Хрыстос прызямліўся ў Гародні
Шрифт:
— Маеце рацыю. Хрыста няма.
— Дык…
— А вам абавязкова, каб быў сапраўды?
— Ну, як…
— А гэтыя? — і адзін з заснавальнікаў будучага ордэна спакойна паказаў на бадзяг.
— Гэ-этыя?! — абурыўся Лотр.
— Гэтыя, — спакойна сказаў каплан. — Не горшыя за іншых. Скажам, нам строіць дурня, з Хомкі каўпак здымаць, не хочацца. Цалкам натуральна зрабіць з гэтых ерэтыкоў саюзнікаў і імі ўтаймаваць быдла. Вядома, давядзецца дараваць быдлу і дараваць ерэтыкам. Першым — таму, што яны рабілі мілую Богу справу. Другім —
Усе маўчалі прыгаломшана.
Басяцкі казаў далей:
— Вы палічылі іхняе з'яўленне няшчасцем? Наадварот, сіе сведчыць аб промысле Божым…
Ён абвёў разумнымі халоднымі вачыма сяброў. Ва ўсіх членаў сінедрыёна былі не тое каб танзуры, а проста такі даволі вялікія плешы, і мніх усміхнуўся:
— …аб тым, што без Ягонай волі і волас не ўпадзе з нашай галавы.
Счапіў вузкія нервовыя пальцы:
— У краіне цяжка, неспакойна. Каб не было гэтага «прышэсця» — яго варта было б выдумаць. Толькі наша лянота перашкодзіла нам у гэтым.
— Але як? — усё яшчэ жахаўся такой справы Лотр.
— Dixi et animam meam salvavi* — усміхнуўся дамініканец.
* Я сказаў і ўратаваў сваю душу.
Яго зразумелі правільна, хаця і не ў тым сэнсе, які меў на ўвазе аўтар прыказкі.
— Т-так, — сказаў Лотр. — Ну, валацугі, хочаце быць апосталамі?
— Не, — хорам адказалі валацугі.
Усе здзівіліся.
— Т-то бок, як гэта? — спытаў Камар.
— А так, — адказаў Юрась. — Махляры мы, жулікі, гэта праўда. Можам нават сарочку з плота сцягнуць, але апосталамі быць не хочам. Ведаем мы, што такое азначае — звязацца са слугамі Хрыстовымі.
— Праўда што, — загучалі галасы. — Але… Смерцю карайце, а апосталамі быць не хочам…
— А вось гэта мы зараз паглядзім, — ашчэрыўшыся, сказаў Лотр. — Кат!
Чалавек у агністым капюшоне падышоў да схопленых.
— Вядзіце іх.
Варта рушыла да ліцадзеяў і павяла іх да страшных дзвярэй у заднім муры.
…Брама палала, і цяпер яе можна было б лёгка выбіць самым простым ударам бервяна, але падлога тунеля была густа і тоўста, дзюймы на чатыры, засыпана жарам. А тыя, што біліся на мурах, усё яшчэ не маглі зламаць добра ўзброенага ворага, закутага ў латы, і прабіцца да брамы з унутранага боку.
Жар палаў, шугаючы сінімі агнямі.
…Такі самы жар палаў і ў катоўні. Жароўня з ім стаяла проста перад тварамі ў бадзяг. Па скляпеннях скакалі цені. Чырвоная цэгла здавалася крывавай. Чорнай паласой перакрэслівала зарыва бервяно прэнга з цёмнымі раменнымі петлямі. Маскі, што віселі на сценах, здаваліся ад скокаў агню жывымі. І, як маска, што ажыла, стаяў перад валацугамі кат. Ён адкінуў капюшон і застаўся ў лічыне з барвянага шоўку.
На сценах, нібы залітых крывёю, віселі акрамя масак варонкі, шчыпцы, ціскі для ламання рэбраў. Стаялі ля сцен абрыдлівыя, незразумелай формы і прызначэння станкі.
Братчык з непаразуменнем абводзіў усё гэта
Ён не падумаў аб тым, што самое існаванне такога сведчыць аб тым, што ёсць, няхай сабе і рэдка, іншыя людзі, дзеля якіх гэта ўсё існавала. Тут немагчыма было думаць пра гэта. Тут было пекла, тым больш абрыдлівае, што стварылі яго людзі, а не д'яблы.
Жалезныя, з ігламі шлемы… Іспанскія боты… Іншае, невядомае.
…Сучасны чалавек, незнаёмы з сутарэннямі гестапа, асфаліі і іншых падобных устаноў, параўнаў бы ўсё гэта з кабінетам зубнога лекара і тым абрыдлівым пачуццём, той дрыготай, якую выклікала ўсё гэтае начынне ў дзяцінстве… Але гэтыя, па розных прычынах, не ведалі кабінета дантыста і таму параўноўвалі ўсё гэта з тым, чым яно і было, з катоўняй.
Нельга было паверыць, што такое можа быць між людзей.
…Братчык заплюшчыў вочы і з сілаю ўшчыкнуў сябе.
— Ты што, мазахіст? — спытаў кат.
Гэты голас вярнуў Юрася да прытомнасці.
— Не, — сказаў ён. — Я проста ўсмерчваю плоць… І заадно — веру.
Усё было на месцы. Гэта была праўда. І воласам няварта было ахвяраваць дзеля ўсяго гэтага быдла, на ўсёй гэтай паршывай зямлі. Хай бы сабе выдахлі.
— Гэ… гэта нашто? — спытаў у тузе Аўтух Конаўка.
— Нельга ж забіць падабенства Божае, — разважліва сказаў кат. — Трэба, каб яно раней перастала быць Божым.
«Падабенства Божае, — думаў Братчык. — Падабенства самога сатаны, вось што… Бруднае быдла… Не Садом і Гамору — усе гарады, усіх вас, усю зямлю трэ было выпаліць агнём і перасеяць новым насеннем».
Ён узняў галаву і аглядзеў усіх. Два-тры вартыя твары, дый на тых жах.
— Хай бы ж яно… гэна… Не хачу, — сказаў Акіла.
— Пачынай, кат, — скамандаваў Лотр. — Ну! Ці на прэнг, ці ў апосталы.
У крывавым святле твары іхнія былі, як пашчы саміх д'яблаў. І раптам з зарыва аддаўся гучны голас.
— І слухаць я вас не хачу, — сказаў Юрась. — Галасы ў вас д'ябальскія.
Жаба ўжо вярнуў сабе спакой.
— Брэшаш, раб. У начальных людзей д'ябальскага голасу быць не можа. Нават калі Ірад гаварыў у сінедрыёне — і то народ усклікаў: «Се голас Бога, а не чалавека».
Лявона Конаўку падвялі да прэнга і заламілі рукі назад. Прэнг зарыпеў і пачаў набліжацца да рыбака… «Як страла пад'ёмнага крана», — сказалі б вы… «Як прэнг», — сказалі б яны.
Лявон бегаў вачыма, у якіх усё яшчэ бачны быў, відаць, забыты, забіяцкі азарт. Забыты таму, што рот скрывіўся.
— Ды што там, хлопцы, — сказаў Конаўка. — Я што… Бадай што, і згодзен.
— І я.
— І я.
— Гэта… і я.
— А чаму б і не я?
— Гонар мне не дазваляе на хамскім тым прэнгу… І я…