Хрыстос прызямліўся ў Гародні
Шрифт:
— У гэтага неблагога чалавека адабралі за апошні час дзве царквы. Вось так. І не таму, што ён кепскі, а таму, што гэта — чужы ўплыў на землі, якія яшчэ не сталі нашымі.
— Вы разбіраецеся, пан Камар… Дарэчы, дзякуй вам за вашу былую пасомую. — Ён адкінуў галаву назад, быццам паказваючы патыліцай на жанчыну, што сядзела за ягонай спіною. Усміхнуўся: — Такім чынам, вы для мяне, па сутнасці, тое, што для міран цесць.
— Ну, калі можна ўявіць сабе цесця, які… — грубы, рэзкі твар Камара скрывіўся лёгкаю
Жанчына глядзела на яго з чаканнем і дакорам.
— А гожая? — спытаў Камар.
— Гожая. І ў Італіі, і паўсюль я не бачыў такіх.
Кабета была сапраўды гожая. Непамерныя чорныя вочы, доўгія, як стрэлы, веі, вішнёвы малы раток, снежнай белі і пяшчотнасці скура аблічча і дзіцячых рук. Гнуткая, як змяя, з высокімі невялікімі грудзьмі, яна сядзела ў сваёй нязручнай паставе грацыёзна, гнутка, мякка трымаючыся ручкай за Лотраў плячук.
— То вось і старайся, — сказаў ёй Камар. — Служы новаму свайму пану, як належыць служыць такому высокаму госцю.
— Калі можна лічыць госцем чалавека, які прыехаў на год і долей, — сказаў Лотр.
— Мы гасціннасць не на дні мераем.
— Ведаю. Сам адсюль.
— Ну вось. І таму, дзеўка, служы без нараканняў і глупстваў. Чуеш, Марына?
Чырвань з'явілася на абліччы кабеты. А потым надзея, з якой яна глядзела на біскупа, згасла. Згасла і цеплыня, а вочы глядзелі цяпер з сухім бляскам.
— Ды толькі сумная нешта, — мякка сказаў Лотр.
— Пасумуе і кіне. Яна прыхілістая, пане. Адданая. І да любасці схільная.
Гаварылі яны так, нібы яе зусім не было з імі.
— А калі будзе кіслым тварам настрой вам псаваць — пакарайце, — сказаў Камар.
— Не праміну скарыстацца парадаю, — усміхнуўся кардынал. — Вось толькі вернемся дамоў.
Жанчына нават не ўздыхнула. Толькі апусціла галаву і павярнула яе прэч ад біскупа. З таго боку не ехаў ніхто, а каб ехаў, то заўважыў бы ў жаночых вачах адчай абражанага гонару і адрынутай прывязанасці, бяссільны гнеў і сухую нянавісць.
— Дарэчы, — сказаў Лотр, — паклічце мне гэтага… дамініканца… Як жа яго?
— Фларыян Басяцкі. Мніх-каплан касцёла псоў Пана Бога.
— Вось-вось…
— Загадваеце вярнуцца з ім?
— Нашто? Не можам жа мы кінуць адных, без прыемнай бяседы айца Балвановіча і гэтага… з ім… пана Цыкмуна Жабу. Ён войт горада?
— Войт.
— І, здаецца, не вызначаецца талентам субяседніка?
— Ён і розумам не вызначаецца.
— Ну вось. Пакуль будзем гаварыць — падкіньце ім свайго… Дарэчы, дзяўчына надзейная?
— Можаце гаварыць аб усім. Сам запэўніўся. Урэшце, ведае, што бывае за парушэнне нашай таямніцы. А пра важлівае можна і на лаціне.
— З Богам, пан Камар.
Біскуп паскакаў да астатніх коннікаў, што далёка адсталі ад іх. Лотр павярнуў галаву да кабеты.
— Як цябе?…
— Марына
У жаночых вачах ужо не было роспачы і гневу. Было асуджанае, амаль спакойнае прымірэнне. Лотр і павярнуўся толькі таму, што яна, быццам зразумеўшы, што нічога не зможа зрабіць, мацней абняла ягонае плячо.
— Ты не бойся, дзяўчынка. Табе будзе добра са мной.
— Мне з усімі было добра.
— І з ім?
— І з ім. З апошнім.
— Ну-ну… Не з першым і не з апошнім.
— Мне абрыдла гэта, ваша правялебнасць.
— Ты будзеш клікаць мяне правялебнасцю і ўдома? — перавёў размову на іншае нунцый. — Кінь… Што, табе абрыдла багацце, вядомасць, сіла? Лепей было б са смярдзючым кажамякам за мужа? Ты досыць легкаважнае дзяўчо, ты хочаш жыць, як то належыць. Так?
— Так, — усміхнулася яна.
Ён закінуў руку назад і пагладзіў яе клуб.
— А цяпер усміхайся. Вось скача каплан.
Дамініканец асадзіў ля іх ашчэранага каня. Худы, падборысты, з пранізлівым розумам у шэрых вачах, ён быў нават прыемны і гэтымі вачыма, і змяістай, ледзь улоўнай усмешкай. Хітрая старая ліса. З пачцівасцю паглядзеў на жанчыну, зразумеўшы, што ўсё вырашана, ухіліўся Лотру.
— Вам не нязручна з ёю, правялебнасць?
— Сваё я прывык адчуваць целам, а не бачыць яго на другім кані. Мне прыемна, і гэтага досыць.
— Ваша праўда, — сказаў дамініканец.
У маўчанні ехалі яны дарогай. Манах толькі аднойчы кінуў на кардынала дапытлівы позірк, а потым ехаў моўчкі, вонкава безуважны, разумеючы, што субяседнік скажа, калі захоча сказаць.
— Слава Ісусу, — раптам вельмі ціха сказаў Лотр.
— Я не разумею вас, — з зычлівай спакойнай усмешкай сказаў каплан.
— Марыце хутчэй скінуць расу?
— І тут сэнс сказанага вамі цёмны для вушэй маіх.
— Вы вучыліся ў Саламанцы? — перайшоў на лаціну кардынал.
— Доктар ганорыс кауза*, — таксама па-лацінску адказаў каплан.
* Ганаровы доктар.
— Прывітанне ад сябра.
— Якога?
— Ігнацыя Лайолы.
— Каго?
— Хопіць, вось знак.
І ён працягнуў манаху далонь, а на ёй медальён са змяёю, што абвіла падножжа крыжа. Змяя ляжала ў пагрозлівай паставе, баронячы крыж.
— Унутры таксама ўсё, што трэба.
— Я не разумею толькі аднаго, — сказаў манах.
— Адкуль я ведаю?
— Але. Адкуль вы ведаеце, калі ідэя братэрства Езуса толькі зарадзілася ў галаве…
— Калі ідэя гэтая — дзве тысячы чалавек, здатных на ўсё.
— Вы і гэта ведаеце?
— Ведаю.
— Такое нешматлікае кола, — сказаў каплан.
— Гэтае кола скора будзе самым магутным ордэнам на зямлі. Самым магутным, бо самым нябачным.
— Не трэба аб гэтым. Папа яшчэ нічога не ведае і не зацвердзіў…