Ферма
Шрифт:
Але кожны працаваў адпаведна сваім магчымасцям. Куры і качкі, напрыклад, уратавалі пяць бушаляў збожжа пад час жніва, старанна падбіраючы зярняткі. Ніхто не краў, ніхто не скардзіўся за порцыі. Сваркі, бойкі і зайздрасць, такія звычайныя штодзённыя з'явы колішніх часоў, цяпер амаль зусім зніклі. Ніхто не ўхіляўся ад працы — ці амаль ніхто. Молі, што праўда, не надта ахвотна паднімалася раніцаю і мела звычку ісці з працы раней, апраўдваючыся тым, што ёй у капыт забіўся камень. Дзіўныя былі і паводзіны ката. Неўзабаве ўсе заўважылі: як толькі трэба нешта рабіць, ката ніколі нельга знайсці. Ён знікаў на цэлыя гадзіны, тады раптам з'яўляўся, калі трэба было есці, або ўвечары, калі праца была ўжо скончаная, з выглядам, быццам так і трэба. Але ён заўсёды знаходзіў такія цудоўныя прабачэнні і муркаў так прыязна, што было проста немагчыма
Нядзелі былі вольныя ад працы. Снедалі на гадзіну пазней, чым звычайна, а пасля снядання адбывалася цырымонія, якая неадменна паўтаралася кожны тыдзень. Спачатку паднімалі сцяг. Сняжок быў знайшоў у рымарні стары зялёны абрус місіс Джоўнз і намаляваў на ім белай фарбай падкову і рог. Сцяг паднімаўся на флагштоку перад сядзібай кожную нядзелю раніцай. Сцяг быў зялёны, як тлумачыў Сняжок, таму што ён выяўляў зялёныя палі Англіі, тым часам як падкова і рог азначалі будучую Рэспубліку Жывёлаў, якая паўстане, калі чалавечы род будзе канчаткова зрынуты. Пасля падняцця сцяга ўсе жывёлы ішлі гуртам у гумно на агульны збор, які называўся Сходам. Тут планавалася праца на наступны тыдзень, высоўваліся і абмяркоўваліся розныя пастановы. Высоўвалі пастановы заўсёды свінні. Іншыя жывёлы навучыліся галасаваць, але самі ніякіх прапаноў прыдумаць не маглі. Найбольш актыўнымі ў спрэчках былі Сняжок і Напалеон. Але можна было заўважыць, што гэтыя двое ніколі не пагаджаліся між сабою: калі адзін з іх выказваў якую думку, можна было быць пэўным, што другі будзе яе абвяргаць. Нават калі было пастаноўлена — па сутнасці, ніхто не меў нічога супраць — выдзеліць маленькі выган за садам у якасці месца адпачынку для жывёлаў, якія састарыліся і не маглі болей працаваць, дык усчаліся зацятыя спрэчкі наконт дакладнага веку выхаду на пенсію для розных катэгорыяў жывёлы. Сход заўсёды сканчаўся адспяваннем «Звяроў Брытаніі», і ўвесь час па абедзе прызначаўся на адпачынак.
Рымарню свінні выбралі сабе за штаб. Вечарамі яны вывучалі тут кавальства, цяслярства і іншыя неабходныя рамёствы з кніжак, якія яны вынеслі з сядзібы. Сняжок сам займаўся яшчэ і арганізаваннем іншых жывёлаў у гэтак званыя Жывёльныя Камітэты, выяўляючы пры гэтым нястомную заўзятасць. Для курэй ён заснаваў Камітэт па Вытворчасці Яек, для кароў — Саюз Чыстых Хвастоў, для авечак — Рух за Бялейшую Воўну. Быў створаны яшчэ Камітэт Перавыхавання Дзікіх Таварыстваў (з мэтаю прыручэння пацукоў і зайцоў) і шмат іншых, а таксама курсы па ліквідацыі непісьменнасці. Агулам беручы, усе гэтыя задумы не ўдаліся. Спроба ўхатніць дзікіх жывёлаў, напрыклад, правалілася амаль адразу. Тыя працягвалі паводзіць сябе па-ранейшаму, а калі да іх ставіліся з шчодрасцю і спагадай, яны проста з гэтага карысталі. Кот далучыўся да працы Камітэта Перавыхавання і колькі дзён быў вельмі актыўны. Адзін раз бачылі, як ён сядзеў на даху і гутарыў з вераб'ямі, якія абачліва трымаліся ад яго на адлегласці. Ён расказваў ім, што цяпер усе жывёлы таварышы і што любы верабей мог бы падысці і сесці яму на лапу; аднак вераб'і не наважваліся падысці бліжэй.
Гурткі ж па ліквідацыі непісьменнасці якраз удаліся. Да восені амаль кожная жывёліна на ферме была ў пэўнай ступені пісьменная.
Што да свінняў, дык яны ўжо выдатна ўмелі чытаць і пісаць. Сабакі навучыліся чытаць даволі добра, але не выяўлялі асаблівае ахвоты чытаць нешта, апроч Сямі Запаведзяў. Каза Мюрыэль навучылася чытаць крыху лепей за сабакаў і часам вечарамі чытала іншым з газетных шматкоў, якія яна знаходзіла на сметніку. Бэнджамін умеў чытаць не горш за свінняў, але ніколі не карыстаўся гэтым уменнем. Ён казаў, што, наколькі яму вядома, няма нічога, што было б варта прачытаць. Канюшынка вывучыла ўсе літары, але не магла злучыць іх у словы. У Баксёра справа не йшла далей за D. Ён мог накрэсліць на пяску сваім вялізным капытом А, В, С, а тады, падціснуўшы вушы, абаўрэла глядзеў на літары, часам патрэсваючы чубам, і што было моцы спрабаваў прыгадаць, што
Ніводная іншая жывёліна на ферме не пасунулася далей за літару А. Выявілася таксама, што найдурнейшыя жывёлы, як авечкі, куры і качкі, былі няздольныя вывучыць Сем Запаведзяў на памяць. Пасля доўгага роздуму Сняжок абвясціў, што Сем Запаведзяў, па сутнасці, могуць быць зведзеныя да аднаго лозунга, а менавіта: «Чатыры нагі добра, дзве нагі дрэнна». У гэтым, сказаў ён, палягаў асноўны прынцып Жывялізму. Той, хто глыбока ім прасякнецца, зможа ніколі не баяцца ніякіх чалавечых уплываў. Птушкі спачатку запярэчылі, бо ім здавалася, што яны таксама маюць дзве нагі, але Сняжок давёў ім, што гэта не так.
— Птушынае крыло, таварышы, — сказаў ён, — гэта орган руху, а не дотыку, і, такім чынам, павінна быць прыраўнянае да нагі. Адметны знак чалавека — рука, прылада, якою ён чыніць усе свае зладзействы.
Птушкі не зразумелі доўгай прамовы Сняжка, але пагадзіліся з ягоным тлумачэннем, і ўсе ніжэйшыя жывёлы ўзяліся вучыць новы лозунг на памяць. «Чатыры нагі добра, дзве нагі дрэнна» было напісана вялікімі літарамі на гуменнай сцяне над Сямю Запаведзямі. Вывучыўшы нарэшце гэты лозунг на памяць, авечкі праняліся да яго вялікім упадабаннем і часта, лежачы ў полі, яны ўсе разам пачыналі бляяць: «Чатыры нагі добра, дзве нагі дрэнна! Чатыры нагі добра, дзве нагі дрэнна!» і бляялі гэтак, не стамляючыся, цэлымі гадзінамі.
Напалеон Сняжковымі камітэтамі не цікавіўся. Ён сказаў, што выхаванне моладзі — значна важнейшае за ўсё тое, што можна зрабіць для дарослых. Якраз здарылася так, што неўзабаве пасля сенакосу Джэсі і Званочак абедзве ашчаніліся, спарадзіўшы на свет разам дзевяць здаровенькіх шчанятак. Як толькі яны адвучыліся ад матчынага малака, Напалеон забраў іх ад матак і сказаў, што сам паклапоціцца аб іхнім выхаванні. Ён занёс іх на гарышча, куды можна было трапіць толькі па драбіне з рымарні, і там трымаў іх у такім адасобненні, што ўсе на ферме неўзабаве пра іх забыліся.
У хуткім часе раскрылася таямніца таго, куды знікала малако. Яго дамешвалі штодня ў ежу свінням. Пачалі ўжо выспяваць раннія яблыкі, і трава ў садзе была ўсыпаная ападкамі. Усе жывёлы меркавалі як пра нешта само сабой зразумелае, што яблыкі будуць дзяліць на ўсіх пароўну; аднак аднойчы выйшаў загад, паводле якога ўсе ападкі мусілі сабраць і занесці ў рымарню на спажытак свінням. Нехта паспрабаваў наракаць, але нічога не дапамагло. Усе свінні былі аднадушныя ў гэтым пытанні, нават Сняжок і Напалеон. Даць усім іншым неабходныя тлумачэнні выслалі Віскуна.
— Таварышы! — закрычаў ён. — Спадзяюся, вы не лічыце, што мы, свінні, робім гэта дзеля эгаізму або прывілеяў? Шмат хто з нас папраўдзе не любіць малака і яблыкаў. Я і сам іх не люблю. Адзінае, дзеля чаго мы іх ямо, — каб захаваць сваё здароўе. Малако і яблыкі (а гэта, таварышы, даказана навукай) змяшчаюць у сабе рэчывы, абсалютна неабходныя для добрага пачування свінняў. Мы, свінні, — працаўнікі разумовае працы. Усё кіраванне фермаю і парадак на ёй залежаць ад нас. Удзень і ўночы мы клапоцімся пра ваш дабрабыт. Вось жа якраз дзеля вас мы п'ём гэтае малако і ямо гэтыя яблыкі. Ці ведаеце вы, што б здарылася, калі б мы, свінні, не справіліся з сваімі абавязкамі? Джоўнз вярнуўся б! Так, Джоўнз вярнуўся б! Напэўна, таварышы, — крычаў Віскун ледзь не ўмольным голасам, скокаючы сюды-туды і матляючы хвастом, — напэўна, сярод вас няма нікога, хто захацеў бы, каб вярнуўся Джоўнз?
І праўда, калі і было нешта, у чым жывёлы былі цалкам упэўненыя, дык гэта тое, што яны не хацелі, каб Джоўнз вярнуўся. І калі ўсё было выстаўлена ў такім святле, ім не было чаго сказаць. Важнасць таго, каб свінні заставаліся пры добрым здароўі, была аж занадта відавочная. І таму без далейшых спрэчак было дамоўлена, што ўсё малако і ападкі яблыкаў (а таксама і ўвесь ураджай, калі яны даспеюць) будуць належаць адным свінням.
IV