Дом без гаспадара
Шрифт:
Марудна датлявала цыгарэта ў яе руцэ, светлы, сіні дым ткаў прывідныя ўзоры, а за сцяной гучаў голас хлопчыка, што адказваў Альберту ўрок: З прадоння звяртаюся да цябе, о Гасподзь…
Колькі гадоў пакутуе яна ад думкі пра тое, як усё гэта магло б скласціся: шмат дзяцей, дом, а для Рая справа, пра якую ён марыў — мара пра шчасце, якую ён пеставаў з юначых гадоў, мара, якую пранёс праз сталыя гады, праз гады нацызму і вайну, мара, пра якую ён пісаў у сваіх пісьмах: мара выдаваць часопіс, мара ўсіх мужчын, якія маюць хоць нейкае дачыненне да літаратуры.
Яна ведае не менш за дваццаць чалавек, якія носяцца з намерамі выдання часопіса. Нават Альберт і той ужо некалькі гадоў вядзе перамовы з уладальнікам друкарні, якога ён кансультуе па пытаннях афармлення; нават Альберт хоча заснаваць сатырычны часопіс.
Нягледзячы
— Хто застанецца праведным? — спытаў хлопчык за сцяной, а Альберт пастукаў кулаком у сцяну і крыкнуў:
— Цябе да тэлефона, Нэла.
Яна адазвалася:
— Дзякуй, іду, — і павольна пайшла да тэлефона. Альберт таксама ўдзельнічаў у яе марах: ён незаменны сябра, для яго яна з асаблівай дбайнасцю ўзбівае самыя вытанчаныя кактэйлі. Ён застаецца ў іх, калі іншыя госці ўжо даўно разышліся. Але цяпер, бачачы, як ён сядзіць на ложку з недаедзеным бутэрбродам у руцэ, яна спалохалася: Альберт пастарэў, выглядаў вельмі стомленым, валасы ў яго парадзелі, і цяпер ён рашуча не падыходзіў для ўдзелу ў яе раскошным фільме.
Яна паглядзела на Альберта, прывіталася з ім і зразумела па ягоным твары, што Гезелер не назваў сябе. Марцін з кнігай у руках стаяў каля ложка Альберта і чытаў: Паслухай, Гасподзь!
— Калі ласка, памаўчы крыху, — сказала яна.
Пасля зняла трубку.
— Алё!
Глухі голас з фільма, у якім ёй зусім не хацелася іграць, прагучаў зусім блізка і вярнуў яе да таго, што яна ненавідзела: да рэчаіснасці, да сучаснасці.
— Гэта вы, Нэла?
— Так.
— З вамі гаворыць Гезелер.
— Спадзяюся, што вы…
— Не, не, я не назваў імя. Я пазваніў проста дзеля таго, каб пераканацца, ці памятаеце вы пра нашу дамоўленасць.
— Канешне, — сказала яна.
— Пакой замоўлены, і патэр Віліброрд вельмі рады, што вы будзеце. Атрымаецца выдатна.
— Канешне, я прыеду, — раздражнёна адказала яна, але раздражненне яе было выклікана тым, што пад рукой не аказалася цыгарэты, — якое глупства размаўляць па тэлефоне без цыгарэты.
Гезелер замоўк, нейкую долю секунды маўчалі абое, пасля ён нясмела сказаў:
— Добра, значыцца, я чакаю вас, як мы і дамовіліся, каля Крэдытнага банка. — I яшчэ больш нясмела дадаў: — Я вельмі рады, Нэла. Да хуткай сустрэчы.
— Да сустрэчы, — адказала яна і паклала трубку.
Затым уважліва паглядзела на чорны апарат і, гледзячы на яго, успомніла, што ва ўсіх фільмах жанчыны пасля вырашальных размоў уважліва глядзяць на апарат — вось
Яна з цяжкасцю адвяла вочы ад тэлефона, уздыхнула і павярнулася да Альберта.
— Я хацела б пагутарыць з табой, калі Марцін пойдзе. Ты нікуды не збіраешся?
У голасе мамы пяшчота, мілы мамін голасі Марцін зірнуў на будзільнік, што стаяў у Альберта на тумбачцы, і закрычаў:
— Божа, я спазняюся!
— Ідзі,— сказала яна, — паспяшай.
Так было кожны раз: да самай апошняй хвіліны яны забываліся пра час, затым паспешна складвалі ранец і наразалі бутэрброды.
Яны дапамаглі Марціну ўпіхнуць падручнікі ў ранец. Альберт ускочыў, намазаў бутэрброд, яна пацалавала сына ў лоб і спытала:
— Можа, табе даць запіску, хутка дзевяць, ты ўсё роўна спознішся.
— Не трэба, — рашуча адмовіўся Марцін. — Гэта ні да чаго. Настаўнік ужо даўно перастаў чытаць твае запіскі. Калі мне ўдаецца прыйсці своечасова, увесь клас памірае са смеху.
— Мы ж сёння вечарам ад’язджаем у Бітэнхан. Ну добра, ідзі. Заўтра ў цябе вольны дзень.
Альберт стаяў з вінаватым выглядам каля свайго ложка.
— Мне вельмі шкада, Марцін.
Нэла пазвала хлопчыка, калі ён пайшоў да дзвярэй, зноў яго пацалавала і сказала:
— Мне трэба паехаць, але Альберт за табой прыгледзіць.
— А калі ты вернешся?
— Дай яму нарэшце пайсці,— сказаў Альберт, — вельмі непрыемна, што яму ўвесь час даводзіцца спазняцца.
— Гэта не мае значэння, — сказаў Марцін, — я ўжо ўсё роўна спазніўся.
— Не ведаю, — адказала Нэла, — магчыма, што прыйдзецца затрымацца на некалькі дзён, а можа, я вярнуся нават заўтра ўвечары.
— Ну добра, — прамовіў хлопчык, і на ягоным твары яна не заўважыла шкадавання.
Яна ўсунула яму ў кішэню апельсін, і ён павольна выйшаў.
Дзверы ў пакой Альберта так і засталіся адчыненымі. Яна памарудзіла, затым усё ж зачыніла дзверы і вярнулася да сябе. Цыгарэта на мармуровым падаконніку яшчэ тлела, вялікія сіняватыя колцы паднімаліся ад яе. Яна патушыла цыгарэту, кінула яе ў попельніцу і ўбачыла, што на падаконніку стала яшчэ больш жоўтых плямаў. Хлопчык павольна, вельмі павольна перасек вуліцу і схаваўся за домам пастара. Вуліца зрабілася шматлюднай, малочнік гутарыў з рассыльным, худы мужчына з цяжкасцю піхаў цялежку і меланхалічна нараспеў прапаноўваў качанную салату — яркую, як ліманадныя бутэлькі ў кафэ на тэнісным корце, сакавітую зеляніну. Затым малочнік і зяленіўшчык зніклі з вачэй. На вуліцы з’явіліся жанчыны з сумкамі для прадуктаў, нейкі вандроўны гандляр узышоў на тую ўяўную лінію, па якой гадамі хадзіў паштальён, калі нёс ёй пісьмо; у вандроўнага гандляра набіты чамадан, перацягнуты вяроўкай, і безнадзейна паніклая галава. Ён адчыніў брамку, а яна глядзела на яго, як глядзяць на кінаэкран, і, калі пачуўся самы сапраўдны званок, яна спалохалася. Хіба гэта не проста цёмная эпізадычная фігура, уведзеная ў сонечны фільм, — сон пра рэдакцыю, часопіс, гранкі і крушон з лёдам. Ён пазваніў ціха і нерашуча, і яна счакала, ці не адчыніць Альберт, але Альберт не крануўся з месца, тады яна выйшла ў пярэднюю і адчыніла дзверы. Чамадан быў ужо адкрыты, і ў ім — акуратна раскладзеныя кардонкі з падвязкамі, гузікамі, падшытымі да паперы, і бландзінка з ласкавай усмешкай, такая, як у Альберта на флаконе з лавандай, свежая, прыветлівая куртызанка ў сукенцы стылю ракако ўзмахвала хустачкай услед ад’язджаючай паштовай карэце. Шаўковая хустачка, і на заднім плане дрэвы, дакладна з карціны Фраганара. Размытыя контуры малюнка адмыслова ствараюць уражанне суму, а ўдалечыні развяваецца хустка ўлюбёнага, які махае з акна паштовай карэты, усё аддаляючыся, але не робячыся ад гэтага меншым. Крыху кранутае золатам зялёнае лісце фраганаравых дрэў, і пяшчотная, маленькая рука трымае хустачку, ружовая ручка, створаная для ласкі. Чалавек, які прапаноўваў усю гэтую раскошу, неяк дзіўна паглядзеў на яе: ён нават і падумаць не мог, што яна купіць у яго нешта. Да таго ж лаванду, самае дарагое з усяго змесціва чамадана, — ён ведаў, што яна можа гэта купіць, але не смеў спадзявацца, не адважваўся верыць, што вялікая срэбраная манета з яе рук перакачуе ў ягоную кішэню. Надзея яго была слабейшай і вера мізэрнейшай за вопыт. На пакамечаным твары была страшэнная стомленасць.