Грот афаліны
Шрифт:
Толькі ў самую спякоту плошча пусцее, а так на ёй заўсёды людна. Людзі шпацыруюць наўкол фантана. Рэдкія закаханыя парачкі падоўгу сядзяць на гранітным беражку, забаўляюцца з вадою: то палошчуць рукі, то затыкаюць якое сопла, апырскваючы адно аднаго. У вадзе сям-там прасвечваюцца манеты, іх вызбірваюць, б'ючыся за кожную, позна ноччу хлапчукі, а сентыментальныя турысты зноў накідваюць. Ёсць там і зелле, у адным месцы распласталіся на вадзе нейкія круглыя лісты, плаваюць пярэстыя рыбы-папугаі.
Асабліва
Радж, калі вяртаўся з заняткаў у містэра Ромеша, дзе браў урокі каратэ, таксама ішоў да фантана. Ад той прыватнай школы каратэ, якую адкрыў Ромеш у адным з падвалаў дома сёмага сектара, да плошчы было ўсяго якіх метраў дзвесце. І Радж прысаджваўся на борцік фантана. Прыемна было пасядзець, слухаючы лагодны плюскат і шыпенне вады, адчуваць, як стома пакідае развярэджаныя і натруджаныя суставы, сціхае боль у мышцах. Даваў містэр Ромеш нагрузку максімальную, кімано штораз даводзілася вывешваць на прасушку ад поту, а то і замываць.
Сядзеў расслаблена, забаўляўся з вадою і ў думках перабіраў Ромешавы павучанні. Каб добра служыць свайму народу, трэба быць фізічна дасканалым. Толькі такі чалавек можа і за сябе пастаяць, і другому памагчы, і народу карысць прынесці. Ромеш ледзь не маліўся на фізічную дасканаласць чалавека і бачыў у каратэ і паратунак, і зброю ў барацьбе за лепшую будучыню народа. Смешны і наіўны Ромеш: як быццам неба можна пратыкнуць кулаком! Ды прыёмамі каратэ могуць дасканала валодаць і ворагі народа, усялякія крывасмокі і прыгнятальнікі.
Адно добра: дзякуючы гуртку пазнаёміўся з некалькімі неблагімі хлопцамі-грузчыкамі з порта, электрыкамі з гатэляў, музыкамі з рэстаранных аркестраў, афіцыянтамі, матросамі з выратавальнай службы. Просты, свойскі народ.
Погляд Раджа слізгаціць па тварах. Механічна адзначае, хто мясцовы ці, ва ўсякім разе, з тропікаў, а хто прыехаў здалёк. У мясцовых скура цёмна-рудая, часам нават карычневата-сіняя, адны кітайцы жоўтыя.
Прайшлі двое пад ручку, адзін з іх таўстун з бліскучым кійком. Вуха Раджа ўлавіла:
— Тут такое казіно-райяль! Лепшае, чым у Манака, — у захапленні ўзмахваў кійком таўстун.
— А я ў рулетку не адважваюся. Жабраком можна астацца.
— Хэ, у карты таксама можна прагуляць.
Калі праходзілі дзяўчаты,
Ужо можна было і папіць, і ён паклікаў хлапчука з каляскаю. Развозіў той у шкляным чане, падобным на акварыум, какосавы сок з долькамі апельсінаў, мандарынаў, ананасаў, драбкамі лёду.
— Чарпні разок.
Піў, а сам усё прыглядваўся да людзей. І здалася яму адна постаць знаёмай. Нават не постаць, а хада чалавека. Аддаў хуценька хлапчуку конаўку, кінуў пяціцэнтавік і бегма за тым маладым чалавекам. Ён ведаў хаду гэтага чалавека з дзяцінства: роўненька ідзе, нібы гляк з вадою на галаве трымае. Ён ці не ён? Ён ці не…
— Амара!
— Радж?! — азірнуўся малады чалавек. Абняліся, утварыўшы сярод людзей нерухомы астравок. Пасыпаліся звычайныя ў такіх выпадках пытанні: «Ну — дзе ты? Што парабляеш? Як тут апынуўся?» Больш, вядома, пытаў Радж, бо ў самога Раджа амаль нічога не змянілася.
— Ты як знік з Біргуса, дык больш і не ведаеш нічога, што там нарабілася? — у гэтым пытанні Амары Радж пачуў прыхаваны боль і спачуванне. Адмоўна пакруціў галавою, упіваючыся вачыма ў вочы сябра, а сэрца ўжо балюча заныла. — То мне многа што ёсць расказаць… Чаго мы тут стаім? Давай сюды, у «Лятучую рыбу», — паказаў Амара на бар-рэстаран, на франтоне якога скакалі рознакаляровыя неонавыя рыбы з плаўнікамі-веерамі.— Мне да работы яшчэ гадзіна, пасядзім, пасмокчам кактэйлю.
— А дзе ты працуеш?
— Ды тут жа, у «Лятучай рыбе». Па начах… Сёння чацвёртая ноч будзе. Пасудамыйнікам… Я папрашу буфетчыка, дасць напавер.
— Не, даражэнькі. Плачу я, наяўнымі. Ты яшчэ абжывайся.
— Ну добра, толькі наступны раз — я. Пайшлі абняўшыся.
Усе месцы за столікамі былі занятыя. Амара арганізаваў два месцы за службовым столікам, сам і кактэйлі прынёс з саломінкамі.
…Радж слухаў яго расказ пра ўсё, што натварылася на востраве, і плакаў, як мага прыціскаючы далоні да твару, каб не так вырываліся прыдушаныя рыданні.
— А дзе… пахавалі маці? — знайшоў нарэшце сілу спытаць.
— Не ведаю… Нас жа, жывых, загналі на катэры і павезлі… А там, на Біргусе, бульдозеры ўсё спляжылі. Скрэперы раўнаваць будуць, экскаватары капаць катлаваны пад усякія сховішчы… Няма месца для магілы на Біргусе!
Амара яшчэ расказаў, як шукалі прыстанішча на Горным — спачатку ў балоце, потым, з Янгам, у гарах. І нічога не знайшлі, не было месца біргусаўцам і там, і ўсе пачалі разбрыдацца хто куды.