Героі Элады
Шрифт:
Апошні раз паклікаў да сябе Геракла цар Еўрысфей і сказаў яму:
– Прывядзі да мяне Кербера з царства Аіда, і гэта будзе твая апошняя служба мне!
Геракл нічога не адказаў і рушыў у дарогу..
Ён знайшоў пячору Тэнара, адкуль па русле падземнай ракі трэба было спускацца ў глыб зямлі.
Страшна жывому па сваёй ахвоце ісці ў царства смерці!
Геракл спыніўся каля ўвахода ў пячору, паглядзеў на зямлю ў квецені, на сіняе мора, на ўвесь цёплы сонечны свет, і сумна і страшна зрабілася яму. Але ён перасіліў сум і страх і адважна ступіў у цемру. І адразу пачуў за сабой лёгкія крокі. Гэта даганяў яго Гермес, крылаты вястун Зеўса, якога ўладар свету паслаў правесці
Неўзабаве ў змроку забялела высокая скала: пад ёю ледзь чутна сонна струменіла ціхая рака, зарослая высокай травою без колеру і паху. Геракл нагнуўся да ракі, каб напіцца.
– Не пі, - спыніў яго Гермес, - гэта Лета, рака Забыцця. Хто нап'ецца вады з яе, той забудзе ўсё на свеце.
Яны пайшлі далей, і Геракл убачыў свайго старога настаўніка і свайго юнага сябра, што памёр у паходзе. Геракл радасна кінуўся да іх, працягваючы ім рукі, але яны глядзелі на яго нежывымі вачамі, не пазнаючы, быццам не бачачы яго, і, як цені, слізганулі міма.
– Яны не пазнаюць цябе, - сказаў Гермес.
– Яны пілі з ракі Забыцця і ўсё забылі.
Але адзін цень раптам спыніўся, наблізіўся. Геракл пазнаў калідонскага цара Мелеагра.
– Геракл, - сказаў ціха цень цара, - памажы мне. На зямлі я пакінуў сястру Дэяніру, юную і безабаронную. Думкі пра яе трывожаць мяне і тут. Прашу цябе: вазьмі яе да сябе ў дом, ажаніся з ёю, - яна будзе табе вернаю жонкай. А я супакоюся навек.
І Геракл паабяцаў выканаць просьбу сябра.
Усё ніжэй і ніжэй спускаліся яны ў глыб зямлі і раптам убачылі чалавека, які цягнуў на самы верх падземнай гары вялізны цяжкі камень. Увесь спацелы і запылены, напружваючы ўсе сілы, ён аберуч старанна каціў угору камень, падпіраючы яго ўсім сваім целам. Усяго адзін крок заставаўся яму да вяршыні гары, як раптам камень вырваўся з аслабелых рук і з грукатам пакаціўся ўніз. Чалавек паспешліва спусціўся за ім да падножжа гары і зноў пацягнуў сваю цяжкую ношу. І зноў, не дасягнуўшы вяршыні, сарваўся і ўпаў камень, і зноў спусціўся ўніз і без адпачынку, без перадыху пацягнуў яго наверх чалавек.
Геракл спыніўся і пазіраў на гэтую цяжкую і марную працу.
Гэта быў Сізіф з Карынфа, асуджаны вечна цягаць гэты цяжкі камень - за сквапнасць, за тое, што пры жыцці прысвойваў сабе чужыя багацці, за тое, што пражыў на зямлі не працуючы.
Далей пайшоў Геракл са сваім спадарожнікам Гермесам і ўбачыў чалавека, які стаяў у празрыстай і чыстай вадзе. Вада даходзіла яму да плячэй, але ледзь толькі ён нагінаўся, каб прагнаць смагу, змачыць перасохлыя, чорныя губы, вада імгненна спадала, знікала, хавалася ўся ў зямлі. З берага схіляліся да чалавека галіны, якія гнуліся ад пладоў, янтарная гронка вінаграду амаль датыкалася да яго твару. Але як толькі ён працягваў руку, каб сарваць румяны яблык або сакавіты гранат, галіны ўзнімаліся высока-высока, і галодны не мог дацягнуцца да іх.
Геракл пазнаў чалавека, якога гэтак жорстка пакаралі.
Гэта быў Тантал, цар Сіпіла, калісьці любімец багоў і самы шчаслівы са смяротных, навекі асуджаны ўладаром свету Зеўсам за падман багоў, за вераломства, за непамерную, шалёную зайздрасць.
З цяжкім сэрцам праходзіў Геракл міма страшных прывідаў падземнага царства. Нарэшце ён прыйшоў на бераг падземнай ракі Ахеронта. Каля берага чакала чорная лодка. Змрочны і маўклівы перавозчык Харон стаяў з вяслом у руцэ на карме, і цені памёршых нясмела працягвалі яму манету, якую клапатлівыя родныя палажылі нябожчыку ў рот пры пахаванні.
Стары Харон здзівіўся, убачыўшы жывога ў царстве мёртвых, але Гермес загадаў яму прапусціць Геракла ў лодку. Лодка
– Ён яшчэ не ведае, чаго ты прыйшоў сюды, - сказаў Гераклу спадарожнік, - а то ён сустрэў бы цябе інакш.
З жаласным стогнам цені памёршых увайшлі ў шырокія вароты і рушылі да палаца падземнага царства.
Там, у вялікай і змрочнай зале, перад тронам Аіда сядзелі строгія і непадкупныя суддзі мёртвага царства: Радамант, Эак і Мінас. Яны судзілі кожнага за яго жыццё, за яго зямныя справы і кожнаму прызначалі па заслугах пакаранне або ўзнагароду.
Убачыўшы жывога чалавека ў палацы ўладара мёртвых, здзівіліся і суддзі і слугі Аіда. А Геракл спакойна стаяў перад тронам падземнага цара, з ільвінай шкурай на плячах, трымаючы ў руках сваю дубінку, і папрасіў Аіда дазволіць яму вывесці на святло Кербера, каб паказаць яго цару Еўрысфею.
– Я дазволю табе, - сказаў яму Аід, - узяць на нейкі час з сабою на зямлю майго сабаку, калі ён выпусціць цябе адсюль і калі ты зможаш узяць яго, не параніўшы, без мяча і без стралы, аднымі сваімі рукамі.
Геракл падзякаваў Аіду і пайшоў назад да медных варот. Цяпер яны былі зачынены, і Кербер спаў перад імі, паклаўшы ўсе тры галавы на чорную дарогу.
Пачуўшы крокі Геракла, ён прачнуўся, усхапіўся, сярдзіта загыркаў, і дракон на канцы хваста грозна разявіў пашчу.
Геракл хуценька наблізіўся да Кербера і, выставіўшы ўперад сваю левую руку, абгорнутую ў ільвіную шкуру, правай рукой схапіў сабаку за шыю. Сабака завыў; жудаснае выццё яго разнеслася па ўсім падземным царстве. Ён ухапіўся зубамі ўсіх трох галоў за левую руку героя, лізаў яе вогненнымі языкамі, усе змеі на яго спіне ўпіліся ў ільвіную шкуру, але яе нельга было пракусіць, і Геракл не адчуваў болю. Моцна сціскаў ён шыю сабакі і цягнуў яго за сабою, на бераг ракі, да перавозу. Нарэшце напаўзадушаны Кербер захістаўся, аслабеў і лёг перад Гераклам. Герой надзеў яму ланцуг на шыю і павалок за сабою, і страшны сабака падземнага царства паслухмяна паплёўся за пераможцам.
Харон жахнуўся, убачыўшы Геракла з Керберам, але не адважыўся затрымаць іх і перавёз на другі бок.
Калі яны наблізіліся да выхада на зямлю, Кербер жаласна заскуголіў і амаль поўз за Гераклам. А калі яны выйшлі са змроку на зямны вольны прастор, сонечнае святло асляпіла падземнага вартаўніка; ён задрыжаў, закалаціўся, жоўтая пена закапала з яго пашчаў, і ўсюды, дзе яна падала на зямлю, вырастала ядавітая трава.
Геракл прывёў Кербера ў Мікены і прымусіў Еўрысфея зірнуць на яго. Але Еўрысфей затуліў твар рукамі і ад страху пачаў прасіць Геракла найхутчэй завесці страшнага сабаку назад.
– Ну, бяжы, вяртайся назад і чакай цара каля варот, - сказаў Геракл і зняў з Кербера ланцуг.
І сабака як згледзець вокам памчаўся ў царства мёртвых.
Так закончылася служба Геракла Еўрысфею, і цар адпусціў героя.
Геракл у палоне
Закончыўшы сваю службу ў цара Еўрысфея, здзейсніўшы дванаццаць подзвігаў, Геракл вярнуўся дадому. Тут яго чакалі новыя выпрабаванні.
Даверлівы і добры, Геракл часта бываў нецярплівы, запальчывы і ў гневе не памятаў сябе.