Грот афаліны
Шрифт:
— Я вартаўніком тут… Хочаш — ідзі са мною, я абход тэрыторыі пачынаю рабіць. Заадно і раскажу, што ведаю… Малу мяне зваць, дзядзька Малу. Радж у нас фігу-ура… Во! — паказаў ён вялікі палец. — Не тое што некаторыя… От я, скажам, хто? Просты вартаўнік. А Радж мяне за чалавека лічыць, не так, як некаторыя. Таму і я яго люблю… Ты надоўга да Раджа? Назусім?! А як ты сюды дабраўся? Адзін ці з бацькам?
Давялося збольшага расказаць Малу ўсю сваю гісторыю.
— Ай-яй… А Радж мне нічога ж не гаварыў. Бачу толькі — сумны, вельмі сумны, перажывае ўсё. А не гаворыць!
Хадзілі спачатку па
— Райскія птушкі… Райскія на востраве Рай… — зашаптаў у захапленні.
— Не-е, райскія не такія. У тых пер'е ўсімі колерамі вясёлкі пераліваецца, а найбольш пёрак ружова-аранжава-залацістых. Райскія дзікаватыя, у гушчар шыюцца. Мо пашанцуе, то ўбачыш.
Падышлі да той паўкруглай будыніны, што заўважыў з-за варот. Смешныя, па сценах круглыя вокны, як ілюмінатары на караблі. Заглянуў у адно зблізку і ахнуў: у будынку было наліта да самага верху вады. І чаго там толькі не плавала! І рыбы ўсякіх колераў і памераў, невялікія чарапахі, поўзалі лангусты, пад каменем скурчыўся спрут.
— А чарапахі цінаю зараслі! Водарасці на сабе цягаюць, маскіроўку! — не вытрываў Янг.
— У нас і вялікая чарапаха ёсць, слановая называецца, — сказаў Малу. — Кажуць, ёй сто гадоў.
Бабулька-чарапаха жыла ў загончыку пад фікусам. Упоравень з зямлёю там была ўкапана і ванначка з вадою. Чарапаха сядзела зараз над ванначкай, шырока расставіўшы ногі, і стагнала. Каля яе слязлівых вачэй круціліся мухі. «Бедная!» — пашкадаваў яе Янг.
Цікава, ці такія прыплывалі на іх Біргус адкладваць яйкі? Не раз з другімі хлапчукамі і Натачаю хадзілі з кошыкамі збіраць іх. Месцы кладак лёгка можна было знайсці па няўклюднай маскіроўцы, па слядах, якія пакідаюць чарапахі, зноў карабкаючыся ў мора. Хлопцы ніколі не выграбалі кладкі дашчэнту, бралі толькі па пятнаццаць — дваццаць яек. А іх у кожнай, гаварылі, бывае да сотні штук. Астатнія загрэбвалі пяском, чарцілі крыж — знак, што тут ужо нельга браць. Якія багатыя яечні пяклі ў тыя дні маткі! І самі елі ад пуза, і нават свінням скормлівалі… Калі наставаў час вылуплівацца чарапашанятам, на бераг выходзілі і малыя і старыя, дзяжурылі амаль каля кожнага гнязда, адганялі фрэгатаў, кайраў, чаек, не давалі хапаць малых. Зялёныя, падобныя на жабак, яны выгрэбваліся з-пад пяску і — дай бог ногі! — як мага спяшаліся да прыбою. Нібы самі разумелі, што іх паратунак у вадзе…
— Вось і дайшлі,— перарваў яго ўспаміны Малу. Янгу ўздыхнулася: радзіма, мілая радзіма, ніколі
ўжо не ўдасца яе пабачыць!
— Во, глядзі!.. Гэта трыбуны, чалавек дзвесце пяцьдзесят — трыста змяшчаецца… А гэта сам басейн… А во і дэльфіны плывуць, убачылі нас…
Янг не верыў сваім вачам: во гэтыя шэра-сінія сыценькія целы і ёсць самыя сапраўдныя
— Дзюбы павысоўвалі з вады, разглядаюць нас! Ха-ха, на борцік галовы кладуць! А яны выскачыць не могуць? — прысеў каля бетоннага бар'ера Янг, працягнуў пад чырвона-жоўтыя парэнчы руку, каб дастаць да дэльфіна.
— Яны толькі вунь на той памост выскокваюць, пад вышкай. Гэта ўваходзіць у праграму прадстаўлення. Загадае Судзір, пакажа рукою — выскокваюць, кладуцца, як дровы.
— А яны не кусаюцца? Столькі зубоў вострых, і ўсе аднолькавыя, жавальных няма.
— Не кусаюцца, можаш пачапаць за рострум, пагладзіць.
— У іх дзюбы таксама скураю абцягнуты, не голыя! А цела якое гладзенькае, як шліфаванае! І халоднае, а не цёплае! А Радж казаў — цеплакроўныя жывёліны.
— Цёплыя. Але дамацайся паспрабуй да цяпла, на іх тлушчу, як на свінні.
— Вой, і маленькі ёсць! Во, во, смяецца нам! Як дзіця скрозь сон смяецца. А з вачэй вада цурчыць… Можа, ён гэтак плача?
— Ніхто не ведае, калі яны смяюцца, калі плачуць. А гэтага малога Бобі зваць. Была яшчэ малышка, Джэйн, — загінула. Адыдзем, а то яшчэ заўважыць Судзір, звягі не абярэшся. Не любіць ён, калі хто пабочны забаўляецца з дэльфінамі. Тут ён яшчэ сёння… Во, чуеш? Гамана ў «рэзідэнцыі».
Абыходзілі паўз трыбуны басейн, а Янг разглядаў дом на тым беразе. Дзіўны дом, ёсць толькі тарцовая сцяна, а бакавых амаль няма, стромыя скаты страхі пад ружовым шыферам пачынаюцца зусім нізка ад зямлі. На скатах страхі на другім паверсе тырчаць, як сабачыя будкі, вокны.
— Вунь там Радж жыве, збоку, дзе сярэднія дзверы, — паказаў Малу. — Там такая камора-склад, у каморы ён і жыве. — Памаўчаў і дадаў: — Судзір нешта доўга сёння тут…
І толькі паспеў ён гэта прагаварыць, як расчыніліся дзверы пад вышкаю. Да ніжняга памоста, на які выскокваюць дэльфіны, выйшаў еўрапеец у сіняватай шапцы з доўгім казырком, следам — Судзір. Ён быў на галаву ніжэйшы за белага, смуглясты і кашчавы.
Штосьці ўздрыгнула ў грудзях Янга. У высокім мажным чалавеку ён пазнаў Піта. Таго самага Піта, што лазіў з напарнікам на возеры Горнага вострава, шукаў золата.
— Ты чаго сцяўся? Судзір не бачыў, як ты гладзіў дэльфінаў, не бойся.
— Я… так… А куды ў горад пайшоў Радж? Малу не паспеў нічога сказаць, бо ў гэты час яго голасна аклікнуў Судзір:
— Гэй, ты! Выпусці містэра Уілсана.
Малу не спадабалася гэта «Гэй, ты!», як быццам у яго не было імя. Уздыхнуў.
— Янг, ты гэта… Можаш пачакаць Раджа тут, а не, дык хадзі са мною. Чаем пачастую… Ты піў калі-небудзь сапраўдны чай? — гаварыў гэта і чакаў, пакуль містэр Піт Уілсан перадыбае сваімі доўгімі хадулямі мосцік.
— Радж не казаў, куды пойдзе? — нанава папытаў Янг, а на прапанову вартаўніка нічога не сказаў.
— Недзе ў рэстаране ці ў бары твой Радж. Да яго зямляк заходзіў. З земляком пайшлі.
— А хто… зямляк? Не называлі яго?
— Чаму ж не… Знаёміў мяне: Пуол ці як яго…
— Пуо-о-ол?! Сюды дапяў ужо? — Янга нібы па галаве чым стукнулі.
Ён кінуўся цераз кусты да плота. Пакарабкаўся на яго спрытна, як малпа. Міг — і быў ужо на тым баку.
Нешта крычаў наўздагон Малу, але Янгу было не да яго.