Грот афаліны
Шрифт:
— Дазвольце вашымі запалкамі пакарыстацца, — прамармытаў ён невыразна, не выпускаючы сігару з рота. Пацягнуўся да запалак, не чакаючы згоды.
Пуол усё яшчэ кашляў і сіпеў, не могучы што сказаць, і Радж кіўнуў сам, дазваляючы. Пуол не бачыў, а Радж бачыў, што такі ж карабок запалак ляжыць і на тым стале, з-за якога ўстаў таўстун, ад іх там прыкурвалі не раз. Радж зноў перавёў пагляд на таўстуна і ўбачыў, што ў таго дрыжаць рукі, агеньчык не трапляе на кончык сігары. І не дзіўна: вочы таўстуна глядзелі не на агеньчык, а на кашалёк! Нібы мацаў імі, абследаваў бумажнік. Прыкурыў урэшце, кіўком падзякаваў — і за свой стол. Пуол, хоць і перастаў ужо кашляць, адварочвацца
— Ты што мне заказаў! — прасіпеў Пуол. — Ты атруціць мяне хочаш?! — гаварыў нібы жартам, але з пагрозаю.
— А што — спадабалася? — зрабіў нявінны твар Радж. Глядзеў на пераноссе Пуола, а бакавым зрокам бачыў, што за суседнім сталом таўстун з жонкаю зноў шэпчуцца. Жанчына ўстала, хутка пакрочыла да выхаду.
«Аг-га… Пуол зараз пажне тое, што пасеяў… Бумажнік апазналі…» — Радж трохі нават усцешыўся: дурная галава сама шукае гуза.
«Што рабіць! Могуць палічыць за саўдзельніка крадзяжу… Чакаць развязкі ці прыдумаць якую прычыну пакінуць Пуола? Але тады можа падумаць, што я збаяўся яго».
Устаў, накіраваўся да акна, сам адшчапіў, таўхануў на двор створкі. Вяртаючыся, падумаў: «Мо пашукаць Амару ці запрасіць каго на танец?» Ні размаўляць, ні сядзець з Пуолам за сталом не хацелася. Але аркестр змоўк.
Пуолу таксама не сядзелася.
— Кінь забаўку з «Марціні». Хоць разок во гэтага… — пацягнуўся са штофам да келіха Раджа. Лінуў, Радж не паспеў адхапіць чарку. — Хо-хо! Кактэйль «Белы мядзведзь»… Я і сабе такі зраблю… — Пуол узяў у абедзве рукі па штофу, лінуў у свой келіх з аднаго і з другога. І не паспеў паставіць штофы на абрус, як за яго спінаю выраслі двое паліцэйскіх — незаўважна зайшлі паўз сцяну ад акна. Пуол убачыў, як чужая рука пацягнулася да бумажніка, — і сам цапнуў за кашалёк. — Вы што?! — падхапіўся. Але другі паліцэйскі націснуў рукою на плячо:
— Сядзі, малады чалавек!
— Гэты кашалёк — ваш? — спытаў першы паліцэйскі, адтапырваючы тоўстую губу.
— А чый жа яшчэ! — зноў хацеў усхапіцца Пуол, і другі паліцэйскі зноў ціскануў яму на плячо.
А да стала падсунуліся ўжо ўшчыльную, ледзь жыватамі не ўзлеглі тоўстыя мужчына і жанчына.
— Хлус ён! Гэта злодзей!
— Ага! У мужа майго кашалёк выцягнуў!
— Пералічыце, што было ў кашальку, — звярнуўся да таўстуна паліцэйскі.
Той назваў спачатку, колькі было грошай. «Але іх столькі можа ўжо і не быць!» — дабавіў, спахапіўшыся. Назваў, якія дакументы прапалі разам з кашальком, на чыё імя выпісаны. «Іх таксама можа не быць, мо выкінуў дзе ў сметніцу!» — пакуль гэта таўстун дабаўляў, жанчына працягнула рукі да Пуолавай чупрыны, учаперылася за валасы: «Зладзюган! Мафіёзі!» Паліцэйскаму, што стаяў ззаду Пуола, давялося ўжо абараняць яго, рашчэпліваць пальцы жанчыны: «Ма-да-а-ам! Мадам!» Таўстагубы паліцэйскі між тым патрашыў кашалёк над сталом і раскладваў тое, што было ў ім. Таўстун ускрыкваў: «Пашпарт цэлы! І вадзіцельскія правы!.. І білеты на авіён… І страхавы поліс! І чэкавая кніжка!» Ён і рукі працягваў да таго, што раскладвалася, але адхопліваў, нібы апякаўся ці баяўся пакінуць адбіткі пальцаў, і ўсё выціраў мокры лоб і залысіны вялікаю клятчатаю насоўкаю.
— Ну во… І чорт з ім! Адпусціце! — гаварыў паліцэйскаму.
— Не пускайце! — ледзь не вішчала жонка. — Гэта адна шайка! Заадно яны! — паказвала і на Раджа.
— Пройдземце, панове, у паліцэйскі ўчастак. І вы таксама з намі! — загадаў Раджу першы паліцэйскі.
Радж устаў, прыкідваючы, колькі каштуе зроблены ім заказ, выняў грошы. Паліцэйскі паспешліва сабраў са стала ўсё,
— Раджа не чапайце! Радж ні ў чым не вінаваты! — Янг скокнуў з падаконніка, падбег да стала.
— Ты?! — ажно сумеўся Радж.
— Дзядзечкі, ён невінаваты! — затузаў паліцэйскіх за рукавы. — Пуола бярыце! Ён — гад!
Вакол іх ужо сабраўся натоўп. Нерваваўся, тупаў адміністратар, парываючыся нешта сказаць.
Пуол затраўлена азіраўся, уцінаў галаву ў плечы:
— Сам ты гадзяня… Папомніш ты яшчэ мяне!
— Янг, ты — ідзі! Без цябе разбяруцца… У дэльфінарыі мяне будзеш шукаць… Ідзі! — Радж паспеў абняць Янга і адштурхнуць ад стала.
Таўстагубы паліцэйскі, аднак, разважыў інакш:
— Хлопчык, і ты з намі пойдзеш. Да выяснення ўсіх акалічнасцей.
— Правільна! — лезла пад рукі таўстуха. — Усіх! Пад корань! Выпусціце, а яны нас укакошаць!
Пакуль выходзілі, Радж супакойліва пагладжваў па Янгавых плячах. Калі спрабаваў штосьці сказаць, таўстагубы загадваў маўчаць.
Услед ім грымела вясёлая музыка.
Раздзел трэці
1
Ніхто не чакаў, што будзе ўраган, бо час зімовых цыклонаў і няспынных штормаў скончыўся ў лістападзе.
Янг, адпушчаны з паліцэйскага участка, ішоў да гатэля, а лісце пальмаў трывожна шаргацела, па вуліцах насіліся віхуры. Амаль не чуваць было начных птушак і цыкад. Дыхаць было цяжка, паветра згусцілася да таго, што яго, здавалася, можна было мацаць у пальцах. Шпіль на вежы аднаго дома блакітна свяціўся. У прамежках паміж дамамі на гарызонце няспынна ўспыхвалі зарніцы.
І ўсё-такі, нягледзячы на ўдушлівую атмасферу і ўсе перажыванні, Янг паспеў заснуць. Побач з яго канапаю ў гасцінай нумара сіньёры Тэрэзы ляжаў Тота. Сабачка доўга непакоіўся, і Янг усё пагладжваў яго ды так і заснуў, звесіўшы руку ў сабачыя лохмы. Прачнуўся ад моцнага ўдару грому, нават заплюшчаныя вочы слеплі ад маланак. Тота павіскваў і лізаў яго руку. Скрозь роў і выццё ветру, звон шыб у вокнах, плёскат і шум ліўня чуваць былі рокат вадзяных валаў на пляжы, гарматныя ўдары хваль у раёне прыстані, трэск дрэў у прысадах.
— Мадонна мія, матэр дэі…— гучна малілася ў спальні донна Тэрэза. — Янг, хлопчык мой, — ты тут? — выкрыквала яна паміж словамі малітвы.
— Тут, тут, — адгукнуўся Янг.
— Хадзі да мяне, а то я баюся.
«От яшчэ не хапала! Навязалася на маю галаву…» — Янг нехаця прайшоў у спальню.
— Уключы святло!
Янг пстрыкнуў уключальнікам — святло не загарэлася. Вярнуўся ў гасціную і там пстрыкнуў. Няма! Ці што сапсавалася, ці падстанцыя адключыла ток.
— Не гарыць, — зайшоў зноў, стаў каля дзвярэй.
— Божа, божа… Канец свету, няйначай. І часта ў вас такія страхі?
— Часта.
— Ляж са мною, а?
Добра, што не ўключылася святло. Але і пры маланках донна Тэрэза, каб не заплюшчвалася ад страху, магла б убачыць, як счырванеў Янг.
— Не-а! — крутнуў галавою. — Мо Тота вам пакласці?
— Пакладзі!
Янг адступіў яшчэ на крок, лёг на пласцікавую падлогу — яна здалася халоднаю.
— Ты тут, Янг?! — спалохана ўсклікнула сіньёра.
— Тут, не бойцеся.
Парывы ветру не змяншаліся, у акне спальні гуло і свістала, аж енчыла, у шыбы то хлісталі патокі вады, то барабанілі буйныя кроплі. Раўлі на пляжы ў рыфах вадзяныя валы. Але маланак і грому, здаецца, паменшала, навальнічны фронт адкаціўся далей, недзе пад Біргус.