Ферма
Шрифт:
— Я нічога не разумею. Я ніколі не паверыў бы, што такое можа здарыцца на нашай ферме. Відаць, мы самі ў нечым вінаватыя. Выйсце, на маю думку, у тым, што трэба працаваць яшчэ старанней. Цяпер я буду ўставаць раніцай на цэлую гадзіну раней.
І ён няўклюдна патрухаў да кар'ера. Дабраўшыся туды, сабраў адну за адной дзве ношы камення, зацягнуў іх да ветрака і толькі тады пайшоў спаць.
Жывёлы скупіліся вакол Канюшынкі і маўчалі. З пагорка, на якім яны ляжалі, адкрываўся шырокі спазор на ваколіцы. Яны маглі бачыць большую частку Фермы Жывёлаў — даўгі выган, што цягнуўся да гасцінца, сенажаць, гаёк, вадапой, узараныя палі, дзе ўжо зазелянела рунь, і чырвоныя дахі гаспадарчых будынкаў з дымам, што віўся з комінаў. Быў ясны вясновы вечар. Трава і жываплоты залаціліся пад косымі промнямі сонца. Ніколі раней ферма — а яны са здзіўленнем успомнілі, што гэта была іх ферма, кожны лапік яе быў іхняю ўласнасцю — не здавалася такою ўтульнай і выгоднай. Канюшынка паглядзела на схіл пагорка, і вочы яе напоўніліся
Нарэшце, адчуўшы, што гэта можа замяніць тыя словы, якіх яна ніяк не можа знайсці, яна пачала спяваць «Звяры Брытаніі». Іншыя жывёлы, што сядзелі вакол яе, падхапілі спеў, і яны праспявалі яе тры разы — вельмі суладна, але павольна і жалобна, так, як ніколі раней не спявалі.
Не паспелі яны скончыць, як Віскун, у атачэнні двух сабакаў, падышоў да іх з выглядам, нібы мае сказаць нешта важнае. Ён абвясціў, што адмысловым дэкрэтам таварыша Напалеона «Звяры Брытаніі» адмененыя. З гэтага часу спяваць іх забаронена.
Жывёлы былі агаломшаныя.
— Чаму? — закрычала Мюрыэль.
— Яна больш не патрэбная, таварыш, — сурова адказаў Віскун. — «Звяры Брытаніі» былі песняю Паўстання. Але Паўстанне ўжо завяршылася. Пакаранне здраднікаў сёння па абедзе было апошняй дзеяй. Цяпер і знешнія і ўнутраныя ворагі разбітыя. У «Звярах Брытаніі» мы выказвалі свае мары аб лепшым грамадстве ў будучыні. Але такое грамадства ўжо ўсталявалася. Ясна, што гэтая песня болей не мае ніякага сэнсу.
Хоць і спалоханыя, некаторыя жывёлы ўсё ж маглі б запратэставаць, але ў гэты момант авечкі завялі сваё звычайнае «Чатыры нагі добра, дзве нагі дрэнна», што цягнулася некалькі хвілін і паклала канец спрэчцы. Такім чынам, «Звяры Брытаніі» болей не спявалі. Замест іх паэт Малятка склаў другую песню, якая пачыналася так:
О Ферма Жывёлаў! Родная гаспода!
Ніколі табе не ўчыню я шкоды! —
і цяпер яе спявалі кожную нядзелю раніцай пасля падняцця сцяга. Але жывёлам здавалася, што ні мелодыя, ні словы яе ніяк не маглі зраўняцца з «Звярамі Брытаніі».
VIII
Праз некалькі дзён, калі страх, спрычынены забойствам, суняўся, нехта з жывёлаў прыгадаў (ці яму гэта толькі падалося), што Шостая Запаведзь казала: «Ніводная жывёла не павінна забіваць іншых жывёлаў». І хоць нікому і ў галаву не прыйшло згадаць пра гэта ў прысутнасці свінняў або сабакаў, усё ж адчувалася, што нядаўнія забойствы неяк не адпавядаюць гэтай запаведзі. Канюшынка папрасіла Бэнджаміна прачытаць ёй Шостую Запаведзь, і калі Бэнджамін, як звычайна, сказаў, што ён адмаўляецца мяшацца ў гэткія справы, яна схадзіла па Мюрыэль. Мюрыэль прачытала ёй Запаведзь. У ёй гаварылася: «Ніводная жывёла не павінна забіваць іншых жывёлаў без прычыны». Неяк так здарылася, што два апошнія словы выпалі з памяці жывёлаў. Але цяпер яны пабачылі, што Запаведзь не была парушаная, бо, бясспрэчна, была вельмі важкая прычына, каб забіць здраднікаў, якія схаўрусаваліся з Сняжком.
Увесь гэты год жывёлы працавалі яшчэ старанней, чым летась. Адбудаваць вятрак са сценамі ўдвая таўсцейшымі і скончыць пабудову да прызначанай даты, а пры гэтым выканаць і звычайную працу на ферме — усё гэта вымагала неверагодных высілкаў. Часам жывёлам здавалася, што яны працуюць болей, а ядуць не лепей, чым за часы Джоўнза. Кожнае нядзелі ўранку Віскун браў доўгі сувой паперы і чытаў ім спісы лічбаў, якія сведчылі, што вытворчасць усіх відаў харчовай прадукцыі ўзрасла на дзвесце, трыста, часам нават і на пяцьсот працэнтаў. У жывёлаў не было ніякіх падставаў яму не верыць, асабліва таму, што яны ўжо добра і не памяталі, у якіх умовах яны жылі да Паўстання. І ўсё ж былі дні, калі ім здавалася, што раней было менш лічбаў і болей ежы.
Усе загады цяпер абвяшчаліся праз Віскуна або яшчэ каго з свінняў. Сам Напалеон паказваўся
Пра Напалеона цяпер ніколі не казалі проста «Напалеон». Афіцыйна яго цяпер заўсёды называлі толькі «наш Правадыр таварыш Напалеон», і свінні любілі прыдумваць для яго розныя тытулы, накшталт: Бацька Ўсіх Жывёлаў, Пострах Чалавецтва, Ахоўнік Авечага Статка, Сябра Качанятаў і падобнае. У сваіх прамовах Віскун, заліваючыся слязьмі замілавання, гаварыў пра Напалеонаву мудрасць, пра дабрыню ягонага сэрца і пра глыбокую любоў да жывёлаў ва ўсім свеце, асабліва ж да няшчасных жывёлаў, якія жылі ў няведанні і рабстве на іншых фермах. Сталася звычкай услаўляць Напалеона за кожнае дасягненне і за кожную ўдачу. Часта можна было пачуць, як адна курыца кажа другой: «Пад кіраўніцтвам нашага Правадыра таварыша Напалеона я знесла пяць яек за шэсць дзён»; або як дзве каровы на вадапоі радасна ўсклікалі: «Дзякуючы кіраўнічай ролі таварыша Напалеона сёння такая смачная вада!» Агульныя пачуцці на ферме былі добра выказаныя ў паэме, складзенай Маляткам, якая называлася «Таварыш Напалеон» і гучала так:
О сябар сіротам! Крыніца цяпла і пяшчоты! Памыйні ўладар! Ні пакуты, ні голад, ні скон Мне душу не азмрочаць, Бо заўжды твае мудрыя вочы Мне, як сонца з нябёсаў, зіхочуць, Таварыш Напалеон! Ты — дарыльшчык усёй той надобы, Што падданым тваім даспадобы: Набіты трыбух і сухая падсцілка на сон; У хляве, як у раю, Спіць спакойна худоба любая, Бо нядрэмных вачэй не змыкае Таварыш Напалеон! Каб я меў парсючка-немаўляці, Гадаваў бы яго быццам маці І, пакуль яшчэ не распаўнеў, як качулка, ён, Я яго навучаў бы старанна Табе ў вочы глядзець закахана І страчаць цябе віскам адданым: «Таварыш Напалеон!»Напалеон ухваліў гэтую паэму і загадаў напісаць яе на сцяне вялікага гумна, супрацьлеглай той, дзе былі Сем Запаведзяў. Над паэмай быў партрэт Напалеона ў профіль, выкананы Віскуном белаю фарбай.
Тым часам, пры дапамозе Ўімпэра, Напалеон уступіў у складаныя перамовы з Фрэдэрыкам і Пілкінгтанам. Штабель драўніны быў усё яшчэ не прададзены. З гэтых дваіх Фрэдэрык болей імкнуўся завалодаць ёю, але не хацеў саступаць у цане. Адначасова зноў папаўзлі чуткі, што Фрэдэрык з сваімі людзьмі збіраецца напасці на Ферму Жывёлаў і разбурыць вятрак, будаванне якога абудзіла ў ім лютую зайздрасць. Сняжок, як казалі, усё яшчэ хаваўся на Ферме Пінчфілд. Неяк у сярэдзіне лета жывёлаў вельмі ўзрушыла прызнанне трох курэй, што яны, падбухтораныя Сняжком, змовіліся забіць Напалеона. Курэй неадкладна пакаралі смерцю, і былі прынятыя дадатковыя захады, каб ахаваць Напалеонава жыццё. Чатыры сабакі вартавалі яго ложак уначы, стоячы па адным з кожнага боку, а на маладога парсючка Жмурка быў ускладзены абавязак каштаваць усе стравы Напалеона, перш чым ён будзе іх есці, каб праверыць, ці яны не атручаныя.
Прыблізна ў той самы час было абвешчана, што Напалеон дамовіўся прадаць драўніну містэру Пілкінгтану; ён таксама збіраўся заключыць сталае пагадненне на абмен некаторымі прадуктамі паміж Фермай Жывёлаў і Фоксвудам. Дачыненні паміж Напалеонам і Пілкінгтанам, хоць яны і падтрымліваліся толькі праз Уімпэра, былі цяпер амаль сяброўскія. Жывёлы не давяралі Пілкінгтану як прадстаўніку чалавечага роду, але аддавалі яму перавагу перад Фрэдэрыкам, якога яны баяліся і ненавідзелі. З набліжэннем восені, калі вятрак быў ужо амаль пабудаваны, чуткі пра пагрозу здрадлівага нападу зрабіліся часцейшыя. Казалі, што Фрэдэрык меўся сабраць супраць іх дваццаць чалавек, узброеных стрэльбамі, і ўжо падкупіў суд і паліцыю, дамовіўшыся, што яны не будуць умешвацца, калі ён захопіць права на валоданне Фермаю Жывёлаў. Апроч таго, з Пінчфілда даходзілі жахлівыя весткі пра зверствы, якія Фрэдэрык учыняў над сваімі жывёламі. Ён засек да смерці старога каня, марыў голадам кароў, забіў сабаку, кінуўшы яго ў печку, а вечарамі забаўляўся тым, што прымушаў пеўняў біцца, прывязаўшы ім да шпораў вострыя лёзы. У жывёлаў кроў кіпела ад гневу, калі яны чулі, што іх таварышы церпяць такія здзекі, і часам яны патрабавалі, каб ім дазволілі выйсці самім і напасці на ферму Пінчфілд, выгнаць адтуль людзей і вызваліць жывёлаў. Але Віскун параіў ім устрымацца ад неразважлівых дзеянняў і даверыцца стратэгіі таварыша Напалеона.