Ферма
Шрифт:
Аднак Бэнджамін і Канюшынка маглі быць разам з Баксёрам толькі пасля працы, а фургон, што меўся забраць яго, прыехаў якраз у сярэдзіне працоўнага дня. Усе жывёлы працавалі на праполцы рэпы пад наглядам свінні, калі яны раптам са здзіўленнем убачылі, як Бэнджамін ляціць наўзгалоп ад фермы, крычучы на ўсю глотку. Упершыню яны бачылі Бэнджаміна ўзрушанага і ўпершыню бачылі, як ён бяжыць. «Хутчэй, хутчэй! — крычаў ён. — Сюды! Баксёра забіраюць!» Не чакаючы загаду ад свінні, жывёлы спынілі працу і кінуліся бегчы да будынкаў. І праўда, на двары стаяў вялікі закрыты фургон, у які была ўпрэжана пара коней, на баку было нешта напісана, а за фурмана сядзеў хітраваты чалавек у насунутым на
Жывёлы скупіліся вакол фургона. «Бывай, Баксёр, — крычалі яны хорам, — бывай!»
— Дурні! Дурні! — закрычаў Бэнджамін, скачучы вакол іх і б'ючы аб зямлю сваімі маленькімі капытамі. — Дурні! Вы што, не бачыце, што напісана на фургоне?
Жывёлы на хвіліну задумаліся, і стала ціха. Мюрыэль пачала чытаць па складах. Але Бэнджамін адштурхнуў яе і прачытаў сярод мёртвай цішыні:
— «Элфрэд Сімандс, канарэз і клеявар, Уілінгдон. Лупленне скур і выраб касцяной мукі. Дастаўка сабачых будак». Вы што, не разумееце, што гэта значыць? Яны вязуць Баксёра на скуралупню!
Ва ўсіх жывёлаў вырваўся крык жаху. У гэтую хвіліну чалавек сцебануў коней, і тыя хуткай рыссю павезлі фургон прэч з двара. Жывёлы пабеглі за ім, крычучы што мелі сілы. Канюшынка вырвалася наперад. Фургон пачаў набіраць хуткасць. Канюшынка паспрабавала перайсці на галоп, перабіраючы сваімі тоўстымі нагамі. «Баксёр! — крычала яна. — Баксёр! Баксёр! Баксёр!» І якраз у гэты момант, нібы пачуўшы шум і крыкі звонку, Баксёр высунуў галаву з белай паласой на носе з маленькага акенца ў задняй сценцы фургона.
— Баксёр! — закрычала страшным голасам Канюшынка. — Баксёр! Уцякай! Уцякай хутчэй! Яны хочуць цябе забіць!
Усе жывёлы падхапілі крык: «Уцякай, Баксёр, уцякай!» Але фургон усё хутчэй і хутчэй аддаляўся ад іх. Невядома, ці зразумеў Баксёр тое, што сказала яму Канюшынка. Але праз хвіліну галава яго знікла з акенца і пачуўся страшэнны стукат капытоў у фургоне. Ён спрабаваў вырвацца. Былі часы, калі пары ўдараў Баксёравых капытоў хапіла б, каб разбіць гэты фургон на трэскі. Але, на жаль, колішняя сіла пакінула яго; і праз некалькі хвілін стукат капытоў зрабіўся слабейшы, а пасля зусім сціх. У роспачы жывёлы пачалі заклікаць двух коней, што везлі фургон, каб яны спыніліся. «Таварышы, таварышы! — крычалі яны. — Не вязіце вашага брата на смерць!» Але дурныя стварэнні, занадта бязглуздыя, каб зразумець, што робіцца, апусцілі вушы і пабеглі яшчэ хутчэй. Баксёрава галава больш не паказвалася ў акенцы. Нехта надумаў забегчы наперад і зачыніць цяжкую браму, але было позна: праз хвіліну фургон мінуў браму і неўзабаве знік за паваротам. Больш Баксёра ніколі не бачылі.
Праз тры дні было абвешчана, што ён памёр у Ўілінгдонскім шпіталі, нягледзячы на ўсю дапамогу з боку лекараў. Віскун пераказаў гэтую навіну астатнім. Ён прысутнічаў, як ён сказаў, пры апошніх гадзінах Баксёравага жыцця.
— Гэта было сама кранальнае відовішча, якое я толькі бачыў, — сказаў Віскун, падняўшы нагу і змахнуўшы слязу. — Я быў каля ложка да апошняй хвіліны. Перад самай смерцю, ужо не могучы гаварыць ад слабасці, ён прашаптаў мне на вуха, што яго засмучае толькі тое, што ён адыходзіць, калі вятрак яшчэ недабудаваны. «Наперад, таварышы, — прашаптаў ён. — Наперад у імя Паўстання. Няхай жыве Ферма Жывёлаў! Няхай жыве таварыш Напалеон! Напалеон заўсёды кажа праўду». Такія былі яго апошнія словы, таварышы.
Раптам у паводзінах Віскуна наступіла змена. На хвіліну ён змоўк, пасля, перш чым прадоўжыць, падазрона зіркнуў у бакі сваімі маленькімі вочкамі.
Яму сталася вядома, сказаў ён, што пад час адпраўкі Баксёра распускаліся благія і злосныя чуткі. Некаторыя жывёлы заўважылі, што на фургоне, які
Жывёлы выслухалі гэта з вялікай палёгкай. І калі Віскун расказаў пра іншыя падрабязнасці апошніх хвілін Баксёра, пра выдатны медыцынскі дагляд, пра дарагія лекі, за якія Напалеон заплаціў не думаючы, іх апошнія сумненні зніклі, і смутак па памерлым таварышу быў палегчаны думкаю, што, прынамсі, ён памёр шчаслівы.
Сам Напалеон паказаўся на сходзе ў наступную нядзелю раніцай і выступіў з кароткай прамовай у гонар Баксёра. Было немагчыма, сказаў ён, перанесці астанкі памерлага таварыша для пахавання на ферме, але ён загадаў сплесці вялікі лаўровы вянок і паслаў, каб яго ўсклалі на магіле Баксёра. А праз некалькі дзён свінні мелі намер наладзіць жалобны банкет у памяць Баксёра. Напалеон скончыў сваю прамову, нагадаўшы два ўлюбёныя Баксёравы лозунгі — «Я буду працаваць яшчэ старанней» і «Таварыш Напалеон заўсёды кажа праўду» — лозунгі, сказаў ён, якімі мусіць узброіцца цяпер кожная жывёліна.
У прызначаны для банкету дзень з Уілінгдона прыехаў фургон бакалейшчыка і выгрўзіў каля сядзібы вялікую драўляную скрынку. Вечарам з сядзібы даносіліся шумныя спевы, пасля якіх чулася нібы бурлівая спрэчка, і ўсё скончылася каля адзінаццатай гадзіны жахлівым грукатам бітага шкла. Назаўтра да паўдня ў сядзібе ніхто не варушыўся, і па ферме пайшла пагалоска, што свінні здабылі аднекуль грошай і купілі сабе яшчэ адну скрынку віскі.
X
Міналі гады. Адна пара змяняла другую, мінаўся кароткі жывёлін век. Настаў час, калі ніхто ўжо не памятаў старых дзён да Паўстання, апроч Канюшынкі, Бэнджаміна, крумкача Масея і некалькіх свінняў.
Мюрыэль памерла; Званочак, Джэсі і Пінчар памерлі. Памёр і Джоўнз — у доме для алкаголікаў, у другім канцы краіны. Пра Сняжка забыліся. Пра Баксёра забыліся, апроч тых нешматлікіх, хто ведаў яго. Канюшынка была цяпер тоўстай кабылай з нягнуткімі суставамі і слязлівымі вачамі. Ужо два гады, як мінуў яе пенсійны ўзрост, але яшчэ ніводная жывёліна не была адпушчаная на пенсію. Даўно ўжо забыліся пра гаворкі аб выдзяленні кутка на выгане для старых жывёлаў. Напалеон быў цяпер мажным кныром на дзесяць пудоў вагою. Віскун так растлусцеў, што амаль не мог расплюшчыць вачэй. І толькі стары Бэнджамін заставаўся такі, як і раней, хіба што больш ссівеў ды пасля Баксёравай смерці зрабіўся больш змрочны і маўклівы.
На ферме цяпер было значна болей жывёлаў, хоць прырост быў і не такі вялікі, як спадзяваліся ранейшымі гадамі. Нарадзілася шмат жывёлаў, для якіх Паўстанне было ўсяго толькі нейкай невыразнай легендай, што перадавалася з пакалення ў пакаленне, іншыя ж, купленыя па-за фермай, ніколі і не чулі пра гэта раней. Цяпер, апроч Канюшынкі, на ферме было яшчэ трое коней. Гэта былі прыгожыя стварэнні, сумленныя працаўнікі і добрыя таварышы, але надта дурныя. Ніхто з іх не здолеў вывучыць алфавіт далей за літару «Б». Яны паслухмяна прымалі ўсё, што ім казалі пра Паўстанне і пра прынцыпы Жывялізму, асабліва калі гаварыла Канюшынка, якую яны паважалі, як маці; але наўрад ці яны шмат з таго разумелі.