Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў
Шрифт:
Выстаўляць дулю (фігу, кукіш) каму. Гл. паказваць (выстаўляць) дулю (фігу, кукіш).
Высцебаць самога сябе. Паўкалька з руск. м. (высечь самого себя). Выявіць свае дзеянні, слабасці, недахопы і тым самым нашкодзіць сабе. [Наталля: ] Што гэта? Выклік? Я і прыняць магу. [Лютынскі:] Прымі, калі ласка! Высцебай сама сябе. Адной унтэр-афіцэрскай удавой больш будзе (К. Крапіва. Канец дружбы).
Пераасэнсаваны крылаты выраз з камедыі М. В. Гогаля «Рэвізор», дзе гараднічы гаворыць Хлестакову,
Выхад з-пад пяра. Агульны для ўсходнесл. м. Напісанне, стварэнне кім-н. (літаратурнага твора). Масаваму чытачу, мабыць, і не сніўся такі дарунак… Амаль праз трыццаць гадоў пасля выхаду з-пад пяра твор [ «Сказ пра Лысую гару»] выйшаў у свет (В. Жуковіч. «Быў час, быў век, была эпоха…»).
Утвораны ад суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма выходзіць з-пад пяра каго, чыйго, які абазначае ‘быць напісаным кім-н.’.
Выхад са строю чаго. Агульны для ўсходнесл. м. Псаванне, паломка чаго-н. Мы ведалі, што пры любой аварыі ці ў выпадку выхаду са строю якой-небудзь адной машыны калона доўга не затрымлівалася б (М. Лынькоў. За акіянам).
Вытворны ад суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма выбываць (выходзіць) са строю (гл.), адно са значэнняў якога — ‘пераставаць дзейнічаць, станавіцца непрыгодным, ламацца, псавацца’.
Выхад у свет чаго. Агульны для ўсходнесл. м. Друкаванне, апублікаванне (кнігі, брашуры і пад.). Ніна заказала Карбюзье задоўга да выхаду кнігі ў свет (І. Шамякін. Атланты і карыятыды).
Вытворны ад суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма выходзіць у свет, які абазначае ‘быць апублікаваным (пра кнігу, брашуру і пад.)’.
Выходзіць (выйсці) на арбіту. Агульны для ўсходнесл. м. Станавіцца прыметным, вядомым, дабівацца больш высокага становішча ў жыцці. Мікалай Васільевіч сказаў яму пра цябе, што ты ініцыятыўны і з галавой таварыш… Так што ты, браце, выходзіш на арбіту… (Л. Гаўрылкін. Каця).
Паходзіць з тэрміналагічнага словазлучэння, якое з прамым значэннем выкарыстоўваецца ў галіне касманаўтыкі.
Выходзіць (выйсці) у тыраж. Агульны для ўсходнесл. м. Ужыв. са значэннямі ‘становячыся непрыгодным да чаго-н., канчаць ранейшую дзейнасць’ і ‘старэць, станавіцца непрыгодным для выкарыстання’. [Ульяна Феакцістаўна] бачылаў Іване Сцяпанавічу як не ідэал партыйнага кіраўніка… І вось ён, яе кумір, раптам выйшаў у тыраж (В. Якавенка. Акно на плошчу). Змены правапісу звязаны са значнай затратай дзяржаўных сродкаў: у тыраж выходзіць вялікая колькасць кніжнай прадукцыі (у першую чаргу школьныя падручнікі), і гэту прадукцыю трэба друкаваць нанава (К. Крапіва. Пытанні беларускага правапісу).
Склаўся ў выніку пераасэнсавання аднайменнага састаўнога тэрміна, які ўжываецца ў галіне фінансаў, дзе тыраж абазначае ‘пагашэнне аблігацый і іншых каштоўных
Выходзіць са строю. Гл. выбываць (выбыць; выходзіць, выйсці) са строю.
Выцягнуць гізунты з каго. Гл. цягнуць (выцягнуць) гізунты з каго.
Выцягнуць жылы з каго. Гл. цягнуць (выцягнуць) жылы з каго.
Выцягнуць ногі. Гл. ногі выцягнуць.
Выяда душы. Уласна бел. Назойлівы, надакучлівы чалавек. І зноў, як там, у кабінеце, Зімаўцу захацелася турнуць ад сябе выяду душы (В. Карамазаў. Пушча).
Вытворны ад суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма выядаць душу каму ‘моцна хваляваць каго-н., дакучаючы чым-н. непрыемным’.
Вяртацца (вярнуцца) у строй. Агульны для ўсходнесл. м. Набываць працаздольнасць ці баяздольнасць. Далей [Алесь] павінен сам паклапаціцца пра сябе. Уласна кажучы, клопат у яго адзін — хутчэй вярнуцца ў строй, знайсці сваё месца ў вайне з фашызмам (І. Шамякін. Гандлярка і паэт).
Узнік у выніку пераасэнсавання тэрміналагічнага словазлучэння, якое ўжываецца ў маўленні ваенных, дзе слова строй абазначае ‘воіны, пастроеныя радамі’ і ‘састаў дзеючай арміі’.
Вясельны генерал. Паўкалька з руск. м. (свадебный генерал). Вядомая, важная асоба, запрошаная на якую-н. імпрэзу з мэтай надаць значнасць гэтай падзеі. Пытанне пра падбор гасцей таксама адпадае: Любан — дырыжор, Вольфсан і Ляўкоў — на ролях вясельных генералаў (Г. Колас. «Жыву пад аховай…»).
Склаўся на аснове апавядання А. П. Чэхава «Вяселле з генералам» (1884), дзе апісваецца пашыраны ў асяроддзі купецтва і мяшчанства звычай запрашаць, наймаць генерала на вяселле, ды яшчэ абавязкова ардэнаносца: «Страшэнна ім хочацца, каб на вяселлі генерал! Тысячу рублёў не трэба, а толькі пасадзі за іх стол генерала!»
Вясёлая міна пры дрэннай гульні. Гл. добрая (вясёлая) міна пры дрэннай гульні.
Г
Гавары з чортам пацеры! Уласна бел. Выказванне абурэння, незадавальнення тым, з кім немагчыма весці размову, ніяк нельга дамовіцца. — Ніхто вам зайздросціць не стане. — Вось і гавары з чортам пацеры! Відаць, не ўсім вялікім пад святымі сядзець (А. Махнач. На паляванні).
Пацеры — малітва, тэкст, які гавораць вернікі, калі звяртаюцца да Бога. У вобразнай аснове фразеалагізма як бы супрацьпастаўляюцца Бог (праз пацеры) і чорт; з гэтага вынікае зыходны сэнс: немагчыма гаварыць з чортам тое, што яму проціпаказана.