Чтение онлайн

на главную

Жанры

Ферма

Оруэлл Джордж

Шрифт:

Да канца лета вестка пра тое, што адбылося на Ферме Жывёлаў, разышлася па ўсім наваколлі. Сняжок і Напалеон штодня высылалі па колькі галубоў, якія меліся ўвайсці ў зносіны з жывёлаю на суседніх фермах, расказаць ёй гісторыю Паўстання і навучыць мелодыі «Звяроў Брытаніі».

Містэр Джоўнз цяпер найчасцей бавіў час у бары ўілінгданскай карчмы «Чырвоны леў», скардзячыся кожнаму, хто б ні трапіўся, на ўчыненую яму нялюдскую несправядлівасць — як яго выгнала з ягонага маёнтка нейкая купка нічога не вартых жывёлін. Іншыя гаспадары спачувалі яму дзеля прыліку, але не надта спяшаліся яму нечым дапамагчы. У душы кожны з іх патаемна разважаў, ці нельга было б Джоўнзава няшчасце павярнуць неяк на сваю карысць. На шчасце, уладальнікі гаспадарак, прылеглых да Фермы Жывёлаў, увесь час не ладзілі між сабою. Адна з іх, што звалася Фоксвуд, была

вялікай занядбанай старасвецкай гаспадаркаю, збольшага зарослай лесам, са змарнаванымі пашамі і несамавітымі агароджамі. Гаспадар, містэр Пілкінгтан, быў нядбайны, ленаваты панок, які большасць свайго часу прысвячаў, залежна ад пары, рыбалцы або паляванню. Другая гаспадарка, Пінчфілд, была меншая і лепш дагледжаная. Яе ўладальнік, містэр Фрэдэрык, упарты і спрытны дзялок, увесь час з некім судзіўся і меў славу няўступлівага ў здзелках чалавека. Гэтыя двое так не любілі адзін аднаго, што ім цяжка было прыйсці да нейкага пагаднення, нават калі справа тычылася абароны іх інтарэсаў.

Тым не меней іх не на жарт спалохала паўстанне на Ферме Жывёлаў, і яны пастараліся зрабіць, што маглі, каб іх уласныя жывёлы як мага меней пра гэта ведалі. Спачатку яны спрабавалі высмеяць саму ідэю таго, што жывёлы самі могуць весці гаспадарку. Тыдні праз два ўсё гэта разваліцца само па сабе, казалі яны. Яны пускалі чуткі, што жывёлы на Ферме Мэнар (яны і далей упарта называлі яе «Ферма Мэнар», не церпячы назвы «Ферма Жывёлаў») увесь час ваююць паміж сабою і таму хутка памруць з голаду. Калі прайшоў нейкі час, а жывёлы зусім не памерлі з голаду, Фрэдэрык і Пілкінгтан завялі іншую песню і пачалі гаварыць пра страшны шал злачыннасці і распусты, які нібыта лютаваў цяпер на Ферме Жывёлаў. Казалі, што жывёлы там ядуць адна адну, катуюць адна адну распаленымі да чырвані падковамі, а самак ужываюць супольна. Вось што выйшла з гэтага паўстання супраць законаў Прыроды, казалі Фрэдэрык і Пілкінгтан.

Аднак ніхто да канца не верыў гэтым байкам. Няясныя і перакручаныя чуткі пра дзівосную ферму, дзе жывёлы, выгнаўшы людзей, сталіся гаспадарамі свайго жыцця, разыходзіліся ўсё далей, і ўвесь гэты год у наваколлі не спадала хваля бунтарных настрояў. Заўсёды паслухмяныя быкі раптам зрабіліся дзікімі, авечкі зносілі агароджы і пляжылі канюшыну, каровы перакульвалі даёнкі, коні адмаўляліся скакаць цераз перашкоды і перакідалі праз іх коннікаў. Але, што найгорш, мелодыя і нават словы «Звяроў Брытаніі» былі вядомыя паўсюль. Яны з дзіўнай хуткасцю разышліся сярод жывёлаў наваколля. Чуючы гэтую песню, людзі не маглі стрымаць сваёй лютасці, хоць і рабілі выгляд, што лічаць яе проста смешнаю. Яны не маглі зразумець, казалі яны, як самі жывёлы могуць дайсці да таго, каб спяваць такую дзікую лухту. Кожная жывёліна, заспетая за тым, што спявае гэтую песню, каралася дубцом на месцы. І, аднак, песню гэтую нельга было задушыць. Яе высвіствалі ў жываплотах дразды, буркаталі ў вязах галубы, яна чулася ў грукаце кузняў і ў гудзе царкоўных званоў. І калі чалавечыя стварэнні слухалі яе, яны патаемна баяліся, чуючы ў ёй прароцтва сваёй будучай загубы.

На пачатку кастрычніка, калі збажына была зжатая і стаяла ў сціртах, а частка была ўжо абмалочаная, прыляцела, кружляючы ў паветры, купка галубоў і села на панадворку Фермы Жывёлаў у нязвыклым узрушэнні. Джоўнз і ўсе яго людзі, ды яшчэ паўтузіна іншых з Фоксвуда і Пінчфілда, увайшлі праз браму і рухаліся цяпер дарогаю, што вяла да фермы. Усе яны неслі кіі, апрача Джоўнза, які ступаў наперадзе з стрэльбаю ў руках. Яны відавочна збіраліся адваяваць ферму.

Гэтага чакалі ўжо даўно, і таму ўсё было загадзя падрыхтавана. Сняжок, які ўважліва вывучыў старую кнігу пра выправы Юлія Цэзара, знойдзеную ў сядзібе, узяў на сябе кіраванне абароннымі аперацыямі. Ён хутка раздаў загады, і праз пару хвілін кожная жывёліна была ўжо на сваім баявым пасту.

Калі чалавечыя стварэнні наблізіліся да будынкаў фермы, Сняжок распачаў сваю першую атаку. Усе галубы, колькасцю трыццаць пяць, лёталі сюды-туды над галовамі людзей і брудзілі на іх з паветра; і пакуль людзі абціраліся, гусі, што хаваліся за жываплотам, кінуліся на іх і пачалі бязлітасна шчыпаць іх за лыткі. І, аднак, гэта была толькі лёгкая папярэдняя сутычка, скіраваная на тое, каб стварыць разлад у шэрагах супраціўніка, і людзі лёгка адагналі гусей кіямі. Тады Сняжок кінуў у бой другую лінію атакі. Мюрыэль, Бэнджамін і ўсе авечкі, на чале з Сняжком, рынуліся наперад і пачалі таўчы і басці людзей з усіх бакоў, тым часам як Бэнджамін, павярнуўшыся, біў іх сваімі маленькімі капытамі. Але і тут людзі з сваімі кіямі і падкутымі цвікамі ботамі былі мацнейшыя за іх; раптам,

пачуўшы Сняжкоў віск, што было сігналам да адступлення, усе жывёлы павярнуліся і ўцяклі на ўнутраны двор.

Людзі азваліся пераможным воклічам. Яны ўбачылі, як ім здавалася, што іх ворагі ўцякаюць, і бязладна кінуліся за імі. Гэта было якраз тое, чаго спадзяваўся Сняжок. Як толькі яны забеглі ў двор, тры кані, тры каровы і ўсе астатнія свінні, што хаваліся ў засадзе ў хляве, нечакана выйшлі на іх з тылу, адрэзаўшы шляхі да адступлення. І тады Сняжок даў сігнал да атакі. Сам ён абрынуўся на Джоўнза. Джоўнз убачыў яго, узняў стрэльбу і стрэліў. Шраціны прадзёрлі крывавыя палосы на Сняжковай спіне, і адна авечка ўпала мёртвая. Не спыняючыся ні на хвіліну, Сняжок уваліў усе свае шэсць пудоў у ногі Джоўнзу. Джоўнз паваліўся ў кучу гною, і стрэльба выпала ў яго з рук. Але найстрашнейшае відовішча ўяўляў сабою Баксёр, які стаў дыбкі і выбрыкваў сваімі падкутымі жалезам капытамі, як стаенны жарабок. Яго першы ўдар лучыў у галаву памочніку конюха з Фоксвуда, і той нежывы распластаўся ў гразі. Убачыўшы гэта, некалькі чалавек пакідалі свае кіі і паспрабавалі ўцячы. Іх ахапіла паніка, і ў наступную хвіліну ўсе жывёлы, сабраўшыся разам, ганялі іх па ўсім двары. Іх білі рагамі і нагамі, кусалі і тапталі. Не было ніводнай жывёліны на ферме, якая б па-свойму на іх не папомсцілася. Нават кот, раптоўна саскочыўшы з даху на плечы пастуху, запусціў кіпцюры яму ў шыю, і той пачаў крычаць немым голасам. У той момант, калі брама расчынілася, людзі з радасцю кінуліся з двара і пабеглі да гасцінца. І так, праз пяць хвілін пасля ўварвання, яны ганебна адступілі той самай дарогай, якой былі прыйшлі, а за імі, сыкаючы, беглі чарадою гусі і шчыпалі іх за лыткі.

Усе людзі ўцяклі, апроч аднаго. Вярнуўшыся ў двор, Баксёр пакратаў капытом памочніка конюха, які ляжаў ніцма, тварам у гразь, спрабуючы перавярнуць яго. Хлопец не варушыўся.

— Ён памёр, — з сумам вымавіў Баксёр. — Я не хацеў яго забіваць. Я забыўся, што ў мяне жалезныя падковы. Хто цяпер паверыць, што я зрабіў гэта не наўмысна?

— Без сантыментаў, таварыш! — закрычаў Сняжок, з чыіх ранаў усё яшчэ цякла кроў. — Вайна ёсць вайна. Добры чалавек — мёртвы чалавек.

— Я не хачу забіваць, нават людзей, — паўтарыў Баксёр, і вочы яго напоўніліся слязьмі.

— А дзе Молі? — усклікнуў нехта.

Молі і сапраўды не было відаць. На хвіліну ўзняўся вялікі пярэпалах; баяяіся, што людзі маглі неяк ёй нашкодзіць або нават звесці яе з сабою. Урэшце, аднак, яе знайшлі — яна хавалася ў сваім стойле, засунуўшы галаву ў сена. Яна ўцякла, як толькі пачула стрэл. Аднак, калі ўсе вярнуліся з пошукаў, выявілася, што памочнік конюха, які быў толькі аглушаны, паспеў ачомацца і ўцячы.

Жывёлы зноў сабраліся ўсе разам у вялікім узрушэнні і, перакрыкваючы адна адну, распавядалі пра свае подзвігі ў бітве. Тут жа адбылося імправізаванае святкаванне перамогі. Быў узняты сцяг, і колькі разоў запар былі праспяваныя «Звяры Брытаніі», пасля адбылося ўрачыстае пахаванне палеглай у баі авечкі, і на яе магіле быў пасаджаны куст глогу. Сняжок выступіў над магілаю з кароткай прамовай, падкрэсліўшы, што кожная жывёліна мусіць быць гатовая загінуць за Ферму Жывёлаў, калі гэта спатрэбіцца.

Жывёлы аднадушна пастанавілі заснаваць ваенную ўзнагароду — медаль «Жывёла-Герой» першага класа, які быў адразу ўручаны Сняжку і Баксёру. Гэты масянжовы медаль (у сапраўднасці ж гэта былі масянжовыя бляхі, знойдзеныя ў рымарні) належала насіць у нядзелі і святы. Заснавалі таксама медаль «Жывёла-Герой» другога класа, якім пасмяротна ўзнагародзілі забітую авечку.

Шмат спрачаліся аб тым, як назваць гэтую слаўную бітву. Нарэшце яе назвалі Бітва пры Хляве, бо якраз там хавалася засада. Стрэльбу містэра Джоўнза знайшлі ў гразі, а было вядома, што ў сядзібе ёсць патроны. Вырашылі ўсталяваць стрэльбу ля флагштока ў якасці гарматы і страляць з яе двойчы на год — дванаццатага кастрычніка, у гадавіну Бітвы пры Хляве, і ў дзень напярэдадні Янавай ночы, у гадавіну Паўстання.

V

З набліжэннем зімы паводзіны Молі пачалі ўсё больш і больш непакоіць. Яна спазнялася на працу кожнай раніцы, просячы прабачэння, што праспала, і скардзілася на нейкі загадкавы боль, хоць апетыт у яе заставаўся цудоўны. За любою зачэпкай яна ўцякала з працы і ішла на вадапой, дзе падоўгу стаяла і ачмурэла ўзіралася ў сваё адлюстраванне ў вадзе. Але хадзілі чуткі і пра нешта больш сур'ёзнае. Аднойчы, калі Молі бяздумна прахаджалася па двары, памахваючы сваім даўгім хвастом і жуючы былінку, Канюшынка адвяла яе ўбок.

Поделиться:
Популярные книги

Звезда сомнительного счастья

Шах Ольга
Фантастика:
фэнтези
6.00
рейтинг книги
Звезда сомнительного счастья

Магия чистых душ

Шах Ольга
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.40
рейтинг книги
Магия чистых душ

Возвышение Меркурия. Книга 7

Кронос Александр
7. Меркурий
Фантастика:
героическая фантастика
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Возвышение Меркурия. Книга 7

На границе империй. Том 2

INDIGO
2. Фортуна дама переменчивая
Фантастика:
космическая фантастика
7.35
рейтинг книги
На границе империй. Том 2

Легат

Прокофьев Роман Юрьевич
6. Стеллар
Фантастика:
боевая фантастика
рпг
6.73
рейтинг книги
Легат

Младший сын князя

Ткачев Андрей Сергеевич
1. Аналитик
Фантастика:
фэнтези
городское фэнтези
аниме
5.00
рейтинг книги
Младший сын князя

Восьмое правило дворянина

Герда Александр
8. Истинный дворянин
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Восьмое правило дворянина

Энфис 4

Кронос Александр
4. Эрра
Фантастика:
городское фэнтези
рпг
аниме
5.00
рейтинг книги
Энфис 4

Серые сутки

Сай Ярослав
4. Медорфенов
Фантастика:
фэнтези
аниме
5.00
рейтинг книги
Серые сутки

Комбинация

Ланцов Михаил Алексеевич
2. Сын Петра
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Комбинация

Чехов книга 3

Гоблин (MeXXanik)
3. Адвокат Чехов
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
аниме
6.00
рейтинг книги
Чехов книга 3

Двойня для босса. Стерильные чувства

Лесневская Вероника
Любовные романы:
современные любовные романы
6.90
рейтинг книги
Двойня для босса. Стерильные чувства

Эволюция мага

Лисина Александра
2. Гибрид
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Эволюция мага

Инцел на службе демоницы 1 и 2: Секса будет много

Блум М.
Инцел на службе демоницы
Фантастика:
фэнтези
5.25
рейтинг книги
Инцел на службе демоницы 1 и 2: Секса будет много