Грот афаліны
Шрифт:
— Колькі мы будзем хадзіць? І кабарэ па дарозе было, і дансінг — прайшлі… Давай во сюды, у «Лятучую рыбу», — паказаў Пуол.
— Мне ўсё роўна, — згадзіўся Радж.
Ён не пазнаў бара. Тады, як заходзіў з Амараю, зала была мо ў тры разы меншая. Цяпер жа ў бакі рассунулі рухомую, чорна-перапончатую, як крыло лятучай сабакі, перагародку, і зала адкрылася ва ўсёй велічы і прыгажосці, у тым канцы яе было сіне ад цыгарэтнага дыму, шматлікія гірлянды рознакаляровых кітайскіх ліхтарыкаў не так свяцілі, як стваралі таямнічы паўзмрок. І ў гэтым паўзмроку каля сцэны-подыўма тузаліся-танцавалі іншаземцы ў яркіх распашонках. На сцэне трэсліся
За стойкаю буфета адбіваліся ў люстэрках шматлікія бутэлькі. За прылаўкам спрытна ўзмахваў нейкаю пасудзінаю, трос і куляў яе адкормлены буфетчык у белым кіцелі, разліваў потым па фужэрах кактэйль. Злева на прылаўку сіпеў аўтамат для прыгатавання кавы, дробненька звінелі настаўляныя на ім маленькія кубачкі. Радж зразумеў: той раз быў або выхадны ў аркестра, або не працавала кухня, таму і наведвальнікаў было мала і ўсе цясніліся ў адгародцы каля буфета.
«Цікава, дзе Амара, чаму не паказваецца?»
Недзе ў глыбіні залы справа быў яшчэ адзін буфет і ход на кухню, бо туды і адтуль шмыгалі афіцыянты з падносамі. Тэмп у іх быў такі, што з-за плячэй, здавалася, валіла пара. Быў час «жніва» і «малацьбы», таму і ўвішнасць абслугі можна лёгка зразумець. Пакуль Пуол, разявіўшы рот, разглядаў бутэлькі на паліцах за стойкаю, Радж прайшоў далей у залу, спыніў афіцыянта. Просьбу падмацаваў доларам, і той хутка арганізаваў столік і паабяцаў нават больш нікога за яго не садзіць.
Селі насупраць адзін аднаго. Радж падсунуў Пуолу меню: калі ён плаціць, то няхай і «музыку» заказвае… І тут кароткая перадышка і адносная цішыня скончыліся. На подыўме зноў затузаліся, зайгралі музыкі. Зноў цалаваў мікрафон, прытанцоўваў і пляскаў у ладкі мулат. З-за сталоў паўставалі парачкі, а некаторыя мужчыны запрашалі сабе дам з-за чужых столікаў. Усе ўліваліся ў варушлівы натоўп, тузалі рукамі і нагамі, выгіналіся і трэсліся. Пуол нешта сказаў, паціснуўшы плячыма, і Радж нахіліўся да яго цераз стол.
— Разабрацца не магу!.. У цябе больш вопыту — давай ты!
— Піць што будзеш? Я прапаную віно.
— Давай мацнейшага чаго — душа гарыць! — Пуол выцягнуў з-за пазухі той тоўсты кашалёк-бумажнік, зухавата ляпнуў ім па далоні, потым паклаў перад сабою на стол і яшчэ паляпаў зверху: «Ведай нашых!»
Калі да іх наблізіўся афіцыянт, Радж сказаў некалькі фраз па-англійску, і той сыпнуў: «Зразумеў, курыце пакуль што…» — паклаў на стол бліскучы пачак цыгарэт, запалкі. Пуол з цікавасцю пацягнуўся да іх.
Радж не курыў і ўвогуле цяжка пераносіў тытунёвы дым. З пракуранымі лёгкімі, з кашлем пад вадою няма чаго рабіць. Ён пакутліва ўцягваў носам перапоўненае дымам паветра. «Чаму не ўключаюць кандыцыянеры?» У скронях пачынала стукаць. Крыху ачмурэлы ад гармідару і дыму, ён ужо абыякава думаў пра небяспеку, паволі абводзіў поглядам суседнія столікі. За правым, хоць і быў застаўлены пітвом і закускамі, ніхто не сядзеў — усе танцавалі. За левым сядзелі трое мужчын і адна жанчына. Усе ў гадах, мо ўдвая старэй за Раджа. Жанчына сядзела да яго ў фас. Прычоска ў яе мудрагелістая, на лоб спушчана грыўка, ад чаго твар зрабіўся квадратны і нейкі дураваты. Цётка была яшчэ не загарэлая, мо толькі што прыехала ў тропікі. Насупраць яе сядзеў хударлявы мужчына з высока падстрыжанаю патыліцаю. «Выпраўка ваеннага, хоць і ў цывільным…» — адзначыў Радж. Справа, у профіль да
«Няхай бы ж вокны паадчынялі…» — пакутліва думаў Радж. І тут нібы спыніўся горны абвал аркестра, ажно дыхаць стала лягчэй. Танцоры пачалі разыходзіцца да сваіх столікаў, некаторыя кавалеры пачціва цалавалі дамам ручкі, цырымонна кланяліся. Але цырымоністых было мала, больш было такіх, што завальваліся за свае сталы з грукатам, цяжка дыхаючы, абмахваючыся веерамі і хусцінкамі.
Суседзі злева нібы ўзрадаваліся, што можна дагаварыць недагаворанае, пачалі ажыўлена перакідвацца фразамі, як і раней, схіляючыся адзін да аднаго і да сярэдзіны стала, нібы ўсё яшчэ перашкаджаў аркестравы лямант. Гаварылі па-англійску. Незнаёмыя паміналі ў гаворцы іх Біргус!
— Не, агульнага мала! Хаця нейкае падабенства можна і ўбачыць. Тысячы атолаў падобныя адзін да аднаго! — гаварыў «баксёр». — Лагуны асабліва падобныя.
— На Біргусе меншая… Мо нават удвая меншая. Але выгада ў тым, што і Дзіега-Гарсія, і Біргус размешчаны аднолькава: яны самыя паўднёвыя ў архіпелагах, ніжэй іх — адкрыты акіян. Зручна!
— А я лічу, што пакупка не зусім удалая, — сказаў мацачок. — Па-першае, і востраў намнога меншы, і лагуна меншая. Па-другое, вельмі блізка іншыя астравы. Самалётам давядзецца рабіць развароты над суседнімі астравамі, заходзячы на пасадку. Дый палос узлётных такіх не пабудуеш, як на Дзіега.
— І не трэба! Галоўнае — востраў наш, лагуна. Я, калі першы раз прыязджаў на Дзіега-Гарсія, таксама не мог паверыць, што можна ўсяго столькі нарабіць, — гаварыў з прыціскам «баксёр». — Дзіега ў плане трохкутны, а Біргус — як панцыр чарапахі. І лагуна ў Дзіега з поўначы, а не з поўдня, як на Біргусе… На Дзіега ў праходзе ў лагуну тры невялічкія астраўкі. Паміж імі добрыя пралівы. А на Біргусе давялося ўзрываць, ачышчаць праход ад рыфаў. І ў сярэдзіне лагуну давядзецца яшчэ пачысціць. Затое такая стаянка для субмарын будзе — люкс! І ўсяго за паўмільёна долараў, для нас гэта як раз плюнуць.
Зноў зайграў аркестр, цяпер нешта меладычнае і спакойнае. Але разабраць, што гаварылася за суседнім столікам, было ўжо цяжка. Таўстун з жанчынаю схіліліся галовамі і зашапталіся пра штосьці сваё, раз-пораз кідалі ўстрывожаныя позіркі на кашалёк-бумажнік каля Пуола.
Спявак не спяваў, сядзеў на краі подыўма і лянотна цягнуў з горлачка бутэлькі нейкі напітак. Быў ён бледны, усё роўна як сухотны, і вельмі стомлены; п'ючы, трохі булькаў у роце, паласкаў горла. Па ўсім відаць было, што яму страшэнна абрыдлі гэтыя канцэрты, — адно і тое ж кожны вечар.
Афіцыянт прынёс заказ — пітво ў штофах, талеркі. Сам напоўніў келіхі: Пуолу — «Рашн водка», Раджу — «Марціні».
Пуол нібы прабудзіўся ад нейкіх гнятлівых думак, утаропіў вочы на сваю чарку, а потым на Раджаву. Хацеў запярэчыць, што не на роўных правах, ды Радж апярэдзіў яго:
— Не гіпнатызуй чарак… Справы яшчэ ў мяне. Браў Пуол сваю чарку, і рука дрыжала. Панеслі да губ не чокаючыся. Пуол сербануў і адразу вылупіў вочы, папярхнуўся і закашляўся. І пакуль ён кашляў, адварочваючыся ад стала і сінеючы (гарэлка трапіла «не туды»), з-за суседняга стала падняўся ўсхваляваны таўстун з «гаванаю» ў руках. Ужо стоячы, адкусіў кончык, сплюнуў пад ногі і падышоў да іхняга стала.