Чтение онлайн

на главную

Жанры

Ферма

Оруэлл Джордж

Шрифт:

Тым не меней нянавісць да Фрэдэрыка расла. Аднойчы ў нядзелю раніцай Напалеон выступіў у гумне і растлумачыў, што ён ніколі не меў намеру прадаць штабель драўніны Фрэдэрыку; ён сказаў, што мець справу з такім нягоднікам было б абразаю ягонай годнасці. Галубам, якіх усё яшчэ высылалі, каб разносіць весткі пра Паўстанне, было забаронена садзіцца ў Фоксвудзе, ім таксама было загадана адкінуць іх ранейшы лозунг «Смерць чалавецтву» і замяніць яго на «Смерць Фрэдэрыку». Напрыканцы лета было выкрыта яшчэ адно Сняжкова злачынства. У збажыне было поўна пустазелля, і высветлілася, што пад час аднаго з сваіх начных набегаў Сняжок перамяшаў насенне збожжа і пустазелля. Гусак, які быў уцягнуты ў гэтую змову, прызнаўся Віскуну ў сваім злачынстве і тут жа скончыў жыццё самагубствам, праглынуўшы некалькі смяротна

атрутных ягад лісніку. Жывёлы цяпер таксама даведаліся, што Сняжок ніколі — як шмат хто з іх дагэтуль думаў — не быў узнагароджаны медалём «Жывёла-Герой» першага класа. Гэта была проста прыдумка, якую пашыраў сам Сняжок нейкі час пасля Бітвы пры Хляве. А на самай справе яго не толькі не ўзнагародзілі, але яшчэ і асудзілі за баязліўства ў бітве. І зноў сяму-таму з жывёлаў было дзіўна гэта пачуць, але Віскун хутка здолеў іх пераканаць, што памяць іх ашукала.

Увосень, цаною неверагодна цяжкіх намаганняў — бо амаль адначасова трэба было збіраць ураджай — будаўніцтва ветрака было закончана. Заставалася яшчэ паставіць абсталяванне, і Ўімпэр вёў перамовы наконт яго закупкі, але сам будынак ужо стаяў. Насуперак усім цяжкасцям, нягледзячы на недасведчанасць, на недасканалыя прылады працы, на няшчасці і нягоды і на здраду Сняжка, працу скончылі дакладна ў прызначаны дзень! Змучаныя, але гордыя жывёлы хадзілі вакол свайго шэдэўра, які здаваўся ім яшчэ прыгажэйшым, чым той, што яны збудавалі першы раз. Тым болей што сцены цяпер былі ўдвая таўсцейшыя. Ніякі выбух ім цяпер не страшны! І калі яны падумалі, колькі паклалі працы і пакутаў, колькі сцярпелі нягодаў і якія велізарныя перамены настануць у іх жыцці, калі пачнуць круціцца крылы і запрацуюць генератары, — калі яны падумалі пра ўсё гэта, стома пакінула іх, і яны пачалі скакаць вакол ветрака і крычаць ад радасці. Сам Напалеон, з неадлучнымі сабакамі і пеўнем, выйшаў агледзець завершаную працу; ён асабіста павіншаваў жывёлаў з вялікім дасягненнем і абвясціў, што вятрак будзе насіць назву Вятрак імя Напалеона.

Праз два дні жывёлаў склікалі ў гумно на адмысловы сход. Ім аж мову заняло ад здзіўлення, калі Напалеон паведаміў, што прадаў штабель драўніны Фрэдэрыку. На другі дзень Фрэдэрык меўся прыгнаць фурманкі і пачаць перавозку. Увесь час свайго ўяўнага сяброўства з Пілкінгтанам Напалеон быў у сакрэтным пагадненні з Фрэдэрыкам.

Усе дачыненні з Фоксвудам спыніліся, Пілкінгтану былі пасланыя абразлівыя лісты. Галубам было загадана пазбягаць ферму Пінчфілд і змяніць свой лозунг «Смерць Фрэдэрыку» на «Смерць Пілкінгтану». У той самы час Напалеон запэўніў жывёлаў, што чуткі аб рыхтаваным нападзе на Ферму Жывёлаў былі цалкам фальшывыя і што апавяданні пра Фрэдэрыкаву жорсткасць да сваіх жывёлаў моцна перабольшаныя. Усе гэтыя погаласкі паходзілі, відаць, ад Сняжка і яго агентаў. Цяпер выявілася, што Сняжок не хаваецца на ферме Пінчфілд і што ён там ніколі ў жыцці не быў, а жыў ён — як казалі, у поўнай раскошы — у Фоксвудзе і ўжо некалькі гадоў быў наёмнікам Пілкінгтана.

Свінні былі ў захапленні ад Напалеонавай хітрасці. Прыкінуўшыся, што сябруе з Пілкінгтанам, ён змусіў Фрэдэрыка падвысіць плату на дванаццаць фунтаў. Але найвышэйшая якасць Напалеонавага розуму, казаў Віскун, выявілася ў тым, што ён не давяраў нікому, нават Фрэдэрыку. Фрэдэрык хацеў заплаціць за драўніну нечым, што ён назваў чэкам, які, кажуць, быў кавалкам паперкі з напісаным абяцаннем заплаціць. Але Напалеон не такі дурны. Ён запатрабаваў заплаціць сапраўднымі пяціфунтавымі банкнотамі, якія павінны быць перададзеныя, перш чым драўніна будзе перавезеная. Фрэдэрык ужо заплаціў; і атрыманае сумы якраз хапала на тое, каб купіць абсталяванне да ветрака.

Тым часам драўніна спешна перавозілася. Калі ўсё было скончана, у гумне склікалі яшчэ адзін адмысловы сход, каб агледзець Фрэдэрыкавы банкноты. Начапіўшы абедзве свае ўзнагароды, шчасна пасміхаючыся, Напалеон ляжаў на саламяным подсціле, а побач з ім, раўнютка складзеныя на парцалянавай талерцы з панскай кухні, ляжалі грошы. Жывёла павольна праходзіла паўз іх, і кожны глядзеў, колькі хацеў. Баксёр нахіліўся, каб панюхаць банкноты, і лёгкія белыя паперкі задрыжалі і зашалахцелі пад яго ўздыхам.

Праз тры дні ўзняўся страшэнны гармідар. Спалатнелы Ўімпэр прыехаў на ровары,

кінуў яго ў двары і пабег што меў сілы да сядзібы. Праз хвіліну шалёны крык абурэння пачуўся з апартаментаў Напалеона. Як лясны пажар, разнеслася па ферме страшная навіна. Банкноты фальшывыя! Фрэдэрык атрымаў драўніну за нішто!

Напалеон неадкладна склікаў жывёлаў і страшным голасам абвясціў смяротны прысуд Фрэдэрыку. Калі яго ўдасца злавіць, сказаў ён, Фрэдэрык будзе звараны жыўцом. У той самы час ён папярэдзіў, што пасля такой вялікай здрады можна чакаць найгоршага. Фрэдэрык і яго людзі маглі распачаць свой даўно планаваны напад у любы момант. На ўсіх падыходах да фермы былі расстаўлены вартавыя. Да таго ж чатыры галубы былі пасланыя ў Фоксвуд з прымірэнчым пасланнем, якое, як спадзяваліся, магло б аднавіць добрыя стасункі з Пілкінгтанам.

Напад адбыўся якраз наступнай раніцай. Жывёлы снедалі, калі назіральнікі прыбеглі з весткай, што Фрэдэрык і яго памагатыя ўжо прайшлі праз вялікую ўваходную браму. Даволі адважна жывёлы выправіліся ім насустрач, але гэтым разам ім не ўдалася лёгкая перамога, як у Бітве пры Хляве. На іх ішло пятнаццаць чалавек з паўтузінам стрэльбаў, і яны пачалі страляць, калі падышлі на пяцьдзесят ярдаў. Жывёлы не маглі выстаяць перад жахлівымі выбухамі стрэлаў і пякучымі шрацінамі і, нягледзячы на спробы Напалеона і Баксёра стрымаць іх, неўзабаве адступілі. Некаторыя з іх былі ўжо параненыя. Яны схаваліся ў гаспадарчых будынках і асцярожна выглядалі праз дзіркі і шчыліны. Увесь выган, разам з ветраком, быў цяпер у руках ворага. На хвіліну здалося, што нават Напалеон разгубіўся. Ён моўчкі хадзіў сюды-туды, торгаючы раскручаным хвастом. З надзеяй і спадзяваннем усе паглядалі ў бок Фоксвуда. Калі б Пілкінгтан з сваімі людзьмі дапамог ім, яны б яшчэ маглі перамагчы. Але ў гэтую хвіліну вярнуліся чатыры галубы, высланыя напярэдадні, і адзін з іх перадаў шматок паперы ад Пілкінгтана. На ім было напісана алоўкам: «Так вам і трэба».

Тым часам Фрэдэрык і яго людзі спыніліся каля ветрака. Жывёлы глядзелі на іх з трывогай. Двое людзей дасталі лом і кавальскі молат. Яны збіраліся разбурыць вятрак.

— Гэта немагчыма! — закрычаў Напалеон. — Сцены занадта тоўстыя. Яны не разаб'юць іх і за тыдзень. Не падайце духам, таварышы!

Але Бэнджамін уважліва прыглядаўся да кожнага руху людзей. Двое з молатам і ломам прабівалі дзірку каля падмурка ветрака. Бэнджамін, амаль з задаволеным выглядам, павольна ківаў сваёй доўгай храпай.

— Я так і думаў, — сказаў ён. — Хіба вы не бачыце, што яны робяць? Праз хвіліну яны закладуць у тую дзірку порах.

Жывёлы напалохана чакалі. Яны не маглі рызыкнуць выйсці з сваіх сховішчаў. Праз некалькі хвілін яны ўбачылі, што людзі ўцякаюць ва ўсе бакі. Тады нешта аглушальна грымнула. Галубы рвануліся ў неба, а ўсе жывёлы, апроч Напалеона, пападалі на зямлю і схавалі галовы. Калі яны ўсталі, то ўбачылі вялізны воблак чорнага дыму на тым месцы, дзе стаяў вятрак. Воблак паволі развеяўся ветрам. Ветрака болей не было!

Калі жывёлы ўбачылі гэта, да іх вярнулася адвага. Страх і роспач, якія яны адчувалі хвіліну раней, цяпер патанулі ў раз'юшаным гневе, абуджаным гэтым подлым, ганебным учынкам. Пачуўся магутны заклік да помсты, і, не чакаючы далейшых загадаў, яны ўсім гуртам рынуліся наперад і пабеглі проста на ворага. Цяпер яны не зважалі на ліхія шраціны, якія градам праляталі над імі. Гэта была жорсткая, зацятая бітва. Людзі стралялі няспынна, а калі жывёлы падбеглі ўсутыч, пачалі адбівацца кіямі і каванымі ботамі. Адна карова, тры авечкі і дзве гускі былі забітыя, і амаль усе астатнія былі параненыя. Нават Напалеону, які кіраваў аперацыяй з тылу, адсекла шрацінаю кончык хваста. Але і людзі не абышліся без ахвяраў. Траім Баксёр прабіў галаву капытамі; аднаму карова прапарола рогам жывот; яшчэ аднаму Джэсі і Званочак ледзь не здзерлі штаны. І калі дзевяць сабакаў з асабістай аховы Напалеона, якім ён даручыў абысці за жываплотам з тылу, раптам выскачылі на людзей з флангу, раз'юшана брэшучы, іх ахапіла паніка. Яны ўбачылі, што ім пагражае акружэнне. Фрэдэрык крыкнуў сваім людзям уцякаць, пакуль дарога адкрытая, і праз хвіліну баязлівы супраціўнік уцякаў, ратуючы жыццё. Жывёлы гналі іх да самага канца поля і яшчэ добра надавалі ім у спіну, калі тыя прабіваліся праз калючы жываплот.

Поделиться:
Популярные книги

Наследник Четырех

Вяч Павел
5. Игра топа
Фантастика:
героическая фантастика
рпг
6.75
рейтинг книги
Наследник Четырех

Адъютант

Демиров Леонид
2. Мания крафта
Фантастика:
фэнтези
6.43
рейтинг книги
Адъютант

Возвышение Меркурия. Книга 7

Кронос Александр
7. Меркурий
Фантастика:
героическая фантастика
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Возвышение Меркурия. Книга 7

Приручитель женщин-монстров. Том 1

Дорничев Дмитрий
1. Покемоны? Какие покемоны?
Фантастика:
юмористическое фэнтези
аниме
5.00
рейтинг книги
Приручитель женщин-монстров. Том 1

Лорд Системы 4

Токсик Саша
4. Лорд Системы
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
рпг
5.00
рейтинг книги
Лорд Системы 4

Возвышение Меркурия. Книга 2

Кронос Александр
2. Меркурий
Фантастика:
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Возвышение Меркурия. Книга 2

Прометей: каменный век II

Рави Ивар
2. Прометей
Фантастика:
альтернативная история
7.40
рейтинг книги
Прометей: каменный век II

На границе империй. Том 10. Часть 3

INDIGO
Вселенная EVE Online
Фантастика:
боевая фантастика
космическая фантастика
попаданцы
5.00
рейтинг книги
На границе империй. Том 10. Часть 3

6 Секретов мисс Недотроги

Суббота Светлана
2. Мисс Недотрога
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
эро литература
7.34
рейтинг книги
6 Секретов мисс Недотроги

Неудержимый. Книга XIII

Боярский Андрей
13. Неудержимый
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Неудержимый. Книга XIII

Вернуть невесту. Ловушка для попаданки

Ардова Алиса
1. Вернуть невесту
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
8.49
рейтинг книги
Вернуть невесту. Ловушка для попаданки

На руинах Мальрока

Каменистый Артем
2. Девятый
Фантастика:
боевая фантастика
9.02
рейтинг книги
На руинах Мальрока

Найди меня Шерхан

Тоцка Тала
3. Ямпольские-Демидовы
Любовные романы:
современные любовные романы
короткие любовные романы
7.70
рейтинг книги
Найди меня Шерхан

Табу на вожделение. Мечта профессора

Сладкова Людмила Викторовна
4. Яд первой любви
Любовные романы:
современные любовные романы
5.58
рейтинг книги
Табу на вожделение. Мечта профессора