Дом без гаспадара
Шрифт:
— Не, гэта сын майго сябра, які загінуў на вайне.
Машына Альберта стаяла каля друкарскага склада.
Ён сеў у яе і, адчыніўшы знутры другія дзверцы, пасадзіў Бразгота каля сябе.
— Прабач, што я так спяшаюся. Дома ў нас будзе дастаткова часу — пагаворым.
Бразгот выняў з кішэні пачак цыгарэт, і яны закурылі раней, чым Альберт уключыў матор.
— Можа, гэта і не патрабуе шмат часу, — сказаў Бразгот.
Альберт не адказаў; ён прасігналіў, даў газу і выехаў з варот друкарні. Праязджаючы міма універмага,
— Скажу табе адразу, без вывертаў,— пачаў Бразгот, — гаворка пойдзе пра жанчыну, з якой ты жывеш.
Альберт уздыхнуў:
— Hi з кім я не жыву. Калі ты маеш на ўвазе Нэлу, дык я сапраўды жыву ў яе доме, але…
— Але ты не спіш з ёй?
— Не, не сплю…
Яны выехалі на вялікую ажыўленую плошчу. Бразгот замоўк — да майстэрства ваджэння аўтамабіля ён ставіўся з павагай — і загаварыў толькі пасля таго, як яны павярнулі на глухую вуліцу.
— Але ж яна табе не сястра?
— Не.
— I яна цябе зусім не цікавіць?
— Не.
— I ты даўно яе ведаеш?
Альберт адказаў не адразу, стараючыся ўспомніць, колькі гадоў ён на самай справе ведае Налу. Яму здавалася, што ён усё жыццё ведае яе. Яны праехалі па ажыўленай, шумнай вуліцы, перасеклі другую такую ж і нарэшце павярнулі ў пусты завулак.
— Пачакай, — сказаў ён, — я ведаю яе неймаверна даўно, нават адразу не ўцямлю, колькі гадоў.
Ён наддаў газу і, прагна зацягнуўшыся цыгарэтай, працягваў:
— Я пазнаёміўся з ёй летам трыццаць трэцяга года, мы елі марожанае ў кафэ, значыцца, я ведаю яе роўна дваццаць гадоў. У той час яна была зусім яшчэ дзяўчынка і заўзятая нацыстка: насіла карычневую куртку, форму саюза германскіх дзяўчат. Але пасля гаворкі з Раймундам яна скінула яе, ды так і пакінула валяцца на падлозе. Мы хутка выбілі гэтую дрэнь з яе галавы. Гэта было не так ужо і цяжка — яна ж недурная жанчына.
— Зараз ужо недалёка, — перабіў ён сам сябе, — я толькі заскочу на хвілінку ў магазін: трэба што-кольвечы купіць для хлапчука. Паабедаем у мяне: дома ўсё прыгатавана, толькі падагрэць. Пасля будзем піць каву. Да шасці я да тваіх паслуг, у шэсць я збіраўся паехаць за горад да панядзелка.
— Добра, — адказаў Бразгот, але Альберт адчуў, што Бразготу не цярпіцца больш падрабязна распытаць яго пра Нэлу.
— Між іншым, яе зараз няма дома, — сказаў ён.
— Я ведаю, — адазваўся Бразгот.
Альберт здзіўлена паглядзеў на яго, але змаўчаў.
— Ёй было дваццаць пяць, калі забілі мужа, яна чакала дзіця. Вось ужо восем гадоў я жыву ў яе доме і, мяркую, дастаткова добра ведаю яе.
— Ведаеш, мне ўсё роўна, якая яна, — сказаў Бразгот. — Ты можаш гаварыць пра яе што заўгодна, — я гатовы слухаць хоць цэлы дзень.
Альберт прытармазіў і адчыніў дзверцы. Абышоўшы вакол
— Колькі гадоў хлопчыку?
— Пайшоў адзінаццаты.
Яны спыніліся каля вітрыны пісчапапяровага магазіна, дзе сярод блакнотаў, паперы і паштовых вагаў былі выстаўлены і цацкі.
— Што б такое купіць адзінаццацігадоваму хлопчыку? — спытаў Бразгот. — Я нічога не разумею ў дзецях, ды, прызнацца, і не люблю іх.
— I я так думаў, пакуль не стукнула трыццаць. Я не любіў дзяцей і не ведаў, як з імі абыходзіцца, — сказаў Альберт.
Ён зайшоў у магазін. Бразгот ішоў за ім.
— Усё перамянілася з той пары, як я жыву ў адным доме з Марцінам.
Альберт замоўк, спалоханы, што Бразгот адчуе, з якой пяшчотай ён адносіцца да дзіцяці. Адсунуўшы ўбок кіпу газет на прылаўку, ён пачаў разглядваць карабок з пластылінам. Альберт вельмі любіў хлопчыка, і яму раптам зрабілася страшна ад прамільгнулай думкі, што Бразгот чаго добрага ажэніцца з Нэлай, і тады ён страціць Марціна.
Бразгот з адсутным выглядам перастаўляў з месца на месца завадныя аўтамабільчыкі. Не звяртаючы ўвагі на гаспадыню магазіна, якая тым часам выйшла з задняга пакоя, ён прамовіў:
— Я ніколі ў жыцці не раўнаваў, а цяпер вось разумею, што гэта такое!
— Ды табе, уласна, няма да каго раўнаваць.
Бразгот узяў ракетку для пінг-понга і націснуў пальцам на коркавы пласт, правяраючы яго пругкасць.
— Пінг-понг яму, мабыць, спадабаецца.
— Неблагая ідэя, — сказаў Альберт.
Hi на чым не спыняючыся, ён перагортваў дзіцячыя часопісы і кніжкі, якія ляжалі на прылаўку, затым папрасіў гаспадыню паказаць яму завадныя і драўляныя цацкі і нарэшце адклаў убок комікс пра каўбоя Кесідзі.
Бразгот, відаць, разбіраўся ў пінг-понгах. перабраўшы безліч мячоў і ракетак, ён забракаваў некалькі камплектаў, папрасіў запакаваць самы дарагі і кінуў на прылавак грошы. Гаспадыня дэманстравала Альберту гумавыя надзіманыя цацкі. Ён спяшаўся і быў раздражнёны, — размова з Бразготам зноў прымусіла яго задумацца пра свае адносіны з Нэлай. Ён з агідай глянуў на ядавіта-зялёнага кракадзіла, які востра пах гумай. Гаспадыня з усяе сілы спрабавала надзьмуць яго, але безвынікова, — здавалася, што яна жуе цвёрды кавалак смажаніны.
Твар яе пачырванеў ад натугі, акуляры з’ехалі на нос, кроплі поту каціліся па шчоках. Гумавы вентыль пакрыўся бурбалкамі сліны, але кракадзіл толькі ледзь-ледзь павялічыўся ў аб’ёме.
— Дзякуй, — сказаў Альберт, — дзякуй. Можа, іншым разам.
Жанчына выпусціла з рота вентыль, але так няспрытна павярнула цацку, што паветра, якое выходзіла з яе, — сумесь нясвежага дыхання з пахам гумы — ударыла проста ў твар Альберту.
— Дзякуй, — паўтарыў ён раздражнёна, — я вазьму вось гэта.