Дажыць да світання
Шрифт:
Іваноўскі падаўся было за байцом, як у ракетным святле над полем убачыў некалькі постацяў, якія беглі ад дарогі ўздоўж драцяной агароджы базы. Спалохаўшыся, што яны перахопяць Фартучнага, ён таропка выпусціў па іх апошнюю сваю чаргу, і калі апусцелы канец металічнай стужкі выскачыў у снег, кінуў непатрэбны цяпер яму кулямёт і выхапіў з кабуры ТТ. Але ён ужо ўбачыў сваіх — двое разведчыкаў, прыгнуўшыся, за рукі і ногі валаклі камандзіра.
— Жывы? — запытаўся ён, падбегшы да іх.
— Дзе там! Забіты! — крыкнуў Фартучны. — Пракляты вартавы! Трэба ж…
Адстрэльваючыся, яны змянілі напрамак, доўга беглі ў кустоўі і толькі, калі адышліся кіламетры на два, у нейкім ляску перавялі дыханне. Капітан быў забіты ва ўпор, несці яго далей не мела сэнсу, да таго ж недзе паблізу трашчалі матацыклы — здаецца, немцы паслалі пагоню.
Праклінаючы тую халерную базу і сваю няўдачу, Іваноўскі павёў маленькую групу на поўнач — далей ад сасонніку, над якім усё смылелі ўначы ракеты, і водсветы ад іх доўга суправаджалі байцоў. На душы ў лейтэнанта было пагана, то яго ўзвінчвала злосць, то апаноўвала роспач. Увесь час хацелася лаяцца. Але ён не асуджаў капітана — напэўна, сам на яго месцы зрабіў бы таксама. Было крыўдна да слёз, што недарэчны сляпы выпадак так здорава дапамог немцам. Не наткнуўся б Волах на вартавога — напэўна, усё было б добра, яны б узарвалі базу і тады не спатрэбілася б і гэтая іх вылазка з яе непазбежнымі ахвярамі.
Значыць, трэба асцярожней. Трэба ў сто разоў асцярожней, прадбачлівей, тым больш яму, Іваноўскаму, які цяпер быў адказны не толькі перад самім сабой…
4
Мінуўшы лес, лейтэнант вывеў групу на раўнінны прырэчны прасцяг, і лыжнікі доўга зморана ішлі па прамой. Тут ужо не было ні пад'ёмаў, ні спускаў, лыжня ішла роўна па глыбокім снезе, Іваноўскі ўвесь час з прыкметным высілкам налягаў на палкі. Лыжы ў пульхным снезе правальваліся глыбей, чым трэба было для хуткай хады, і амаль не слізгалі. Увесь час пракладваючы лыжню, камандзір браў на сябе найбольшую ў гэтым шляху нагрузку і недзе каля поўначы адчуў, што стаў выдыхацца. На ім ужо ўсё было мокрае, бялізна не высыхала ад поту, гарачае дыханне распірала грудзі, пачала дапякаць смага. Але ён не хацеў есці снег, ведаў: вада абернецца лішнім потам, а гэта толькі зменшыць вынослівасць і не надасць сілы, якой яму спатрэбіцца яшчэ многа.
Хутка бег час, а Дзюбін не даганяў групу, і лейтэнант усё ламаў галаву: што з ім здарылася? Але, мабыць, трэба перастаць пра яго і думаць — калі не дагнаў раней, дык цяпер не дагоніць: яны адмахалі палавіну шляху, калі не больш. У лейтэнанта кожны раз сціскалася сэрца ад думкі, што іх усё менела. Яшчэ не дайшлі да месца, а ўжо чацвярых не стала. Але ён не мог, проста не меў права траціць дарагі час на пошукі або чаканне.
Іваноўскі знарок як мага радзей пазіраў на гадзіннік, ён пачаў ужо баяцца няспыннае хады часу і ўсе свае сілы ўкладваў у бег, стараючыся не надта думаць пра іншае. Напэўна, па гэтай прычыне ён не адразу заўважыў, што значна пабольшаў вецер, у доле закруціла завея, здаецца, пачаў ісці снег. Некалькі моцных парываў ветру так секанулі снежнай крупой па твары, што лейтэнант задыхнуўся. Вакол стала глуха і цёмна. І без таго вузкі начны прасцяг яшчэ павузеў, амаль знік у шэрым непагодным змроку. Начных плямаў навокал значна ўбавілася. А вецер і яшчэ ўдарыў снегам у твар, — здаецца-такі, пачалася завея. «Не ў час», — трывожна падумаў лейтэнант, мацней налягаючы на палкі. Лыжы яго ўжо зусім танулі ў снезе, выстаўляючы на паверхню толькі самыя кончыкі наскоў. Стараючыся вытрымаць напрамак, Іваноўскі цяпер амаль не пазіраў пад ногі, трэба было як мага далей бачыць у цемры, у гэтым быў галоўны яго абавязак. Іншыя пазіралі ў бакі, замыкаючы Лукашоў адказваў за бяспеку з тылу. Ведама, у гэтай цемры лёгка было налезці на немцаў, але болей за нечаканую сустрэчу з імі ён баяўся спазніцца. У завею ці ў добрае надвор'е, а да ранку яны павінны дабрацца да месца.
Але, мабыць, рака зноў павярнула ўбок, наперадзе зацьмела штосьці вялікае, няроўным бугром праступіла ў цемры. Завея ваўсю гуляла над полем, і праз яе немагчыма было ўбачыць, што гэта такое. Тым не менш гэта грувасткае было якраз на шляху групы, Іваноўскі зразумеў гэта адразу і прыпыніў крок. Ён цяпер часцей, чым дагэтуль, прыкладваўся да компаса, вывяраючы маршрут. Ззаду не адставаў Суднік, блізка трымаліся і астатнія.
Тое, што яшчэ здаля звярнула на сябе іх увагу, зблізку аказалася нейкай будынінай — ускраіннай сядзібай вёскі або якім хутарам. Было б вельмі дарэчы завітаць туды хоць бы для таго, каб напіцца, але Іваноўскі рашуча павярнуў у абход. Ён забабонна баяўся ўсяго, што магло пашкодзіць іх мэце і адабраць час.
Праз завейную непагадзь цяжка было ўгадаць, на якой адлегласці ад іх быў гэты хутар. Усяго нейкую хвіліну ён чарнеў збоку і ўжо гатовы быў знікнуць, як праз вецер аднекуль даляцеў крык. Лейтэнант не ўцяміў яшчэ, хто і нават на якой мове крычыць, як ад будыніны пачуўся выразны сабачы брэх. Іваноўскі моцна адпіхнуўся палкамі, робячы рашучы рывок у цемру, і ў той час ветраную цішыню ночы разарвала прыглушаная завеяй чарга. Трасіруючыя светлякі куль у некалькіх месцах прашылі над галавой цемру, чыркнулі па снезе і панясліся прэч. Здрыгануўшыся ад нечаканасці, лейтэнант прыгнуўся і з усяе сілы рвануўся далей, наперад, у цемру. Аднекуль ззаду скрозь палосы завеі ўспыхнула святло, сняжынкі густа забялелі ў яго круглай пляме. Але гэта была не ракета — мабыць, недзе ўключылі фары. І зноў у паветры пранесліся агнявыя пасмы куль — густая доўгая чарга з шырокім рассейваннем прайшлася па полі. Лейтэнант азірнуўся на лыжнікаў — Суднік, як і заўсёды, трымаўся за ім ушчыльную, далей, нагнуўшыся, разгоніста ішлі астатнія. Далекаватае святло з фар усё ж прыкметна падсвечвала поле, вырываючы з шэрае цемры белыя сілуэты людзей; з хутара іх, мабыць, можна было заўважыць. Калі зусім блізка зноў забліскалі трасы, ён нягучна крыкнуў: «Лажысь!», чамусьці больш за ўсё спалохаўшыся за ношу Судніка, і сам мякка апусціўся на бок. Але ён спазніўся. Лежачы на снезе, ён ужо адчуў, што паранены, нагу коратка абпякло вышай калена, цёплая макрэдзь расплылася ў калашыне. Але моцнага болю ён не адчуваў; сцяўшы пашчэнкі, пакратаў нагой — быццам нічога, можна было трываць. Побач, цяжка дыхаючы, уціснуўся ў снег Суднік.
— Бутэлькі! Бутэлькі глядзі! — гучна шапнуў ён байцу, з незвычайнай выразнасцю ўяўляючы, што калі трапяць у бутэлькі, дык усе тут і загінуць. Суднік сцягнуў з плячэй рэчмяшок, уціснуў у снег, прыкрыўшы сабой небяспечную для ўсіх ношу.
Як толькі апошнія трасы адляцелі ўдалеч, лейтэнант ускочыў на ногі і з радасцю адзначыў, што нага слухаецца. Прыгнуўшыся на лыжах, ён зноў ірвануў у ноч, — з усяе сілы далей ад гэтага хутара, чэргаў і здрадніцкага брэху сабак. Добра, што парывы ветру са снегам усё ж хавалі яго нават у падсветленай начной прасторы, і ён праскочыў яшчэ метраў сто. Хутара ўжо зусім не было відаць, фары, памігаўшы здаля, неяк прыцьмелі, але па-ранейшаму свяцілі ў іх бок. Новая чарга прашыла змрок ззаду, але трасы яе паляцелі далёка ў поле.
Здаецца, яны выбраліся з самай небяспечнай зоны. Лейтэнант спахапіўся, што адарваўся ад сваіх, азірнуўся. Ззаду хтось нерашуча варушыўся ў змроку, але не даганяў, нагінаўся — мабыць, яны згубілі яго лыжню. Тады ён прытрымаў лыжы, прысеў, ціхенька гукнуў байца і павольней пайшоў у цемру, прэч ад гэтага хутара.
Хутка ён напаткаў нейкі хмызняк ці ўзлесак і стаў: трэба было сабраць байцоў. Нага балела мацней, але боль пакуль быў цярпімы, мабыць, куля толькі зачапіла мякаць. Хутар маўчаў. Зусім побач цямнеў голы, засыпаны снегам хмызняк, у якім там-сям чарнелі маладыя елкі — у выпадку чаго можна будзе схавацца. Чакаючы сваіх, Іваноўскі не пераставаў здзіўляцца пільнасці немцаў. Хаця, здаецца, выдаў яго сабака. Дурная жывёліна, хіба яна ведала, на каго брахала. Зрэшты, было б горш, калі б ён своечасова не павярнуў ад хутара ўбок. Усё ж яны яго абмінулі, хоць і не так далёка, каб іх не заўважылі. Ён адчуваў, што боль у назе ўсё мацнее, у калашыне было зусім мокра, намокла нават ануча ў боце, трэба было перавязацца. Але ён маўчаў і не кратаўся — чакаў, калі падыдуць астатнія.
Першым з прыцемак нечакана вынырнуў Суднік, пасля паявілася танклявая постаць Піваварава, трохі пазней, прыгінаючыся і размашыста працуючы палкамі, прымчаліся з завеі двое. Усе спыняліся ля камандзіра і насцярожана пазіралі назад. Парывісты вецер круціў у паветры снежнай крупой, абсыпаючы ёю лыжы, маскхалаты, твары байцоў.
— Каго яшчэ няма? — ціха запытаўся лейтэнант.
— Хакімава няма, — сказаў Лукашоў, не паварочваючыся.
Усе ўзіраліся ў бок злашчаснага хутара.
— Сволачы! І як яны ўчулі? Здаецца, так ціха ішлі! — абураўся Краснакуцкі.