаючы з рук старой жанчыны вафельныя скрылёчкі з марожаным паміж імі.
У канцы кароценькай вуліцы над ліпамі засвяціўся такі шырокі прасцяг, які можа адкрыцца толькі з вельмі высокага ўзгорка, і яны хутка выйшлі на каменны мост цераз роў. Гэта быў уезд у старажытны, з паўразбуранымі сценамі замак, па другі бок ад якога ў глыбіні парку высіўся раскошны палац за фігурнай рашоткай агароджы.