Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў
Шрифт:
Гэты крылаты выраз, як сведчыць Бальзак, належыць французскаму палітычнаму дзеячу і філосафу XVIII ст. Мантэск’ё; гэтымі словамі ён вобразна ахарактарызаваў палітычнае бязладдзе, якое ў той час мела месца ў Сан-Марына — карлікавай рэспубліцы на Апенінскім паўвостраве.
Бурыданаў асёл. Паўкалька з франц. м. (l’апе dе Вuridan). Крайне нерашучы чалавек, які вагаецца ў выбары паміж двума раўнацэннымі рашэннямі ці раўназначнымі жаданнямі. [Кардонскі:] Я зусім у органы не збіраўся, мяне накіраваў райкам камсамола. Бо сам як бурыданаў асёл… Стаяў на раздарожжы, не ведаючы, што выбраць: ці дарагую мне гісторыю, ці такую ж літаратуру, ці журналістыку (С. Дубавец.
Узнікненне фразеалагізма звязваецца з імем французскага філосафа Ж. Бурыдана (XIV ст.), які даказваў, што ўчынкі жывых істот залежаць не ад іх волі, а выключна ад знешніх прычын. У пацвярджэнне сваёй думкі ён узяў для прыкладу асла, які, знаходзячыся на роўнай адлегласці ад двух аднолькавых ахапкаў сена, абавязкова павінен загінуць ад голаду, бо пры абсалютнай свабодзе волі ён не зможа аддаць перавагу якомунебудзь аднаму ахапку сена. Параўн. ужыванне фразеалагізма з намёкам на яго першапачатковую вобразнасць: «— Пагубяць цябе гэтыя ягады, як бурыданавага асла сена, — смяецца з Машы Аркадзь» (В. Гігевіч).
Быллём парасло (зарасло). Агульны для ўсходнесл. м. (руск. быльем поросло, укр. биллям поросло). Даўно забыта. Мілая!.. Усё быллём парасло, а пры ўсіх тут скажу… І я твайго Паўла кахала (М. Ракітны. На свята).
Узнік з прыказкі (падаецца ў зборніках І. Насовіча, М. Федароўскага) Калісьці было, ды быллём зарасло. Адарваўшыся ад прыказкі, у якой было і зарасло звязаны рыфмай, фразеалагізм набыў здольнасць рэалізаваць родавыя і лікавыя формы дзеяслоўнага кампанента: «Не быў я ў свеце бабылём, і ты не будзеш, братка, пакуль не зарасла быллём салодкая загадка…» (В. Вітка). Зрэдку замест быллём выкарыстоўваецца быльнягом: «Ну што ты! Нашто ты? Калі што некалі і было, дык быльнягом зарасло…» (М. Лужанін).
Бы на карове сядло. Гл. як (нібы, бы) на карове сядло.
Быццам аршын праглынуўшы. Гл. як (быццам, нібы) аршын праглынуўшы.
Бярозавая каша. Агульны для ўсходнесл. м. Розгі або дубец, рэмень і пад. Проста і ў думках не было, каб гэты клоп, як ён заўсёды называў сваю пляменніцу, ды раптам надумалася выходзіць замуж. А бярозавай кашы яна не хоча часам?.. (М. Лынькоў. Векапомныя дні).
Як мяркуюць, выраз узнік у школьным асяроддзі. Раней у школах, дзе вучылі дзяцей грамаце, пераход да чытання новай кнігі і іншыя поспехі ў вучобе адзначаліся кашай: бацькі ў такіх выпадках прыносілі гаршчок кашы, якую ўсе вучні елі разам. Калі вучань правінавачваўся, яго каралі розгамі, як правіла, бярозавымі. Такое пакаранне сталі называць бярозавай кашай. Фразеалагізм утварыўся па мадэлі словазлучэння тыпу прасяная каша.
Ва векі вякоў. Калька з лац. м. (іn sаесulа sаесulоrum). Назаўсёды, навечна. [Маці:] Ой, лясы, вы не шуміце, майго мужа не будзіце, бо ён спіць вечным сном ва векі вякоў (А. Кудравец. Раданіца).
3 формулы праслаўлення Бога ў часе хрысціянскага царкоўнага набажэнства (абедні).
В
Вавілонскае стоўпатварэнне. Агульны для ўсходнесл. м. Поўная неразбярыха, беспарадак, гармідар. [Генка: ] Мама мая, што робіцца!.. Стоўпатварэнне вавілонскае. Свае сваіх не пазнаюць (К. Крапіва. Брама неўміручасці).
Узнік
Вагавая катэгорыя. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. весовая категория, укр. весова категорія). Уплывова-ацэначная вартасць, велічыня каго- ці чаго-н. Выбачайце, Броўка і Пісарык, пры ўсім скептыцызме ў адносінах да першага, усё-такі розныя вагавыя катэгорыі (Л. Рублеўская. «Ці можна рукапіс прадаць?»).
Узнік у выніку пераасэнсавання тэрміналагічнага словазлучэння, якое выкарыстоўваецца пры класіфікацыі барцоў — спартсменаў класічнай або вольнай барацьбы. Параўн.: «У цяжкай вагавой катэгорыі, у якой перамог наш малады атлет, тады мелася сапраўднае сузор’е атлетаў… А чаму б Мядзведзю не скінуць дзесятак кілаграмаў і не перайсці ў паўцяжкую катэгорыю?» (А. Мяснікоў).
Вадзіць за нос каго. Магчыма, калька з франц. (mеner раг lе nеz) ці ням. (аn dеr Nаsе hеrumf"urеn) м. Уводзіць у зман, абяцаць што-н. і не выконваць. Рытвінскага вельмі злавала думка, што нейкі хлапчук колькі часу вадзіў яго за нос (С. Баранавых. Калі ўзыходзіла сонца).
Мяркуюць, што крыніца мастацкага вобраза, пакладзенага ў аснову фразеалагізма, тая самая, з якой выйшла і прыказка Мядзведзь скача, а цыган грошы бярэ. Даўней у многіх краінах Еўропы мядзведнікі вадзілі напаказ у людныя месцы мядзведзяў за кольца ланцуга, прасунутае ў нос. Мядзведзь, спадзсючыся на падачкі і не заўсёды атрымліваючы іх ды скоса пазіраючы на палку ў руках гаспадара, мусіў вырабляць розныя фокусы.
Вадзіць казу. Агульны для бел. і ўкр. м. Ужыв. са значэннямі: 1) хадзіць гуртам у стане ап’янення, 2) п’янстваваць, напівацца. [Грачоў гаворыць тром п’яным калгаснікам, якія ідуць абняўшыся: ] Што вы сабе думаеце, хлопцы! Пасяўная не за гарамі, а вы ў рабочы дзень казу водзіце па сяле (А. Макаёнак. Каб людзі не журыліся). «Вадзілі казу» беларускія творцы і да вайны, натхніцелямі былі такія «геніі», як Алесь Кучар, і ён жа даносіў на п 'яную «свабодалюбівую» балбатню сваіх калег, і некаторыя з іх патаціліся за гэта жыццямі ці доўгай катаргай (І. Шамякін. Слаўся, Марыя!).
Паходзіць са свабоднага словазлучэння, звязанага з ранейшым звычаем, які бытаваў на Украіне і ў многіх раёнах Беларусі, асабліва на Усходнім Палессі. Як сведчаць фалькларысты і этнографы, звычай захоўваўся яшчэ і на пачатку XX ст. У святочныя дні, пераважна перад Новым годам, гурт хлопцаў хадзіў па хатах калядаваць. Адзін з хлопцаў быў адзеты пад казу — з драўлянай казінай галавой і саламяным хвастом. Хлопцы віншавалі гаспадароў, спявалі калядныя песні, «каза» танцавала пад музыку. Каляднікаў частавалі гарэлкай, давалі падарункі. Усё гэта называлася «вадзіць казу». Абрад «ваджэння казы» падрабязна апісаны ў энцыклапедыі «Этнаграфія Беларусі» (Мн., 1989, с. 230–231). У некаторых сучасных працах па ўкраінскай фразеалогіі выраз вадзіць казу згадваецца як устарэлы. Але яшчэ ў «Слоўніку ўкраінскай мовы» пад рэдакцыяй В. Д. Грынчанкі (1958–1959) ён падаецца без паметы аб устарэласці як «п’янстваваць доўгі час, некалькі дзён».