Хрыстос прызямліўся ў Гародні
Шрифт:
Я стаяў і думаў, куды мне ісці, калі ўбачыў, што ў браме падвор'я сінагогі нешта кішыць. Потым адтуль вывалілася чалавек пятнаццаць ягоных супляменнікаў. Яны былі вельмі багата апранутыя. Лісіныя плашчы, доўгія, з дарагога сукна… халаты, ці як яно там… На галовах — жоўтыя з золатам вялікія павязкі. На руках — бранзалеты з вітога срэбра і золата. Астатнія — іх было многа, і яны былі ў больш цёмных вопратках — стаялі на вуліцы і на падвор'і і маўчалі. А гэтыя цягнулі вось яго… Але Бог ты мой, што гэта былі за морды! Ноздры вонкі і трапечуць, рукі тлустыя, вочы і павекі чырвоныя
— Шамоэл аслападобны, — сумна сказаў Раввуні.
Ніхто яго, Раввуні, не біў. Пэўна, не хацеў. Але ніхто і не заступаўся. Ніводная душа.
— Што рабіць па-за абшчынай? — мармытаў іудзей. — Паміраць? Яны баяліся. І ўсе ж яны свінні. Яны ж таксама — абшчына.
Яны падцягнулі вось яго да брамы, але тут ён учапіўся за шулы, як «дзед» за валасы, і хаця яны былі страшэнна тлустыя і здаровыя — яны нічога не маглі зрабіць з ім адным. Бо яны перашкаджалі адзін аднаму, а ён, такі ўчэпісты, упяўся ў шулы, як самшыт дрэва ў расколіну скалы. Прызнацца, я адразу ўхваліў яго, і ён мне гэтым спадабаўся. Заўсёды прыемна, калі адзін мужна трымаецца супраць многіх… Я трохі разумею мясцовую гаворку і пачуў…
— Зладзеі вы! — крычаў ён. — Каб вы рэдзькай раслі і каб гэтая бедная ваша задніца матлялася ў паветры.
Яны пыхкалі, і саплі, і вазіліся, як вожыкі, а я сачыў за імі. Мне не было куды спяшацца і не было куды ісці. У гэтым прытульным месцы для мяне не было месца.
Яны таўкліся, але нічога не маглі зрабіць з ім. Ён трымаўся і крычаў:
— Ва ўсіх разбойнікаў на зямлі адна мова! Яе-ткі вы… але, яе-ткі вы ведаеце! Што б сказалі вашы нябожчыкі, вашы богабаязныя бабулі, вашы набожныя продкі?! Яны перакруціліся б у магілах… задам да Ерусаліма, які вы прадалі! Нашто вам спісак Пана Бога — у вас спіскі нарабаванага.
І тут нечы выспятак выбіў, урэшце, яго з брамы. Ён паляцеў і пляснуўся ў пыл. А потым ускочыў і распачаў такую ярасную Іерэміяду, якой мне ніколі не даводзілася бачыць і чуць:
— Гігочаце вы над падзеннем народа свайго, як коні! Шакалы вы! Каб вам ціснуцца да гною, каб вашая скура стала сухая, як дрэва! Вушы ў вас неабрэзаныя, у трунах вы пачуеце; самі свінні і свінняў жарэце, і мярзотнае варыва ў гаршках вашых.
І раптам так закрычаў, што мяне аж разабраў смех:
— Басякі-і! Тфу на вас! Тфу!
Ён кідаў у іх прыгаршчамі пылу і плакаў ад бяссілля, бо гэта ім было, як і словы, — аб сценку гарох. Тады я падумаў, што яго і сапраўды могуць пабіць каменнямі і гэта будзе дрэнна. Я падышоў і сказаў яму: «Хадзем, братка».
— Ён сказаў мне: «Хадзем, братка», — прамармытаў Іосія. — І я пайшоў. А што мне яшчэ заставалася рабіць?
— Мы пайшлі ўжо двох. У Слоніме нам заставацца не выпадала. Раввуні меў рацыю: Бог нібы адабраў у гэтага Шамоэла розум. Ён хапаў, як воўк, за жывое. Пасля мы даведаліся, што мужыкі забілі яго і двух ягоных хаўруснікаў і яшчэ двох невінаватых.
— Ты ведаеш, што ён заплаціў доўг Слонімскага войта і атрымаў за гэта права выбіваць нядоімкі
— Ён выбіваў… Ды хто там лічыў, колькі ён выбіваў? — сказаў Раввуні. — Я папярэджваў яго, але ён не паслухаўся. Шкада невінаватых… Але, як не лічыць іх, мужыкі зрабілі святую справу, забіўшы яго. Таму што выбіў ён удвая больш, як заплаціў. І калі адкупшчыкі будуць і далей грабежнічаць — будзе не забойства, а бунт. Пераб'юць не толькі адкупшчыкаў — іудзеяў, беларусаў і немцаў. Будуць біць і вас*.
* Інстытут адкупшчыкаў быў адной з прычын паўстання Васіля Вашчылы.
— Но-но, — сказаў Камар. — Бліжэй да справы.
— Мы баяліся заставацца ў Слоніме. Баяліся людзей Шамоэла і баяліся мяшчан. І ўсё ж я адчуваў сябе такім моцным, якім ніколі дагэтуль не быў. Кепска аднаму, і лепей, калі ёсць побач хаця нехта падобны.
— Адзін з людзей мяне падабраў, — сказаў іудзей. — І да яго я прыляпіўся. Іначай — смерць. Ля сінагог мяне сустрэлі б каменнем. Ля чужых парогаў — непаразуменнем.
— То, можа б, ты гаварыў? — спытаў Басяцкі.
— Не слухайце яго. Ён гаворыць глупства. Яму цяжка гаварыць, і таму ён гаворыць лухту. Няма да чаго яму было ляпіцца. Я ж такі самы выгнаннік, як ён. Я таксама згубіў сваё племя… І што гэта за свет, дзе адны выгнаннікі чагосьці вартыя?
Дык вось, мы спяшаліся пакінуць між сабою і Слонімам як мага больш стадый. Я радаваўся, што я не адзін, і сілы мае прыбылі.
— Т-так, — сказаў Басяцкі. — Вось як, значыцца, ты прыдбаў свайго першага апостала, «Хрыс-тос».
— Пад вечар мы прыйшлі з ім на бераг Бяздоннага возера пад Слонімам і тут вырашылі начаваць. Галоднымі, бо я не спадзяваўся на тое, што нешта спаймаю сваёй самаробнай вудай. Возера было ўсё празрыста-чырвонае, гладкае, як люстра. І лясы вакол яго былі таксама зялёна-аранжавыя.
— Што гэта ён гаворыць? — спытаў Жаба.
— Н-не ведаю, — паціснуў плячыма Балвановіч*.
* Уся гісторыя старажытнасці і сярэдніх вякоў калі і ведала захапленне прыродай, дык толькі фізычна. Захапляцца прыродаю на паперы ці на словах лічылася справай падазронай, дарэмнай і пустой. Ці зашмат было гэтай самай варожай прыроды, ці бракавала мазгоў і эстэтычнага жыцця, ці не дараслі яшчэ людзі, але на працягу дваццаці сямі стагодзяў еўрапейскай літаратуры мы не сустрэнем у ёй нават такой колькасці пейзажаў, колькі іх скажам, у «Вайне і міры». Проста не лічылі за патрэбнае, як і творцы дужа сучасных раманаў.
— Мы селі на адзіным голым узгорку, які зарос доўгай, як косы, травою. Гэта, відаць, быў нейкі могільнік, бо сям-там, прадзершы зямную шкуру, тырчалі з зямлі вострыя камяні. Як піраміды. Толькі вузкія ля зямлі і доўгія, амаль у чалавечы рост. То прамыя, а то і нахіленыя. Якая з трыма бакамі, а якая і з чатырма, як дах чатырохкутнай вежы.
— Я ведаю гэты могільнік, — ашчэрыўся Камар. — Гэта праклятае месца. Гэты могільнік паганскіх волатаў, пярэваратняў, ваўкалакаў. Хрысціяніну грэх нават глядзець на яго і падобна таму, як душу загубіць, — сядзець там… Запішы і гэтую іхнюю правіну, пісар*.